З гісторыяй на «Вы» выпуск 2
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 351с.
Мінск 1994
Так склалася, што над эталонам герба ў асноўным працавалі Яўген Кулік і Уладзімір Крукоўскі. Эталон сцяга з навершшам распрацаваў Мікола Купава. У працэсе працы каштоўныя парады і кансультацыі аўтары атрымалі ад вядомых беларускіх графікаў Арлена Кашкурэвіча і Уладзіміра Лукашыка, а таксама сябра нашай Камісіі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай сйадчыны архітэктара, народнага дэпутата Лявона Зданевіча. Камісія шчыра дзякуе ім, а таксама ўсім, хто застаўся неабыякавы да нашай працы.
Была і такая крытыка, у якой аўтары падвяргалі сумненню асобныя дэталі эталона дзяржаўнага герба. Шмат заўваг было выказана па форме крыжа на шчыце вершніка. Частка чытачоў «ЛіМа» і «Чырвонай Змены» чамусьці аднесла самую старажытную выяву хрысціянскага крыжа на Беларусі (давайце ўспомнім крыж Еўфрасінні Полацкай) толькі да праваслаўнай
сімволікі, забываючы пры гэтым, што выява патрыяршага крыжа была вядома задоўга да падзелу хрысціянства на католікаў і праваслаўных, і таму невыпадкова шануецца славакамі, якія належаць да каталіцкай канфесіі.
Шмат каму не падабаецца і выява каня. Як не згадаць тут думку В. Занежанкава (гл. «Чырвоную Змену» 27.02—02.03.1992), які піша, што «нехлямяжыя беларусы пасадзілі рыцара на калгаснага лашака і кажуць, што гэта наш герб...». Самае цікавае, што нашы «калгасныя лашакі», якія так не падабаюцца некаторым гараджанам, вядуць радавод менавіта ад рыцарскіх коней, ад тых «грозных коней», пра якіх пісаў Максім Багдановіч. Так, мастакі на нашым гербе намалявалі бургундска-фламандскі тып каня, уласцівы для еўрапейскага рыцарства XIV — першай паловы XVI стст. Дарэчы, менавіта такі конскі тып адлюстраваны на гербе БНР у 1918 годзе.
Пасля таго як у Еўропе пашырылася агнястрэльная зброя, рыцары і шляхта пераселі на лёгкіх коней, якія маюць іспанскі радавод, а сваіх баявых сяброў аддалі сялянам. Таму сучасныя конскія пароды першэроны і брабансоны, якія, на шчасце, захаваліся ў нашых вяскоўцаў, нягледзячы на хрушчоўскую экспрапрыяцыю, паходзяць якраз ад тых баявых коней, на якіх баранілі Беларусь Давід Гарадзенскі і Канстанцін Астрожскі.
Найбольш слушная заўвага была выказана на старонках «ЛіМа» спадаром Ю. Копцікам («ЛіМ», 31 студзеня 1992 г.), які прапануе ў адпаведнасці з законамі геральдыкі зрабіць шчыт у вершніка чырвонага колеру. Так, большасць вядомых нам гербаў пабудаваны менавіта па такім прынцыпе, аднак ёсць і выключэнні. I мы мусілі пайсці на яго, бо чырвоны шчыт на чырвоным фоне развальвае каляровую еднасць герба. Гэта адчувалі і нашы продкі, якія, пачынаючы з XVI стагоддзя, часам змяшчалі залаты крыж на шчыце сіняга колеру. Па гэтым шляху пайшлі і нашы літоўскія суседзі, якія 4 верасня 1991 года змянілі эталон свайго дзяржаўнага герба і чырвоны фон шчыта замянілі на сіні.
Мы зыходзілі з таго, што ў старажытным апісанні «Пагоні» ўжываліся толькі два колеры, белы конь і вершнік на чырвоным фоне. Пра колер шчыта ў старажытных хроніках нічога не сказана, а тым больш няма ні слова пра сіні фон для шчыта. Таму, каб захаваць
гістарычную праўду і захаваць каляровую еднасць герба, было вырашана змясціць выяву залатога шасціканцовага крыжа на срэбным (белым) шчыце.
Былі пэўныя спрэчкі і ў снежні 1991 года, калі прымаліся палажэнні «Аб дзяржаўным сцягу« і «Аб дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь». Народныя дэпутаты ўнеслі канкрэтныя прапановы аб выкарыстанні нашага сцяга вайсковымі фармаваннямі Рэспублікі Беларусь, а таксама быў уключаны пункт аб тым, каб у пакоі, дзе народны дэпутат стала прымае выбаршчыкаў, заўжды прысутнічаў бел-чырвона-белы сцяг.
Наконт эталону герба «Пагоня» істотных спрэчак не было. Трэба адзначыць, што газеты «Чырвоная Змена» і «Народная газета» зрабілі памылку, паведаміўшы, што народныя дэпутаты ад ветэранскай арганізацыі выказалі незадавальненне крыжам на гербе. Справа ішла не аб гербе, а аб форме металічнага навершша на сцяг для ўрачыстага яго выкарыстання. Дэпутат Жураўлёў прапанаваў свой варыянт навершша, але большасцю галасоў прайшоў эскіз навершніка ромбападобнай формы, з выявай крыжа, аналагічнай крыжу на Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь.
