З гісторыяй на «Вы» выпуск 2
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 351с.
Мінск 1994
На сённяшні дзень ці не найвышэйшае дасягненне беларускай жывапіснай Скарыніяны — два палатны А. Марачкіна: «Пачатак. Францыск Скарына» (1976), і «Скарына і Парацэльс» (1990). Часам здаецца, што Скарына, які фактычна і быў заснавальнікам мастацкай Скарыніяны, нібыта спецыяльна паклапаціўся аб мастаках, змясціўшы ў сваёй «Бібліі» ўласны партрэт. Большасць сучасных партрэтаў Скарыны так ці інакш зыходзяць з яго. Здаецца, адзіны мастак, які маляваў
Скарыну, не азіраючыся на той славуты аўтапартрэт Першадрукара — італьянец Джакома Форна, аўтар фрэскавага партрэта Скарыны ў «зале Сарака» Падуанскага універсітэта (1942). Марачкін таксама пераадольвае выяўленчыя стэрэатыпы, стварае ў нечым нечаканы, але пераканаўчы адухоўлены вобраз Скарыны. Гэта тое, што называецца праўдай без верагоднасці. На палотнах нашага вядомага жывапісца Францыск Скарына паўстае як асоба, што сімвалізуе Час. Ен усведамляе сваю апостальскую місію — несці людзям Слова. Пры гэтым застаючыся звычайным чалавекам са штодзённымі клопатамі, надзеямі і сумневамі. Такімі малявалі святых беларускія інакапісцы.
Характарызуючы рэспубліканскую мастацкую экспазіцыю, прысвечаную 500-годдзю Скарыны, дазволю сабе выказаць думку: гэта апошняя маштабная выстава, якую ладзіць Саюз мастакоў Беларусі да юбілейнай даты. Невядома, ці будуць у будучым рэспубліканскія выставы, бо ўжо сёння Саюз мастакоў уяўляе сабою кангламерат суполак, сябры якіх прытрымліваюцца дыяметральна супрацьлеглых поглядаў і на мастацтва, і на палітыку. I сабраць іх пад адным тэматычным дахам будзе ўсё цяжэй і цяжэй. Ды і не трэба.
Хоць мастацтва на Беларусі па-ранейшаму мае аднаго «мецэната» — дзяржаву ў асобе Міністэрства культуры (таму выставы фактычна застаюцца ўрачыстым закрыццём дагавораў; тут галоўны герой не мастак і не глядач, а ацэначная камісія міністэрства), ды мы ўсё ж стаім на парозе рынку. Значыцца, прынцыпова зменіцца характар мастацкіх выстаў.
Падобна на тое, што эстафета асветніцтва пераходзіць ад мастакоў да гісторыкаў. «З’явіўся шэраг публікацый, дзе гісторыя Беларусі асвятляецца даволі аб’ектыўна, у любым выпадку аўтары абапіраюцца на логіку і здаровы сэнс, а не на «партыйнасць» і «класавыя інтарэсы». Будуць змены ў музейных экспазіцыях, у школьных і інстытуцкіх праграмах. Варта адзначыць, што ў цэлым адбор твораў у экспазіцыю быў даволі прынцыповы і строгі. Сярод удзельнікаў выставы шмат мастакоў, чые імёны ўжо самі па сабе ёсць гарант якасці.
А. Кашкурэвіч — адзін з тых, хто калісьці распачынаў на Беларусі «суровы стыль». Гэта была свайго роду рэвалюцыя ў выяўленчым мастацтве. Экспрэ-
сіўны штрых Кашкурэвіча цудоўна адлюстроўвае драматызм Скарынавай эпохі.
A. і М. Басалыгі, М. Купава шмат зрабілі для прапаганды беларускай гісторыі і культуры сродкамі мастацтва, для абуджэння нацыянальнай свядомасці. Асветніцкая мэта патрабавала і адпаведнай мастацкай формы, якая ў сённяшні «авангардны» час для некага падаецца «архаічнай», занадта ўжо рэалістычнай. Але ж гэта тая «архаіка», без якой і сённяшні дзень не мае сэнсу — архаіка крывіцкіх курганоў, наваградскіх пагоркаў, віленскіх вежаў, нясвіжскіх муроў.
Творчасць У. Савіча, гэта пераход «этнаграфізму», пад знакам якога прайшлі ў беларускім мастацтве 70-я — пачатак 80-х гадоў, у гістарызм. Мастак імкнецца не проста сведчыць сваімі творамі, што мы, беларусы, былі і ёсць, але асэнсоўвае кожны этап у гісторыі як адрэзак Вечнасці.
