З гісторыяй на «Вы» выпуск 2
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 351с.
Мінск 1994
ска? Абвешчаны ў Полацку вялікім князем Рускім, ён атрымліваў ад палачан, а таксама з другіх беларускіх гарадоў плату.
Нагадаю і пра цікавае паведамленне Астарэдскага камандора ад 23 красавіка пра тое, што народ натоўпамі сцякаецца да Свідрыгайлы з Літоўскай зямлі; ад чаго палякі знаходзяцца ў вялікім жаху, і Жыгімонт звар’яцеў, палохаючыся, каб палякі не пакінулі яго (Коцебу. С. 174).
* * *
Такія адбываліся падзеі перад другім Свідрыгайлавым паходам на зямлю Літоўскую. Немалыя надзеі ўскладаў ён на гэты паход. Па папярэдняй дамоўленасці яго павінны былі падтрымаць лівонскія рыцары, татары, цверскі князь Барыс, з сястрою якога быў ён жанаты. Падбіваў Свідрыгайла выступіць супраць Польшчы і прускіх рыцараў. Як гэта часта бывае ў жыцці, усё пайшло зусім не так, як думалася Свідрыгайлу. Лівонцы першыя напалі на княства Літоўскае.
Магістр Цызе фон Рутэнберг са сваім войскам дванаццаць тыдняў паліў і спусташаў літоўскія весі. Перамагла крыжакоў хвароба. У войску ўспыхнула эпідэмія. Ад крываўкі адзін за адным паміралі рыцары. Магістр павёў войска ў Рыгу і па дарозе сам памёр ад хваробы.
Свідрыгайла так і не дачакаўся татарскіх атрадаў. Улуг-Мухамед, зацікаўлены ў раздзьмухванні полымя феадальнай вайны паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам, аддаў перавагу апошняму. Свідрыгайла выступіў без саюзніка. У жніўні ён рушыў на Літву. Пэўна, перш за ўсё ён павёў сваё войска ў Жамойцію, спадзеючыся на тое, што жамойты падтрымаюць яго. Перапужаны Жыгімонт з купкай сваіх паплечнікаў хаваўся ў глухіх лясах. Вільню застаўся абараняць польскі гарнізон. Як і раней, натоўпы простага люду і многія баяры падаліся да былога свайго гаспадара. У адным з баёў з Жыгімонтавым войскам трапіў у палон князь Міхайла Іванавіч Гальшанскі, брат князя Сымона. Расправа над палоннымі была жорсткай. Па князевым загадзе Гальшанскага ўтапілі ў рацэ. Свідрыгайла авалодаў Коўнам, перабіў там польскіх ваяроў. Захапіў яшчэ адну цвержу, якую перадаў лівонцам. Як высветлілася, жамойты не жадалі прымаць ніякага ўдзелу ў вайне і ад-
мовіліся дапамагаць як Жыгімонту, гэтак і Свідрыгайлу. Таму князь, абцяжараны вялікім палонам, павярнуў назад да сваіх межаў. Так пра гэты паход распавядаў у сваім данясенні Рагніцкі камандор (Коцебу. С. 183—184). Інакш падае «Хроніка Быхаўца». Паводле яе, Свідрыгайла падыходзіў да Вільні, але абмінуў горад. Чатыры дні прастаяў ён пад Трокамі, пэўна, спадзяваўся, што яму адчыняць браму. Але ж і Трокі абаранялі палякі і ведалі, што літасці ад Свідрыгайлы не дачакаешся. Яшчэ чатыры дні князь знаходзіўся ў Эйшышках, пакуль яго віжы рыскалі па пушчах у пошуках Жыгімонта. Адсюль Свідрыгайла выступіў пад Крэва і штурмам захапіў замак. Каля Маладзечна яму паведамілі, што Жыгімонт паслаў войска ў пагоню. Свідрыгайла выслаў насустрач сваё войска пад зверхнасцю кіеўскага князя Міхайлы. Каля вёсачкі Капачы, паблізу ад Маладзечна, Свідрыгайлава войска разбіла Жыгімонтаву пагоню. Па дарозе Свідрыгайла спаліў Заслаўе і Менск, «і шмат воласцей і вёсак і зла нямала зрабілі ў Літоўскай зямлі» (Хроннка Быховца. С. 87).
