Выгнаны патрыцый Кніга пра Міхася Стральцова

Выгнаны патрыцый

Кніга пра Міхася Стральцова
Выдавец: Лімарыус
Памер: 432с.
Мінск 2017
105.66 МБ
на вылецеў. Выкідвала адна рука — сяброўская. У выдавецтве «Мастацкая літаратура». Мы са Стральцовым, памятаю, ішлі па праспекце Машэрава і гадалі: хто гэта зрабіў, які мярзотнік? Зайшлі ў выдавецтва: плячыма паціскаюць — не ведаюць. Міхась з горыччу пасміхаўся, мяне супакойваў: «Не бяры да сэрца. Прывыклі жыўца заглытваць». Зайшлі ў парк. Над галовамі крумкала вараннё. Камякамі гразі сядзела, чорнае і тлустае, на кожным старым дрэве: крум-крум-крум...
Дык што знайшоў Стральцоў у сваім нялёгкім, з цёрну, вянку? Духоўную свабоду і ў ёй — вепручка? А што яшчэ? Мала пісаў? Так, на жаль, мала. Але на гэтае «мала» як паглядзець. Адзін погляд у бухгалтара, другі — у мастака. Ды і што гэта — працяглае маўчанне ў літаратуры? Дабро ці зло? А можа вялікае мастацтва? Хіба няма часам адчування, што гэтае мастацтва шмат хто дарэмна ігнаруе? Хіба Стральцоў не папярэджваў: «Але ж, бывае, слова — срэбра, маўчанне — золата, браток!» У гэтым былыя сябры яго не разумелі. Для іх маўчанне было вялікай стратай: кніг, ганарараў, смяхотнай, для іх — патрэбнай, гульні ў сваю значнасць. Для яго — аховаю сваёй творчай свабоды і маралі, свайго адметнага слова. Маўчаў, казалі, ад страты, згубы сябе і слова? Але ж тады, калі парушаў сваё маўчанне і пра сябе нагадваў хоць вершыкам, хоць эсэ, хоць мімалётнай фразай, кожны раз сведчыў, што вышыні палёту не губляў, ніколі і ні ў чым не апускаўся да слова недакладнага, бясколернага, выпадковага. Хіба не тады бывае гэтак у паэта ці празаіка, калі маўчанне — праца сэрца і розуму, напружаная і натхнёная?
Ну а тыя, хто маўчаць не хацеў альбо не ўмеў? Пісалі што і як? Рознае і па-рознаму, але і тое было бачна, што лепшае з напісанага належала да часоў Камароўкі і малдаваніна з чайнікам. Адзін з іх у той час пісаў добры раман і неблагія апавяданні, пазней — раман за раманам, і ўсё слабейшыя, каціўся пад адхон. Другі пачаў з цікавых апавяданняў, шмат абяцаў, але далей пайшлі надуманыя аповесці, слабы раман, прахадныя апавяданні — ужо не адчувалася рэальнага жыцця. Вядома, жыццё — і камерсант татальны: хочаш бязбедна
жыць, мець утульны побыт, шмат мець і мала аддаваць — плаці згодна рахункам. А рахункі пры сацыялізме не рыначныя, больш жорсткія — дзяржаўныя, плаціць па кожным трэба сваёй свабодаю, сумленнем. За міласці ўлады, за радасці наменклатурныя. За ўсё.
Вось — два рэчышчы нашай літаратуры. He ў апошні час яны ўзніклі. Былі і будуць. Але ў кожнага ёсць выбар, якім плыць рэчышчам. I ўсяму ёсць мера. Павінна ўсяму быць мера.
Вось — «Конь гуляў на волі...» He той, што мог адбыцца ў Стральцова, а той, што адбыўся ў яго былога сябра. Вось радок пра гуманітарнае ахвяраванне — як гэта мы не ведалі раней? «Я пазычаў яму грошы. I раз, і два...» Далей — сцвярджэнне: «Ён з цяжкасцю вяртаўся да ранейшага пісьменніцкага жыцця. Спрабаваў зноў уладкавацца на працу, але рэдактары, ведаючы Міхася, пыталіся, «ці не сарвецца» зноў. Гэта яго зневажала, злаваў. I замыкаўся ў сабе. Цяпер, сустракаючыся, рэдка што-небудзь казаў, рэдка што-небудзь пытаўся. Яго пачала акружаць новая кампанія. Ён захапіўся перакладамі, паэзіяй. Амаль перастаў піць». Далей — дзяжурныя словы пра тое, што «мы, яго сябры», што ён ужо перад смерцю «выходзіў на светлую і ясную дарогу».