Калі на адным полюсе беларускага мастацтва пануе змрочны драматызм у стылі М. Савіцкага, дык на другім яго ўраўнаважвае жыццярадасная палітра А. Кішчанкі. Прычым у раннім перыядзе творчасці А. Кішчанкі таксама было досыць цёмных фарбаў. Шчаслівыя імгненні жыцця мастак шануе менавіта таму, што бачыў у жыцці ўсялякае... Адраджэнне, эпоха Скарыны ў разуменні мастака — гэта раніца Еўропы, шчаслівы, хоць і драматычны час.
У. Тоўсцік у сваіх творах спалучае рэаліі розных эпох, мясціны, паміж якіх тысячы вёрст. На ягоных палотнах, нібы на фотаздымку сямейнага альбома, людзі, якія былі, і людзі, якія ёсць. Рэальна існуючыя, і тыя, што жывуць толькі ў памяці. Скарынавы час для мастака такая ж рэальнасць, як і краявід, што ён бачыць з акна майстэрні.
Зрэшты, можна было б даволі доўга пералічваць мастакоў, дзякуючы якім у мінскім Палацы мастацтва адбылося ў Скарынавы год Скарынава свята. Шэраг з іх яшчэ не пераступілі «маладзёжную» ўзроставую мяжу, але творчая моладзь плённа ўплывае на культурны працэс у Беларусі. Гэта найперш маладыя графікі і скульптары — выхаванцы Беларускага тэатральнамастацкага інстытута. Сярод скульптараў многія прынялі ўдзел у конкурсе на помнік Першадрукару ў Мінску. Жывапісная школа на Беларусі пакуль што ў стадыі станаўлення... А ў манументальна-дэкаратыў-
ным жывапісе вялікія надзеі ўскладаюцца на выпускніка 1990 года А. Пушкіна. У ягонай дыпломнай рабоце, велізарным роспісе ў фае школы-інтэрната імя I. Ахрэмчыка, сярод іншых геніяў сусветнай цывілізацыі ёсць і постаць Скарыны.
Глыбокі сімвалічны сэнс у новай карціне вядомага майстра Г. Вашчанкі «Вяртанне». За сталом, засцеленым белым абрусам, сядзіць Скарына. Ен глядзіць убок, нібыта кагосьці чакае. На стале ляжыць кніга. Жанчына ў намітцы кладзе побач з кнігаю бохан свежавыпечанага хлеба. Хлеб і Кніга — госцю. Здаецца, зараз ён увойдзе ў хату і сядзе ў падрыхтаванае для яго крэсла. Хто ён? Беларус, наш сучаснік. Гэта нам пакінулі продкі Хлеб і Кнігу — Зямлю і Неба. Што застанецца пасля нас? Няўжо мы апошнія, хто разумее Скарынава слова без перакладу на якую-небудзь суседскую мову?
1991
СЯРГЕЙ КУПЦОЎ,
кандыдат філасофскіх навук
ЯК ЦЯЛЕ ВАЎКА ЗЛАВІЛА
Гістарычны экскурс у сучаснасць
Зпадручнікаў па філасофіі мы можам даведацца, што час (у адрозненне ад прасторы) з’яўляецца аднанакіраваным дый аднародным. Гэтая характарыстыка, адарваная ад свайго кантэксту, выглядае спрошчана. Аднак у дачыненні да агульнакасмічнага развіцця яна можа быць, безумоўна, прынятая. Любыя змяненні, рухі ў Сусвеце пакідаць яго самім сабою. Адпаведна кожны момант часу зліваецца з ягонай усеагульнай размеранай плынню, з новым касмічным станам.
Інакш у гісторыі, а тым больш у чалавечым жыцці. Тут ужо час можа імкліва несціся наперад, скакаць, вяртацца назад, цягнуць, як калёсы з рыпучымі коламі, у якія да таго ж запрэжаны стары дый аблянелы конь. Адным словам, Ч а с можа разыгрываць у гісторыі ды ў жыцці чалавека самыя разнастайныя й неверагодныя драмы, трагедыі ды камедыі. I як вядома, трагедыя, калі яна паўтараецца ў гісторыі двойчы, пераўтвараецца ў фарс. Адзін з фарсаў мы маем нагоду назіраць у сённяшніх падзеях. Толькі каб гэты фарс яшчэ не меў бы горкія дый сумныя перспектывы для Беларусі. Аднак пра іх пасля. А пакуль што пра некаторыя з’явы нашага вірлівага «ідэйнага» жыцця. Яны адметныя якраз тым, што адчуваеш, быццам апынуўся, прынамсі, у XIX стагоддзі.
