Выгнаны патрыцый Кніга пра Міхася Стральцова

Выгнаны патрыцый

Кніга пра Міхася Стральцова
Выдавец: Лімарыус
Памер: 432с.
Мінск 2017
105.66 МБ
У Міхася Стральцова да гэтай з’явы зусім іншае стаўленне.
«Надзвычай напружаны тэмп, надзвычайны дынамізм зрухаў, пераўтварэнняў, расчараванняў і надзей. He, гэта не так проста. I крызісныя з’явы тут непазбежныя».
«У мяне пракінулася слова пра наяўнасць пэўных крызісных рысаў у сучасным беларускім рамане — і нездарма. Але толькі крызіс гэты не варта разумець як застой. Ідзе прыхаваная, несціханая творчая спрэчка (на жаль, не заўсёды хоча гэта заўважаць крытыка) пра мастацка-метадалагічны ўзровень спасціжэння рэчаіснасці. Менавіта пра ўзровень».
У стральцоўскім эсэ пра смяротна хворага Багдановіча паэту здаецца, што ў яго ялцінскім пакойчыку затаіўся Сальеры («Здагадаўся: днём ён яшчэ больш чым ноччу баяўся таго чалавека — Сальеры»).
I сёння мы, услед за Пушкіным, ніяк не супакоімся, не ўсвядоміўшы да канца: дык атруціў Сальеры Моцарта ці не было гэта на самай справе? А можа, не гэта і Пушкін, і шмат хто іншыя, пішучы, мелі на ўвазе? He факт, а з’ява іх цікавіла. У каго толькі не стаяў ён на дарозе — Сальеры! He стаяў хіба толькі ў таго ж Пушкіна, у Ясеніна, Кальцова, Гарсія Лоркі — у паэтаў, якія самой прыродай быццам створаны былі, як нейкі «орган паэзіі» (нешта падобнае ўжыў М. Горкі, гаворачы пра Ясеніна).
Астатнім жа ўвесь час прыходзіцца ці ўступайь, адступаць перад «Сальеры» (і тады пагражальна насоўваецца «рацыё», цясніць творчую інтуіцыю), ці, змагаючыся з ім, выкарыс-
тоўваць яго магчымасці ў імя таго ж самага мастацтва — толькі ўжо «аналітычнага», «інтэлектуальнага».
Сапраўды, не так усё проста — у гэтай бясконцай барацьбе паміж «рацыё» і «інтуіцыё» («Моцартам» і «Сальеры»), якая бушуе і на старонках і ў душах таксама і сучасных пісьменнікаў.
I ўсё ж (нават пры такім поглядзе на «Сальеры») сэрца таленту — гэта «Моцарт».
Калісьці паспрачаўся я з Міколам Грынчыкам (думаю, пацвердзіць), нават на заклад пабіліся: я сцвярджаў, што У. Караткевіч па таленце больш празаік (гэта ў той час, калі ён яшчэ толькі вершы пісаў), што ў вершах Караткевіча, — хоць і выдатных, «запісана», што быць яму празаікам, і больш таго — эпікам. Бо там быў яго «Моцарт», адтуль яго клікаў...
Ну, а хто па таленце Міхась Стральцоў — найперш паэт, якім ён выступае перад намі ўсе апошнія гады, ці ўсё ж празаік? Ці па праву паэт настолькі глуха перакрыў дарогу празаіку?
Я цаню паэзію Міхася Стральцова. He менш, чым Алеся Разанава, ёсць, ёсць у іх агульнае.
Але калі б паэзія Буніна ды адабрала ў нас Буніна-празаіка? He здалося б нам, што «Сальеры атруціў Моцарта»? Бо пры ўсёй сіле бунінскага паэтычнага слова, «Моцартам» быў ён усё ж у прозе, а не ў паэзіі.
Ці не тое ж і з Міхасём Стральцовым? Яго паэзія — гэта «паэзія мыслі» найперш. Такая паэзія таксама, калі на ўзроўні, законная дачка Музы. Але іменна ў прозе Міхася Стральцова жыве «Моцарт», і, значыць, гэта яго асноўны талент, у гэтым асноўнае прызванне.
Дык чаму ж, Міхась?..
Вельмі не стае чытачу Стральцова-празаіка — яго празаічнага слова сённяшняга. Бо мы ведаем магчымасці гэтага слова — па ўжо напісаным ім.
I літаратуры беларускай не стае гэтага слова, стральцоўскага. О, як не лішняе было б яно — побач з брылёўскім, быкаўскім... У літаратуры так: нават усе разам і нават выдатныя не могуць замяніць аднаго — калі гэта сапраўдны талент. А калі ён яшчэ, як Стральцова талент, акрылены высокай культурай думкі
і пачуцця, калі за ім выключная чысціня сумлення і незвычайная патрабавальнасць да сябе — хіба ж шматгадовае маўчанне такога празаіка не вялікая страта нават для багатай, як сёння наша, літаратуры?