Таксама — стыль. Чытай і думай, як гэта зразумець, ранейшае і гэта, як з усім гэтым, Стральцова ведаючы, пагадзіцца. Што пазычаў грошы — дробязь жыцця. Хто паспрыяе пісьменніку чырвонцам, як не пісьменнік грашавіты? Гэтакае наша жыццё: то самі пазычаем, то пазычаем іншым, то вяртаем пазычанае, то забываем вярнуць. Але далей? Хадзіў па рэдактарах, шукаў працу? Ці не блытае тут былы сябра Стральцова з кімсьці іншым?
У апошнія гады Стральцоў працаваў у рэдакцыі часопіса «Нёман», туды, на пасаду загадчыка аддзела літаратурнай крытыкі і мастацтва, яго запрасіў сам галоўны рэдактар Анатоль Кудравец, залічыў на пасаду без усялякіх пытанняў, сарвецца альбо не сарвецца. У рэдакцыі яго прыходу ўсе былі радыя, ён працаваў у аддзеле разам з Алай Іванаўнай Сямёнавай, яны выдатна разумелі адно аднаго і публікацыі па аддзеле ішлі
цікавыя. Ніхто ані словам яго там не «абражаў», ён працаваў спакойна і не «злаваў» ні на каго.
«Замыкаўся ў сабе»? Ах, хто з нас не замыкаецца, калі працуе думка? Быў нешматслоўны па характары з маленства, і гэта зусім не тая замкнёнасць, што ад нейкай драмы. «Цяпер, сустракаючыся, ён рэдка калі што-небудзь гаварыў, рэдка што-небудзь пытаўся...» Дык і што з таго? Мабыць, не меў у тым патрэбы? Ён ніколі славесны бісер не раскідваў, ведаў, з кім і пра што гаварыць, калі маўчаў, то думка працавала, і гаварыў найбольш ахвотна з сабою. «Яго пачала акружаць новая кампанія»? Ох, гэтая маніякальная прыхільнасць да кампаній. Але з таго часу, калі Стральцоў пакінуў тую, што пасвілася на Камароўцы з чайнікам ля малдаваніна, кампанію, ён ужо бачыў у ёй, любой, хаўрус, бо кампаніі па маладосці ды творчасці лёгка ператвараліся ў хаўрусы па камерцыі, выгадзе ў асяроддзі хапуна і варажнечы. У хаўрусы збіваліся і пісьменнікі, каб лягчэй праз хаўрусныя сувязі пражыць, а Стральцоў быў чалавек самадастатковы, на сяброў не разлічваў, усяго, тым больш у літаратуры, дасягаў сам. У яго былі проста блізкія людзі, сябры, блізкія па духу, маральна. I я ў тыя гады з ім сябраваў. У нашым сяброўстве бывалі хвалюючыя старонкі.
Памятаю халодную восеньскую ноч на чыгуначным вакзале ў Мінску. Была чацвёртая гадзіна ночы. Імжыў вераснёвы дождж. Мы з Лідай, жонкай, выйшлі на перон. Яна праводзіла мяне нацягнік. Я ехаўу Парыжна канферэнцыю ЮНЕСКА, на два з лішкам месяцы. Раптам з цемені з’явіўся Стральцоў. Божа мой: у глыбокую ноч, у халодны дождж. Падышоў, усміхаецца: «Ну, старычок, не мог я, разумееш, не правесці цябе». Кажу: «Мы ж з табою развіталіся». Усміхаючыся, дастае цыгарэтку, закурвае. Ужо ў вагоне, утульным — для дыпламатаў, пхае мне штосьці ў кішэню. «Там, — кажа, — у Парыжы паглядзіш». На вакзале ў Парыжы я дастаў з кішэні яго пакуначак: папера, у ёй — кавалачак чырвонай калійнай солі, скол пароды. На паперцы — радкі: «Хай гэты драбочак скамянела-салёнага поту нашай беларускай зямелькі будзе табе ў Парыжы салодкім напамінкам усяго роднага. Люблю Парыж. Mix. Стральцоў».