Галоўнага Свідрыгайла не дамогся: не завалодаў Вільняй, не расправіўся з Жыгімонтам — вайна паміж імі працягвалася. Свідрыгайла чакаў удару ў адказ. Па словах Юрыя Луквенавіча, які ўцёк з вязніцы, Жыгімонт узбройвае супраць яго літоўцаў. Палякі seipa ліся напасці на Луцк. Усё складаней было весці вайну на два франты. He падазраваў ён і таго, што паміж Ордэнам і Польшчаю ідуць патаемныя перамовы аб заключэнні міру: верыў у крыжацкую дапамогу. А што заставалася рабіць прускім рыцарам? Ягайла з’яднаўся з гусітамі і разам з імі спустошыў Памеранію, дзе ацалелі толькі чатыры вёсачкі. Каб уратаваць Ордэн ад разгрому, магістр запрасіў міру. У канцы 1433 Польшча і Ордэн замірыліся на 12 гадоў. Імператар Жыгімонт, як даведаўся пра гэта, дык разразіўся пагрозамі ў бок магістра, прадракаючы Ордэну пагубу ад саюзу з Польшчаю. Імператар пагражаў забраць у Ордэна землі і пазбавіць усіх прывілеяў, атрыманых ад Рымскай імперыі, калі магістр не разарве ганебны мір з палякамі і не паспяшае на дапамогу Свідрыгайлу. Нічога падобнага — не паспяшалі крыжакі ваяваць за свайго былога саюзніка, не выракліся і міру з Полыпчаю. Была ўсё ж для адводу вачэй і спроба заступіцца за Свідрыгайлу: прасіў магістр Жыгімонта
Кейстутавіча даць стрыечнаму брату «хоць некалькі вобласцей». Адказ Жыгімонта: не!
I толькі лівонскія рыцары засталіся вернымі Свідрыгайлу.
Ен яшчэ не ведаў пра ордэнскую здраду і шчыра паведамляў у лістах да Ордэна пра свае справы. Так, у красавіку 1434 года князь пісаў з Вязьмы, што да яго прыехаў пасол татарскага хана, «узведзенага намі на пасад» (Коцебу. С. 192), і перадаў, што хан ідзе з войскам у Кіеўскую зямлю і чакае далейшых яго, Свідрыгайлавых, загадаў. 3 гэтага ліста мы даведаемся, што на Падоллі нейкі князь Вятка разбіў польскі атрад. У другім лісце, ужо са Смаленска, Свідрыгайла пісаў, што добрыя і шчырыя яго сябры ў Полыпчы і Літве, а таксама яго падданыя на мяжы даносілі пра намер палякаў на Тройцу вынішчыць агнём і мячом або голадам Луцк і Крамянец, злучыцца з літоўцамі, напасці на яго землі. Што ваявода яго Няміра, намеснік Бранскі, прыбыў да яго ад татарскага хана Сед-Ахмета разам з вялікім князем гэтага хана Бато. Паслы гэтыя данеслі яму, што хан з моцным войскам і з усімі сваімі князямі і ваяводамі падрыхтаваўся ўжо да паходу. Таму па радзе князёў сваіх і вяльмож ён, Свідрыгайла, адправіў Сед-Ахмету Івашку Манівідавіча (сына пакаранага Жыгімонтам Манівіда.— В. Ч.) з прапановаю татарам ісці да польскай мяжы і ахоўваць гарады і замкі; у той жа час ён сам з іншымі саюзнымі войскамі рушыць у зямлю Літоўскую. Даведваемся з ліста, што вялікі князь маскоўскі прыслаў да Свідрыгайлы сьіна свайго са шматлікім войскам, таксама і князь цверскі, і князі Адоеўскія, «якіх папярэднікі нашыя ніколі не маглі мець сваімі саюзнікамі, хан аддаў нам сваіх князёў і землі іх у нашае валоданне і асабіста зацвердзіў іх за намі» (Коцебу. С. 196).
На заканчэнне Свідрыгайла прасіў крыжакоў ударыць па паляках. «Калі мы такім чынам будзем дапамагаць адзін аднаму, як давалі ў тым абет і кляліся разам з падуладнымі нам, тады з Божай ласкі лёгка можам супрацьстаяць ворагам нашым» (Коцебу. С. 196). 3 гэтага пісьмовага сведчання мы даведаліся, як рыхтаваўся Свідрыгайла да новага паходу на княства Літоўскае. У адрозненне ад першых двух паходаў, яму ўдалося паставіць пад свае сцягі маскоўскія, цверскія і адоеўскія палкі. I па-ранейшаму спадзяваўся ён
на Ордэн, які ўжо здрадзіў яму. Яшчэ адна цікавая звестка. 3 лістоў вынікае, што Свідрыгайла ў той час, калі быў вялікім князем рускім, узвёў на пасад СедАхмета. Мы памятаем, што хан Залатой Арды УлугМухамед здрадзіў Свідрыгайлу і падтрымаў яго праціўніка. Каб нейтралізаваць Арду, Свідрыгайла ў 1433 годзе на прычарнаморскіх землях паміж Дняпром і Донам стварыў новае ханства, на якое і пасадзіў СедАхмета. Гэта быў унук Тахтамыша, які нарадзіўся і рос на Беларусі. Новы хан саступіў Свідрыгайлу Адоеўскія землі і як яго саюзнік увесь час падтрымліваў у вайне з Жыгімонтам.
