З гісторыяй на «Вы» выпуск 2

З гісторыяй на «Вы» выпуск 2


Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 351с.
Мінск 1994
128.09 МБ
нямі: «Велнкославному господарню королю Жнкгнмонту Казнмнровнчу будн честь н слава на векы, победнвшему недруга своего велнкого князя Васнлня московского, а гетману его, вдатному князю Константнну Нвановнчу Острозскому дай Боже здоровье н іцастье вперед лепшее как ныне; побнл снлу велнкую московскую, абы так побнвал снлную рать татарскую, пролнваючн кров нх бусурманьскую».
Праз некалькі гадоў пасля славутай бітвы была створана сусветна вядомая карціна, на якой невядомы мастак алеем перадаў момант перад самым пачаткам бою. На палатно трапілі войскі Канстанціна Астрожскага ў часе завяршэння пераправы, а ўдалечыні — маскоўскія палкі. У цэнтры карціны змешчаны, праўдападобна сам гетман найвышэйшы. У вершнікаў на дзідах можна заўважыць трохкутныя штандары белага колеру з адной чырвонай паласой удоўж і другой, каля самага дрэўка — упоперак,— ці не самыя раннія выявы сцяжкоў з беларускімі нацьіянальнымі колерамі. Цяпер гэтая карціна захоўваецца ў Музеі Нарадовым у Варшаве.
Тая акалічнасць, што пераможцам быў князь «рускі», грэцкай веры, дазволіла ўмацаваць свае пазіцыі ўсяму праваслаўнаму насельніцтву краіны. Скарыстаў з гэтага перадусім сам Астрожскі. Яшчэ на Крапіўне перад бітвай ён прасіў, звярнуўшыся ў малітве да Божае Маці, дараваць яму перамогу, і абяцаў за гэта збудаваць два праваслаўныя храмы. Ужо 30 лістапада 1514 года, калі гетман найвышэйшы быў яшчэ ў дарозе на Вільню, Жыгімонт выдаў асобную грамату на яго імя, у якой пісаў: «...Паколькі мы навучаныя Святым Законам і Евангеллем даваць абяцанні Богу і выконваць іх... мы ласкава дазволілі пабудаваць вышэйназваныя цэрквы: Святой Тройцы — на ўзгорку, праз які ідуць да брамы, што па дарозе ў Меднікі, дзе была старая царква з манастыром пад гэтакай самай назвай Св. Тройцы, пабудаваная з дрэва, і Святога Мікалая, якога называюць Вялікім, пасярод места нашага Вільні,— пабудаваць абедзве з каменя». Асабліва значным было аднаўленне Троіцкага храма і манастыра — адной з тых святыняў, якія мелі найбольшую пашану праваслаўных вернікаў краіны. Нездарма патрон гэтага манастыра адначасова з’яўляўся і віленскім намеснікам мітрапаліта. Праўдападобна, у тым жа часе стараннямі
князя Астрожскага была перабудавана і Пакроўская царква ў Вільні.
Што да міжнароднага значэння перамогі на Крапіўне, дык і яно мела тады асаблівую важнасць для краіны. Еўропа моцна ўразілася, калі пачула пра поўны разгром вялізнага войска маскавітаў. Жыгімонт пісаў пра перамогу рымскаму папу Льву X і містру Ордэна Альбрэхту Першаму, а таксама венгерскаму каралю ён нават паслаў у падарунак частку заможных вязняў, якіх, праўда, пераняў імператар і вярнуў Маскве. Сам рымскі папа святкаваў тады перамогу Жыгімонтавага гетмана над маскавітамі. А папскі легат Пізон адклаў запланаванае падарожжа ў Маскоўскую Русь. Максімільян жа адмовіўся падпісваць ваенны дагавор з Масквой (1514) і наагул не пажадаў браць на сябе аніякіх ваенных абавязкаў. Так разваліўся ваенны альянс супраць Вялікага княства Літоўскага і Польшчы, мэты якога ставілі пад пагрозу само існаванне гэтых дзяржаў і іх народаў.
Летам 1515 года засядаў Венскі кангрэс, у якім бралі ўдзел імператар Максімільян, Жыгімонт і ягоны брат венгерскі кароль Уладыслаў. Манархі паразумеліся. Імператар рэзка змяніў свае адносіны да Жыгімонта. Іх прымірэнне мела быць змацавана шлюбам Жыгімонта з унучкай імператара італьянскай прынцэсай Бонай. Максімільян канчаткова адмовіўся ад усіх тэрытарыяльных прэтэнзій, паабяцаў дапамагчы ў замірэнні з Масквой ды падкрэсліў сваю асаблівую прыязнасць да Кароны і Княства, сказаўшы, што цяпер ён «з Жыгімонтам гатовы пайсці і ў рай, і ў пекла».
