З гісторыяй на «Вы» выпуск 2

З гісторыяй на «Вы» выпуск 2

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 351с.
Мінск 1994
128.09 МБ
культуры («больш сялянскай», больш заземленай, паводле аўтара) бракавала лідэра-трыбуна, лідэра-рамантыка, якім для літоўцаў стаў вялікі Майроніс. Сапраўднае яго прозвішча Мачуліс, ён — каталіцкі святар, як і Баранаўскас, і большасць літоўскіх «абуджальнікаў».
Вышэйзгаданы Робэрт Оты неяк адзначыў, што ля вытокаў адраджэння моўнай годнасці і нацыянальнай самасвядомасці чэхаў, славенцаў, славакаў, румынаў, балгараў ды іншых сярэднееўрапейскіх народаў стаялі рэлігійныя дзеячы. Літоўцы — не выключэнне; мяркую, што перавага святарскага стану ў літаратурным адраджэнні толькі спрыяла больш хуткаму ўлучэнню маладой літаратуры ў агульнаеўрапейскі культурны кантэкст і нават, як гэта ні парадаксальна, яе свецкаму характару. У беларусаў было інакш, і прычынай таму — адсутнасць у XIX ст. нацыянальнай рэлігіі. Каталіцызм стаў прыладаю апалячвання (да гэтага часу сотні тысяч карэнных жыхароў Гарадзеншчыны і Віленшчыны, чые продкі стагоддзямі размаўлялі, ды і самі размаўляюць на чысцюткай беларускай, уважаюць сябе за палякаў толькі таму, што ходзяць у касцёл); праваслаўе ж — інструментам імперскай палітыкі русіфікацыі. Беларускамоўнае уніяцтва было гвалтоўна знішчана царызмам у 1839 годзе. Царкоўная інтэлігенцыя на Беларусі прыйшла да нацыянальнай ідэі, да служэння роднай культуры пазней, чым у Літве. Шкада, што цэнзурныя рагаткі (кніга рыхтавалася да друку ў часы «ранняй перабудовы») не дазволілі аўтарам шырэй засяродзіцца на гэтай праблеме, тым болей што многія духоўныя асобы — літаратары былі і жывым увасабленнем беларуска-літоўскіх культурных кантактаў. Маю на ўвазе найперш Адама Станкевіча, выдатнага беларускага ксяндза, публіцыста, гісторыка і грамадскага дзеяча, а таксама выбітнага літоўскага каталіцкага святара Юргіса Матулайціса (беларусы звалі яго Юры Матулевіч), нядаўна залічанага да блаславёных. Айцец Матулевіч-Матулайціс, стаўшы віленскім біскупам ужо на новым вітку гісторыі, у часы акупацыі Заходняй Беларусі Польшчай, заслужыў удзячную памяць беларускіх каталікоў цвёрдасцю ў абароне правоў беларускай мовы ў святынях, у тым ліку віленскіх (касцёл св. Мікалая). Матулайціс упершыню даў духоўны дазвол на выхад беларускай каталіцкай літара-
туры. Дзякуючы Матулайцісу як ніколі шырока разгарнулі культурна-рэлігійную дзейнасць беларускія святары, у тым ліку айцец Адам Станкевіч. Станкевіч — аўтар шматлікіх кніг, брашур, эсэ па беларускай гісторыі, лідэр заходнебеларускага нацыянальна-вызваленчага руху хрысціянскіх дэмакратаў — самай уплывовай палітычнай сілы краю пасля разгону палякамі Беларускае Сялянска-Работніцкае Грамады. У гісторыю беларуска-літоўскіх культурных дачыненняў ён увайшоў і сваёю спробаю асэнсаваць роль выдатнай постаці князя беларуска-літоўскай дзяржавы Вітаўта Вялікага ў беларускай гісторыі (кніга «Вітаўт Вялікі і беларусы»), Айцец Адам валодаў літоўскаю мовай і ў некалькіх нумарах віленскага беларускага часопіса «Калосьсе» змясціў мовазнаўчую працу «3 літуанізмаў у беларускай мове», якая ўвайшла ў бібліяграфію сусветнай балта-славістыкі.
