Выгнаны патрыцый Кніга пра Міхася Стральцова

Выгнаны патрыцый

Кніга пра Міхася Стральцова
Выдавец: Лімарыус
Памер: 432с.
Мінск 2017
105.66 МБ
інтэнсіўнасць іх болю з нагоды чалавечай драмы — гэта мадэль нечага істотнага ва ўсёй нашай культуры. Тут можна бачыць нейкія прыкметы кону... Прыкметы таго, што стагоддзямі навісае над беларускай культурай... Вунь калі не «зарана» было гаварыць пра Стральцова НА ПОЎНЫ ГОЛАС — калі ён адкрыў «свайго» Багдановіча. I па сёння ці адэкватна перажыта чытачом стральцоўская «Загадка Багдановіча»?..
Міхась Стральцоў па самой існасці свайго таленту — з нішы Багдановіча. Ён увесь — з тых імпульсаў, што ад Максіма-кніжніка сыходзяць. АДТУЛЬ яго шлях...
Ю. 3.: Такім чынам, на пытанне «АДКУЛЬ Стральцоў?..» вы адказваеце — «Ад Багдановіча»?
У. Б.: Так. Некалі шмат хто ішоў за Багдановічам. Але, як ведаеце, былі 20—30-я гады. Арбіты літаратурнага развіцця былі груба парушаны, і многія творцы былі адштурхнуты ад «багдановічаўскага шляху». Аднадумцам Багдановіча быў Бядуля — яны сябравалі. Гарэцкі — сучаснік Багдановіча — маліўся на яго, распрацоўваючы свой накірунак (дарэчы, Гарэцкі і Стральцоў — асобная тэма для даследчыкаў). I быў цэлы шэраг маладых паэтаў 20—30-х гадоў, якія адбыліся як творцы, але не цалкам раскрыліся... Ну, а на спадчыну Багдановіча тагачасныя «ідэолагі» глядзелі праз павелічальнае шкло, вышукваючы што б там вырваць з літаратурнага ўжытку (прыгадайце, як доўга не перавыдавалася літаратурна-крытычная і публіцыстычная спадчына Багдановіча)... Дык вось, Стральцоў — гэта не што іншае, як актыўнае аднаўленне глыбіннага разумення традыцыі, менавіта накірунку багдановічаўскай традыцыі як адной з вядучых у беларускай культуры (на мой погляд, дык і самай плённай). Сёння зусім відавочна, што багдановічаўская традыцыя — адзіны нармальны шлях, на якім могуць быць вырашаны праблемы адраджэння, нашы сённяшнія і заўтрашнія праблемы; вырашаць нашы сённяшнія праблемы калісьці пачаў Максім Багдановіч! Вось што важна зразумець, шукаючы адказу на вашае пытанне аб своечасовасці ні несвоечасовасці цяперашняй увагі да Міхася Стральцова...
Так, праблемы нашага адраджэння пачаў вырашаць Максім Багдановіч. Задаў танальнасць і ўзровень вырашэння гэтых праблем. Уладзімір Караткевіч ледзь не класічна ўпісваецца ў намаганні, да якіх далучаю Міхася Стральцова. I пра Караткевіча можна сказаць, што яго пачатак — ад Максіма-кніжніка... Мы столькі дзесяцігоддзяў пагарджаем кніжнікамі. Мы любім — каб «ад вёскі», «ад сахі», «ад бараны»... Ці зжытыя, урэшце, славутыя заклікі «ўдарнікаў» у літаратуру?! Канешне, мо і занадта завастраю. Ды не зразумейце так, быццам Купалу і Коласа процістаўляю Багдановічу. Яны ж таксама — «ад кніжніка»...
Ю. 3.: У мяне склалася такое ўражанне, што Стральцоў быў досыць адзінокім творцам у сваім часе...
У Б.: Ну які ж ён адзінокі, калі побач — Караткевіч, Разанаў, Барадулін, Адамовіч, Быкаў?.. Сёння развіваецца ў гэтым рэчышчы творчасць Уладзіміра Арлова. I дай яму Бог надалей асталявацца... I сярод самых маладых сёй-той спараджае аптымістычныя надзеі...
Ю. 3.: Баюся, Уладзімір Андрэевіч, што ў нашай гутарцы скора перабяром усіх сяброў рэдкалегіі новай «Крыніцы» — Разанава, Арлова... Чытачы могуць не так зразумець...
