З гісторыяй на «Вы» выпуск 2
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 351с.
Мінск 1994
Наогул, спадчына Ларысы Геніюш павінна быць выдадзена поўна і ашчадна. Да гэтае святой і неабходнай нашым душам справы мусяць прычыніцца людзі без ідэалагічных шораў, без жадання пакрасавацца на балючай памяці пакутніцы. Бо атрымлівалася так, што і пры яе жыцці кнігі выходзілі як бы без аўтаркі. Установа, якая апякала паэтку ўсё жыццё, якая мучыла яе фізічна і маральна, выдавала давераным і правераным літаратурным кіраўнікам творы непаслухмянай неграмадзянкі савецкай імперыі, а тыя даручалі паэтам, што стаялі на падхватах, рэдагаваць і ўкладаць зборнік.
Дзякуй Богу, што грамадскім рэдактарам «Невадам з Нёмана» быў Уладзімір Караткевіч.
Але адыходжу, сам таго не заўважаючы, ад тэмы, ад тэмы паэзіі Ларысы Геніюш, ад таго ўражання, якое зрабіла на мяне Споведзь паэткі.
Долю бяру жаночай рукой, нібы каня пад вуздэчку.
Жаночая рука гэтая больш мужнасці мае, чымся якія мужчынскія. Бо, падумалася, калі рэдкія ацалелыя нашыя паэты вярнуліся з паўночных сталінскіх дамоў творчасці ды, пакінуўшы ў саркафагах вечнае мерзлаты сваіх сяброў навечна маладых, (разумею, пад прымусам страху, што адрасы ранейшыя іх могуць прыняць) пачалі славіць разам з вернымі памочнікамі партыі светлае будучае, усё, што названа імем Леніна — ад лямпачкі да праспекта.— У вытанчанай душой, еўрапейкі духам Ларысы Геніюш хапіла мужнасці, бясстрашша, не прыняўшы ні падданства савецкага рэжыму, ні ягонай звярынай ідэалогіі, пісаць пра ўсё, пра што забаранялася нават думаць. Пісаць, каб будучыя дасьетчыкі не маглі беспакарана паклёпнічаць, ачарняць барацьбу лепшых людзей за самастойнасць, за незалежнасць еўрапейскай дзяржавы, імя якой Беларусь, а чало асланяе Бел-чырвона-белы Сцяг, сцеражэ ад злых духаў «Пагоня». А нашыя ацалелыя мужчыны пра свае пакуты ў савецкіх лагерах смерці, свае споведзі пачалі пісаць, калі стала можна, калі перастала забараняцца. Таму і такі давер, таму такое пачуццё віны і сораму перад змагаркай.
Ларыса Геніюш, толькі ўжо ў савецкім варыянце, паўтарыла лёс Тараса Шаўчэнкі. Ен некалі сказаў: «Украіна не мае сваіх пакутнікаў, дык я ім буду». Нашая пакутніца паўтарыла: «Няхай вернасць мая і любоў мая будуць дастойныя мукаў Тваіх некальківяковых, мая Беларусь! Галінка з Твайго дрэва, пяшчынка з палёў Тваіх, нясу табе рэшткі жыцьця маяго і маё сэрца... I так нічога ў мяне няма, нават лісінай норкі, а ў перспэктыве сэрца, расьпятае на заінелых дратох поўначы за Беларусь... Няхай на маёй асобе спыняцца ўсе пакуты народа нашага».
Яшчэ вольная, яшчэ не гулагаўка, пісала паэтка ў 1943 годзе:
Есць такое казачнае слова вырванае з рэбраў: Беларусь.
Гэта, як з рабра Адама Бог стварыў Еву. Казачнае слова не вырвалі з сэрца савецкія паслугачы смерці, ламаючы рэбры, спрабуючы зламіць бунтоўны дух паэткі.
Недарэмна адзін сябра казаў: «Што робіце, пані Ларыса, ды ўрэшце я вас ужо не шкадую, я шкадую бальшавікоў, што ім рабіць з вамі? Дзьве магчымасці, альбо даць вам высокае становішча, альбо забіць адразу — бедныя бальшавікі!»
«Бедныя балыпавікі» не забілі адразу — смакуючы кары і здзекі, забівалі паволі, планамерна, каб балючэй было, каб невыносней.
Ліпне лом і кайло пасівела.
Пад сякерай скрыпіць мерзлата.
I згінаюцца чорныя цені.
Цені кіркай выдзёўбваюць такт.
He акажуцца тыя,'пад шпаламі, 3-пад зямлі не ўстае чалавек. Толькі боль, які закапалі мы, Уваскрэсне, асудзіць наш век.
Сістэма сталінска-кэдэбісцкага сацыялізму ва ўсім трымалася планаў, іх выканання і абавязкова рапартнага перавыканання. I ў нашых (увесь час савецкая прапагандысцкая малатарня па-гебельсаўску трашчэла толькі пра іхнія, фашысцкія лагеры) лагерах смерці закон памянёнага сацыялізму дзейнічаў не менш надзейна. Страшней за Дантава «Пекла» жахаюць радкі:
Прывяжам бірку мы табе з фанеры на твой вялікі палец на назе, каб там Пятро, ў рай адчыніўшы дзверы, адразу бачыў, хто гэта брыдзе.
