Выгнаны патрыцый
Кніга пра Міхася Стральцова
Выдавец: Лімарыус
Памер: 432с.
Мінск 2017
Добры дзень, Ала!
Гм, гм!.. Каралішчавічы1. Усе мы праходзілі праз іх, як праз эдэмскія вароты, у сваім паляванні на забаронна-салодкую садавіну-пладавіну, якой спакушае нас здзеклівы змій творчасці. I мы, надкусіўшы, грашым, а хітры змій-спакушальнік, асляпіўшы і азеляніўшы, адно падсоўвае нам яблычкі-зелянухі замест райскіх пладоў ды воўчую ягаду замест блаславёнай смоквы.
Творчага палявання я табе, вядома, вунь як жадаю, а так, у вольны час, бязлітасна спаганяй аброк з матухны-прыроды ў выглядзе звычайных грыбоў, ягад, дажджоў вятроў і азону, прагульвай вечарам і ранкам розных там Джэры і Джульбарсаў, мо не перавяліся яшчэ? (I барані цябе бог сябраваць з літаратарамі-п’яніцамі (нават для Сцяпана Захаравіча [Гаўрусёва] выключэння не рабі, выключэнне — для мяне), не ўваходзь у кантакты з прыезджымі інжынерамі і забеспячэнцамі з Мінскага трактарнага і аўтамабільнага [заводаў], якія чамусьці маюць звычку там у гэты час адпачываць, успамінай лепш іншым часам мяне, а дзеля гэтага паглядзі, хто жыве ў 14-м, здаецца, пакоі з верандай (на першым паверсе) — там апошнім часам
заўсёды жыў я. Але заходзіць туды не заходзь — крый божа! Духу майго там усё роўна даўно няма, таму і сцены цябе могуць не прызнаць. He заходзь, каб там нават жыў і настойліва запрашаў Міх[аіл] Навум[авіч] Герчык — чалавек прыкладны ва ўсіх адносінах і велькі працаўнік.
У Каралішчавічах, гэтым патрыярхальным месцейку, вядома, можна і жыць-пажываць, і працаваць, як, урэшце, у любым месцы, якое не паспела апрыкраць. Мне, напрыклад, не тое што апрыкрала, а звыклася, і адзінае, чым я займаўся ў апошні наезд, гэта шастанне па лесе, а занятак гэты я люблю. Нават калі не знаходзіў грыбоў, дык знаходзіў у якім-небудзь нечаканым месцы ўспамін пра тое-пра сёе — аж да бутэлек, якія закопвалі ў лісце з якім-небудзь Ігарам Дабралюбавым ці яшчэ з кім. Ох, даруй, не буду пра гэта!
Але, сказаць праўду, калі-нікалі працавалася — са смяшком душэўным з тых, хто гнаў кожны дзень «норму», з самога сябе, што рашыўся-заахвоціўся, і, дасць бог, якое-небудзь апавяданнейка дагоніш да канца.
Наогул жа, — не люблю я працаваць; вось абдумваць, бывае, падабаецца, бывае, што думаецца нішто, што як бы расхінаецца на момант далеч, нешта вабіць і зырчыць, — о, гэта харошыя хвіліны! Тут пастка, эйфарыя ці што і небяспека палюбіць гэты працэс «парення» больш за пакутлівае «рабочае» набліжэнне да яго: а інакш, без работы, як яго ўтрымаць? Утрымаць можна ў памяці (ці надоўга?) або на паперы. Алошняе — і цяжэй, і ўдзячней, ці не так?
Аповесцейку сваюя колькіразоўгубіўтым, што, загарэўшыся ёю, ужо як бы адчуўшы цалкам, не садзіўся ў час за стол — і перагараў. Вось яшчэ чаму самадысцыпліна ў працы — усё ж вялікая рэч. I справа тут нават не ў тым, можа, каб кожны дзень, як сцвярджаюць каторыя, пісаць, — па-мойму, гэта лухта. Танк, напр[ыклад], кажуць, пракламуе: страляй і галку, і варону — мо і ў каршука ці арла патрапіш. Можа. Але качак і варон неабавязкова страляць «на паперы» і неабавязкова ўсенародна прад’яўляць справаздачу аб гэтай страляніне сваёй. Іншая справа — змарнаваць па-сапраўднаму творчую хвіліну
(а як ты да яе рыхтуешся — справа твая), тут ужо нешта падобна на злачынства перад сабой і на здраду сабе. У мяне, на жаль, многа такіх здрад. Справа, канечне, непадсудная, але, ведаеш, часамі бывае прыкра. Толькі хопіць пра гэта. Пра ўсё гэта мы мала што ведаем, бо ўсё, сапраўды, у руцэ і волі божай, і нават сказаўшы слова, «нам не дано предугадать...» і г. д.