У. Б.: Даруйце, але я не ведаю, хто сябры рэдкалегіі. (Смяецца.) А што, Дранько-Майсюк, выпадкам, не сябра рэдкалегіі?.. Мне карціць і яго тут назваць. Дарэчы, калі з Міхасём працавалі ў «ЛіМе», тыя матэрыялы, дзе аўтары былі з намі нязгодныя, палемізавалі, мы ў першую чаргу рыхтавалі да друку, старанна захоўваючы папрокі ў свой адрас. Падшыўкі газеты могуць пацвердзіць, што чыстую праўду кажу. Я кажу пра Разанава і Арлова не як пра членаў рэдкалегіі, а як пра пісьменнікаў, якіх чытаю... Прадмет гаворкі вымагае таго, каб іх імёны тут назваць — іншыя ў кантэксце гэтых разваг не стасаваліся б. Гэтак удакладняецца адказ на вашае няпростае пытанне: гэта сёння добра відаць, што Стральцоў не быў адзінокі. А тады, мабыць, і Стральцоў, і Караткевіч, і Разанаў, і Барадулін — кожны пасвойму быў адзінокі... Разанаў сёння хіба не адзінокі? (Прашу шаноўнага сябра рэдкалегіі захаваць і гэтае, можа, занадта суб’ектыўнае меркаванне. Штозробіш, так успрымаю...)
Ю. 3.: Як Міхась Стральцоў пачуваўся ў кантэксце свайго часу і свайго пакалення; як ён рэагаваў на пэўную заангажаванасць — ці то палітычную, ці суполкавую; як ён існаваў?
У. Б.: Чалавеку, які займаўся літаратурнай крытыкай, існаваць у тыя часы было вельмі не проста. I шляхі выяўлення свайго стаўлення да таго, што з’яўлялася ў літаратуры, былі розныя. Для Стральцова гэта было няпроста па-свойму, у яго былі свае шляхі. Яго інтэлігентнасць дапамагала яму знаходзіць выйсце, здавалася б, з безвыходных сітуацый... Як ён рэагаваў на «заангажаванасць»?
У нас так часта гэтае паняцце напаўняецца неадэкватным зместам. Мне здаецца, выдатна разумеў сваю заангажаванасць і адказна да яе ставіўся Максім Багдановіч. Ён бліскуча выканаў усе задачы сваёй заангажаванасці. Гэтак жа і Уладзімір Караткевіч, і Алесь Разанаў, і Васіль Быкаў, і Алесь Адамовіч, і кожны, хто па-сапраўднаму заангажаваны РОДНАЙ КУЛЬТУРАЙ. Заангажаванасць, на жаль, разумеюць часта зусім механічна. Гэта ж і ёсць той самы «сацыяльны заказ», які чамусьці блытаюць з заказам адміністрацыйным. А справа ў тым, што сацыяльны заказ (заангажаванасць) і заказ адміністрацыйны — рэчы зусім розныя. Адпаведным «інстанцыям» у свой час, мабыць, было выгадна за сацыяльны заказ выдаваць заказ адміністрацыйны, які і зыходзіў з «інстанцый». А сацыяльны заказ HE ЗАЛЕЖЫЦЬ ні ад якой адміністрацыі, бо ён фармулюецца не ёю, не ЦК партыі, не парламентам ці Саўмінам незалежнай Беларусі — гэта, калі заўгодна, ПАТРЭБА ЭПОХІ. Эпоха ангажуе творцу. БЕЛАРУСЫ НІКОГА HE МАЮЦЬ?.. — «НЯХАЙ ЖА ХОЦЬ БУДЗЕ ЯНКА КУПАЛА»!.. Вось вам вырашэнне сацыяльнага заказу.
Аніякая адміністраныя не была зацікаўлена ў такім вырашэнні. Затым Багдановіч з’явіўся. Яго выклікала да жыцця патрэба няшчаснай культуры, якая ніяк не магла асталявацца, заціснутая ў «Северо-Западном крае». Патрэба пашыраць рамкі роднай культуры, ставіць яе на «пачэсны пасад між народамі» (гэта Купалавы словы і больш познія) — Багдановіч гэта адчуў найвостра, заангажаваны роднай культурай. Вось жа была тая ноч
у жыцці Багдановіча, калі ён стварыў «Пагоню»... «Хай пачуюць, як сэрца начамі / аб радзімай старонцы баліць». Хай пачуюць! Вось вам вырашэнне сацыяльнага заказу. Трэба было зафіксаваць БОЛЬ. I гэтым болем былі заангажаваны і Купала, і Колас, і Багдановіч, і Бядуля, і Гартны, і Гарэцкі, і Гарун... Мы заангажаваныя сёння, як некалі Алесь Гарун: «Дык шануй, Беларус, сваю мову — / Гэта скарб нам на вечныя годы; / За пашану радзімаму слову / Ушануюць нас брацця-народы!» He чую гэтага чатырохрадкоўя сёння, хоць зборнік Гаруна перавыдадзены...
