• Газеты, часопісы і г.д.
  • З гісторыяй на «Вы» выпуск 2

    З гісторыяй на «Вы» выпуск 2


    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 351с.
    Мінск 1994
    128.09 МБ
    Тым часам пратэстанты ў Вялікім княстве Літоўскім разгарнулі чынную дзейнасць па стварэнні свайго універсітэта. Іх ачоліў беларускі магнат Мікола Радзівіл Руды. Сядзібай вучэльні мелася стаць старажытная беларуская сталіца — Вільня. Арганізацыю справы і клопаты пра запрашэнне прафесараў Радзівіл даручыў італійцу Бляндраце, былому доктару універсітэта ў Павіі. Аднак планам гэтым наканавана было не спраўдзіцца.
    Намеры беларускіх пратэстантаў не з’яўляліся выпадковымі. Яны вынікалі з патрэбы Княства ва ўласным універсітэцкім цэнтры. Катэдральная школа, якая існавала ў Вільні з 1397 года і якая паводле свайго рангу павінна была б даваць вышэйшую адукацыю, заняпала і не нашмат перавышала сваім узроўнем ніжэйшыя парафіяльныя школы, якіх таксама было нягуста. Два каталіцкія біскупствы — Віленскае і Жмудскае — разам мелі ў сваім падпарадкаванні толькі каля 300 парафіяў. Школкі ж існавалі далёка не пры ўсіх іх. Крыху вышэй стаялі школы пратэстанцкія, але і іхнім узроўнем была незадаволеная тутэйшая шляхта. Дзейнічалі і шматлікія праваслаўныя школы, пра якія, на жаль, захавалася вельмі мала звестак.
    Патрэбу ў добра пастаўленай сістэме школьнай аду-
    кацыі адчувала не толькі свецкая арыстакратыя, але і духавенства. Віленскі біскуп Валерыян ШушкоўскіПраташэвіч яшчэ да сваёй сустрэчы з езуітамі збіраўся запрасіць да Вільні настаўнікаў з Кракаўскай акадэміі. Аднак пасля знаёмства ў 1564 годзе на Варшаўскім сейме з прадстаўнікамі Таварыства Езуса, Праташэвіч захапіўся ідэяй адкрыцця ў сталіцы Княства свайго універсітэта. Распачалася падрыхтоўка да ажыццяўлення гэтай задумы. I ўжо ў верасні 1596 года аўстрыйскі правінцыял Таварыства Езуса Лаўрэнцы Маджыо, у юрысдыкцыю якога потым будзе ўключаны новы навучальны асяродак, паслаў у Вільню брата Францішка Суньера. 3 ім разам прыбылі два ксяндзы — Бальтазар Гастаўнскі і Андрэй Фрызый, клерык Еахім Пэтранэль і два законныя браты. Пасля ўрачыстага і надзвычай зычлівага прыёму біскупам і азнаямлення з планамі адкрыцця акадэміі, Суньер, хоць і не змог афіцыйна адкрыць калегіум адразу ж, аднак дазволіў сваім таварышам выкладаць асобныя прадметы. 3 кастрычніка таго ж года прыбылыя езуіты пачалі даваць лекцыі лаціны і грэцкай мовы рэкамендаваным ад біскупа асобам. А пад канец кастрычніка яны адчынілі найніжэйшыя класы з 60 вучнямі.
    Менш чым праз год у Вільню завітаў сам правінцыял і 15 жніўня 1570 года абвесціў пра стварэнне калегіума. Першым яго рэктарам стаў Станіслаў Варшэвіцкі. Прэфектам школы і прафесарам рыторыкі быў прызначаны харват Тамаш Здэлярыч. Памагаў яму ў выкладанні рыторыкі шатландзец Ян Гай. Паэтыку вёў бельгіец Францішак Фабрыцыюс, а дапамагаў яму ірландзец Давід Дымус, які, апрача таго, выконваў абавязкі інструктара сцэнічных відовішчаў. У класе сінтаксісу вучыў Мацей Гаслер, у класе граматыкі Марцін Суабій і ў «інфіме», ніжэйшым граматычным класе,— Еахім Пэтранэль. Як відаць з гэтага пераліку, як сярод прыбылых у 1569 годзе,так і ў складзе выкладчыкаў калегіума ў 1570-м меўся толькі адзін паляк (па іншых звестках, беларус) — Станіслаў Варшэвіцкі, усе астатнія паходзілі з краінаў Заходняй і Паўднёвай Еўропы.
