З гісторыяй на «Вы» выпуск 2
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 351с.
Мінск 1994
А цяпер давайце паглядзім на тыя абставіны, што могуць у нейкай ступені сведчыць аб беларускім паходжанні нянькі Пушкіна. У некаторых гістарычных і літаратурных крыніцах паведамляецца, што сваім нараджэннем Арына Радзівонаўна Якаўлева, у замужжы — Мацвеева (1758—1828) звязана з Кобрынам.
Адразу прыходзіць думка: ці не з тым, што пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай быў уключаны ў 226
склад Расеі і які ўказам Кацярыны II ад 15 жніўня 1795 года быў падараваны ў вечнае і спадчыннае валоданне генерал-фельдмаршалу графу Аляксандру Сувораву-Рымнікскаму за здушэнне нацыянальна-вызваленчага паўстання Тадэуша Касцюшкі і ўдзел у акупацыі суседняй дзяржавы. Ці не з тым Кобрынам, што знаходзіцца пад Брэстам? А мо з тым сялом Кобрынам, што пад Пецярбургам, паблізу Гатчыны? А аказваецца, што і з тым, і з другім, а дакладней — з другім, які сваю генеалогію вядзе ад першага.
У час сваіх захопніцкіх рэйдаў на Беларусь царскія войскі вельмі часта гналі ў маскоўскае рабства нашых людзей. Адначасова Расея, асабліва пры маладым імператару, Пятру I, выяўляла вялікую актыўнасць у заваяванні і асваенні Балтыйскага ўзбярэжжа. Ад ваенных дзеянняў паміж Расеяй і Швецыяй асабліва пакутавала мясцовае насельніцтва — вепсы, іжорцы (інгерманландцы), карэлы, фіны, эсты.
Імкнучыся да хутчэйшага засялення гэтага краю, Пётр I пры раздачы тэрытарыяльнай здабычы членам царскага дома, сваім палкаводцам і дзяржаўным дзеячам абавязваў новых уладароў перасяліць у іх памесці сялян з вялікарасейскіх губерняў і, вядома, з Рэчы Паспалітай. Прыгнаных прыгонных пасялялі, як правіла, не на голым месцы, а ў захопленых мызах, якія часта атрымлівалі новыя назвы.
Адносна назваў сяла Кобрына і рачулкі Кобрынка, што пад Гатчынай, можна сказаць: цалкам верагодна, што яны, назвы гэтыя, прыйшлі сюды разам з прыгнанымі з Кобрына-брэсцкага ці Кобрыншчыны людзьмі.
На мой зварот на імя галавы адміністрацыі Гатчынскага раёна з просьбай паведаміць паходжанне назваў «Кобрына» і «Кобрынка», а таксама даты іх першага ўпамінання я атрымаў адказ наступнага зместу: «Па рэчышчы ракі здабывалі торф і складвалі яго ў прыстасаванне, якое называлася копра; адсюль пайшла назва ракі Копрынка, ад ракі пайшла назва паселішча Копрына; затым яны перайначыліся на Кобрынку і Кобрына, што болып мілагучна. Упершыню дадзеныя назвы згаданы ў канцы XV стагоддзя. У XIV—XV стагоддзях гэтыя землі ўваходзілі ў склад Гаспадзіна Вялікага Ноўгарада».
Літаратурныя крыніцы сведчаць, што перайменаванне адбылося ў першай палове XVIII стагоддзя.
Гэта якраз той час, калі прыгналі сюды нявольнікаў з Рэчы Паспалітай. Застаецца толькі дзівіцца, як «клапатліва» падабралі месца рассялення: да новай назвы прывыкаць амаль не трэба, яна зусім твая.
Адказ жа на тое, хто былі спаконвечныя жыхары тутэйшых мясцін, знаходзім у Пушкіна: «Прлют убогого чухонца...». Чухонцы, як вядома,— дарэвалюцыйная (1917) народная назва эстонцаў, а таксама карэла-фінскага насельніцтва наваколляў Пецярбурга.
А ўвогуле гэтыя мясціны Пётр I у свой час падараваў свайму паплечніку Пятру Мацвеевічу Апраксіну, пераможцу віцэ-адмірала Нумберга і генерала Краніорта. Дарэчы, царская адміністрацыя ведала толк у працавітых і сумленных беларускіх людзях. Нездарма ж пазней паэт і губернатар Г. Р. Дзяржавін пры ўзвядзенні свайго маёнтка «Званка», што на Валагодчыне, змяніў мясцовых работнікаў на будаўнікоў з Беларусі. У 1757 годзе ўладанні Апраксіна набыў арап Пятра Вялікага — Абрам Пятровіч Ганібал, прадзед Пушкіна па маці. Потым яно было падзелена паміж яго сынамі. Частка маёнтка Восіпа Абрамавіча Ганібала пры разводзе з жонкаю Марыяй Аляксееўнай Ганібал (гэта бацькі паэтавай маці) адышло да яе. Пасля некаторага драблення ўладанні бабулі Пушкіна былі прададзены зусім. За атрыманыя грошы адразу ж быў куплены падмаскоўны маёнтак Захарава, дзе, акружаны клопатамі і пяшчотай бабулі і нянькі, правёў сваё шчаслівае дзяцінства будучы паэт.
