• Газеты, часопісы і г.д.
  • Выгнаны патрыцый Кніга пра Міхася Стральцова

    Выгнаны патрыцый

    Кніга пра Міхася Стральцова

    Выдавец: Лімарыус
    Памер: 432с.
    Мінск 2017
    105.66 МБ
    Дык вось, па сваёй добрай волі, па сваёй зададзенай ахвоце мастак не можа адмовіцца ад працы. Што роўна — адмовіцца ад сябе. He піша, значыць, не можа пісаць. I зноў жа гэта не значыць, што ён не працуе. I ці можна знайсці суд большы, чым суд мастака над самім сабой.
    He будзем крыўдаваць на жыццё, не будзем рабіць людзей святымі. Будзем старацца зразумець падатлівасць чалавека і жалезабетоннасць часу, у якім ён жыве. Асабліва калі чалавек гэты — Паэт.
    Сэрца паэта сумуе заўсёды. Але надта шчымлівы сум перад адыходам чалавека ў дарогу, з якой не вяртаюцца.
    Журботна крычаць журавы, адлятаючы ў вырай. У іх ёсць надзея вярнуцца. Аў Паэта?..
    Самотна трымціць яго душа, збіраючы зямныя лахманы, каб было чым затуліцца на скразняках вечнасці. Сумныя вочы чапляюцца за ўсё, на што некалі пазіралі мімаходзь, незацікаўлена і разбэрсана, а цяпер яны ва ўсім знаходзяць залацінкі глыбіннага сэнсу і неспазнанай прыгажосці. I хочацца ўсё гэта забраць, утаптаць у сябе, патрымаць, паняньчыцца, як у дзяцінстве з любімай лялькай, а пасля вярнуць назад, але ўжо як сваё, наванароджанае, пакінуць нейкім напамінкам пра сябе, як пра ружовы ўсплёск на вячэрнім небе, перш чым яго затушуе чарната ночы...
    Пакінуць... Каму і навошта? Каму? Тым, хто застаецца. Навошта? Навошта... Можа, каб мець прычыну яшчэ раз некалі вярнуцца?.. Каб сказаць: «Я нікуды адсюль не пайшоў, я ніколі з вамі не разлучаўся»...
    Вада асенняе крыніцы, Яе злавесныя агні, Калі пад вечар неба ніца Глядзіць з панурай глыбіні, — Мне нагадалі даўні лёс, Якога памянь ці жывая...
    Я схамянуўся і абтрос
    Жуду, як дрыжыкі, бывае. Я павярнуўся і далей Пайшоў, ды хмары навісалі I не празрысцей, не святлей Той на нябёсах лёс пісалі. I дальні лес, і блізкі луг, I ў вечаровых барвах поле, I ўсё наўкола і наўкруг Жыло тым лёсам мімаволі, Маўчала ўдалечы сяло. Але чамусьці мне здалося, Што ўсё тут памяццю жыло He аднаго, а мноства лёсаў. А падалося: гэты дзень, Святло якога дагарае, — He пакідаючы надзей, Са мною разам памірае.
    Услед за Максімам Багдановічам і Максімам Гарэцкім Міхась Стральцоў больш чым хто спасціг драматызм беларускай душы. Драматызм гэты гістарычна абумоўлены. Ён у пастаянным адчуванні сябе выгнаннікам, чалавекам з Радзімай, але без роднай хаты. Чужы на сваёй зямлі, чужы сярод сваіх. Пра гэта цяжка думаць, яшчэ цяжэй пра гэта некаму сказаць.
    За ўсякае адкрыццё трэба плаціць. Нават калі гэта адкрыццё самога сябе.
    I паэт заплаціў самым дарагім, што меў. Заплаціў самім сабой.
    1997
    Алена Стральцова
    Мая радасць і мой боль
    Упершыню я ўбачыла Міхася Стральцова ў 1964 годзе, у кватэры яго сябра. У той час у мяне ад хваробы страўніка памірала бабуля, яна ўжо не магла нічога есці, і мы, каб хоць неяк яе
    падтрымаць, ціснулі для яе апельсінавы сок. А апельсіны ў той час, як і многія іншыя прадукты, былі ў вялікім дэфіцыце. Мая сяброўка сустракалася з хлопцам, які сябраваў з пісьменнікамі і нейкім чынам меў доступ да дэфіцытных прадуктаў. У той дзень мы з сяброўкай якраз і зайшлі да яго па так патрэбныя мне апельсіны.
    I так здарылася, што я першай зайшла ў кватэру, якую чамусьці адчыніў не гаспадар, а Міхась. Я ўбачыла вельмі прыгожага маладога чалавека з узнёслым тварам, які стаяў у сонечным святле, і было такое ўражанне, што ў яго над галавой — німб.