Стральцоў і вырашаў (у самых нетрах таталітарызму) сацыяльны заказ — сапраўдны, а не адміністрацыйны. У гэтым сэнсе ён быў заангажаваны, як і Багдановіч, і Купала, і Колас... Як Быкаў сёння заангажаваны. Уся творчасць Алеся Адамовіча — хіба гэта не заангажаванасць?.. Шчасце лёсу Стральцова ў тым, што ён адэкватна адчуваў і рэалізаваў сваю заангажаванасць. Ён вырашаў сацыяльны заказ эпохі, зразуметы не вульгарна-сацыялагічна, a — сутнасна...
У гэтым сэнсе своечасовая ці не своечасовая ўвага да Стральцова — не зусім тое пытанне. Аб’ектыўна ён існуе і застаецца нашай сучаснасцю. Ён — наша ПЯКЕЛЬНАЯ, БАЛЮЧАЯ СУЧАСНАСЦЬ. Варта разгарнуць любы зборнік яго вершаў, эсэістыкі, каб пераканацца: Міхась Стральцоў — еўрапейскага кшталту пісьменнік. I гэта — ад арыентаванасці на культуру, на творчасць, на літаратуру як ДАР (Багдановічава слова). Дар можа быць, калі мы патрабавальныя да сябе, калі на еўрапейскім узроўні працуем і творым, калі не даем сабе паслаблення, як Міхась Стральцоў... Міхась не даваў сабе паслаблення за рабочым сталом, востра адчуваючы, што не ў гісторыі, а побач і Купала, і Колас, і Багдановіч, і Адамовіч, і Быкаў, і Барадулін, і Разанаў, і... тыя, штояшчэ прыйдуць... Неўтым справа, у першым ці другім пакаленні ён інтэлігент. Інтэлігентнасць — гэта не толькі адукаванасць; гэта — формула душы, яе вартасць, якасць, здольнасць адчуць БОЛ Ь.
Адчуванне болю ў Стральцова ўвесь час было. I, можа, ад таго — яго асабістая трагедыя... Міжволі прыгадваецца лёс Сяргея Ясеніна. Піў Ясенін не ад таго, што быў разбэшча-
ны, як многія сцвярджаюць, — ЯМУ БАЛЕЛА. Каб зразумець асабістую трагедыю Стральцова, ёсць адзін толькі шлях: паглыбіцца ў яго паэзію, пагарджаючы любымі плёткамі. Перш чым вымаўляць папрокі, варта як след падумаць, якія невырашальныя праблемы перад гэтай душой стаялі... Наўрад ці акрэслім карані гэтай драмы. Але мусім зразумець, як жа было чалавеку цяжка і балюча, што не заўсёды ён быў здольны спраўляцца са сваім душэўным станам...
Ю. 3.: Хацелася б пачуць і пра тое, якім быў Міхась Стральцоў у звычайным, паўсядзённым жыцці, якія ў яго былі манеры зносін з сябрамі і калегамі, як ён ставіў сябе ў літаратурным асяроддзі...
У. Б.: Вельмі няпростае пытанне. Яно — прадмет асобнай гаворкі. Абмяжуюся найістотнымі (і, на мой погляд, найкаштоўнымі) штрыхамі.
Ён быў іранічны. Гэта была адмысловая іронія, вытанчаная — спецыфічна стральцоўскэя. Але найперш — самаіронія. «Ну, як жа: мы ж з табою сябры, а гавару з табою як класік!..» Гэта была культываваная самаіронія. I — нярэдка балючая: з разуменнем таго, што нічога не пераробіш у пэўнай жыццёвай сітуацыі. Адсюль — далікатнасць. Адсюль — магутны, але прыхаваны БОЛ Ь. Адсюль — бескампраміснае ўзіранне ў сябе...
Калі чужы артыкул трапляў на рабочы стол Міхася — ці ў «ЛіМе», дзе разам працавалі, ці ў «Нёмане», дзе ён працаваў апошнія месяцы жыцця, — аўтар мог быць спакойны, бо ведаў: артыкул будзе прачытаны адэкватна, адэкватна зразуметы і вельмі далікатна і асцярожна, без страт для аўтарскай думкі, падрыхтаваны да друку. Я, напрыклад, ведаў загадзя, калі пісаў па яго замове: Стральцоў усё зразумее дакладна і можна сябе не абмяжоўваць... Бывае, пэўны чыста эмацыянальны «піруэт» замяняе сабой пяць-шэсць абзацаў лагічнага разважання. Стральцоў такія моманты заўсёды разумеў, умеў ім радавацца...
У нас неяк не замацавалася ў побыце завядзёнка званіць па тэлефоне, прачытаўшы кнігу ці артыкул калегі. А Стральцоў не стамляўся званіць. (Яшчэ такі быў — Рыгор Бярозкін.) Можна было з ім год не сустракацца, але вось недзе выходзіць твой артыкул, які прыцягнуў яго ўвагу, — і раптам званок: «Гэта