З гісторыяй на «Вы» выпуск 2
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 351с.
Мінск 1994
культура ў княстве ўзнялася на адзін «парадак» вышэй... I вось, нібы ў адказ, у 1522—1527 гадах ствараецца «Кроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Хоць Кроніка была напісаная па-старабеларуску, аднак, уважае Мальдзіс, мела палітычныя мэты, «літоўскія па сваёй нацыянальнай сутнасці». Аўтар даводзіць уплыў друкаванага слова Скарыны на літоўскіх першадрукароў Марцінаса Мажвідаса і Мікалоюса Даўкшу. «Сваім вялікім патрыятычным і гуманістычным зарадам выданні беларускага першадрукара садзейнічалі рашучаму павароту да народных моў прадстаўнікоў іншых народаў, што насялялі Вялікае княства Літоўскае. Скарына стаіць ля калыскі не толькі беларускага, але і літоўскага кнігадрукавання, плённых літаратурных сувязей двух народаў-суседзяў ».
Кніга развейвае многія распаўсюджаныя ў беларускай масавай свядомасці міфы. Хоць тут і пішуць пра «прышлых польскіх землеўладальнікаў» (паводле закону ў Княстве іншаземцам забаранялася набываць зямлю), але затое ёсць цікавая ўскосная характарыстыка Радзівілаў, якіх сёй-той па-ранейшаму лічыць «літоўскімі прыгнятальнікамі беларускага народа». Князі хутчэй за ўсё балцкага паходжання, нясвіжскія Радзівілы, да перыяду паланізацыі карысталіся беларускаю мовай (пра гета сведчыць творчасць іхніх дворскіх паэтаў); Мальдзіс паведамляе пра ўпартую барацьбу з Радзівіламі літоўскага патрыёта Гаштольда. Інакш кажучы, Радзівілы былі для Гаштольда носьбітамі беларускай ідэі.
Уражвае перапляценне гістарычных лёсаў нашых народаў, увасобленае ў долі канкрэтных людзей ды іхніх сем’яў. Большасць сярэднявечных дзеячоў літоўскае культуры добра валодалі дзяржаўнаю старабеларускаю моваю. Ужо ў XX стагоддзі нямала беларуска-літоўскіх сем’яў стварылі выдатныя дзеячы абедзвюх культураў. Прыгадаем паэтку Алаізу Пашкевічанку (Цётку), мужам якой стаў лідэр літоўскай сацыял-дэмакратыі Сцяпас Кайрыс. Жонкай знакамітага пісьменніка, вучонага і палітыка Вацлава Ластоўскага была Марыя Ластоўская-Ластаўскене, якая пісала з сястрой Сафіяй пад псеўданімам Лаздзіну Пяледа. Мужам і жонкаю былі заходнебеларускі — віленскі — публіцыст, рэдактар часопіса «Калосьсе» Янка Шутовіч і паэтка Она Міцютэ. Кожная такая
сям’я станавілася — дзякуючы сяброўскім сувязям з інтэлігенцыяй абодвух народаў — своеасаблівым магнітам, што прыцягваў беларускіх і літоўскіх культурных дзеячаў. Зазірнуўшы «на цяпельца» да Ластоўскіх, знаёміліся паміж сабой пісьменнікі, мастакі, кампазітары двух народаў.
На дзвюх мовах пісалі Людас Гіра, Она Міцютэ, з беларусаў — Алесь Смаленец (Ружанец-Ружанцоў). Людас Гіра пачаў пісаць па-беларуску пад уплывам Купалы. У сваю чаргу літоўскі пісьменнік і крытык, прадстаўнік, як піша Мальдзіс, «літаратуры, якая тады ўжо на адно пакаленне, на адзін «парадак» была старэйшая», дапамог Купалу пазбавіцца залішняй рытарычнасці, выявіць усе грані свайго таленту. Шкада, што няма згадак пра беларускую дзейнасць аднаго з літоўскіх «абуджальнікаў» Енаса Басанавічуса — Яна Басановіча; пра сімвалічную долю трох братоў з Лідчыны, адзін з якіх — інжынер-хімік, публіцыст Вацлаў Іваноўскі — стаў ля вытокаў беларускага нацыянальнага руху, другі брат Тадас Іванаўскас — увайшоў у гісторыю як выдатны літоўскі біёлаг, ну а трэці пайшоў у Войска Польскае, дзе даслужыўся да высокіх чыноў. Шчыра кажучы, нязвыкла сёння ўспрымаецца інфармацыя пра такое ўзаемапранікненне беларускай і літоўскай культур, пра іх спалучэнне ў адной творчай асобе ці адной сям’і. Бо цяпер для пераважнае большасці маіх суайчыннікаў Літва стала чымсьці няўлоўна далёкім; нягледзячы на блізкасць геаграфічную, аддалілася духоўна. Есць гэтаму суб’ектыўныя і аб’ектыўныя прычыны.