    Я тады вучылася на першым курсе філалагічнага факультэта БДУ і на лекцыях па сучаснай беларускай літаратуры чула ўжо пра таленавітага маладога празаіка Міхася Стральцова. Але тады, у кватэры, я не ведала, хто перада мной. Там былі яшчэ нейкія маладыя людзі, усе размаўлялі па-беларуску. Я таксама стала гаварыць з імі па-беларуску, на што Міхась заўважыў, маўляў, адчуваецца, што дзяўчына вырасла ў настаўніцкай сям’і, прычым у вёсцы. Як жа ён здзівіўся, калі я прызналася, што нарадзілася ў Расіі, у Яраслаўлі на Волзе. Гэтая акалічнасць яго адразу зацікавіла. Я ж не магла ведаць, што ён ужо тады, магчыма, задумваў сваё эсэ пра Максіма Багдановіча, чыё жыццё звязана з Яраслаўлем.
    У Стральцова за два гады перад нашай сустрэчай выйшла першая кніжка апавяданняў «Блакітны вецер». Я чула пра яе, але не чытала — тады мяне гэта не цікавіла. Больш цікавіла мяне іншая кніга — Шэкспір па-беларуску, што незадоўга перад гэтым выйшла ў свет. Я тады думала, што пераклад рабіўся з рускай мовы і безапеляцыйна заявіла ўсёй кампаніі, што ў такім выпадку Шэкспір шмат страціў. Я тады гаварыла тое, што думала, хоць сяброўка мне ўсе ногі пад сталом адтаптала, маўляў, замаўчы. Я ж не разумела, чаму я павінна замаўчаць, і працягвала ўдаваць з сябе шэкспіразнаўцу. А Міхасьусёслухаў і прыгаворваў: «Як натуральна!»
    Потым Міхась правёў мяне дамоў і папрасіў тэлефон. Мне хацелася працягу знаёмства, але я саромелася адразу даць
    тэлефон. Таму пажартавала, маўляў, дам, а потым акажацца, што ў вас жонка і поўная хата дзяцей. На што ён сур’ёзна адказаў: «Не, толькі двое». Я падумала, што ён усё ж жартуе...
    Назаўтра я адразу кінулася шукаць той «Блакітны вецер». Кніжка мне вельмі спадабалася. У апавяданнях было шмат рамантыкі, не штучнай, а шчырай, якая брала за душу. I калі Міхась мне патэлефанаваў, у нас ужо лёгка знайшліся агульныя тэмы для размовы. Але, дзіўна, я чамусьці стала звяртацца да яго на «вы». Відаць, кніжка таксама спрычынілася да гэтага, але шмат значыла і тое, што Міхась быў чалавекам сямейным, бацькам дзвюх дачок.
    *
    Прайшло нямала часу, і аднойчы на працы мяне паклікалі да тэлефона. Званіў паэт Валодзя Паўлаў. Ён сказаў, што з Міхасём кепска, і прасіў, каб я паехала да яго на бульвар Шаўчэнкі, бо ў самога Паўлава не атрымлівалася. Зразумела, што я нікуды не паехала. Якое права мела я ўмешвацца ў чужую сям’ю? Праз нейкі час Міхась патэлефанаваў сам і паведаміў, што разыходзіцца з жонкай, што яны размянялі кватэру, і panep ён жыве ў аднапакаёўцы на вуліцы Шчорса. Папрасіў прыехаць дапамагчы. Гэтым разам я паехала. У кватэры паўсюль ляжалі нераспакаваныя кнігі, рэчы. Мы разам збольшага добраўпарадкавалі тую аднапакаёўку.
    Праз нейкі час мы ізноў стэлефанаваліся, і ён паведаміў, што яму няма дзе жыць. Пакуль ён быў у ад’ездзе, былая жонка скасавала размен. Больш за тое, яна чамусьці не аддала яму ніякіх дакументаў — у яго не было ні пашпарта, ні ваеннага білета, ні пасведчання аб нараджэнні... Міхась знайшоў часовы прытулак у студэнцкім інтэрнаце на Свярдлова, у журналістаў. Да таго ж, ён зламаў нагу...
    У такой сітуацыі адклад не ішоў у лад. Я хуценька сабрала прадуктаў, і мы з Валодзем Паўлавым паехалі ў той інтэрнат. Помніцца — у шматлюдным пакоі на стале стаяла вялікая патэльня са смажанай бульбай. Зразумела, усе мае пачастункі
    тут жа трапілі на агульны стол і зніклі за якіх дзесяць хвілінаў. А мне ж так хацелася, каб ён сам пад’еў... 3 інтэрната я ехала ў тралейбусе і ўсю дарогу плакала — так мне было шкада бездапаможнага Міхася.