На такі роздум наводзіць нарыс А. Салжаніцына «Как нам обустронть Россню». Ен напісаны
чалавекам, імя якога адносна доўга не сыходзіць з вуснаў найперш рускай інтэлігенцыі. Гэта, кажуць, новы Талстой (ці Дастаеўскі?) і найвыдатнейшы змагар за правы чалавека, і стваральнік сапраўднай рускай мовы. Ну і ўсё ў такім духу. Карацей, новы прарок, без якіх Расіі чамусьці і не абысціся. He гледзячы на пэўную з’едлівасць выказанага, я схільны паставіцца да гэткіх характарыстык з даверам.
Mae ўласныя думкі складаюцца ў іншым кірунку, вакол праблемаў беларускай, а не рускай культуры ды мовы. Таму я не магу адназначна выказвацца пра нешта за прадстаўнікоў рускай інтэлігенцыі. А вось Аляксандр Ісаевіч бачыць такое права за сабой: вызначаць сутнасць дый лёсы іншых нарчдаў ён лічыць натуральным. Апошняе, на маю думку, не проста небяскрыўдна, але і небяспечна, бо імя А. Салжаніцына ў ліку тых, што напісаны на сцягах сучаснай рускай дэмакратыі.
Сказанае патрабуе доказаў. Перш за ўсё на падставе названага нарыса. Аднак перш чым звярнуцца да яго, паспрабую вызначыць свае ўласныя тэарэтычныя пазіцыі, каб разважаць менавіта па светапоглядных асаблівасцях выказанага «нашым» прарокам.
Словы «камунізм», «марксізм» дый да таго падобныя выклікаюць у сучаснага масавага чытача свайго роду псіхалагічную алергію. Бывае, што той, хто ўкраў, мацней за іншых крычыць: «Ату яго!» Толькі каго?..
У мяне ўзнікаюць у гэткай сувязі і болып жорсткія асацыяцыі. Усё, што бачна сёння ў нашым сацыяльным жыцці, нагадвае паводзіны, падобныя да тых, якія мы можам назіраць у статку малпаў. Быццам бы і на людзей падобныя, а замест самастойных паводзін (для чалавека трэба было б яшчэ ўдакладніць: і самастойных думак) — адны крыўлянні па «вобразе» ды «падабенстве» кагосьці. Сказаў, што трэба з Леніным разабрацца — усе: трэба! Выбухнула ідэя, што ўсе нашы бядоты яшчэ Маркс з Энгельсам прыдумалі — ну і панеслася... Яшчэ згадайма, што ўсе няшчасці пайшлі ажно ад Адама ды Евы? Мужык сваю жонку недаглядзеў, дык яна пад уплывам д’ябла ў выглядзе змея і пасеяла на зямлі грэх...
«Блюзнерства!» — залямантуе хто-ніхто. Няхай сабе так. Толькі як ацаніць элементарную грамадсканавуковую непісьменнасць? Як ацаніць тое, што хто-небудзь кідаецца словамі ды вызначэннямі, як мячыкам,
не спрабуючы разабрацца ў сутнасці справы, а то й не зазіраючы ў творы людзей, пра якіх ідзе гаворка?
Я не бачу ніякай неабходнасці, ніякіх «аб’ектыўных абставін» адмаўляцца ад разумення марксізму як тэорыі, якая выпрацавана векавым пошукам ды векавымі пакутамі чалавецтва. Я магу пагадзіцца, што неабавязкова называць такую тэорыю марксізмам. Сапраўды ж: былі б не Маркс ды Энгельс — быў бы нехта іншы, хто прыйшоў бы да падобных высноў. I думаю, што самі б яны не сталі спрачацца па такім пытанні. I ўсё ж такі яны былі з тых асобаў, што прысвяцілі свой розум справе вызвалення працоўных. Пад працоўнымі яны разумелі не толькі тых, хто працуе на заводзе ці на зямлі, а ўсіх, хто жыве не за кошт іншых, а за кошт сваёй уласнай працы, і простай, і складанай — той, якая патрабуе высокага ўзроўню развіцця тэарэтычнай думк|. Нездарма ўзнікла палажэнне пра навуку як вытворчую сілу.
Супраць можна выставіць аргумент, што болей чым за семдзесят гадоў практыкі стала відавочнай памылковасць абараняных ідэй. Аднак якраз яны абароны і не патрабуюць. А адказнаць за гэтую практыку, якую шумна кінуліся выкрываць, кладзецца ўжо на іншых людзей. Гісторыя з галавы не робіцца. Яна складаецца з дзейнасці большасці індывідаў. Некаторыя з гэтых індывідаў становяцца «ўвасабленнем» асноўных тэндэнцый гістарычнага развіцця, але не выключна яны вызначаюць усё сваёй воляй.