Пасля прыняцця гэтых палажэнняў 10 і 11 снежня 1991 года ў дыскусіі пра дзяржаўную сімволіку незалежнай Беларусі была пастаўлена апошняя кропка.
1992
РЫГОР БАРАДУЛІН
УНУЧКА ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ, АБО ЗЭК № 0-287
Гордая, няскораная, панавітая. Гэта Ларыса, дачка Антона, Геніюш. У жыцці, як і ў паэзіі, важна, чыім спадкаемцам, чыім спадчыннікам адчувае і лічыць сябе чалавек, творца. Геніюш адчувала сябе крывінкай крывіцкага роду, нашчадніцай вялікага Адраджэнца, што быў са слаўнага места Полацкага. У вершы «Бывай» у 1942 годзе паэтка пісала:
За прыязні даўняй адзнакі, за кожнага нашага сына — прымі сёння, Прага, падзяку ад ўнучкі Францішка Скарыны!
Хочацца адразу патлумачыць, што сын тут не для рыфмы. Так і рупіць даць слова самой Геніюш:
«У Ліцьве, у Коўне, спыніўся Урад БНР у дваццатых гадох, які пасьля запрасілі да сябе Чэхі, адначасова прызначыўшы беларусам, як і інш. славянам, дзяржаўныя пенсіі для студэнтаў. Беларусы высылалі нелегальна сваіх сыноў, пераважна абсальвэнтаў бел. гімназіі, па навуку ў Прагу... У Вільні была Бел. Школьная Рада, гдзе працаваў Тарашкевіч і Грыневіч, якія перспэктыўным студэнтам давалі посьвядку ад Школьнай Рады, якая была як пропуск у Чэхаславаччыну. Дзеячы благаслаўлялі моладзь на навуку і бралі ад кожнага забавязаньне, што, атрымаўшы асьвету, кожны беларус выдасьць кніжку на роднай мове па сьпецыяльнасьці і дасьць за свой кошт асьвету аднаму сваяму суайчыньніку».
У думках перакідваюся ў нашыя дні. У каго спытацца, хто нараіць, куды мае ехаць сучасны малады беларус, каб набыць адукацыю ў беларускасці? Кранаюць дэталі Споведзі паэткі. I колеры, і пахі даўніны захавала памяць: «Мяшок на вяровачцы праз плечы, у рагох дзьве бульбіны, каб вяроўка не коўзала, даўгія боты, кашуля хатняя — у такім выглядзе трапіў мой муж у Эўропу».
Вершам помняцца мілыя драбязінкі сялянскага побыту, бо паэтка падкрэслівае, што яна сялянка.
Нехта быдла з дубовага поіць карыта, Ля драўлянае студні рыпіць журавель. А ў вадзе адбіваецца неба блакітам і палошчуць аблокі пушаную бель.
Трэба быць знаёмай з канём не па малюнках, каб пачуць і ўбачыць:
..конь заржаў у стайні і раздувае храпаю авёс.
Бо і на схіле лёсу прыгадаецца: «...пашле мяне тата з вазамі канюшыны ў Ваўкавыск, іду за вазамі сабе ноччу, бо коням цяжка...»
Відаць, толькі чыстай душы дадзена адчуць, як «пралеска раскрылася ў жмені».
Гэта не кідзістая фраза, гэта выцерплена, вьігаравана, выбалена: «памяць не нябожчьік і не ёй сатлець». Памяць не дазваляла нічога забыцца: «Амаль непрытомную завяла мяне надзорка ў пакой, дзе разьдзела дагала, шукаючы агнястрэльнай зброі ў складках цела, і так пасьля кінула ў камеру, паказаўшы мне ложак жалезны ў кутку. Я ўпала на калені, і ў душы маёй быў Бог, сын і боль...»
Як верш з Евангелля, толькі Евангелля жаху гучаць апошнія словы. Споведзь — гэта жыццё святой пакутніцы за беларускасць, за Беларусь — Ларысы Геніюш.
Праходзячы ўсе кругі пекла ГУЛАГА, такую сабе самой склала анкету: «У градацыі савецкай я на ніжэйшай перакладзінцы: 1 — беларуска, 2 — паэтка непаслухмяная, 3 — «кулацкое отродье», 4 — зэк!!! 5 — хрысьціянка, якая верыць і не баіцца! 6 — сын у Польшчы, 7 — сябры на цэлым сьвеце, 8 — сьмяротна вінаватая за тэстамент... па ўсіх гэтых пунктах адзін жах. Хоць ты не жыві на сьвеце, а я яшчэ нейк жыву. Жыву і сама дзіўлюся гэтаму».