    *
    Мы з Міхасём сустракаліся ў парку Янкі Купалы. Там у нас была свая лавачка, каля якой звычайна скакалі вераб’і. I потым, дамаўляючыся пра чарговую сустрэчу, Міхась звычайна казаў: «Прыходзь туды, дзе верабейкі скачуць».
    Падчас адной з сустрэчаў я наўпрост сказала: «Хай бы знайшлася жанчына, якая ўзяла б цябе ў рукі. Ты адзін прападзеш». На гэта Міхась адрэагаваў нечакана: «Дык ты і вазьмі!» I мы сталі жыць разам — у маёй мамы.
    Запомнілася знаёмства з Янкам Брылём, які як мог спрыяў Міхасю. Іван Антонавіч параіў мне сам-насам: «Абавязкова завядзіце дзіця. Для Міхася гэта вельмі важна»... Аднак хлопчык Алесік нарадзіўся ў нас толькі праз чатыры гады. Міхась быў вельмі шчаслівы! У мяне захаваліся лісты, якія ён пісаў мне ў бальніцу. Я іх сёння не магу чытаць... Наш Алесік не пражыў і чатырох месяцаў. Ён аказаўся алергікам і не перанёс прышчэпкі, якую давалі ў гэтым узросце ўсім дзецям — у яго здарыўся анафілактычны шок. Мы страцілі сына.... Калі прывезлі дахаты маленькую труну, Міхась абхапіў яе і доўга стаяў перад ёй на каленях...
    Ён быў вельмі пяшчотным і трапяткім бацькам. Калі нарадзілася дачка Алеся, ён аж дрыжаў над ёю, вазіў у возіку на прагулкі, пазней забіраў з дзіцячага садка. Многа часу яны праводзілі разам, пра нешта размаўлялі. Мяне да тых размоваў не запрашалі. Ім добра было ўдвух. Памятаю, калі Алесі споўнілася тры гады, мы паехалі ў дом творчасці пісьменнікаў «Каралішчавічы». Там быў і Рыгор Барадулін. Неяк мы прагульваліся разам, Міхась з Алесяй ішлі паперадзе, а мы з Рыгорам ззаду. I Барадулін кажа: «Глядзі, і крошачкі бацькавы пабрала, нават паходка бацькава». Калі Алеся падрасла, Міхась часта чытаў ёй, цярпліва выслухоўваў усе яе навіны, пра якія я магла
    і не даведацца. Нават з Мазыра дасылаў адмыслова для яе напісаныя вершы і казкі.
    *
    Самым блізкім Міхасёвым сябрам быў Рыгор Барадулін. Ён нам тэлефанаваў часам па пяць-шэсць разоў за дзень. Калі раніцай, то першым яго пытаннем было: а што ў цябе на сняданак? I калі Міхась пералічваў, Рыгор Іванавіч цешыўся: «Ну, дык ты жывеш, як пан». Часта слухаўку брала Алеся і адразу крычала на ўсю кватэру: «Мішачкін! Цябе Грышачкін да тэлефона кліча!»
    Вельмі цаніў Стральцова-пісьменніка і шмат дапамагаў нам Алесь Адамовіч. Каб падтрымаць матэрыяльна, прасіў Міхася перакладаць яго кнігі на беларускую мову. Помніцца, за адну з іх Адамовіч атрымаў ганарар (800 рублёў — на той час вялізныя грошы!) і ўвесь аддаў Міхасю.
    Блізкімі сябрамі былі Віктар Карамазаў, Анатоль Кудравец, Карлас Шэрман, асабліва — Аляксей Зарыцкі. Зарыцкія бывалі ў нашым доме, мы часта бывалі ў іх, заўсёды з маленькай Алесяй. Сем’ямі сябравалі і з Таняй Арловай — Міхасёвай аднакурсніцай. Неяк цэлае лета мы пражылі ў іх на лецішчы ў Ждановічах. Там збіралася цікавая кампанія — прыязджаў Віктар Тарасаў з жонкай і маленькай дачушкай, Ніна і Фама Варанецкія, якія таксама сталі нашымі блізкімі сябрамі.
    *
    Помніцца наша першая паездка на Міхасёву радзіму — у вёску Сычын на Слаўгарадчыне. Калі мы прыехалі, нам з хаты насустрач выйшлі бацька і маці. Бацька, Леў Клімавіч, быў тыповы беларус — спакойны, памяркоўны, адчувалася ў ім нават у побыце настаўніцкая жылка. Маці, Марыя Міхайлаўна, мела мяккі характар, але пры патрэбе магла і пастрожыцца. Яны з цікавасцю на мяне паглядалі. У хаце былі таксама Міхасёвы сёстры Таіса і Ніна, прысутнічалі яшчэ нейкія сваякі. Нас пасадзілі за стол, пачаліся размовы, успаміны.