Гэты драбочак ляжаў у мяне ў атэлі на стале. Гледзячы на яго, я ўспамінаў Міхасёву «Згадку пра Поўнач» і ў ёй радкі: «Я сядзеў і чытаў пра Парыж далёкіх дваццатых гадоў, пра маленькія кафэ, булачныя, пра брукаваную старую вулачку Нотр-Дамдэ-Шон, на якой быў дом нумар 113, а ў тым доме...» Далей — пра тое, як Парыж любіў Хэмінгуэй. Чытаючы, я адчуваў, як і Стральцоў любіў Парыж праз таго ж, магчыма, Хэмінгуэя, або праз Бальзака, Гюго, Мапасана, Ван-Гога, Рэнуара, або праз перапіску Тургенева з Палінай Віардо. Ніколі не быўшы ў Парыжы, ён любіў свой Парыж, створаны ўяўленнем, і праз драбочак роднай нам абодвум зямлі, начным развітаннем у Мінску на вакзале, хацеў зноў далучыцца да хвалюючай яго тэмы Парыжа. Там, у Парыжы, я ў тую восень пісаў эсэ пра Аляксея Пысіна, якога мы з Міхасём любілі і як паэта, і як чалавека, нашага з ім земляка, і драбочак роднай зямлі, пакладзенай сябрам мне ў кішэню, падказаў увесці ў эсэ Парыж. Цяпер мне здаецца, што тое маё жаданне Стральцоў прадбачыў.
На гэтай ноце мне б і закончыць свой роздум. Але не магу не вярнуцца яшчэ раз да апошняй, напэўна галоўнай думкі нашага мемуарыста: «3 цяжкасцю ён вяртаўся да ранейшага пісьменніцкага жыцця». I крыху далей: «Ён якраз выбаўляўся з блытаных сцежак жыцця, зноў выходзіў на светлую і ясную дарогу...»
Няма патрэбы казаць яшчэ раз, якую дарогу ў літаратуры Барыс Іванавіч лічыць светлай і яснай. Тут усё зразумела. Ёсць патрэба сказаць і падкрэсліць: якая гэта злая няпраўда!
Стральцоў заўсёды актыўна жыў літаратурай, яго галоўнай дарогай заўсёды была дарога Празаіка і Паэта. Так, з вялікай літары. Таму што мала хто ў наш час свядома валодаў такой незалежнасцю, цяжкой, але непахіснай, унутранай, па сэрцы і думцы, свабодай творчасці. Якую ж яшчэ «светлую і ясную» мог знайсці Стральцоў? Тую, з якой сышоў маладым, дзе ёсць усё, акрамя свабодай народжанага слова? Калі гэтая «светлая і ясная дарога» ўсяго толькі стэрэатып мыслення, велікадумна прапанаваны, як той чырвонец, тады бяда невялікая: сказанае забудзецца. Але калі гэта глыбокае перакананне, тады лішнім не
будзе падкрэсліць яшчэ раз: «блытаных сцежак» у Стральцова не было. Яго хада ў літаратуры заўсёды была прынцыповай і яснай, высакароднай і сумленнай, калі літаратуру не разумець як нейкі яе сурагат, а пошукі мастацкага слова і вобраза лічыць працай нялёгкай, рызыкай натуральнай, непазбежнай. Гэтай дарогаю ён ішоў непахісна і мужна.
Проста ў яго была заўсёды свая дарога. А гэта — шчаслівы лёс. Хоць і цяжкі.
Вядома, натоўпам гэтакай дарогай не ходзяць. Але няўжо яе так цяжка зразумець вопытнаму пісьменніку? Ці, можа, няма жадання гэта прызнаць за ісціну?
Зноў, не ў свой час, адліга, якая ддя самапачування горшая за мароз. Возера не першы раз за зіму вызвалілася ад лёду, зноў плаваюць качкі, якіх мы з Алёнкай, унучкай, падкормліваем.
На чорных вільготных дрэвах крычыць вараннё. Я пакідаю возера, каб не чуць брыдоту. Але ад чарады, што расселася і валтузіцца на дрэвах, нейкі адзін воран ляціць за мною. Я іду ад яго ў глыбіню парку, а ён пералятае з дрэва на дрэва і ўсё крумкае нада мною, цяжка і злосна, да хрыпаты. Чорны дзень прарочыць? Я іду хутчэй, пятляю сцежкамі, а ён мяне ўсё не адпускае. 3-за таго крумкання зусім хачу пакінуць парк і выходжу на алею, што вядзе ў бок праспекта Машэрава, але і воран ужо на алеі. Нарэшце замоўк. I раптам як крумкне, ледзь не ў самае вуха, праляцеўшы нізка міма мяне, з нейкай пячорнаю хрыпатою: я здрыгануўся, спыніўся. Быццам з мае галавы сарваўшыся, ён ляціць над алеяй у той бок, куды іду я. Э-э, думаю, у пачвары вышэйшы пілатаж, пікіруе, нібы ў голаў хоча дзюбай дзеўбануць. Маёй крыві захацеў? Бачу: назад, мне насустрач, вяртаецца. Схапіўя камень, замахнуўся, а ён, ведаючы, што каменем у яго не пацэлю, зноў пікіруе і зноў як крумкне.
Я выйшаў на праспект, звярнуў, гуляю паўз бераг Свіслачы. Крумкач з галавы не выходзіць. I думкі... пра смерць.