З гісторыяй на «Вы» выпуск 2
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 351с.
Мінск 1994
A. I. Герцэн
На Палессі бытуе павер’е: каб ніколі не ўваскрос той, хто, жывучы, рабіў зло, трэба пасля яго смерці высекчы асінавы кол і забіць у магілу...
Гэты допіс — асінавы кол у магілу аднаго з самых крывавых катаў беларускага, польскага і літоўскага народаў.
Міхаіл Мікалаевіч — так яго звалі — Мураўёў нарадзіўся ў 1796 годзе ў Маскве. Hi ў дзяцінстве, ні потым, у час вучобы ва універсітэце, ён асаблівых здольнасцей не выявіў. Тым не менш, будучы студэнтам, арганізаваў таварыства матэматыкаў, якое ставіла мэту распаўсюджваць матэматычныя веды. Да таварыства прымкнулі не толькі студэнты, але і некаторыя выкладчыкі. За старшыню яго быў абраны бацька Мураўёва — генерал-маёр М. М. Мураўёў, у доме якога і праводзіліся заняткі. На базе гэтага таварыства паступова ўзнікла вучылішча калонаважатых,— яно рыхтавала афіцэраў рускай арміі, як тады называлі, па «квартнрмейстерской частп». Калі пачалася вайна 1812 rofla і Напалеон са сваім войскам уварваўся ў Расію, Мураўёў-малодшы паступіў у світу імператара Аляксандра I, удзельнічаў у Барадзінскай бітве і быў паранены. Аднак, паправіўшыся, не пакінуў вайсковай службы, а накіраваўся за мяжу, дзе
пры штабе рускай арміі праслужыў да 1815 года, пасля чаго вярнуўся ў Маскву і пачаў працаваць у вучылішчы калонаважатых, якім кіраваў яго бацька. Напісаў і выдаў некалькі падручнікаў для навучэнцаў вучылішча, прымыкаў да тайных таварыстваў дзекабрыстаў. Быў арыштаваны. Але яго не судзілі, як некаторых, бо паспеў апраўдацца і пакаяцца, выдаўшы пры гэтым усё, што ведаў. Гэта па-належнаму было ацэнена, і М. М. Мураўёва-малодшага зноў узялі на дзяржаўную службу. У 1826 годзе яго прызначаюць віцэ-губернатарам у Віцебск. На гэтай пасадзе Мураўёў прабыў нядоўга — ужо ў 1828 годзе яго пасылаюць губернатарам у Магілёў. Прыехаўшы на новую пасаду, першае, на што звярнуў сваю ўвагу губернатар,— гэта што ў судаводстве тут карыстаюцца Літоўскім статутам і беларускай мовай. У спецыяльнай запісцы на імя імператара Мікалая I ён хадайнічаў пра неабходнасць адмены Літоўскага статута і ўвядзенне ў судаводства і кіраванне рускай мовы. Імператар Мікалай I не марудзіў з адказам — 1 студзеня 1831 года выдаў закон аб адмене Літоўскага статута і забароне карыстацца беларускай мовай у судах і ў афіцыйных установах на ўсёй тэрыторыі Беларусі. У той самай запісцы на імя імператара Мікалая I былі і іншыя прапановы, якія датычылі змен у Заходнім краі, як тады пачалі называць Беларусь. Так, напрыклад, прапаноўвалася ў навучальных установах неадкладна перавесці выкладанне ўсіх прадметаў на рускую мову, адхіліць каталіцкае і уніяцкае духавенства ад выхавання моладзі і г. д.
У 1830 годзе Мураўёў працаваў у штабе рускай арміі і падаўляў паўстанні, што ўспыхвалі ў Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай губернях, наладжваў масавыя расправы над усімі, хто ўдзельнічаў у паўстанні. Менавіта ў тыя гады, у час падаўлення сялянскага бунту, у Крошыне была зачынена апошняя беларуская школа ў Беларусі, якую арганізаваў ксёндз Магнушэўскі, быў арыштаваны, а потым здадзены на дваццаць пяць гадоў у салдатчыну адзін з яе вучняў, выдатны паэт Паўлюк Багрым. У 1831 годзе Мураўёў прапанаваў зачыніць Віленскі універсітэт, сярод 48 выкладчыкаў якога было 36 беларусаў, лічачы яго галоўным расаднікам непакоры і сепаратызму. Па яго прапанове на Беларусі была скасавана Унія і былі забаронены казані на беларускай мове ў святынях (1839), а ў 1840 годзе «Государь Імпе-
ратор повелеть нзволнл», каб не ўжываць нідзе, ні ў адным афіцыйным дакуменце назваў Беларусь і Літва.
