Выгнаны патрыцый Кніга пра Міхася Стральцова

Выгнаны патрыцый

Кніга пра Міхася Стральцова
Выдавец: Лімарыус
Памер: 432с.
Мінск 2017
105.66 МБ
Міхась Стральцоў збіраўся вызваліцца ад службы, зноў вярнуцца выключна да творчай працы. Гэта ўжо падчас хваробы. У шпіталі.
Як адбылося б, каб Бог і Лёс адшкадавалі яму яшчэ добрую рэшту жыцця — цяжка здагадвацца...
Прадчуванне канца — ці было яно ў яго? Мне здаецца, калі і было, падсвядомае, інтуітыўнае. He выслоўленае. He выяўленае канкрэтна. У красавіку і траўні 1987 года ён пару разоў прыходзіў на працу страшэнна бледны. Тлумачыў — нешта з сэрцам. Гэта, мабыць, і радыяцыйны боль (у яго быў рак стрававода). Потым нечакана лёг у бальніцу. Нікому нічога не сказаўшы. Ляжаў у 2-ім шпіталі. Калі мы з Тамарай Аляксееўнай Нікіфаровіч (карэктаркай «Нёмана») наведалі яго, быў знерваваны, раздражнёны. Хаця неяк пасвятлеў, палагаднеў, кажучы: «Бачу адсюль тваю хату, Томік» (да Тамары Аляксееўны). Выпісаўся таксама нечакана. I знік.
У ліпені Міхась лёг у анкалагічную клініку ў Бараўлянах. Ездзіла да яго — ён ужо мала што еў; везла кавун, чарніцы, чарэшню. Нейкім разам мы сышліся ў яго выпадкова: Карлас Шэрман, Анатоль Сідарэвіч і я. Карлас Шэрман зрабіў слайды і пазней аддаў іх Сідарэвічу, у часопіс «Крыніца», там, дзе мы ўдваіх з Міхасём Стральцовым, — падараваў мне. Дзе Сідарэвічавы — не ведаю, адзін давала «Крыніца», мой pan-
тоўна знік пасля таго, як я паказвала яго навагоднім вечарам разам з маімі італьянскімі слайдамі. Я перавярнула дагары нагамі ўвесь дом — няма, хоць плач. Няма.
Перад аперацыяй я ўвечары прыходзіла да Міхася Лявонавіча, ён пагладзіў кветкі, паглядзеў на чарэшню... Быў супакоены, лагодны. Спадзяваўся на дактароў. Папрасіў, каб Алена Дзмітрыеўна — яна была ў яго — праводзіла мяне. Мы абедзве супакойвалі Міхася, спасылаючыся на ўсе шчаслівыя выпадкі.
17 ліпеня Міхасю Стральцову зрабілі аперацыю. I з рэанімацыйнага адзялення ён ужо не выйшаў... 6 жніўня, калі яму стала лепш, прыехалі да яго ўсе ўжо згаданыя. У апошнія дні прыходзіў Дранько-Майсюк.
Усё лета я тэлефанавала Вераніцы, Рыгору Барадуліну, Карласу Шэрману. Яны — мне. Ніхто не ад’язджаў далёка ад Менска.
Вестка пра смерць Міхася Стральцова заспела мяне на Іслачы — той Іслачы, пра якую пісаў Міхась Лявонавіч. У Дом творчасці (ён толькі адчыніўся) Стральцоў так і не паспеў прыехаць. Я ж апынулася там з прычыны рамонту: у маёй хаце яго распачалі яшчэ ў траўні, калі Стральцоў быў, здавалася, здаровы — узяла адпачынак. Так і ездзіла адтуль на працу. Трэба было весці аддзел. За абодвух.
Пасля таго, як усе мы, яго сябры, праводзілі Міхася Стральцова ў апошні яго шлях, лёсу было заўгодна кінуць мяне паводле лепшых традыцый «сядзібнай культуры» (Міхась любіў яе) — за мяжу. У Італію. Можа, дзеля таго, каб там, дзе на кожным камені — адзнака тысячагоддзяў, згадаць аб ratio vivendi. Зірнуць на свет sub specie aeterni. А можа, каб проста парадавацца жыццю. I за яго таксама... За Стральцова... «Небо Італнн, небо Торквата. Прах поэтнческмй древнего Рмма...» Баратынскі...
Каго працытаваў бы тут Стральцоў? Што «загадаў» бы паглядзець?
Працытаваў... Загадаў... Непапраўны прошлы час... Мінулы...
* * *
Загадка Стральцова... Ён панёс яе з сабой. Пакінуўшы нам класічныя ўзоры майстэрства. Многа ці мала? Як вымераць радкамі высокае мастацтва?
