• Газеты, часопісы і г.д.
  • Выгнаны патрыцый Кніга пра Міхася Стральцова

    Выгнаны патрыцый

    Кніга пра Міхася Стральцова

    Выдавец: Лімарыус
    Памер: 432с.
    Мінск 2017
    105.66 МБ
    Немагчыма ні працытаваць, ні перасказаць ўсе тыя вершаваныя радкі ці сказы, у якіх Міхась Стральцоў сам прагаворвае, малюе словам тое, у што так углядаецца, што бачыць яго душа — пераменлівыя падрабязнасці зямнога бытавання ці глыбіні сябе самой і далячыні неспазнанага свету. I як на маё адчуванне — чытаючы, я пазнаю тое, што шукала і ці знайшла яго душа — у свеце і па-за светам. Чытаю не вершы, не апавяданні, не літаратурныя згадкі, а толькі іду следам яго бясконцых пакутлівых душэўных пошукаў, якія я распазнала праз яго позірк — засяроджаны і адначасова лятучы за небакрай...
    I можа, самымі нібыта простымі словамі ён сказаў пра чалавека («створанага» ім), а па сутнасці, пра сябе самога ў вершы «Аднойчы ноччу...»:
    Чалавек да мяне нахіліўся: струменіў з вачэй нейкі жаль, падобны на той, што бывае ў асеннім ветры, калі ён пралятае над сіратлівым іржышчам.
    «Ведаеш, калі ты раніцай курыш, разгублены і задуменны, мне балюча глядзець на цябе.
    I днём між людзей ты ходзіш нейкім далёкім рэхам і цыгарэт выкурваеш болей, чым прамаўляеш слоў. Скажы мне цяпер, калі ласка, чаму ні ў натоўпе, ні дома не хочаш мяне пазнаваць?»
    Я гляджу, я маўчу, я думаю, што гэта мне сніцца сон.
    Р. S. 3 Аленай Дзмітрыеўнай Стральцовай, якую мне ў апошнія гады дазволена па-сяброўску называць Леначкай, мы сядзім у іх доме і гаворым бясконца — то весела, то ўзрушана пра яе Міхася, пра яго сяброў, пра ўсё ўперамешку — жыццёвае, востранадзённае і балюча-душэўнае. Мы нават спяшаемся перагаварыць усё-ўсенькае, бо Міхась адышоўся па справах, але во зараз прыйдзе і мы ўтраіх сядзем абедаць — і зноў гаварыць, нібыта ні пра што, ужо трошкі хітруючы па-жаночы ў яго прысутнасці, а ён будзе слухаць і адно лагодна пасміхацца. Яго прысутнасць рэальная да такой моцы, што ніколі нябылае бачыцца мне ва ўсіх падрабязнасцях.
    Дальбог, толькі сапраўды вялікаму каханню па сіле ствараць падобную рэальнасць, і ніякага яго сыходу амаль трыццаць гадоў назад проста не здарылася...
    2016
    Леанід Дранько-Майсюк
    Устойлівае суседства
    У нашай літаратуры існуе ўстойлівае суседства імёнаў: Купала — Колас, Дубоўка — Пушча, Броўка — Глебка, Танк — Куляшоў, Арсеннева — Геніюш, Брыль — Панчанка, Шамякін — Мележ...
    Утварэнню гэтага суседства пасадзейнічалі перш за ўсё школьныя хрэстаматыі, а таксама ж гістарычныя непрадбачанасці.
    Словам, так ужо сталася, што калі мы ўспамінаем Янку Купалу, то праз хвіліну якую пачынаем успамінаць і Якуба Коласа, калі чытаем Уладзіміра Дубоўку, то ўслед за ягонай паэзіяй хочацца перачытаць і вершы Язэпа Пушчы, а калі, скажам, думаем пра Петруся Броўку, то міжволі думаем і пра Пятра Глебку і г. д.
    Як зорка абуджае блізкую зорку, так імя абуджае блізкае імя...
    За апошнія гады ўтварылася яшчэ адно такое суседства: Караткевіч — Стральцоў. Неаднойчы я ўдзельнічаў у гаворках, падчас якіх імя Караткевіча выклікала імя Стральцова і наадварот. Мяркую, гэта невыпадкова.
    Караткевіч і Стральцоў — творча розныя, але сутнасна роднасныя; іх аб’ядноўвала адсутнасць у іхніх душах прагматызму і прысутнасць у іхняй крыві абыякавасці да сябе, да свайго здароўя, да забяспечанага жыцця; дарэчы, у іх было аднолькава-неўпарадкаванае жыццё.
    Іх «аб’ядноўвае» (свядома тут выкарыстоўваю двухкоссе!) і Дзяржаўная прэмія — толькі ім у галіне літаратуры яна была прысуджана пасмяротна.