    Перад пачаткам заняткаў езуіты распаўсюдзілі ўлётку з інфармацыяй пра адкрыццё калегіума і са звернутымі да будучых студэнтаў вершамі на трох мовах: старагэбрайскай, грэцкай і лацінскай. 15 кастрычніка тэалагічным дыспутам распачалася ўрачыстасць
    адкрыцця школьнага года. Тэзы дыспуту папярэдне былі вывешаныя на дзвярах віленскіх храмаў. Езуіты запрашалі іншаверцаў да слоўнага змагання. Сярод вялікай колькасці гасцей быў сам біскуп Валерыян Праташэвіч. Былі таксама і іншаверцы, але яны не наважыліся прыняць удзел у дыспуце. Таму прафесары самі рабілі закіды і абвяргалі іх. На другі дзень адбыўся дыспут па філасофіі, а на трэці — літаратурная дыскусія ў пытаннях паэтыкі і рыторыкі між вучнямі. Госці дзівіліся абазнанасці юнакоў і іх уменню весці спрэчкі. Нарэшце, на чацвёрты дзень была пастаўлена драма на антычную тэму пад назваю «Геркулес». Відовішча сабрала шмат магнатаў і шляхты, цэлыя натоўпы мяшчанаў і мела велізарны поспех. Прыкладна такімі ж урачыстасцямі з гэтага часу будзе адзначацца пачатак кожнага школьнага года ва ўсіх езуіцкіх калегіумах на Беларусі, якія з'явяцца пазней.
    На заняткі прыйшлі 160 вучняў. А праз два гады, 25 лютага 1572 года быў афіцыйна адкрыты курс філасофіі, які падняў статус калегіума да няпоўнага вышэйшага. Ішла таксама падрыхтоўка да заснавання курсу тэалогіі. I нарэшце, 7 ліпеня 1578 года кароль Рэчы Паспалітай, у якую на федэратыўных пачатках уваходзіла Вялікае княства, Сцяпан Батура выдаў прывілей на пераўтварэнне Віленскага калегіума ў акадэмію з усімі правамі еўрапейскіх універсітэтаў: студэнты звальняліся ад мыта і падлегласці свецкім уладам, а навуковыя ступені, здабытыя ў ёй, мелі такую ж вартасць і тыя ж прарэгатывы, як і ў выпускнікоў, напрыклад, Кракаўскага універсітэта. Але яшчэ год пайшло на тое, каб пераканаць мясцовых магнатаў з Міколам Радзівілам на чале ў неабходнасці акадэміі і дабіцца ад іх змацавання прывілею пячаткаю Вялікага княства Літоўскага. 30 кастрычніка 1579 года папа Грыгоры XIII выдаў булу, у якой пацвердзіў каралеўскі прывілей і ўзвёў Віленскі калегіум да годнасці універсітэта.
    Так у старажытным цэнтры беларускай культуры і дзяржаўнасці ўзнік першы універсітэцкі асяродак, аналагічны заходнееўрапейскім. Праз нейкі час ён змог паспяхова канкураваць з адукацыйным цэнтрам у Кароне — Кракаўскай акадэміяй, пераўзыходзячы яе ў перыяд свайго росквіту ўзроўнем адукацыі. Першым рэктарам Віленскай акадэміі стаў знакаміты прапавед-
    нік, пісьменнік і палеміст Пётр Скарга. Вучні і прафесары Альма-матэр заваявалі ёй славу па ўсёй тагачаснай Еўропе.
    Марцін Сміглецкі праславіўся сваёй «Л’огікай», якая была перадрукаваная ў Оксфардзе і карысталася ў Англіі вялікім попытам. Мацей Казімір Сарбеўскі, выдатны паэт і тэарэтык літаратуры, празваны «хрысціянскім Гарацыем», здабыў лаўровы вянок з рук папы, а ягоныя творы друкаваліся і вывучаліся ў буйнейшых гарадах Заходняй Еўропы. Вядомымі былі за межамі Княства і рытарычныя трактаты Жыгімонта Лаўксміна. Войцэх Віюк Каяловіч напісаў грунтоўную гісторыю Вялікага княства, якая мела поспех і пасля ягонай смерці, ды і цяпер уяўляе вялікую каштоўнасць для вывучэння нашага мінулага. Лінгвіст Канстанцін Шырвід, лексікограф Грыгоры Кнапскі, святы пакутнік Андрэй Баболя, знакаміты паэт-класіцыст Міхал Карыцкі, астраном Марцін Пачобут-Адляніцкі — пералік іх імёнаў можна доўжыць і доўжыць.