1991
АНАТОЛЬ ГРЫЦКЕВІЧ,
доктар гістарычных навук
НАЦЫЯНАЛЬНАЕ ПЫТАННЕ Ў ПРАГРАМЕ ДЗЕКАБРЫСТАЎ
Праграмныя дакументы дзекабрыстаў ужо падрабязна разглядаліся ў гістарычнай літаратуры. Змешчаны яны і ў спецыяльнай публікацыі (Восстанне декабрнстов. Документы. М., 1958. Т. 7). Нацыянальнаму пытанню ў праграмах дзекабрыстаў удзелена менш увагі, чым іншым пытанням. Таму варта падкрэсліць некаторыя палажэнні такіх дакументаў і вытлумачыць ідэйнае абгрунтаванне дзекабрысцкіх поглядаў у гэтым пытанні, як у «Паўднёвым таварыстве», так і ў «Паўночным таварыстве».
Кіраўнік «Паўднёвага таварыства» П. I. Песцель распрацаваў асноўныя палажэнні грамадскага і дзяржаўнага ладу Расіі ў праграмным дакуменце «Руская праўда», які быў зацверджаны «Паўднёвым таварыствам». Песцель быў ворагам федэратыўнага ладу і прыхільнікам адзінай і непадзельнай Расіі. 4-ты раздзел «Рускай праўды» так і завецца: «Расія ёсць Дзяржава Адзіная і Непадзельная» (Восстанне декабрнстов. Документы. Т. 7. С. 126). Як вядома, лозунг «Еднная п неделнмая Россня» шырока выкарыстоўваўся рускімі белагвардзейцамі пад час грамадзянскай вайны, бо белагвардзейцы былі супраць самастойных нацыянальных рэспублік, у першую чаргу савецкіх, на тэрыторыі былой Расійскай імперыі. Расія, паводле праекта П. I. Песцеля, падзялялася на губерні, якія не супадалі з межамі рассялення розных народаў. Фармальна, паводле канстытуцыйнага праек-
та Песцеля, усе жыхары Расіі мелі аднолькавыя палітычныя правы. Аднак частка горскіх каўказскіх народаў была залічана ім да буяных, якіх трэба было выселіць ва ўнутраныя расійскія губерні і пасяліць іх там у невялікай колькасці па розных валасцях. Рускіх каланістаў трэба было рассяліць на землях іншых народаў. Песцель пералічваў народы і краіны, далучаныя да Расіі, і сярод іх нагадваў Беларусь. Нагадвае Песцель і беларусаў (як частку рускага народа), што насяляюць Віцебскую і Магілёўскую губерні. Ен не ўспамінае беларусаў у іншых губернях, бо гэтыя губерні меркавалася, паводле пагаднення з польскім Патрыятычным таварыствам, перадаць у склад Польшчы. Песцель адмаўляў ім у праве на самастойнасць, бо яны «з-за слабасці сваёй ніколі не могуць складаць асобных Дзяржаў, а з-за гэтага ўсе яны... павінны адмовіцца ад права асобнай Народнасці» (Тамсама. С. 122).
16-ты раздзел «Рускай праўды» меў праграмны загаловак «Усе плямёны павінны злітымі быць у адзін Народ» (Тамсама. С. 149). У гэтым раздзеле ставіцца задача: «...у адну агульную масу зліць так, каб насельнікі цэлай прасторы Расійскай Дзяржавы ўсе былі PyeKia». Для гэтага трэба, каб «на цэлай прасторы Расійскай Дзяржавы панавала адзіная толькі мова расійская: усе зносіны тым самым надзвычайным чынам аблегчацца». Песцель таксама прапанаваў скасаваць заканадаўчым шляхам назвы іншых, нярускіх народаў і ўсіх назваць рускімі (Тамсама. С. 149). Выключэнне было зроблена толькі для Полыпчы, якая павінна была застацца ў цесным палітычным і вайсковым саюзе з Расіяй. Жадаючы ўстанавіць сувязі з польскім Патрыятычным таварыствам для сумеснага паўстання супраць царызму і ўстанавіўшы іх, Песцель пайшоў на тэрытарыяльныя ўступкі на карысць Польшчы за кошт беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх зямель. У «Рускай праўдзе» вызначалася расійска-польская граніца наступным чынам: «Гэтая мяжа павінна ісці ад Палангена (Палангі) самай прамой рысай на Дынабург (Даўгаўпілс). Ад Дынабурга Дзвіною да Полацка. Ад Полацка па рацэ Ушачы да Бярэзіны. Адсюль лініяй Беразінскаю ў напрамку да Прыпяці. Потым балотамі Прыпяцкімі ў напрамку да горада Астрога Валынскай губерні. Ад Астрога да Карпацкіх гор» (Тамсама. С. 125). Такім чынам, уся Гродзенская і Віленская губерні і болыпая
частка Мінскай адыходзілі да Польшчы. У Мінскай губерні ад Барысава мяжа ішла прама на поўдзень, па Пцічы, пакідаючы ў Полыпчы Ігумен і Слуцк. Усходняя частка Беларусі ўключалася ў Вяршынную вобласць (з цэнтрам у Смаленску), у склад якой уваходзілі Смаленская, Віцебская і Чарнігаўская акругі (губерні), дзе знаходзілася сучасная тэрыторыя Беларусі.
