Выгнаны патрыцый Кніга пра Міхася Стральцова

Выгнаны патрыцый

Кніга пра Міхася Стральцова
Выдавец: Лімарыус
Памер: 432с.
Мінск 2017
105.66 МБ
3 цягам часу ідэалізм гэтай неад’емнасці даўся ў знакі, ледзьве не ператварыўся ў таўталагічны прыгнёт, і Ён зразумеў, што неабходны змены — стылёвыя, жанравыя, нават светапоглядныя.
У «Смаленні вепрука» — апавяданні апавяданняў беларускай літаратуры, — пішучы эпітафію няздзейсненаму твору, Ён напісаў эпітафію і сабе, празаіку.
Мастакоўская метамарфоза адбылася — ідэалізм прозы канчаткова саступіў свядома абранай паэзіі.
Вядома, у гэтай метамарфозы былі і больш значныя падставы: назаву іх нацыянальна-спадчыннымі.
Ён, беларус, як ніхто з нашых пісьменнікаў адчуваў, што належыць да нацыі, якая ўсё яшчэ лепш сябе выказвае ў паэзіі, чым у прозе.
Гэта асаблівасць, як вядома, тлумачыцца перш за ўсё маладосцю беларускага этнасу, болып пачуццёвай, чым разумовай спецыфікай яго мовы.
На жаль, Ягоная творчая метамарфоза не была пазбаўлена істотнай супярэчнасці. Свядома выбіраючы паэзію ў адрозненні ад прозы, дзе выбар жанру быў непрадузяты, мала залежны ад рацыянальных умоў, жадаючы выказацца лепш, абсалютна па-беларуску, Ён не пазбег і не мог пазбегнуць своеасаблівай антыноміі.
Назаўсёды развітваючыся з прозай, не падазраваў, што Яму, як мастаку, найпаўней наканавана было выказацца не ў паэзіі, а менавіта ў прозе, дзякуючы якраз непрадузятасці выбару апавядальнага жанру.
Прадчуваю пытанні: дык што, паэзія — памылка ў Ягонай творчай анкеце і Ён не паэт?! А як жа тады разумець пачатковую думку гэтага артыкула, што сутнасна Ён быў і застаецца паэтам?
А так і разумець, што перш за ўсё Ён паэт, і не толькі ў Bepmax — у апавяданнях і ў эсэ таксама.
I чыста жанрава Ягоная паэзія ніякая не памылка, а запозненае дзіця, народжанае не ад юнацкай страсці, а ад сталага жадання мець яго.
Яшчэ могуць быць пытанні: што значыць «назаўсёды развітваючыся з прозай, Ён не падазраваў...» і г. д.?!
А калі Ён не мог далей пісаць?!
А калі Ён скончыўся як празаік!
He, не скончыўся і пісаць мог такія ж, як і пісаў, апавяданні, нават аповесці.
Але Ён не мог сабе дазволіць паўтораў, таму развітанне з прозай было прадвызначана.
Пра «Загадку Багдановіча», бясспрэчную Яго мастацкую ўдачу, трэба сказаць асобна — асобна ў тым сэнсе, што гэта не хваласпеў самаму трагічнаму нашаму песняру, гэта, калі хочаце, інтэлектуальны ўздых, нават плач па нашых страчаных магчымасцях.
Асноўны матыў «Загадкі» скрушлівы — нарэшце лёс даў Беларусі паэта, праз творчасць якога Беларусь магла б эстэтычна рэалізавацца ў свядомасці свету гэтаксама, як, напрыклад, Францыя рэалізавалася праз творчасць Верлена.
Магла б, каб не занадта кароткі век паэта!
У выніку праз Багдановіча, праз тое, што ён паспеў напісаць за свае няпоўныя дваццаць шэсць гадоў, Беларусь здзейснілася толькі дзеля сябе самой — гэта значыць, не ў свядомасці свету, а толькі ў сваіх яшчэ не надта нацыянальна-ўстойлівых думках і адчуваннях.
Для мяне, чытача, тэкст «Загадкі» — звычайны; незвычайная ж пазатэкставая прастора, у якой аўтар і герой набываюць непарыўную еднасць.
Мастацтва, радзіма і жанчына — вызначальныя каардынаты гэтай еднасці.
У адносінах да мастацтва яны, аўтар і герой, сышліся на апалогіі Сальеры (праўда, пры гэтым не адмаўляючы і мацарціянскаму падыходу да творчасці); у адносінах да радзімы іх аб’яднала пакута; у адносінах да жанчыны — расчараванне, якое вынікла з неадпаведнасці выпадковай асалоды сямейнаму шчасцю.