Жорсткасць, з якой абыходзіўся з бяспраўным тутэйшым людам Мураўёў, прымушала доўга не трымаць яго на адным месцы, перакідваць з губерні ў губерню. Так, у 1831 годзе яго прызначаюць губернатарам у Гродна, у 1832-м — у Мінск, потым у Курск... I ўсюды, дзе б ні апынуўся, ён пакідаў пра сябе нядобрую памяць. Даслужыўся Мураўёў да кіраўніка міністэрства дзяржаўнай маёмасці, якое ператварыў з міністэрства, што павінна было клапаціцца пра сялян, у міністэрства па здзіранню з іх сямі скур, па папаўненню дзяржаўнай казны. Ен распрацаваў новыя, проста драконаўскія законы аб абкладанні падаткамі і іх спагнанню і ўвёў іх у дзеянне сваімі ўказамі ад 11 і 23 студзеня 1859 года, што выклікала абурэнне не толькі ў сялян, а і ва ўсёй перадавой рускай грамадскасці. Мураўёў быў адным з самых непахісных і заядлых абаронцаў прыгону, арганізаваў партыю памешчыкаў-прыгоннікаў і стаў адным з яе лідэраў-кіраўнікоў. У 1861 г. пад напорам грамадскасці ён змушаны быў пакінуць пасаду, а яшчэ праз год і зусім пайшоў у адстаўку.
Пра Мураўёва ўспомнілі, калі ў 1863 годзе ўспыхнула ў Заходнім краі новае паўстанне. Ен жыў тады ў Пецярбургу, нават не паспеў яшчэ пераехаць з казённай кватэры ў свой уласны дом. Выкліканы да імператара Аляксандра II, адразу ж даў згоду на прызначэнне яго Віленскім генерал-губернатарам з незвычайнымі, фактычна дыктатарскімі паўнамоцтвамі, у падначаленне якога пераходзілі і ўсе іншыя шэсць ПаўночнаЗаходніх губерняў (сёмая, Аўгустоўская, перайшла ў яго падначаленне крыху пазней). 1 мая 1863 года адбылося афіцыйнае прызначэнне на новую пасаду, а ўжо 12 мая Мураўёў выехаў цягніком у Вільню. Па дарозе ён спыніўся ў Дзінабургу (цяпер Даўгаўпілс) і ў спецыяльным вагоне накіраваўся ў крэпасць, дзе выступіў з прамоваю перад прадстаўнікамі дваранства і прыняў самыя рашучыя захады да абароны крэпасці на выпадак нападу паўстанцаў. Там жа ён даў сваю згоду на пакаранне смерцю графа Лявона Платэра, прысуджанага за сувязь з Рэвалюцыйным Камітэтам да расстрэлу.
14 мая Мураўёў прыехаў у Вільню. Пасяліўся ён у Палацы-рэзідэнцыі генерал-губернатараў горада. На наступны дзень, раніцою, сабраўшы гарадскія ўлады і
прадстаўнікоў усіх саслоўяў, саноўна, пры ўсіх сваіх рэгаліях, выйшаў з вялізнай світай і ласкава прывітаў вайскоўцаў і гвардыю, перадаў ім падзяку ад імператара. Потым прыняў грамадзянскіх чыноў, сярод якіх большасць былі людзі тутэйшыя — беларусы, палякі, літоўцы, яўрэі,— і сурова напомніў ім пра іх абавязкі, не забыўшы пры гэтым папярэдзіць, што калі хто не згодны з палітыкай царскага двара і асабіста яго, то павінны адразу ж пайсці ў адстаўку. Асаблівы прыём быў аказаны праваслаўнаму духавенству, бо менавіта на яго рабіў сваю галоўную стаўку генерал-губернатар. Каталіцкае духавенства генерал-губернатар прыняў толькі на наступны дзень і патрабаваў ад яго падаць прыклад адданасці законнай уладзе, і яшчэ — каб яно прыняло ўсе неабходныя меры да спынення паўстання.
— Я не магу адказваць ні за чые погляды,— запярэчыў яму Літоўскі мітрапаліт Іосіф.
— Але вы нясеце адказнасць за погляды сваіх падначаленых,— быў адказ генерал-губернатара.
I каб, мабыць, даказаць каталіцкаму духавенству, што ён не мае намеру жартаваць, у Вільні было праведзена першае публічнае пакаранне смерцю — быў расстраляны ксёндз Ішора. Вось як апісвае гэтую падзею адзін з непасрэдных яе ўдзельнікаў:
«...22 мая. Ускалыхнулася ўся Вільня. 3 раніцы на вуліцах, рынках і плошчах б’юць барабаны: аб’яўляюць пра смяротнае пакаранне — яно адбудзецца сёння ж. На вуліцах незвычайны рух — усе імкнуцца ў адзін бок, на прадмесце Лукішкі, дзе павінна адбыцца кара. 3 натоўпам людзей бягу туды і я. Вось плошча з фатальным слупам — уся яна запоўнена людзьмі; на ўзгорках, што акружаюць яе, шматлікія купкі жанчын у жалобным адзенні. Пачуліся крыкі: «Вядуць! Вядуць!» Надыходзяць жахлівыя хвіліны. Сэрца б’ецца часцей як звычайна, цяжка дыхаць. Чытаюць прысуд; шматтысячны натоўп нібы анямеў. Усіх аглушае залп стрэлаў, за ім — стогн жанчын... Тут, у дзесяць гадзін, паводле прыгавору ваеннага суда, быў расстраляны адзін з зачыншчыкаў бунту, вікарны ксёндз жмудскага касцёла Лідскага павета Станіслаў Ішора» («Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі», Мн., 1940. Т. 2. С. 552—553). Віна пакаранага смерцю была ў тым, што ён прачытаў адзін з маніфестаў паўстанцаў парафіянам, што сабраліся ля касцёла.