Можа, адзінае, што вартае, — старацца жыць і рабіць так, каб патрохі «расла душа»2. Гэта словы, здаецца, Буніна, і сказаны яны, калі не памыляюся, пра Чэхава — пры ўсіх раўнівых па-свойму адносінах першага да другога. Карацей, варта дбаць пра «душу жнву», і калі, скажам, слова памагае гэтаму — хвала слову. Праўда, і слова памагае не заўсёды, і слова можа быць (як і ўсё, што звязана з ім!) ворагам нашым, асабліва калі паверыш занадта ў сваю ўладу над ім. Крайні прыклад — графаманія. Вось яшчэ чаму я мала веру ў розныя афішкі накшталт «ні дня без радка»3. Можна сказаць і па-другому (другое), і вось М. Ушакоў сказаў нешта наконт маўчання-крызісу: «Чем продолжнтельней молчанье, тем уднвнтельнее речь»4 — паводле формы і энергіі Цютчаў — спачатку і зблытаць можна, палічыўшы за цытату з «Silentium!5». Можа, гэта і сапраўды адтуль — генезісам, генетычна, так сказаць. Няхай усім гэтым займаецца Саша Яскевіч, ён любіць рознае шаманства, а мы будзем думаць пра ўсё гэта «па-хатняму», а за работу ўзяўшыся, калі не перахрысцімся на абразы, дык на пальцы паплюем.
Нагаварыў я табе многа, мо пара і канчаць.
А ўсяму віной — Каралішчавічы. Папраўдзе, мне дык нечага спакайней, што ты тут, недзе адносна блізка, а не лётаеш па замежжу ці яшчэ дзе. Дальбог, каб тваім мужам быў, прывучыў бы сядзець побач перад камінком і варушыць на подзе агонь ці вуголле. Гэта — зімой. А летам ты б у мяне ў агародзе да цыпак на нагах корпалася, я капаў бы міжкалгасны ці міжсаўгасны магістральны канал, а надвечар, сабраўшыся ў хату, мы выходзілі б пасядзець на ганак і мо лагодна гаварылі б пра нешта пад мяккае вечаровае шасценне кажановых крыл ці пад лугавое дорганне дзеркача, — калі іх яшчэ не атруцілі прадукцыяй Мазырскага нафтаперагоннага ці Салігорскага калійнага
[заводаў], тых мясцін, блізка якіх ёсць, дарэчы, установы, у якіх вучыцца правільным поглядам на жыццё наш брат. Я ў тым ліку, вядома. I заслугоўваю тую ідылію, пра якую табе пішу, а ты гэта ацані — калі не ідылію, дык мару маю. Зразумела?
Толькі цяпер вось скажу, што твая карацелька-пісьмо здалася мне чамусьці мілай, заклапочана-пахапліва-мілай, і я, канечне, удзячны табе, у тым ліку, і за прысланы «ЛіМ». Два твае вершыкі не сышліся чамусьці разам. Я засмуціўся спачатку быў, але, падумаўшы, суцешыўся тым, што ты іх ведаеш, а надрукаваць — надрукуецца ў свой час. Памылачак друк[аваных] трохі нарабілі, але без гэтага «ЛіМ» не быў бы ім: там бязбожна правяць аўтараў ці так «давяраюць» ім, што не вычытваюць здадзенага ў друк.
А я ніводнай рэцэнзійкі нават не напішу, мусіць, тут — не даходзяць рукі ды і часу няма. Можа, наастачу ўсё ж ірвану, дзеля ўласнага супакаення, хаця б і дзеля скасавання рэдакцыйнай запазычанасці. Праслаўлю, скажам, «комсомольчнка» Пашкова6. Іншага выйсця няма, бо згаджацца ніхто заязык не цягнуў, а ўзяўшыся, трэба рабіць, каб не сарваць рэцэнзаванне кніжак у «ЛіМе» наогул. Бо тады буду я, сапраўды, як бы наўмыснік нейкі — і паспрабуй што растлумач. Вось яшчэ якія праблемы, але сама іх ведаеш, у маёй скуры, мусіць, была.
У «ЛіМе» неблагая рэц[энзія] на Гаўр[усёва]. Парадаваўся за яго. Ён варты разумнага і добрага слова. I справа, урэшце, не ў ім, а ў паэзіі сапраўднай: робім з розных G. ледзь не нац[ыянальных] Іванаў Франко ці Сімеонаў Полацкіх новых, а літаратару воляй боскай трэба радавацца, як манцы нябеснай, успаміну ўласнага прозвішчу ў друку. I тое, што хлопец малады пра яго напісаў7, і тое, што не дзеля службовай нейкай выгады ці «ласкацельства», — даказвае, што зерне не заўсёды падае на камень, што напісанае, можа, і застаецца.