Але ў гэтым яна і ёсць, доля паэтаў — за хараство кароткай асалоды расплочвацца перадсмяротным расчараваннем.
Алесь Асташонак
За мяжою звычайнага
Сказаць, што Міхась Стральцоў мой кумір?..
Калі перачытваю «Смаленне вепрука» мо ў які пяцідзясяты раз, не пакідае ўражанне: гэтай рукоютады Творца вадзіў. Рукою Творцы Стральцова вадзіў найвышэйшы Творца. Напэўна, не выпадкова крахатуліна-глыба стала стральцоўскім развітаннем з прозаю. «Дабро і надзея тут накрэслілі свой круг».
Стральцоў для мяне адзін з нямногіх богаабраннікаў у сучаснай нашай, як мог бы ён, сцішана ўсміхнуўшыся, сказаць, «нзяіцной словесноста».
Дзякуючы Багдановічу і Коласу я пакінуў пісаць на расейскай мове, а Стральцоў быў першы з сучасных суайчыннікаўлітаратараў, хто ўразіў мяне:
«Расказаць трэба было пра юнака, які безразважна і смела рынуўся ў жыццё і не ашчаджаў сябе, шчыра беручы ад людзей і гэтак жа шчыра аддаючы ім сваё. Ды і што тут было ашчаджаць ці шкадаваць! Яму здавалася, што не можа быць на свеце чалавека, які, уведаўшы, не палюбіў бы яго: ну хаця б за гэтую ягоную прагу спагады і ласкі для сябе і для ўсіх! Толькі часам, у шумлівым разгары ягонай з людзьмі злагады і любові, нечакана задумлівым рабіўся ягоны погляд, і здавалася тады, што цішыня, высокая і асцярожная, вырастала за ім, і адчуванне было такое, нібыта нехта ў яго стаяў за спіной. I час надышоў, і пабурылася за спіною цішыня, і бяда пастукалася ў дзверы, і зазнаў ён тое, што хоць аднойчы ў жыцці зазнае кожны чалавек: і расчараванне, і адчай, і нудліва-вінаваты позірк сяброў, і нетрывалую ласку жаночага сэрца».
Мала каго Бог надзяляе гэткім тонкім пяром, гэткай глыбока ўнутранай, прыроднай (не нажытай-паказной-падманнай) інтэлігентнасцю, якую не запэцкаць анічым, бо яна іскрыцца шчодра з скупой-закрытай-адкрытай душы. Тут няма ніякае блытаніны. Гэта быў дужа нестандартны чалавек. Вельмі ўжо НЕПРАНУМАРАВАНЫ.
Можна сказаць, была загадка Багдановіча, «Загадка Багдановіча», была і загадка самога Стральцова. I не было адначасова ніякае загадкі. Быў Талент. А ён заўсёды — загадкавы і дзесьці ясны. Ну чаму так назваў Стральцоў сваю кнігу — «Мой свеце ясны»?..
Быў яшчэ Чалавек пад Богам. Быў яшчэ і Д’ябал перад ім. Чорны чалавек. Пра якога сам Стральцоў пісаў. Без змагання Бога з Д’яблам не бывае і самага прымітыўнага жыцця. А тут вунь якое яно: «Адзін лапаць, адзін чунь» — і жыццёвая мітрэнга. Зрэшты, мітрэнга гэтая і адбілася жыватворна ў лепшых стральцоўскіх творах. Творы сталі гожым люстэркам ягоных, даруйце, пакутаў, памкненняў «мятуіцейся душн». Без мітрэнгі, што перакінулася ў высокае душэўнае напружанне, не было б і люстэрка. Люстэрка, у якое так прагна-балюча, шчымліва-соладка хочацца зазірнуць.
Нельга ні аб чым шкадаваць. Ён ёсць — ёсць такі — у адваротным выпадку яго зусім магло б не быць.
Цяпер багата хто, распавядаючы пра яго, не разумеючы зусім ладу жыцця, на ягонае падобнага, і ладу душы пры такім жыцці, піша, дзе трэба і дзе не трэба, пра ягоную слабасць, вульгарна спрошчваючы ўсё да прымітыўнае фізіялагізацыі. Спачувальна, a то і прыхавана-паблажліва разважае — ураўнаважаны і дабраўладкаваны. Нібыта па-сяброўску (і ці ж па праве?), а на самой справе выступае ментарам. Эфемерная годнасць, розумміраж. Як той, хто ніколі не бачыў мора, можа разважаць пра яго? «Вам не дано понять, что вдруг co мною стало...»