У якасці кур’ёзнага падыходу да нацыянальнага пытання можна прывесці 14-ты раздзел «Рускай праўды» Песцеля, дзе ён гаворыць пра яўрэяў, якія пераважна жывуць у губернях беларускіх, маларасійскіх і літоўскіх і якія «тым адрозніваюцца ад усіх іншых народаў, што неймаверна цесную сувязь паміж сабою заўсёды захоўваць, ніколі адзін другога не выдаюць ні ў якіх выпадках і абставінах і заўсёды гатовыя да ўсяго таго, што ўласна для іх грамады можа быць выгадным або карысным» (Тамсама. С. 146). Песцель прапанаваў сабраць усіх польскіх і рускіх яўрэяў (звыш двух мільёнаў) у адзін зборны пункт, узброіць іх і даць нават у дапамогу войска, каб яны прайшлі праз Еўрапейскую Турцыю (Балканы) у Азіяцкую і там дзе-небудзь стварылі сваю Яўрэйскую Дзяржаву (Тамсама. С. 148).
У адрозненне ад Песцеля Мікіта Міхайлавіч Мураўёў у сваім праекце канстытуцыі прапанаваў федэратыўны лад Расіі паводле ўзору Паўночна-Амерыканскіх Злучаных Штатаў. Расійская імперыя падзялялася на федэратыўныя адзінкі, якія былі названы дзяржавамі. Беларускія землі, паводле гэтай канстытуцыі, былі ўключаны ў дзве дзяржавы: Заходнюю са сталіцай у Вільні і Дняпроўскую са сталіцай у Смаленску. Аднак гэтыя дзяржавы не мелі якога-небудзь нацыянальнага характару, а былі тэрытарыяльна-гаспадарчымі адзінкамі накшталт паўночнаамерыканскіх штатаў.
Такім чынам, у канстытуцыі Мікіты Мураўёва нацыянальнае пытанне амаль не закраналася, што было звязана з ягонымі агульнымі дваранскімі поглядамі на Расію як рускую дзяржаву. У Песцеля гэтаму пытанню прысвечана шмат увагі. Ен перакананы прыхільнік «адзінай і непадзельнай» Расіі, як і сам цар і прадстаўнікі самадзяржаўя. Песцель прапанаваў у «Рускай праўдзе» правядзенне палітыкі жорсткай русіфікацыі ў Расіі пасля перамогі дваранскай рэвалюцыі дзекабрыстаў. Сродкі для гэтага, з нашага пункту гледжання, часам сур’ёзныя (увядзенне адзінай рускай мовы), a
часам паўанекдатычныя (заканадаўчыя забароны народнасцям называцца сваім імем). Праўда, неўзабаве Мікалай I выкарыстаў гэтую прапанову і ў 1840 годзе забараніў у афіцыйных актах называць беларускія і літоўскія губерні сваімі імёнамі, а называць іх «СевероЗападным краем Росснн». Увогуле, трэба адзначыць, што на праектах канстытуцыі дзекабрыстаў ляжыць пячатка дваранскай абмежаванасці і вялікадзяржаўнага рускага шавінізму. Асабліва характэрнымі былі прапановы па русіфікацыі нярускага насельніцтва Паўла Іванавіча Песцеля. Яны былі пастаўлены ў парадак дня тады, калі яшчэ царскі ўрад праводзіў палітыку культурнага апалячвання насельніцтва Беларусі (да паўстання 1831 года на яе тэрыторыі), пашырыўшы польскія школы і справаводства на польскай мове ў дзяржаўных установах. Цікава і тое, што ў гэтых праграмных палажэннях дзекабрысты мелі паслядоўнікаў і ў XX стагоддзі. Трэба таксама адзначыць, што П. I. Песцель і іншыя дзекабрысты дзялілі зямлю Беларусі з польскімі дваранскімі рэвалюцыянерамі, не пытаючыся, натуральна, аб гэтым у самога беларускага народа. I ў гэтым таксама праяўлялася абмежаванасць дваранскіх рэвалюцыянераў.