Адным словам, за Сцяп[ана] Зах[аравіча] я рады. Ён моцны чалавек, але і моцнаму трэба тады-сяды расслабіцца і перадыхнуць — «пусть благосклонная рука потреплет лавры старлка»8.
Ну, добра. Даражэнькая, ты таксама перадыхні: плюнь на рукапісы, адно мне колькі слоў напішы. А так — гуляй па
лесе, вершыкі мармычы, a то і без іх абыходзься — ці толькі тая праўда ў адных вершах?
Будзеш пісаць, не забудзь накрэсліць мне свае тэлефоны — і хатні, і службовы. Бо спатрэбяцца скора. Буду званіць з дарогі (тры разы плюнь! — я таксама). Ох, каб не сурочыць! Можа, у верасні.
Пішы. Беражы сябе. Міхась.
1 У Каралішчавічах пад Мінскам знаходзіўся Дом творчасці пісьменнікаў.
2 Словы I. Буніна пра А. Чэхава: «До самой смертн росла его душа» (нарыс «Пра Чэхава», 1901). Падобнае выказванне ёсць і ў вершы М. Гумілёва: «Памяць» (1921): «Чтоб душа старела н росла».
3 «Ні дня без радка» — кніга біяграфічных замалёвак рускага празаіка Ю. Алешы, выйшла ў 1965 г.
4 Радокз верша рускага паэта М. Ушакова «Віно» (1926).
5 «Silentium!» — верш рускага паэта Ф. Цютчава.
6 Г. Пашкоў у 1980 г. атрымаў прэмію Ленінскага камсамола Беларусі.
7 Аўтарам згаданай рэцэнзіі быў Алесь Пісьмянкоў.
8 Радкі з рамана ў вершах А. Пушкіна «Яўгеній Анегін» (1823—1831).
20. Але Сямёнавай
22 жніўня 1982 г.
Дзень добры, Ала!
Пошты ўчора, як заўсёды ў суботу, не было, а сёння прыйшло ад цябе аж два пісьмы. Чытаю і перачытваю іх у бібліятэцы — пад нуднае чваканне і пялёхканне дажджу за акном, а перад вачмі — твае Каралішчавічы, на якія міжволі пераношу і тутэйшую непагадзь: не вельмі ўтульна, мабыць, там і табе.
Уяўляю «нубійскую конніцу»1, якую дождж загнаў пад дах, да тэлевізара і транзістараў — во дзе калоцяцца сцены! Памятаю гэта па і тых жа Каралішчавічах у канікулярны час, калі мае ўласныя дзеткі, увогуле слухмяныя, выраблялі там бог ведае што, каб не адстаць, вядома, ад іншых. Цяпер у тых дзетак
свае дзеткі, а бацька адлучаны ад бацькоўскіх ды дзедаўскіх клопатаў і, сучасны чалавек, можа, і не надта перажывае з-за гэтага. Пазбавілі нейкай там выхаваўчай ролі? Дык выхавацеляў у нас і так даволі. Куды ні кінь вокам, усюды Песталоцы то з пернікам, то з дубінай і, дальбог, чалавеку сама пара хавацца ад іх, што ён і робіць, пачынаючы са школы, — спачатку ў славутай «падваротні», а, пасталеўшы, і за тымі варотамі, што надзейна акантаваны казённым арнаментам. I там ужо яго справа думаць ці не думаць пра добрыя намеры выхаваўцаў і пра тое, «что под жнзнью беспутной н путной разумелн людскне умы».
Даражэнькая, нешта робіцца з «ячэйкамі» нашымі. У дзяцей няма бацькоў, бацькі ходзяць нейкімі навейшымі каралямі Лірамі2, і выходзіць, што сапраўды ворагі чалавеку «сямейнікі» ягоныя, што наогул жыве ён не ў сям’і, дзе ў падпечку дома тоіцца старэнькі, трапятлівы, з дзіцячым мудрым сэрцам дамавік, і кватаруе на «сьезжей» — з клапамі, з «околоточным», з прыбіралыпчыцай Дунькай, якая зранку крычыць не дакрычыцца, каб пусцілі яе ў нейкую Еўропу3 — ці не затым, каб адукаваць тамтэйшых наконт нейкага раўнапраўя? Бо розныя Аўроры Дзюдэван4 даволі слаба дзейнічалі па гэтай частцы, і сказаць ім дзякуй можна хіба за моду на мужчынскія штаны — гэтую ваяўнічую мімікрыю чаму не ацаніць? Даражэнькая, даруй, не фемінафобства гэта, а проста нешта накшталт раздражнення з выпадку таго, якія часам пачварныя формы набывае «жаночае пытанне», узведзенае неразумнымі людзьмі ў неразумны ранг — так, што, урэшце, найбольш церпіць ад гэтага і сама жанчына, і «ячэйка» нейкая, і псіхалагічны тонус грамадства.