He бывае так, на жаль: каб не пакутуючы ў жыцці пакутаваў мастак У ВЫНІКАХ ТВОРЧАСЦІ сваёй. Можа, і бывае, але тады гэта падман, які раскрываецца непазбежна і хутка. Стральцоўскай душы было што распавесці, ды толькі распавядаць мала калі было — і зусім тут не слабасць прычынаю, а сіла душэўных хістанняў, чысціня сумлення. «А ці ж можна пісаць, калі нічога не чуеш?» — сказаў ён аднойчы ціха. О, каб яшчэ колькі людзей у нашай літаратуры так чулі!..
Мы сустракаліся з ім мала. Ён па-дзіцячы цёпла расказваў пра любімага майго Юрыя Казакова, які «паліць цяпер грубку
недзе на лецішчы ў сваім Падмаскоўі». (Параўнайце: «Смаленне...» і «Во сне я горько плакал...» He бачу раднейшых душ у нашай і расейскай літаратурах.) Прасіў называць яго панам Міхалам. 3 якім выразным позіркам паціснуў мне руку, калі я ішоў з літарацкай трыбуны, абараніўшы «зашытага» Лёню Галубовіча ад нападак няздары, што вялізнай сваёй заслугаю называў сваю месячную прысутнасць у Нью-Ёрку, на асамблеі ААН. (Дарэчы, цікавая драбніца: Стральцоў, здаецца, за мяжою і не бываў ніколі. Хіба што за мяжою звычайнага.) Нарэшце, расказвалі мне, у рэанімацыі, трызнячы, шкадаваў, што ён не дапісаў разам са мною п’есы. Ён, які казаў мне колісь, што не ягоны гэта жанр...
Як холадна казытнула мне сэрца паведамленне пра страшную гэтую праяву нашае блізкасці!..
Цяпер, як згадаю яго, часта прыходзіць на памяць ягоны эпіграф з малавядомага нам і любімага ім выдатнага паэта Случэўскага: «й капля вод полна страданнй/ н нензбежностей полна...»
I ўсё ж...
«Дабро і надзея тут накрэслілі свой круг».
Алесь Разанаў
Наступны, яшчэ не аб’яўлены, змест
Рэаліі ў творах Міхася Стральцова маюць уласцівасць прыкмет. 3 іх можна выводзіць сімвалы, як, напрыклад, з назвы апавядання «Сена на асфальце» і, акцэнтуючы ўвагу на сацыяльным, казаць, што гэта сімвал беларускай інтэлігенцыі, якая выйшла з вёскі, а жыве ў горадзе, альбо, калі карыстацца «эстэтычным» ключом, ікэбана — дзівосны букет, што неспадзявана склаўся сам.
Аднак па сваёй прыродзе і сутнасці — гэта прыкметы. Яны самадастатковыя, поўныя жыцця, аднак яно тоіць у сабе наступны, яшчэ не аб’яўлены, змест.
Паглядзіце, якія вывераныя, важкія, дакладныя рэалііўтым жа «Смаленні вепрука». Яны прадчуваюць і прадбачаць тое, чаго яшчэ няма, але што мусіць здарыцца і, уцягнутыя ў вір-
туальную сферу надчасу, становяцца часткамі нейкага невідавочнага механізму.
Нават тыя персанажы, якія ведаюць, што будзе далей, у апавяданні паводзяць сябе, як быццам сумняваюцца ў сваім веданні, і шукаюць доказаў, якія пацвердзілі б, што яны не памыляюцца. Яны ўслухоўваюцца ў нешта, што прысутнічае ў наваколлі і ўведзенГ ў сістэму прыкмет. I насампраўдзе не яны, а рэаліі, чуйныя, пільныя і адстароненыя рэаліі — галоўныя дзейныя асобы апавядання.
Міхась Стральцоў распазнаваў тое, што ўжо распазнала яго, прыкмячаў тое, што ўжо прыкмеціла яго. Яно, тое тое, было сваім, але сваім па нейкай іншай, чым у штодзённым жыцці, суадпаведнасці, па нейкай інакшай прыналежнасці; з ім было звязана самае істотнае, але, як у хованках, яно абвяшчала аб сабе і не абвяшчалася само.
У завулках старога горада, у размаітым людскім натоўпе, у жыццяпісах творцаў Міхась Стральцоў заўважаў свае знакі, якія станавіліся знакамі яго творчасці. I ўжо блізка ад яго, як надзвычайная вестка, праслізгваў човен Харона, цень ад вясла якога ён прыкмеціў. Ад яго патрабавалася адно — заставацца мастаком надалей, верыць свайму відушчаму пачатку — інтуіцыі, прымаючы ўмовы гульні, усё глыбей распазнаваць яе ўмовы, бо тое, што ў ёй загадвалася, і разгадку мела ў ёй самой. Па-за ёй — няздзейсненыя задумы, чужая рэчаіснасць...