    Даробак Віленскай акадэміі ў нацыянальную беларускую і ў сусветную культуру нельга пераацаніць. Апрача першых прафесараў, якія былі выхадцамі з розных еўрапейскіх краінаў, асноўны выкладчыцкі кантынгент праз нейкі час стаў фармавацца з прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва, пераважна з беларусаў і летувісаў. Большая частка студэнтаў таксама паходзіла з Беларусі і Жмудзі. Узіраючыся ў першыя праграмы навучання, у пераліку асобных класаў знаходзім і «клас рускі», у якім вучацца штодзённа зранку і пасля абеду чытаць і пісаць «па-руску», а потым перакладаюць і вучаць на памяць урыўкі з Евангелля альбо Катэхізму.
    Без усялякага сумневу тут ідзе гаворка пра чытанне па-старабеларуску. Для выкладання «рускай» граматыкі меўся нават асобны прафесар. Ім, напрыклад, у 1587 годзе быў Лаўрэнцы Манікоўскі з Коўні. Катэхізм выкладаўся, відаць, паводле віленскага выдання катэхізму Пятра Канізія на старабеларускай мове 1585 года.
    Можна меркаваць, што да сярэдзіны XVII стагоддзя выкладанне ў езуіцкіх школах, як і ў многіх іншых, у першых класах вялося па-беларуску, і толькі калі вучань ужо дастаткова засвойваў лаціну, стасункі між ім і настаўнікам працягваліся на гэтай мове.
    Неўзабаве пасля зацвярджэння Віленскай акадэміі былі закладзеныя Сцяпанам Батурам калегіум у Полацку (1580) і Міколам Хрыстафорам Радзівілам у Нясвіжы (1584). Яшчэ больш хуткімі тэмпамі пачала іпырыцца ў Беларусі езуіцкая адукацыя з пачатку XVII стагоддзя. Паўстаюць школы ў Смаленску (1611), Бярэсці (1615), Оршы (1612), Гародні (1625), Навагародку (1637), Пінску (1638), Віцебску (1637). Колькасць калегіумаў няўхільна ўзрастала і да сярэдзіны XVIII стагоддзя на Беларусі ў яе сучасных палітычных межах (г. зн. без Вільні, Смаленска і Дзвінска) налічвалася ўжо 16 езуіцкіх школаў: дзве з якіх (Полацкая і Пінская) былі поўнымі калегіумамі, якія адрозніваліся ад акадэміі, бадай, толькі тым, што не мелі права прысуджаць навуковыя ступені і не валодалі універсітэцкай аўтаноміяй. Нясвіжскі калегіум меў поўны курс філасофіі, а шэсць іншых былі школамі з няпоўнай філасофіяй (у Гародні, Мсціславе, Навагародку, Оршы, Віцебску і Бярэсці). Яшчэ сем калегіумаў мелі статус сярэдніх школаў (гімназіяў) — з курсамі паэтыкі і рыторыкі (у Менску, Магілёве, Слоніме, Слуцку, Жодзішках, Бабруйску і Мерачы). Такім чынам, у сярэдзіне XVIII стагоддзя на Беларусі існавала ўжо, прьінамсі, 9 вышэйшых навучальных установаў гуманітарнага тыпу, блізкіх да універсітэта.
    Структура і арганізацыя езуіцкіх школаў на Беларусі, як і ў Заходняй Еўропе, рэгламентавалася ўжо названым «Спосабам і ладам навучання». У адпаведнасці з ім поўны езуіцкі калегіум уключаў тры ступені: пяцішасцікласны курс сярэдняй школы, які заканчваўся класам рыторыкі; трохгадовы курс філасофіі і чатырохгадовы — тэалогіі. Курс тэалогіі прызначаўся толькі для сяброў закону і кандыдатаў у духовы стан. Для свецкай моладзі даступныя былі сярэднія школы і значна радзей — філасофія. Калегіумы з філасофіяй і тэалогіяй лічыліся вышэйшымі, а без такіх курсаў — сярэднімі, альбо гімназіямі.
    Гімназія складала аснову калегіума і мела такія класы: «інфіма»; сярэдні граматычны клас, альбо «граматыка»; вышэйшы граматычны клас, альбо «сынтакс»;— гуманітарны клас, альбо «паэтыка», і, нарэшце,— найстарэйшы клас, «рыторыка». Першы клас — «інфіма» і апошні — «рыторыка» найчасцей былі двухгадовымі. Пазней пры гімназіях пачалі ўтварацца пад-
    рыхтоўчыя класы, якія называліся «праформа». Агульная працягласць навучання ў сярэдніх школах, такім чынам, складала ў сярэднім 7—8 год. Аднак сюды не ўлічваецца яшчэ пачатковая адукацыя, паколькі езуіты прымалі ў свае школы дзяцей, якія ўжо навучыліся чытаць і пісаць альбо ў парафіяльнай школцы, альбо ад дырэктара, і абавязкова з ведамі ў лацінскай мове.