Так, палітычная гісторыя нашых народаў пайшла ў розных кірунках з 1918 года, калі літоўцы стварылі сваю незалежную дзяржаўнасць. (Між іншым, Маніфест аб незалежнасці Літоўскай рэспублікі, рызыкуючы трапіць у рукі да нямецкіх акупантаў, друкаваў той самы Марцін Кухта, перадсмяротную ўдзячнасць якому за адзіную сваю прыжыццёвую кнігу «Вянок» паспеў выказаць у апошнім чатырохрадкоўі Максім Багдановіч.) Але гісторыя культур, больш ByeKa — літаратур, мела свае асаблівасці заўсёды, і, пэўна, гэтыя асаблівасці нейкім чынам выявіліся ў гісторыі нашых народаў у XX стагоддзі. Несумненна, што літоўцы ўвайшлі ў гэтае жахлівае і бесчалавечнае стагоддзе болып падрыхтаваныя да барацьбы за ўласнае фізічнае і духоўнае выжыванне, чым мы.
Кніга А. Лапінскене і А. Мальдзіса сур’ёзна дапамагае пераадолець кляты наш беларускі комплекс культурна-гістарычнае непаўнавартасці. Доўгія вякі адсутнасці суверэнітэту, палітыка ідэалагічнай і культурнай каланізацыі, якую вялі то Польшча, то Расія, паспяхова адвучвалі нас арыентавацца ў пакоях і калідорах, вокнах і дзвярах роднага еўрапейскага дома.
Беларусь — усходняя мяжа каталіцтва і заходняя — праваслаўя. Сярэдзіна. Гісторыкі, культуролагі вылучаюць рэгіён Сярэдняй (Цэнтральна-Усходняй) Еўропы не толькі і не гэтулькі з геаграфічнага пункту гледжання, колькі з культурна-гістарычнага. «Вынік апошняй хвалі раннесярэднявечнага перасялення народаў і больш позніх тысячагадовых заваёў, каланізацый і нацыянальнай барацьбы, такое мноства нацыянальных груп і моўных супольнасцяў у гэтым рэгіёне — непераўзыдзенае ў астатняй Еўропе»,— пісаў знакаміты англійскі славіст Робэрт Оты.
Яго дапаўняе чэшскі філосаф і публіцыст Мілан Кундэра ў сваёй працы « Адсечаны Захад» : «Што такое Сярэдняя Еўропа? Зона малых нацый паміж Германіяй і Расіяй ... Малая — гэта такая нацыя, існаванне якой у кожны момант можа завіснуць на валаску, якая можа знікнуць і ведае гэта. Французы, расейцы або ангельцы не задаюць сабе пытання, ці ацалее іхняя нацыя...
Сярэдняя Еўропа, айчына малых нацыяў, стварыла ўласны светапогляд, заснаваны на глыбокім недаверы да гісторыі. Багіня Гісторыі Гегеля і Маркса, увасабленне Розуму, што судзіць і вызначае наш шлях,— гэта гісторыя пераможцаў. А нацыі Сярэдняй Еўропы — не пераможцы. Неаддзельныя ад гісторыі ўсёй Еўропы і не здольныя без яе жыць, яны, ахвяры і аўтсайдэры, сталі нібы адваротным бокам гэтае гісторыі. Арыгінальнасць і мудрасць іхніх культур вынікае з поўнага расчараванняў гістарычнага досведу».
Разлеглая тэрыторыя ад Балтыкі да Чорнага і Адрыятычнага мораў, падзеленая ў свой час паміж Расейскай, Асманскай, Аўстра-Вугорскай і Прускай імперыямі, з канца XVIII і да XX стагоддзя перажыла дзівоснае адраджэнне бабілонскае . шматкалёрнасці моваў і культур — ад Эстоніі да Грэцыі, ад Чэхіі да Украіны. Імперыі рассыпаліся, і картографы падбіралі новыя фарбы для толькі што абвешчаных вольных Айчынаў. Сцягам барацьбы за нацыянальнае
вызваленне паўсюль было роднае слова. Адны нацыі Сярэдняй Еўропы набылі большую ўпэўненасць у будучыні, другія па-ранейшаму поўныя недаверу да бязлітаснай гісторыі — да гэтай групы можна аднесці і беларусаў. На жаль, клішыраваны вобраз добрай маткі — імперыі, акружанай удзячна прысмактанымі дзіцяняткамі — «нацыянальнымі ўскраінамі», не развеяўся, а толькі перайначыўся ў канцэпцыю «моцнага цэнтру». Канцэпцыя «працуе» і ў культуры. У «нацыянальнай», г. зн. нерасейскай школе расейская мова — абавязковы прадмет, а ў расейскай школе, нават калі яна на зямлі іншага народа,— вывучэнне мовы гэтага народа неабавязковае. У беларускіх школах на вывучэнне «літаратуры народаў СССР» г. зн. зноў жа «нерасейскіх літаратур») адведзена чатыры гадзіны, прычым у курсе расейскае літаратуры, на расейскай жа мове. Чатыры гадзіны на Шаўчэнку і Нізамі, Райніса і Руставелі, на Данялайціса і Майроніса ... Куды ўжо тут да Майроніса!...