    Зрэшты, не прэміі, не грошы і не пасады, а творчае летуценне — вось іхняе крэда!
    24 студзеня 1982 года я прыехаў з Масквы ў Менск і зайшоў да Караткевіча.
    Стральцоў у гэты час знаходзіўся ў мазырскім «санаторыі», і праз чатыры дні я збіраўся наведаць яго...
    — А там ёсць лес? — раптам спытаў Караткевіч.
    — He ведаю... Мусіць, ёсць...
    Тады ён разгарнуў сваю кнігу і прачытаў: «Ўсё, што было, і ўсё, што часам сніцца, забуду ў лесе...»
    Гэта быў пачатак верша, прысвечанага Міхасю Стральцову.
    Адзіноцтва зоркі
    Пасля доўгага маўчання, якое мяне заўсёды вельмі інтрыгавала, сваім адметным глухаватым голасам Ён мог нечакана сказаць: «...памяркоўнасць, старычок, гэта наша асноўнае багацце...» — і, прыкурыўшы невядома якую па ліку цыгарэту (а курыў Ён вельмі шмат), тут жа змаўкаў.
    Я цярпліва чакаў Яго новую думку, — выказаўшы якую, Ён зноў паглыбляўся ў сваё бяздоннае маўчанне, ахутанае тытунёвым дымам.
    Наступнае выказванне, як і папярэдняе, узнікала з усё тою ж раптоўнай адвольнасцю, што ўласціва, заўважу, найбольш тым пісьменнікам, якія мала пішуць...
    Мне падабалася, што ў гутарцы з Ім кожная хвіліна здавалася гадзінай, кожнае слова мела сэнс, само маўчанне было ўтульным, а Яго ласкавы да мяне зваротак «старычок» (так Ён, дарэчы, звяртаўся толькі да сяброў) прыводзіў да супакоенага пераканання: нашыя сяброўскія адносіны ніколі не перарвуцца.
    Ён мала гаварыў, быццам не давяраў таму, што вымаўляецца ўголас; Яго даволі такі не зусім выразная вусная мова амаль заўсёды суседнічала з прабачальнай усмешкай; у гаворцы гэта ўсмешка часта служыла Яму заместа адказу...
    I нібыта насуперак невыразнай дыкцыі Яго мастацкае пісьмо насычана паглыбленай прыгажосцю!
    Пакутнік стылю, палоннік хараства, — Ён пазбягаў базарнасці.
    У нашы дні, калі адсутнасць стылю і з’яўляецца стылем; калі брыда агрэсіўна заяўляе пра сябе, як пра дасканаласць; калі (падумаць толькі!) дзеці беларускіх пісьменнікаў здрадзілі мове Янкі Купалы і растлусцелі, выдаючы на ненавіснай ім расійскай мове кніжнае смецце — дык вось, у нашы базарныя дні Ён адчуваў бы сябе гэтак, нібыта апынуўся б на пахаванні нацыянальнага мастацтва...
    У Яго няма дрэнных вершаў, эсэ, артыкулаў, аповесцяў; Ён, бадай што, адзіны беларускі літаратар, які не напісаў лішняга, непатрэбнага!
    Ён пазбегнуў сацыяльнай сытасці, таму Ягоная творчасць пакідае ў чытацкай душы трывожную пяшчоту...
    Ён аўтар лепшага ў нашай прозе апавядання — «Смаленне вепрука», а Яго надзвычай удалая аповесць «Загадка Багдановіча» — узорнае літаратурнае стварэнне.
    Гэта кніга іскрыцца інтэлектам і шляхетна падказвае, як стаць, a — галоўнае! — як застацца беларусам.
    «Загадка Багдановіча» — яшчэ і слова аб тым, пра што думае бескарыслівы чалавек у сваю апошнюю хвіліну.
    У гэтым шэдэўры паказаны шлях паэта ад маральных пакут да пакут фізічных, і гэты шлях узбагачаны аптымістычнай хрысціянскай думкай: Галгофа — пачатак уваскрасення, пачатак вечнасці, у тым ліку і нацыянальнай.
    У аповесці можна прачытаць: «У Багдановіча часта будзе так: ён ідзе разам з усімі, але тым часам ці наперадзе, ці трохі збоч...»
    Бадай што, гэта сказана і пра сябе самога, бо Ён таксама ішоў «разам з усімі», але крышачку наперадзе, «ці трохі збоч...»
    Яго становішча ў нашай літаратуры — гэта не адзіноцтва ганарыстага эстэта, а хутчэй адзіноцтва зоркі.