Тут усе пункты зразумелыя, можа, толькі трэба праясніць восьмы. У канцы 1937 года Геніюш з маленькім сынком Юркам прыязджае ў Прагу. Знаёміцца з беларускім студэнцтвам, з сябрамі ўрада БНР. Прэзідэнт Беларускай Народнай Рэспублікі Васіль Захарка пад час вайны, паміраючы — бо і ў Празе яўна дапамагалі ягонай смерці кэдэбісцкія саколікі — у тэстаменце назначыў Прэзідэнтам Беларускай Народнай Рэспублікі Міколу Абрамчыка, Ларысу Геніюш — Генеральным Сакратаром БНР. Пазней, калі сталінскія ўлады выкрадуць падданку Чэхаславаччыны Ларысу Геніюш і выкажуць ёй такую пашану, што сам сталінскі халуй, крывавы Цанава запатрабуе ў Генеральнага сакратара архіў БНР, пачуе па-мужчынску цвёрды, па-беларуску горды адказ: «Бяз волі Божай волас мне з галавы не ўпадзе, і я вас не баюся».
У 70-я гады, калі ездзілі мы з Уладзімірам Караткевічам у Зэльву да апальнай паэткі, чуў я роспаведзь Ларысы Антонаўны і пра Васіля Захарку, і пра архіў БНР і пра пячатку, якую перадаў ёй прэзідэнт, а яна яе пацалавала. Распавядала (толькі не ў хаце, бо там і сапраўды сцены вушы мелі), як ад’язджала з Мінска, як паляваў за ёй і сябрамі ейнымі кэдэбіст. Але ўсё казалася паўшэптам, падтэкстам, з азіраннем. He ўсё тады і ўспрымалася. Цяпер, калі прачытаў Споведзь, якую пісала з. поўнай магчымасцю зноў наведаць архіпелаг ГУЛАГ, зразумеў, што чуў частку нашай гісторыі з першых вуснаў. Прыкра, што ўжо ў нашыя дні выходзяць матэрыялы пра Ларысу Геніюш, дзе ёй навязваецца вітанне фюрэра, у адносінах да Васіля Захаркі прымяняецца марксісцка-ленінскі, каб не казаць іншы, метад знявагі: слова прэзідэнт бярэцца ў двукоссе. Гэтак жа можа здарыцца пры наборы, што слова даследчык набяруць як дасьетчык. А дасье амаль на ўсіх мае пэўная арганізацыя і публікацыі давярае толькі сваім людзям.
Няварта, скажам, укладаючы зборнік паэткі, уключаць у яго вершы, што пісаліся як пэўны імгненны водгук, і ў той жа час не ўключаць вершаў біблейскага характару. (Маю на ўвазе кнігу паэзіі «Белы сон», дзе яўна вылузваецца, напрыклад, верш «Уладзіміру Кавалёнку».)
Верш «...Цішыня, я крыху ў задуменні» мае ўнізе тлумачэнне: (VIII з’езду пісыменнікаў Беларусі, 1981).
Верш лірычны, не традыцыйна-савецкі, абавязкова з вітаннямі і клічнікамі.
На гэтым з’ездзе апошні раз бачыў я Ларысу Геніюш. Праходзіла гэтае традыцыйна-алілуйнае мерапрыемства з абавязковым сядзеннем у прэзідьіуме кіраўнікоў партыі і ўрада, прытым нехта з іх чытаў прывітанне, аддрукаванае на беларускай мове (хоць у ЦК не было ніводнай машынкі з беларускім шрыфтом), чытаў з такім вымаўленнем, нібыта ўпершыню даводзіцца мучыцца на гэтай непатрэбнай партыі мове.
Праходзіў з’езд у Палацы прафсаюзаў. Нясмела зайшла Ларыса Антонаўна ў залу, шукаючы недзе месца ў апошніх радах. Прапанаваў сесці. Яна адразу спыталася, ці не баюся, што яна можа мне папсаваць рэпутацыю, бо не дэлагатка з’езда, без савецкага грамадзянства. Мне было прыемна чуць ад яе не традыцыйнае таварыш, а беларускае — сябра. Сказала, што паслала мой зборнік вершаў туды, да сваіх сяброў. Тады гэтае туды яшчэ аддавала халадком. У перапьінку збегаў я да адказнага сакратара СП (у тыя часіны гэтыя дзве літары азначалі Саюз пісьменнікаў, цяпер — ужо сумеснае прадпрыемства), якога пазней называлі кілбасным сакратаром, бо ў СП з’явіўся прадвеснік светлай будучыні — стол заказаў, дзе песнярам у адпаведнасці са становішчам выдавалі харчы. Ен даў загад дзяўчаткам, якія вялі ўлік і ўсе фармальнасці прадпрыемства, выдаць паэтцы Ларысе Геніюш папку, дзе была ціснена памятка пра важную вяху ў развіцці роднай літаратуры, а ў папцьі — ручка, блакноцік і справаздачна-накіроўчыя матэрыялы. Прынёс я гэты падарунак ад дружнай сям'і літаратараў і ўручыў Ларысе Антонаўне. Міхась Чарняўскі сфатаграфаваў нас з Ларысай Геніюш: Дануту Бічэль-Загнетаву і мяне.