Дык вось, па сведчаннях сястры Пушкіна Вольгі, Арына Радзівонаўна была родам з сяла Кобрына, якое знаходзілася вярстах у шасцідзесяці ад Пецярбурга. Некаторыя сведкі сцвярджаюць, што нянька Пушкіна нарадзілася ў недалёкай Суйдзе (Васкрасенскім), а ў Кобрына была аддадзена замуж. Прыгонны «стаж» Арыны Радзівонаўны выглядае так: 1 год — прыгонная Апраксіных, 22 гады — Ганібала, потым — ягонага сына, потым — бабулі паэта. Заўважым, што пры продажы Кобрына Марыя Аляксееўна пакінула Арыну Радзівонаўну з яе дачкой Надзеяй сабе. Надзея і яе муж Мікіта Казлоў па волі гаспадароў жылі разлучана: яна ў Захараве, ён у Пецярбургу, пры Пушкіне. He бачыліся гадамі. У 1799 годзе, як сцвярджаюць многія літаратурныя крыніцы, Арына Радзівонаўна атрымала вольную, але палічыла за лепшае застацца ў Пушкіных.
Хто ж былі бацькі Арыны Радзівонаўны? Яны — Радзівон Якаўлеў (1728—1767) і Лукер’я Кірылава (1730—1796) былі прыгоннымі згаданага вышэй Ф. А. Апраксіна. Радзівон Якаўлеў (Якаўлеў — гэта не прозвішча: прыгонныя ў Расеі прозвішчы мелі вельмі рэдка; відаць, гэта імя па бацьку) па дакументах вядомы як сірата. Сіратой, як сцвярджаюць літаратурныя крыніцы, была і Лукер’я Кірылава. Бацькі асірацелых нідзе не ўспамінаюцца. Паўстае законнае пытанне, ці не з’явіліся гэтыя сіроты-падлеткі тут разам з іншымі, дарослымі кобрынцамі-беларусамі? I ці не чужына, да ўсяго, і зблізіла іх, і паслужыла перадумовай стварэння сям’і, у якой потым нарадзілася сямёра дзяцей? Сям’я гэта рана страціла бацьку. Сярод усіх з сям’і асабліва цяжка даводзілася Арыне як старэйшай з дзяцей. А было ёй тады толькі 10 гадоў. I жыццё яе, як пачалося бязрадасна, так без радасці і прайшло.
Звернемся цяпер да іншых фактаў, якія маглі б дадаткова сведчыць аб адносінах Арыны Радзівонаўны да такой шматпакутнай, як і яна сама, Беларусі. Цікавым бачыцца факт, што паўстанне прыгонных Ганібала (1766) вылілася ва ўцёкі «ў Польшчу». Ці не дадому?!. А той факт, што адзін з сыноў Арыны Радзівонаўны быў уладальнікам вельмі не характэрнага для Расеі і пашыранага на Беларусі мужчынскага імя — Стэфан. Дадамо, што само імя Арына, як і імя Радзівон, адносіцца да старажытных беларускіх імёнаў.
Даследчыкі жыцця і творчасці Пушкіна часта ўказваюць на мілагучнасць і напеўнасць мовы Арыны Радзівонаўны. Гэтыя якасці мовы жывуць і сёння на Беларусі. А пра беларускія элементы ў мове нянькі Пушкіна гаворыць фанетычнае афармленне, што дайшло да нас у двух невялікіх лістах, якія былі адпраўлены ёю на адрас паэта 30 студзеня і 6 сакавіка 1827 года. Адказу на іх, праўда, не маем. Можа, яго і не было.
Як першы ліст, напісаны пад дыктоўку кімсьці з малапісьменных дваравых, так і другі, запісаны таксама пад дыктоўку, але ўжо Ганнай Міхайлаўнай Вульф, сведчаць аб аднолькавасці гучання некаторых слоў і выразаў у Арыны Радзівонаўны і ў сучаснай гутарковай мове заходнепаляшуцкага дыялекту. Напрыклад: «дружочнк», «мачнха», «ннхто», «Арнна
Роднвоновна», «цалую вашн ручкн». Чытаючы гэтыя лісты, адчуваеш, як у стыхіі расейскай мовы бруіцца беларуская гаворка.