Ён быў супраць слотнай няўклюдзіцы слоў. Супраць цягамотных, раскілзаных сюжэтаў, супраць бясконцых аповедаў пра некага, пра нешта, дзеля нечага... Ён спавядаў лірычнафіласофскі водгук на жыццё, на такое перажыванне светапарадку, што мела б на ўвазе і надзейнасць класічных арсеналаў, векавых канонаў — і пазалагічна-мантажныя выяўленні ўражанняў і падзей: не разумовае бязладдзе, але ўменне знайсці новыя пошукава-некананічныя ўстаноўкі.
Я зноў перачытваю невялічкае эсэ, шэсць слупкоў тэксту, непрэстыжны падпольчык літгазетаўскай (маскоўскай) паласы (гэтая газета, дарэчы, ніколі не адшкадавала цэлай паласы ні Івану Мележу, ні Янку Брылю, ні Максіму Танку, ні нават Янку Купалу ці Максіму Багдановічу). Сціплы такі на выгляд артыкульчык. Аднак і цяпер, праз некалькі год, калі столькі пісалася і друкавалася — забойнага, сенсацыйнага, разумнага — радкі Стральцова выдаюць спакойнай прадуманасцю, глыбінёю думкі, дыстынктоўнасцю стылю.
«Я не пастрашуся прамовіць, што мяне цікавіць пытанне мастацтва самога па сабе» (там, на расейскай мове, гэта гучала так: «Я не побоюсь сказать, что меня ннтересует вопрос достоннства нскусства как такового»), Міхась Стральцоў ніколі не баяўся гэта сцвярджаць — словам прозы, словам крытыка. Ці былі ў яго магчымасці, моц на спраўджванне? Мне здаецца, былі. У спрыяльных умовах. Моцартавы склад таленту ўвесь час цярпеў ад усмешкі скептыка-аналітыка, які сядзеў у Стральцове і перапыняў занатоўванне імгненнага. Цярпеў ад крыўдлівых усмешак нядобразычліўцаў. Ад кпінаў лёсу. Ад прадонняў у самасвядомасці. Сам ён у згаданым артыкуле пазначыў так: «Я... быў заняты, і нават досыць сур’ёзна, годным уладкаваннем уласнай асобы і свайго ўнутраннага свету...»
Міхась Стральцоў (пра гэта сведчаць і яго лісты) не быў з тых, хто ўмее старанна і абавязкова кожнага дня гнаць свае радкі. А настрой той палётны, натхнёны, ён лёгка парушаўся... Памятаеце? «Аповесцейку сваю я колькі разоў губіў тым, што, загарэўшыся ёю, ужо як бы адчуўшы цалкам, не садзіўся ў час за стол — і перагараў. Вось яшчэ чаму самадысцыпліна ў працы — усё ж вялікая рэч».
Чаму не садзіўся за стол? Хто вінаваты? Ці толькі абставіны? Ці ўсё ж ён сам? Ці тыя сацыяльныя прычыны? Абставіны трагічнагалёсу беларусаў? Памятаю, як нейкім выпадкам, яшчэ да Мазыра, асцярожненька «агітавала» яго пісаць. Ён скрушна давёў: «А каму гэта патрэбна?»
Міхась Стральцоў — пісьменнік элітарны. I — беларускі пісьменнік. To дзе ж ён — быў ці ёсць — ягоны чытач? Дзе тыя беларусы, што разумеюць «філасофію ўсясветнай выпадковасці быцця» (А. Роб-Грые), што ўмеюць спасцігнуць тыя абліччы існага, што ўмеў стварыць Міхась Стральцоў? Іх так мала. I было, і ёсць. 1 таму так выйгравалі ў «масавасці», «папулярнасці», «знакамітасці» тыя, хто займаўся простым паўтарэннем, пералічэннем розных карцін рэчаіснасці, канкрэтных, на узроўні будзённага ўсведамлення.
Ці быў ён абыякавы да гэтага? Ён не быў зайздроснікам. Ведаў цану таннай славы. Крыўда, па-мойму, была. Нават болып — пакута. Ён не быў у суладдзі са светам. А свет — з ім. Аднак ён жыў адчуваннем гармоніі. Меў тое, дадзенае выбраннікам, сузіранне што «ахоплівае субстанцыю рэчы ва ўсёй яе цэласнасці, меў магчымасць выціснуць сэрца альбо душу рэчы з усяго, што зацяняе сутнасць» (Гегель).
Што было б, калі б ён быў жывы?
Наўрад ці сёння падаўся б у члены якой партыі, наўрад ці займаў бы трыбуны, наўрад рабіў бы нататкі «на злобу дня». Ён быў філосафам, сузіральнікам, мысляром. Ніколі не лавіў за крылы момант.