Увогуле складаецца ўражанне, што ў мінулым стагоддзі, а надта ў міжваенны перыяд XX ст., культурныя кантакты беларусаў і літоўцаў былі калі не больш актыўныя, чым зараз (сродкі сувязі, інфармацыі, руху непараўнальныя), дык болып значныя, глыбінныя, змястоўныя. Адна з асноўных прычын, відаць,— тагачасная полікультурнасць Вільні. Мальдзіс узгадвае нараканні Ю. Марцінкявічуса на тое, што гэты горад стаўся радзімаю беларускае кнігі, кнігі латышскае, але — не літоўскае. У міжваенны перыяд у акупаванай палякамі Вільні выходзілі сотні беларускіх перыядычных выданняў, друкаваліся літоўскія газеты і часопісы. Памянёны часопіс «Калосьсе» стала звяртаўся да літоўскай тэматыкі, пра што пішуць Мальдзіс і Лапінскене (прыгадаю яшчэ эсэ літоўскага мастака і мастацтвазнаўцы Уладаса Дрэмы «Беларускае народнае мастацтва», дзе ён прасочвае спрадвечную блізкасць вобразаў і выяўленчых сродкаў традыцыйнага мастацтва суседзяў). Значнаю падзеяй у культурным жыцці Заходняй Беларусі стаў тэматычны пятнаццаты нумар «Калосься» з падборкаю твораў літоўскай літаратуры, пераважна віленскіх аўтараў. Адам Мальдзіс адзначыў прынцыповае значэнне публікацыі своесаблівай прадмовы да падборкі — артыкула Еранімаса Цыцэнаса «Аб краіне, якая свабодна жыве». Мальдзіс каментуе яе такімі словамі: «Праўда, парадкам у буржуазнай Польшчы аўтар супрацьпастаўляў не жыццё ў Савецкай Беларусі, а «свабоду»
ў смятонаўскай Літве. Аднак нават такое супастаўленне павінна было выклікаць у беларускага чытача станоўчую рэакцыю. Гаворачы пра тое, што літоўскі народ у адрозненне ад насельніцтва Заходняй Беларусі дабіўся нацыянальнай незалежнасці, што ў яго ёсць і ўласны універсітэт, і болып сотні сваіх часопісаў, Цыцэнас падводзіў чытача да думкі, што беларусам і літоўцам ва ўмовах санацыйнай Полынчы жывецца дрэнна, што трэба шукаць нейкі вьіхад». Вядома, смятонаўская дзяржава не была ідэальная, але захаванню нацыі і развіццю літоўскай культуры яна спрыяла куды больш, чым сталінская мясарубка, у якую трохі пазней трапіла Літва і ў якой ужо знаходзілася (1938 год!) Беларусь Савецкая.
Дарэчы, упершыню ў беларускай савецкай навуцы кніга А. Мальдзіса і А. Лапінскене абагульняе даробак нацыянальна-культурнай працы беларусаў міжваеннай Літвы, Міністэрства беларускіх спраў Літвы. Вяртаюцца ў навуковы ўжытак і ў культурнае асяроддзе імёны К. Дуж-Душэўскага, А. Смаленца. Калі кніга рыхтавалася да друку, яшчэ існавалі праблемы вакол імя В. Ластоўскага, і тым больш істотна, што тут ідзецца пра яго дзейнасць у ковенскай эміграцыі да выезду ў БССР і трагічнай смерці ад рук сталіністаў. Шкада толькі, што ні словам не ўзгадваецца праца, выдадзеная В. Ластоўскім у Коўне — «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі». Дасюль гэтая фундаментальная высокапрафесійная праца — неадменны спадарожнік беларускага мовазнаўцы і даследчыка літаратуры. Між іншым, вокладка кнігі выканана рускім мастаком М. Дабужынскім, які аддаў шмат гадоў жыцця Беларусі і Літве і нават распрацоўваў праект нацыянальнага сцяга Літвы.
3 раздзелу «Маці мая, Беларусь!» шмат каму будзе цікава даведацца пра літоўскую літаратуру ў міжваеннай БССР. Факты багатага, разнастайнага культурнага жыцця літоўцаў-перасяленцаў, а таксама палітычных эмігрантаў сведчаць, як у 20-я гады палітыка беларусізацыі спалучалася з захаваннем і развіццём культур нацыянальных меншасцяў, з фактычнай рэалізацыяй прынцыпу нацыянальна-культурнай аўтаноміі. Свая прэса, радыёперадачы, чатырнаццаць школ, кнігавыдавецкая дзейнасць, клубы, акадэмічная і пісьменніцкая секцыі забяспечвалі на пэўны час і да nayHaft ступені магчымасць самавыяўлення літоўскіх 250
талентаў на беларускай зямлі. У нас працавалі паэты, пісьменнікі, перакладчыкі А. Дабулявічус, В. Скардзіс, Б. Паўлюкявічус, А. Мяркітэ, Ф. Содайніс, іншыя. Безумоўна, літаратурныя дасягненні шмат каго з гэтых аўтараў варта ацэньваць у кантэксце традыцый беларускай савецкай літаратуры таго часу, «іх лірычны герой — новы савецкі чалавек, які выходзіць у поле са шчаслівай песняй» з прычыны калектывізацыі ў літоўскіх вёсках БССР. У кнізе паведамляецца, што дбаннем, між іншым, В. Міцкявічуса-Капсукаса (у свой час аднаго з «айцоў» буфернай Літоўска-Беларускай ССР, дзе ў якасці афіцыйных гучалі толькі расейская ды польская мовы) былі зламаныя нясмелыя спробы адкласці калектывізацыю ў літоўскіх вёсках з прычыны спецыфікі нацыянальнай псіхалогіі.