* * *
Пра падрыхтоўку Свідрыгайлы да новага паходу добра ведалі ў Вільні. Пазбаўлены народнай падтрымкі, Жыгімонт прасіў Ягайлу прыехаць на Літву, каб падняць аўтарытэт сваёй улады ў вачах простага люду. Стары кароль пацягнуўся ў нялёгкае ў ягоных гадах падарожжа. Гэта было апошняе яго наведванне Бацькаўшчыны. Жыгімонт яшчэ раз пацвердзіў сваю адданасць Полыпчы і аднавіў акт уніі 1432 года. Насуперак яго жаданню, Ягайла хацеў замірыцца са Свідрыгайлам. Той адказаў, што, без згоды саюзнікаў, не да якіх перамоў не прыступіць. Так і не запанаваў на Беларусі мір.
Ягайла вярнуўся ў Польшчу. А ў маі ён памёр.
Пасля смерці Ягайлы на польскі каралеўскі пасад 18 чэрвеня ўзвялі яго старэйшага сына Уладзіслава. Улада апынулася ў руках кароннай рады на чале са Збігневам Алясніцкім — лютым ворагам незалежнасці Вялікага княства Літоўскага і Рускага.
Жыгімонт Кейстутавіч, палохаючыся, каб у яго адсутнасць да Вільні не заявіўся Свідрыгайла на сойм, дзе выбіралі новага караля, не паехаў, а адправіў туды паслоў, якія ад яго імя пацвердзілі ўсе ранейшыя дамовы з Польшчаю. Сам ён з польска-літоўскім войскам выступіў на княства Рускае. У «Хроніцы Быхаўца» ёсць узгадка пра гэты паход: «I ў тую восень князь вялікі Жыгімонт сабраў вялікую сілу літоўскую і польскую, пайшоў на Рускую зямлю і стаў пад Мсціслаўлем, прастаяўшы там тры тыдні і не авалодаўшы замкам, пайшоў у сваю зямлю» (Хроннка Быховца. С. 87).
Летапісец і на гэты раз падаў недакладныя звесткі. Так, з перапіскі рыжскага камандора з вялікім магістрам даведваемся, што паход пачаўся ў чэрвені (ліст памечаны 6 чэрвеня) (Коцебу. С. 197), а не восенню. Есць у лісце і цікавыя падрабязнасці пра тыя падзеі. Камандор пісаў, што, па чутках, Жыгімонтаў сын, Міхайла, пакінуў свайго бацьку і з 200 вершнікамі і 60 баярамі перайшоў да Свідрыгайлы, а баярын Страміла ўцёк да Жыгімонта. Адзначу, што ў крыніцах няма сведчанняў пра пераход Міхайлы Жыгімонтавіча да Свідрыгайлы. Але падобныя чуткі не маглі нарадзіцца проста так. Відаць, паміж бацькам і сынам узніклі непаразуменні, і Міхайла не ўдзельнічаў у паходзе. Хадзіў Жыгімонт не пад Мсціслаўль, а пад Віцебск, пра што паведамляў магістру лівонскі ландмаршал (Коцебу. С. 201). Свідрыгайла ў той час збіраў супраць ворага войска. Лівонскія рыцары скарысталіся адсутнасцю Жыгімонта і напалі на Жамойцію. Удача здрадзіла ім. У бітве з жамойтамі крыжакі страцілі восем соцен чалавек, і толькі ўцёкамі рэштка рыцараў выратавалася. Гэта быў адчувальны ўдар і па Свідрыгайлу, які ўжо не мог разлічваць на дзейсную дапамогу аслабелага Лівонскага ордэна.
Жыгімонт пастараўся замацаваць сваю перамогу і павёў патаемныя перамовы з рыжскім арцыбіскупам супраць рыцараў. Паступова палітычнае становішча складвалася на карысць Жыгімонта, хоць пад Віцебскам ён так нічога і не дамогся. Невядома, ці прыход Свідрыгайлавага войска да Віцебска, ці няўдачы самога Жыгімонта пры ўзяцці горада вымусілі яго зняць аблогу. Аднак ясна, што польска-літоўскае войска сустрэла на Беларусі адчайнае супраціўленне. Ужо калі псковічы на Жыгімонтава патрабаванне пакоры адказалі, што яны гатовы «пакласці галовы свае за Свідрыгайлу» (Коцебу. С. 201), дык што тут казаць пра беларусаў, якія паклалі ўжо не адну галаву за свайго абранцу. Увосень Жыгімонт вярнуўся ў Вільню. Паход не прынёс і яму рашучай перамогі. Свідрыгайла па-ранейшаму дзякуючы падтрымцы праваслаўных заставаўся моцным, і ўся барацьба паміж імі яшчэ наперадзе. Адзіная ўдача быў палон Свідрыгайлавай жонкі. Княгіню Соф’ю Жыгімонт кінуў у вязніцу. Міласэрнасцю князь не вызначаўся.