Праз два дні былі расстраляны там жа, на Лукішках, стары ксёндз Раймонд Зямацкі і сын памешчыка Альберт Ляскоўскі — яны таксама абвінавачваліся ў тым, што чыталі сялянам рэвалюцыйны маніфест, а значыцца, падбухторвалі сялян да бунту...
Адна за адной з’явіліся самыя розныя забароны — весці перапіску і ўжываць польскую мову ў афіцыйных установах, насіць жалобу і рэвалюцыйныя знакі, наладжваць палітычныя маніфестацыі, без дазволу ўлад выязджаць з горада, жыць без пашпарта, без ліхтароў выходзіць на вуліцу пасля дзевяці гадзін вечара... У пачатку чэрвеня быў пакараны смерцю праз павешанне, прычым вешалі двойчы, бо першы раз парвалася вяроўка, паўстанец, дваццацідвухгадовы шляхціц з Лідскага павета Балеслаў Колышка, а потым, праз нейкі час, вядомы польскі публіцыст, камандуючы ўзброенымі сіламі паўстанцаў Ковенскай губерні Зыгмунт Серакоўскі — паранены ў сутычках з царскімі войскамі, ён быў узяты ў палон і амаль два месяцы правёў у турэмным шпіталі... Мураўёў падсылаў да паўстанца свайго родзіча князя Шахаўскога, які быў знаёмы з Серакоўскім па вучобе ва універсітэце, каб выведаць хоць штокольвечы пра паўстанне. Але гэта Шахаўскому не ўдалося. Тады, раззлаваны, Мураўёў сказаў: «Я яго не расстраляю, я яго павешу». I павесіў — пасля таго як ваенна-судовая камісія вынесла Серакоўскаму свой прысуд, Мураўёў, зацвярджаючы яго, распарадзіўся: «Згаджаючыся з меркаваннямі ваенна-судовай камісіі, я вызначаю: Серакоўскага пакараць смерцю, але замест расстрэла — павесіць...» У ноч перад павешаннем Мураўёў зноў прапаноўваў Серакоўскаму, спасылаючыся на волю імператара, купіць жыццё здрадай. Але Серакоўскі з гневам адхіліў гэта...
Расправай над паўстанцамі — праз расстрэлы, павешанне — Мураўёў не абмежаваўся. Неўзабаве былі прыняты новыя меры — паліліся, знішчаліся хутары і цэлыя вёскі, што падтрымлівалі сувязь з паўстанцамі ці аказвалі ім якую-небудзь дапамогу. Жыхары хутароў і вёсак разам з жонкамі і дзецьмі высылаліся ў Сібір,— адны без суда і следства, іншыя — з судом і следствам, хоць прыналежнасць іх да паўстанцаў не заўсёды даказвалася. Пры гэтым у багатых рэквізаваліся маёнткі. Усяго з хутароў і вёсак было выслана ў Сібір больш за 5 тысяч чалавек...
Велізарнымі штрафамі і кантрыбуцыямі абкладваліся вёскі і маёнткі, у якіх бывалі паўстанцы ці хтосьці даносіў, што тыя там бываюць. He дзіўна, сяляне самі лавілі паўстанцаў і выдавалі царскім чыноўнікам: баяліся быць пакаранымі. Насельніцтва, паводле загадаў генерал-губернатара Мураўёва, павінна было аплачваць утрыманне войск, што прысылаліся на падаўленне паўстання, прычым людзі рускай нацыянальнасці плацілі ў дзесяць разоў менш, чым палякі, беларусы і літоўцы. Была распрацавана цэлая сістэма пабораў і штрафаў — за размовы «па-польску», за нашэнне жалобы; з католікаў спаганяліся выдаткі за высылку з прыхода парафіян, утрыманне вясковай стражы і г. д. Ва ўсе паветы былі прызначаны новыя вайсковыя начальнікі, лясы прачэсваліся салдатамі, a то і зусім высякаліся... Генерал-губернатар звярнуўся з просьбай да епіскапа Красінскага, каб памагаў падаўляць паўстанне, а калі той адмовіўся гэта рабіць, выслаў яго ў Казань, дзе Красінскі пражыў да 1883 года,— тады толькі быў, нарэшце, адпушчаны за мяжу. Там ён і памёр.