    Мне, захопленаму выпускніку Літаратурнага інстытута, хацелася бачыць Яго ў сябрыне пісьменнікаў, якія б не абцяжарвалі бясконцымі просьбамі («напішы рэцэнзію...», «адрэдагуй рукапіс...», «прачытай маю кніжку...», «напішы ўступ да майго двухтомніка...» і г. д.); якія б не кралі Яго асабісты час — наадварот, сумленнай (г. зн., не надакучлівай) прысутнасцю спрыялі б творчаму ўмацаванню Ягонага часу...
    Але гэтага не сталася...
    У аповесці «Дзеньу шэсцьдзясят сутак» Ён з сумам заўважыў: «...мне вельмі зразумела было, чаму чалавек можа адчуць сябе і адчувае часам адзінокім сярод людзей...»
    Ён хацеў сябраваць і шукаў сабе заспакаення, калягуючы з літаратарамі, але, вядома ж, разумеў: ненадзейнае заўсёды знаходзіцца побач!
    Паміраючы, Ён, магчыма, жахнуўся такой думцы: сяброў няма, ёсць проста людзі, якія памруць пазней...
    I Яго, чалавека з цяжкім характарам, шмат хто ўспрымаў адпаведна: анёл з вачыма льва!
    Яго філасофскае сіроцтва, стомленае, на жаль, сумнымі дарамі Вакха, хавала ў сабе злавесныя знакі абмежавання волі і ў канцы 1981 года па сутнасці ператварылася ў турэмнае зняволенне...
    Больш за год Ён прабыў у мазырскім так званым лячэбнапрацоўным прафілакторыі...
    28 студзеня 1982 года я наведаў Яго.
    Уражанне ад месца, у якім Ён апынуўся, было вельмі гнятлівым — высокі глухі плот з калючым дротам; на КПП узброеныя прапаршчыкі; закрытыя кратамі вокны; падобныя на астрожнікаў пацыенты; цьмяны глыбокі снег; злосны брэх вартаўнічай аўчаркі...
    — Што, ад убачанага сэрца апала?! — Ён усміхнуўся і супакоіў мяне тым, што фрагментам вядомай пушкінскай страфы надпісаў мне сваю кнігу «На ўспамін аб радасці»:
    ...м я судьбу благословял,
    Когда мой двор уеднненный, Печальным снегом занесенный, Твой колокольчнк огласнл...
    «...мой двор уеднненный...» — так Ён ахрысціў лячэбнапрацоўны прафілакторый, найбольш вядомы народу па савецкай абрэвіятуры ЛТП!
    Я не мог не ўсміхнуцца...
    Наркалогія лечыць (ці спрабуе лячыць!) алкагалізм, але ў часе гэтага лячэння ці не прытупляецца ў нашай душы тая вельмі каштоўная якасць, дзякуючы якой мы і з’яўляемся творцамі?!
    He, тады, у 1982 годзе, я так не думаў — гэта развага значна пазнейшага часу; тады я думаў-марыў пра іншае — пра нашу хуткую сустрэчу ў Менску...
    Мы сустрэліся ў дзень яго вяртання з Мазыра, і Ён (геній маўчання!) гэтым разам гаварыў надзіва шмат.
    Адчувалася: засумаваў па звыклым жыцці, па доме, па «літаратурнай» бяседзе.
    Вось прыблізны ход таго Ягонага маналога: «...нястрымныя пачуцці трэба ператвараць у праўдзівыя думкі... баязлівасць — гэта слабасць інтэлекту... няма састарэлых слоў, ёсць састарэлае мысленне... грэкі вельмі дакладна вызначылі розніцу, якая існуе паміж гісторыкам і паэтам...» і г. д.
    I раптам загаварыў пра Сальеры: ён не злачынец; легенда аб тым, што ён атруціў Моцарта, — проста выдумка ворагаў знакамітага італьянца; неабходна падтрымаць яго рэпутацыю; у нас Багдановіч першым паспрабаваў рэабілітаваць Сальеры...
    I для большай пераканаўчасці працытаваў тое, што ўжо цытаваў у сваёй цудоўнай «Загадцы»:
    ...Сальеры ў творчасці усё хацеў паняць, Ва ўсім упэўніцца, усё абмеркаваць, Абдумаць спосабы. і матар’ял, і мэту I горача любіў сваю свядомасць гэту. У творчасці яго раптоўнага няма: Аснова для яе — спакойная дума...
    Зразумела, на чым засноўваецца Яго апалогія Сальеры, — на тым, што любімы Багдановіч паспрачаўся з Пушкіным, бо ў расійскага творцы «...Сальеры атрымаў несправядлівы суд...»
    I таксама ж на тым, што Багдановіч уславіў Сальеры, параўнаўшы яго са знічкай...