Такая вось «культурная» палітыка шмат у чым ёсць дапушчэнне культурнае лучнасці паміж народамі, у тым ліку і суседнімі, толькі пры пасярэдніцтве «цэнтру». Свет быў падзелены на ячэйкі з ідэалагічнымі цэтлікамі. Літва трапіла ў «Прыбалтыку», а нашая традыцыйная шчырасць, гатоўнасць успрымаць каштоўнасці і дзяліцца імі замкнулася на ўсходзе. He дзіва, што ў масавай свядомасці беларусаў аказалася амаль сцёртаю памяць пра тысячагадовае гістарычнае адзінства з літоўцамі, пра шчыльныя сувязі з іншымі нашымі суседзямі (між іншым, таму калі-нікалі знаходзяць спрыяльную глебу пушчаныя бюракратыяй правакацыйныя чуткі, мэта якіх — распаліць недавер паміж беларусамі і літоўцамі). Але адзіны паратунак для нашай культуры, мовы, значыць, і для народа,— гэта ўсведамленне сябе нармальнай нацыяй.
Вельмі падобныя шляхі беларускай і літоўскай літаратур у XIX стагоддзі, калі нашыя народы апынуліся ў складзе імперыі. Абедзве літаратуры, як піша Мальдзіс, «канчаткова сталі свецкімі па змесце і народна-размоўнымі па форме. Падобнымі былі шляхі іх развіцця: ад пераадолення класіцысцкай зададзенасці да рамантычнага захаплення ўсім народным і фальклорным, а потым, у другой палавіне стагоддзя,— да рэалістычнага адлюстравання рэчаіснасці. Аднолькавымі былі і задачы беларускіх і літоускіх пісьмен-
нікаў: выхадцы, як правіла, з асяроддзя дробнай, апалячанай шляхты, яны павінны былі пераадолець саслоўныя забабоны, арыентавацца пераважна на селяніна, які тады з’яўляўся галоўным носьбітам нацыянальнай мовы. Гэтым абумоўлены і сіла і слабасць абедзвюх літаратур у XIX ст.».
Афармленне новых беларускай і літоўскай літаратур спрыяла размежаванню ў грамадскай свядомасці двух «літоўскіх» народаў, замацоўвала ва ўжыванні тэрмін «Беларусь», хоць, як нагадваюць аўтары, і Вінцук Дунін-Марцінкевіч, і Уладзіслаў Сыракомля лічылі сябе «ліцвінамі».
Многія літоўскія літаратары, падобна як іхнія беларускія калегі, перш чым прыйсці да ўсведамлення сябе сынамі свайго народа, пісалі па-польску. Гэта — Ян Баршчэўскі і Антанас Клементас, Ян Чачот і Сіманас Станявічус; у творчасці гэтых беларускіх і літоўскіх пачынальнікаў аўтары заўважаюць і тыпалагічнае падабенства. Магутны ўплыў А. Міцкевіча, ідэі віленскіх гурткоў філаматаў і філарэтаў зведалі абедзве літаратуры; досвед вялікага Адама, беларуса па нараджэнні, які айчынай назваў «Літву», па-свойму выявіўся ў кожнай з іх. Натхнёны эпічным размахам і глыбінёй «Пана Тадэвуша», Антанас Баранаўскас піша патрыятычную паэму «Анікшчайскі бор». Наш Дунін-Марцінкевіч узяўся за пераклад на родную мову самога «Пана Тадэвуша». Адметнасць літаратурных традыцый двух народаў у XIX стагоддзі Мальдзіс бачыць у жанравых асаблівасцях. Прыкладам — хоць літоўская проза і зарадзілася раней — выяўляецца, што да ўзнікнення першага яе значнага твора спрычыніўся беларус. (У 1823 годзе на літоўскую была перакладзена аповесць польскамоўнага менскага літаратара Яна Ходзькі). Безумоўна, вывела літоўскую культуру на новы ўзровень і легальная перыёдыка XIX стагоддзя: тое, чаго, на жаль, яшчэ не было ў нас. Адной з прычын болып актыўнага развіцця літоўскай культуры ў XIX ст. А. Мальдзіс лічыць тое, што «царскія ўлады глядзелі на літоўскі нацыянальна-культурны рух куды больш прыхільна, чым на беларускі, імкнуліся выкарыстаць гэты рух у барацьбе з польскімі тэндэнцыямі». У сваю чаргу, арыгінальнаю беларускаю з’яваю сталі сатырычныя ананімныя паэмы, раней адбылося станаўленне беларускай драматургіі. Але відавочна, і гэта пацвярджае Мальдзіс, што нашай