He, моцартаўскі пачатак у пісьменніку, такім як Міхась Стральцоў, усё-такі наймацнейшы. I ён верне нам Стральцовапразаіка, прадоўжыць яго — у новых апавяданнях, аповесцях.
Янка Брыль
3 добрай, сумнай усмешкай
Увосень шэсцьдзясят другога года, у залатым, утульным лесе, у адзіноце я чытаў бунінскі «Храм сонца», прымаў яго слова, нібы духмяны ліпавы мёд, маленькімі дозамі, па некалькі старонак у дзень, пасля працы, шчасліва адчуваючы, што гэтае чытанне — не толькі выдатны адпачынак, але і работа, і вучоба, і жыццё ва ўсёй яго паўнаце.
У такіх умовах, што вельмі спрыяюць успрыманню сапраўднага мастацтва, у такім настроі мне давялося пазнаёміцца і з першым зборнікам апавяданняў Міхася Стральцова «Блакітны вецер». Я з радасцю адчуў, як быццам толькі што адкрыў для сябе, што нават адразу пасля Буніна апавяданні нашага ціхага хлопца чытаюцца з хваляваннем, амаль на той самай хвалі прыёму.
Справа, вядома, не ў тым, каб некага з некім параўноўваць,— не варта рызыкаваць авансамі і раздражняць таго, хто думае інакш,— мне толькі хочацца сказаць, што проза Стральцова лірычная ў самым высокім значэнні гэтага паняцця, што яна безумоўна адтуль, дзе пачынаецца сапраўдная літаратура. Пісьменнік гэты не проста піша, сачыняе свае апавяданні і аповесці — ён так арганічна, так натуральна ідзе ад жыцця, як быццам яно само падказвае яму, што і як трэба рабіць. Яму толькі застаецца выконваць загады жыцця, што ён і робіць, часта з зайздроснай дакладнасцю. Ён з тых, для каго літаратура не прафесія, а прызванне, не пісаць ён не змог бы, не быць незадаволеным сабою — таксама.
Шчырае і разумнае, шматфарбнае і тонкае слова Стральцова законна, па праву ўзаемнасці, патрабуе ад чытача павагі. Яго нельга чытаць абы-як, для забавы, толькі ідучы за фабулай,— пры такіх адносінах да яго слова гэтае сарамліва, але ж і рашуча замыкаецца ў сабе, раўніва не выдае сваіх таямніцаў. Пра такую прозу адны, сыценька пазяхаючы, гавораць, што яна, бачыце, цяжкавата чытаецца; другія ж бачаць у ёй і іншую асаблівасць — яе, здараецца, і перачытваюць, нават даволі ахвотна і часта. А гэта ўжо адна з тых станоўчых якасцяў, якою вызначаюцца далёка не ўсе займальныя кнігі.
Пра што б, пра каго б ні пісаў Стральцоў, на кожнай яго старонцы я перш за ўсё бачу аднаго галоўнага героя — абаяльны вобраз самога аўтара, чалавека высокакультурнага і сардэчнага, з позіркам вострым на праўду і няпраўду, інтэлігента з народных працоўных нізоў, які няблага засвоіў нялёгкую і складаную мудрасць часу. Шчыры чалавек, відушчы пісьменнік ідзе па жыцці з добрай і сумнай усмешкай. Так хадзілі яго вялікія папярэднікі, з гэтым сумам, з гэтым шчаслівым болем за ўсіх і за ўсё горка і радасна адчуваць сябе літаратарам. I гэта — не сузіральнасць, якою нас палохаюць некаторыя крытыкі, гэта павышаная любоў да красы, да чыстага, новага, на чым і трымаецца жыццё.
1967
Рыгор Барадулін
На сініх лугах маленства
Постаць Міхася Стральцова адметная, адрозная, загадкавая, бо непаўторная.
Лірычная ўзрушанасць, філасофская разважлівасць, творчая апантанасць і шанаванне жыцця — усё гэта незвычайна суладна спалучалася ў адной таленавітай асобе.
Міхась Стральцоў прыйшоў у свет літаратуры аднойчы і назаўсёды. Прыйшоў з маленства, знявечанага вайной. Прыйшоў з відушчай памяццю, з датклівай натурай, з босай душою.
Прыйшоў даверлівы і адкрыты. Прыйшоў з маленствам, прывёў маленства сваё ў сталасць, вывеў у людзі яго. I колькі жыў, спасцігаў вытанчаны самаінтэлігент сябе, а значыць, увесь свет.
Мне б так сказаць: «Я здолеў заручыць Сябе з уласнай думкай і свой голас Птушынай песняй здолеў надтачыць, — Сабраў расу, якою ўмыўся колас».