Фінал гісторыі літоўскай літаратуры ў БССР змрочны: большасць пісьменнікаў, як, зрэшты, і літоўскіх вучоных, і грамадскіх дзеячаў, былі знішчаны ў сталінскіх катавальнях. Пра гэта паведамляюць аўтары «Перазоваў». У сутарэннях ГПУ, у сібірскіх лагерах гінулі, ляжаць у далёкай зямлі поруч беларусы і літоўцы. Нам не ўпершыню давялося запаўняць супольны мартыралог, схіляць галаву перад супольнымі некропалямі. На віленскіх могілках Роса пахаваныя беларускія пісьменнікі Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі), Казімер Сваяк (К. Стэповіч), Улад-Ініцкі (У. Паўлюкоўскі). Іхнія магілы, як і суседнія магілы М. К. Чурлёніса, Е. Басанавічуса, адчуваюць дотык цёплых рук, яны прыбраныя. На іх — кветкі. Гэтай апошняй радасці пазбаўлены літоўскія пісьменнікі, што трапілі разам з усім сваім народам у 1940 годзе ў страшныя жорны і закапаныя ў брацкіх магілах пад Чэрвенем. У чэрвені 1941 года сталіністы расстралялі тут менчукоў і прывезеных з Літвы грамадзян, у іх ліку — пісьменнікаў Казіса Бізаўскаса, П. Купчунаса, П. Бальчунаса, пісьменніка, сына выдатнага мовазнаўцы Е. Яблонскіса — Енаса.
Мы ведаем пра гэта з чэрвеньскай публікацыі 1988 года ў газеце «Гімтасіс Краштас». I, зразумела, з напружаннем успрымаем ідылічную танальнасць раздзела кнігі пад назвай «У адзінай сям’і», прысвечанага ўваходжанню Літвы ў склад СССР. Пачынаючы ад застаўкі, на якой намаляваная постаць у літоўскім нацыянальным строі з кніжкай ва ўзнятай руцэ
на фоне Крамля і ўзброеных людзей — і сканчаючы ўспамінамі П. Броўкі («Мы чакалі вас, дарагія сябры»,— казаў у хвіліну сяброўскай шчырасці Пятрас Цвірка Янку Купалу),— шмат чаго ў гэтым раздзеле выклікае дваістае пачуццё.
Чатыры заключныя раздзелы кнігі прысвечаны гісторыі кантактаў нашых літаратур у пасляваенны час і належаць пяру Альмы Лапінскене. Яна сабрала — практычна вычарпальна — матэрыялы пра гэтыя кантакты, прафесійна прааналізавала развіццё ўзаемаперакладу. Хроніка Тыдняў і Дзён беларускай і літоўскай літаратур, абмен нумарамі «тоўстых» часопісаў, бібліяграфія перакладаў, здавалася б, павінны былі сведчыць пра шчыльныя духоўныя сувязі. Гэта, на жаль, перабольшанне. Перш за ўсё, і гэта адзначае А. Лапінскене, па колькасці ўзаемаперакладаў з літоўскай і на літоўскую нашую літаратуру апярэдзілі латышская, украінская, эстонская. Шмат якія беларускія літаратары прысягаюць у любові да Літвы (як, зрэшты, і літоўскія — да Беларусі), тыражуючы штампаваныя вобразы; гэтыя вершы «ахвотна друкуюцца і дэкламуюцца ў час розных Дэкад, Тыдняў і Дзён дружбы». Нам далікатна намякаюць, што болып дзейсная сімпатыя, увасобленая ў канкрэтную справу, прыкладам, у асваенне мовы. Цытаваць няёмка: «Пераклад з арыгінала, без падрадкоўніка — самы ідэальны. Сярод калектыву, які рыхтаваў анталогію, гэты спосаб быў даступны аднаму Алесю Разанаву... Усяго над анталогіяй працавалі 48 перакладчыкаў» (гаворка пра двухтомную анталогію «Літоўская савецкая паэзія» 1977 г.). На шматлікіх прыкладах Лапінскене даказвае, што праз мутнае шкло падрадкоўніка нельга разгледзець сапраўдны колер суседняе зоркі. Цяжкія для перакладу вершы Саламеі Нярыс загучалі па-беларуску ў поўную моц толькі ў Разанава, які глыбока ведае ды інтуітыўна адчувае літоўскую мову, літоўскае пісьменства: «Па яго словах, у літоўскай мове ёсць таемная глыбіня, нешта непахіснае і спакойнае, што цяжка паддаецца перадачы».