Што б ён рабіў? Цяжка сказаць...
Проза, вершы, крытычная проза... Эпісталярная проза. Наўсім пячатка майстра.
Многае не спраўдзілася. Але — «душа сбылась».
Бэзавы попел... Згадваю «матыўлірычны, адмысловы», і «красу арабінак», і лес «у асеннім агні». I сыплецца, спадае бэзавы попел успамінаў...
I ўспамінае душа святло...
1992
Янка Брыль
3 запісаў
* * *
Пазваніў Анатоль Сідарэвіч — у Міхася пачалася агонія... Дзяжурства пры тэлефоне. Увечары прыйшоў Карамазаў, ад Міхася, каля якога прасядзеў дзве гадзіны. Высокая тэмпература, трызненне, «глядзіць бялкамі, нічога не адказвае»... Прасядзелі з Віктарам за поўнач. Назаўтра зноў дзяжурства. I ў палавіне чацвёртай Лена пазваніла, плачучы, што закрыла яму вочы...
6-га я быў пры ім. Калі, вітаючыся, пацалаваў яго ў лоб і, заплакаўшы, апаў вачыма ў падушку, расхваляваўся і ён. Калі развітваліся, ён сказаў: «Мне без вас нельга». А ў гутарцы нашай нялёгка было трымацца на нейкім аптымізме.
Перад тым, як ехаць у Бараўляны, пазваніў Віктару, і ён параіў папрасіць Лену на спатканні пакінуць нас з Міхасём адных. Віктар думаў, што Міхась захоча, можа, сказаць мне штосьці важнае для яго. Лена разумна згадзілася, мы пабылі ўдвух з паўгадзіны, потым яна ўвайшла, і Міхась папрасіў яе быць з намі. Пры ўсёй складанасці іхніх адносін яна яму патрэбна была вельмі, і яна з пяшчотнай мужнасцю жанчыны справу сваю рабіла як след.
Распластаны, парэзаны, падключаны да кропельніцы, да гноесцёку, да гумавай трубкі кармлення, бездапаможны, як дзіця. Асабліва бачыліся мне, упершыню ў жыцці, яго босыя ногі... I пры ўсім гэтым — ягоная ўсмешка. Праз усе пакуты.
А колькі ж, Божа наш, адзіноты! Якое нашаму брату хапае і так.
На могілках зноў успомнілася, адчулася з новай сіла народнае: «Не плач, яго ўжо няма, гэта ўжо не ён». Тое, што ідзе ў зямлю.
А ён ад нас адарваны з крывёю. Мне горка ад таго, што я замала, засуха адказваў на яго прыхільнасць. А пра яе мне і Віктар сказаў, калі мы з ім сядзелі ноччу.
Вось так пра гэта,— праз тыдзень, зноў у вёсцы, — як не самому сабе, а для кагосьці, пратакольна...
* * *
Прынёсшы з пасёлка малако, дапоўніўшы з калонкі бочкі на паліўку, падумаў, што вось і паднімуся цяпер на сваё гарышча, да старога, заслужанага пісьмовага стала, да акна, расчыненага ў сонечна-зялёна-галасістую толькі ад птушак раніцу, і буду, як молячыся, дачытваць Міхасёвы вершы.
Аднатомнік — трошкі за трыццаць аркушаў прозы, паэзіі, крытычнай эсэістыкі. Гасцюючы ў мяне, наш польскі друг Флёрыян Няўважны ўбачыў у кніжнай шафе салідны том выбранага Лукаша Калюгі і сказаў адно толькі «О!». Тут я адчуў сябе каўказцам і падаў яму гэты том. Далей стаяў другі аднатомнік, і па таўшчыні, і па колеры вокладкі вельмі падобны. Міхась Стральцоў. Мой Флёрак толькі зірнуў на мяне, а я на гэты раз сказаў «О!» і аддаў яму і Міхася.
Потым, вядома, было шкада, як ні справядліва гаворыцца, што іменна той падарунак блізкаму найбольш дарагі, якога шкада. Доўга і дарма стараўся я потым знайсці тыя аднатомнікі ў нашых кнігарнях. I толькі дзякуючы маладому сябру, паэту Міхасю Скоблу, які на той час стаяў бліжэй да кніжнай справы, абодвух любімых намі ўдалося дастаць і ў маю шафу Найлепшых.
Аднатомнік. Шэсцьсот старонак. I няма ў мяне гэтым разам сумнага адчування, як гэта мала для пяцідзесяці гадоў. Такая паўната душы праяўлена, ва ўсіх жанрах, здаецца, з роўнай сілай, так многа тут для расшыфроўкі ўдумліваму чытачу. Вось