А сюжэты яе казак! Возьмем, напрыклад, казку пра папа і пра работніка яго Балду. Такую антыцаркоўную (маецца на ўвазе інстытут праваслаўнай папоўшчыны) накіраванасць, такую раскутасць чалавечага духу наўрад можна бьіло сустрэць у расейскіх казках таго часу.
Разважаючы пра лёс Арьіны Радзівонаўны, хочацца выказаць горкае шкадаванне, што мы, праяўляючы вялікую цікаўнасць да донжуанаўскага спісу Пушкіна, праходзім міма трагічнага лёсу чалавека, які так па-анёльску паўплываў на паэта.
Так, лёс Арыны Радзівонаўны трагічны, як трагічны лёс Беларусі. I ці не адсюль мой боль, несціхаючы, патаемны боль? Бо мне думаецца, што пры шчаслівым збегу акалічнасцей зямля Беларусі магла мець сваю Сафо, сваю чарадзейку слова...
1992
СЯРГЕЙ ДУБАВЕЦ, ГЕНАДЗЬ САГАНОВІЧ
СТАРАЖЫТНАЯ ЛІТВА I СУЧАСНАЯ ЛЕТУВА
Нічога ў нас, беларусаў, не атрымаецца, пакуль не пачнём называць рэчы сваімі імёнамі.
Ну, сапраўды, калі Вы, напрыклад, называеце гэта сталом, а я гэта самае называю дзвярыма... Тады, маючы на ўвазе адно, мы будзем казаць пра рознае. У выніку атрымаем або недарэчную камедыю, або недарэчную трагедыю. Прынамсі, анічога разам, супольна мы з Вамі зрабіць не здолеем, аніякае карысці ад нашых перабудоваў не будзе.
Альбо — такая сітуацыя. Уявіце, што Вы самі не маеце пэўнага, свайго імя. Нехта кліча Вас Васілём, а нехта Ганнай, хтосьці Пазьняком, a хтосьці Дземянцеем. Праз такую няпэўнасць Вы адначасова і белы, і чорны, і левы, і правы, і цвёрды, і мяккі. Усялякі і ніякі. Вы не маеце свайго імя, свае назвы.
А калі свайго імя не мае цэлы край і цэлы народ?
Нешта падобнае адбываецца з назвамі БЕЛАРУСЬ і БЕЛАРУСЫ. Пагартайце старыя кнігі, і Вы ўбачыце, як часта мянялася наша назва. Былі”мы і русінамі, і літвінамі, і тутэйшымі, і нават палякамі. А зямля наша была і Руссю, і Літ.вой, і «Северо-Западным краем», і «Западной Россней»...
Чаму гэта важна? Таму што імя краіны і народа — гэта іхні маральны тыл і капітал. 1 пасля
кожнай новай замены сваёй назвы мы, беларусы, назаўсёды страчвалі свой надзейны тыл і з нуля пачыналі свой капітал.
Уявіце, калі б сёння Беларусь называлася Расеяй, а мы, беларусы,— расейцамі. Ды мы б адразу пачалі глядзець на сябе зусім іначай, пранікліся б нацыянальнаю годнасцю і сваёй «сусветнай місіяй». Іначай глядзелі б на нас і ў свеце, нас бы заўважылі.
А Расея называлася б Беларуссю...
— Дзе ж гэта такі край? — пыталіся б у свеце, як цяпер пытаюцца ў нас.— He чуваць нешта такога ў гісторыі.
Хто ведае гісторыю, таму вядома, што мы некалі і прэтэндавалі на непадзельнае валоданне гэтаю назваю — Русь... Рускімі нас, беларусаў, называлі ў тыя часы, калі сучасных рускіх называлі не іначай як маскавітамі, маскалямі. Маскоўская дзяржава тады яшчэ не была Рускаю.
А літоўцамі і называлі нас, і мы самі сябе лічылі да мінулага стагоддзя. «0, Літва, мая Айчына»,— пісаў пра Наваградчыну, пра Беларусь Адам Міцкевіч. «Продкі мае выйшлі з літоўскіх балотаў»,— пісаў пра Піншчыну, пра Беларусь Фёдар Дастаеўскі.
Беларускі пісьменнік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч «Літвою» лічыў Менск, у якім тады жыў,— сучасную сталіцу Беларусі. Беларускага паэта Уладзіслава Сыракомлю сучаснікі называлі «лірнікам літоўскім», а другі вядомы беларускі пісьменнік Арцём Вярыга-Дарэўскі, які нарадзіўся на Лепельшчыне і жыў у Віцебску, пісаў у сваім творы: «Літва — родная зямелька». Дарэчы, і верш ягоны з красамоўнаю назваю «Літвінам, што запісаліся ў мой «Альбом», на развітанне» (1858) быў адрасаваны маладым беларускім літаратарам. У ім аўтар, між іншым, усклікаў: «Чый гэта голас? Гэты словы нашы,. браценькі-літоўцы».