Ён Ііакепліваў нязлосна з тых паэтаў, якія з усіх лапатак пяліся казаць ад імя пакалення, ад імя ледзь не ўсяе эпохі. Глядзеў на іх, як сталы глядзіць на немаўлятак, у якіх прарэзаўся петушыны голас, паэзію такую называў прыметнікавай паэзіяй.
Пры жыцці ў Міхася Стральцова хапала часу на ўсіх — на сяброў і прыхлябаеў, марнатраўцаў і пажыральнікаў ягонага дарагога часу, на гутарку, на прачытанне новага верша і таўшчэзнага рукапісу прозы здрадлівага паплечніка і выпадковага наіўнага падарожнага, на рэцэнзію, на водгук, на радыё і тэлевыступленне. Адно не ставала часу на сябе, на сваё ўзважанае і назапашанае, перажытае і перадуманае.
Цыгарка, як тая хмурынка роздуму, ніколі не затухала. Заклапачоны ў асноўным чужымі клопатамі і гаркотамі, спагадлівы, безадхланны Міхась быў цесна, я сказаў бы, блакадна акружаны маладымі і старымі, зычлівымі і зайздрослівымі літаратарамі, мастакамі, акторамі, лірыкамі і фізікамі.
Падчас ён нагадваў добрага рахманага мядзведзя, якога не ў пару ўстурылі з берлагу — лагодна бубнеў, мармытаў, але ніколі нікому не адмовіў ні ў падтрымцы, ні ва ўвазе, бо сам быў заўсягды «на самай трэшчынцы ўвагі».
Шмат хто злоўжываў ягонай дабрынёй, ягонай усеахопнай дасведчанасцю, ягонай натуральнай еўрапейскасцю.
У натуры Міхася Стральцова было нешта ад Янкі Купалы (калі меркаваць па ўспамінах пра генія беларускага духу), бо быў Міхась глыбінным беларусам, які ўвабраў у сябе ўсё спрадвечнае, наскае, невынішчальнае. I ў людской гамане, у мітусні зямной быў ён заўсягды сам-насам з сабой, нейкім
чынам «быў сіратою і між людзей». Гэта герой кажа ўсё-ткі ад імя аўтара: «Было сіратліва і холадна ў мяне на душы». Жыў Міхась «у душэўна прыдуманым жыцці». Гэта пра сябе кажа пісьменнік: «У мяне падбілася душа... я жыць спяшаўся, я пачуццямі падганяў сябе — я стаміўся...» Міхась бывала паўтараў радок Мікалая Забалоцкага: «Не позволяй душе леннться», бо адчуваў «непамернасць адчутых на ўсё жыццё наперад і радасцяў, і шчасця, і тугі», адчуваў «напружанне духоўнага зроку».
На зломах гісторыі вырастаюць асобы. Вайна 1941—1945 гадоў, як гэта ні парадаксальна гучыць, пэўным чынам абудзіла нацыянальную свядомасць у ацалелай ад рэпрэсій бальшыні беларусаў. На нейкі час была знята з абвесткі дня барацьба з нацдэмамі. Беларусам дазволена было, паміраючы за імперыю, называць сябе беларусамі. Дый сама схамянулася беларуская душа, змагаючыся са смерцю. Адначаснікі Міхася Стральцова, і ў першую чаргу сам Міхась, родам з вайны. Жах і гора на кавадле бязлітаснасці выкоўвалі малечую душу ўражлівай, спагадлівай, балючай.
Біяграфія душы пісьменніка ў ягоных творах, ці ідзе расповед ад першае асобы ці голасам героя ягонага. Гэта на сябе малога глядзіць сталы майстар слова: «У дзяцінстве, у сваім вясковым дзяцінстве, гэта быў надзвычай уражлівы хлапчук... парывісты і адначасна ціхманы, зацяты і ў той жа час быстры на слёзы. Можна сказаць, што душа ягоная ўбірала ў сябе многа, і можна сказаць, што яна была надзелена здольнасцю разумення і хацення дабра, і разумення людзей, але не таго хцівага, саманадзейнага разумення, заручанага з адным днём, а другога, журботнага і трохі безнадзейнага, без выгодаў для сябе: яно благога чалавека прымушала шкадаваць гэтак жа, як і добрага, — хаця б за тое, што ён благі... Расказаць трэба было пра юнака, які безразважна і смела рынуўся ў жыццё і не ашчаджаў сябе, шчыра беручы ад людзей і гэтак жа шчыра аддаючы ім жыццё... Яму здавалася, што не можа быць на свеце чалавека, які, уведаўшы, не палюбіў бы яго: ну хаця б за гэтую ягоную прагу спагады і ласкі для сябе і для ўсіх! Толькі