Гэта жанчынам, гэта паэтам савецкі лад жыцця дазволіў працаваць па-стаханаўску. (Хоць цяпер вядома, што ўся брыгада Стаханава працавала на рэкорд, а сам ён болей у шахту не спусціўся, а толькі агітаваў і расказваў, як працаваць па-сталінску). «Здавалася нам, што ад тых цяжэрных кувалдаў, калі дзьвігаеш, варочаюцца кішкі ў жываце і абрываюцца селязёнкі... Бывала, кіркавалі па 14 гадзін у тундры без ніякага вогнішча ў найлюцейшы мароз... Саграваемся слязьмі... альбо заганяюць нас у ваду, і так мы часамі па шыі ў ледзяной вадзе папіхаем наперад нагрувашчаны лес, кіламэтрамі йдучы па вадзе...»
Грэла малітва да Бога. На анучцы ўкраінскія манашкі вышылі абразок і тры заклінальныя літары БББ
(Божа, барані Беларусь). Пра ўкраінскіх манашак з Львова ўспамінае паэтка: «Некалі будзе музей змагання і болю гэтай зямлі, і чалавецтва паклоніцца бабусям пабожным і мужным і «каранаваным» дзяўчатам... Гэта чэкісты ставілі да сьценаў дзяўчат і абстрэльвалі ім кароны вакол галавы. Ад гэтага сівелі, дурэлі, а ў адной «каранаванай» Вольгі так і засталася дзірачка на чале».
У лагерах грэлася слязамі, а потым у вершы прызнавалася:
Я з вамі гутару, сябры, слязінаю скупою.
Скупая слязіна — не сталы эпітэт, проста ўжо слёзаў не ставала, а плакаць не любіла. Накалеўшыся, назалеўшыся на суравеях паўночных і людскіх, дома магла адчуць: «цяплеюць вятры».
Недзе на пачатку 80-х гадоў адзін узбекскі паэт з гонарам паведаміў мне сваё няўтойнае шчасце — Рашыдаў (для моладзі мушу ўдакладніць — першы сакратар ЦК Кампартыі Узбекістана, член Саюза пісыменнікаў, празаік, які выдаваўся ў перакладзе Паўла Кавалёва і па-беларуску), прачытаўшы ягоны твор, выклікаў пабацькоўску да сябе і падарыў аўтаручку з залатым пяром. Партыя Леніна — Сталіна ў асобе лепшых кэдэбістаў падарыла паэтцы Ларысе Геніюш кайло і лом і незлічоныя кіламетры чыстай паперы паўночных снягоў.
Цяпер — пра почыркі.
Почырк — своеасаблівая кардыяграма душы паэта.
Купалаў. Нецярплівы, імпульсовы, як яшчэ не дакутыя на кавадле гарачыя яшчэ падковы. Такое ўражанне, што кірыліца для рукі прарока — не спачатковая. Так і думаецца, што пачынаў з лацініцы.
Коласаў. Самавіты, грунтоўна-разважлівы, гаспадарскі. Кожная літара выпісана да канца, па іх можна ў школе вучыцца пісаць. Цяжка ўявіць, як, напрыклад, выглядала б у яго лацінка.
Багдановічаў. Імпэтны, летуценны, небаўзлётны. Рука анёла нацыі, кніжніка і хутка, і ўпэўнена можа пісаць і кірыліцай, і лацініцай, перапісаць у арыгінале Верлена і ўрывак з крывіцкага летапісу.
Геніюшаўскі. He ведаю далагернага, вольнага. Ведаю з тых аўтографаў, што маю, паслялагерны. Надрыўны, зрывісты, упэўнены. Рука пакутніцы трымала
ручку пасля лома і кайла. Відаць, лацініца лепей бы слухалася спрацаваную і на гаспадарцы руку, чымся кірыліца. Пісаць даводзілася замерзлымі пальцамі (так і назвала адзін са сваіх вершаў).
Некалі Мікола Хведаровіч распавядаў, што ў Полацкай перасыльнай турме ў чэкістаў быў у модзе і такі метад знявагі — «зрабіць шакаладным». Прымяняўся ён найболып да беларускай інтэлігенцыі, да ненавісных кэдэбістам пісьменнікаў. Ахвяру ставілі ў яміну, якую запаўнялі разведзеным чалавечым калам, чакалі, пакуль дойдзе брыда да рота, па ніжнюю губу. Каб выцягнуць патрэбнае для пратаколу прызнанне. Паэтцы Ларысе Геніюш у Інце даручалася больш інтэлігентная праца. «Калі чысьцілі ўборную, дык іхнія галоўкі затыкалі шланг і трэба было яго дадаткова чысціць... О мае, ненароджаныя Купалы, можа, Багдановічы, а можа, і Кастусі... Засталіся зубры ў Белавежы, якіх праўды па-расейску гутарыць не навучаць, яны ня людзі...» Па-цяперашняму кажучы, не ператворацца ў «русскомычаіцее стадо».
Паэтка разам з дзяўчатамі, выпрасіўшы нітак у не самай зверавітай надзоркі, не «з пароды партыйных выдраў», вышывала хлопцам торбачкі на хлеб роднымі васількамі. Хлопцы працавалі найбліжэй да апраметнай, у шахтах. 1 багдановічаўскі васілёк быў хлебам духоўным. Лютую конніцу белых завеяў пераганяла «Пагоня», перамагала. Нёман у снах праганяў смагу, даваў сілу. Белавежскі зубр быў узорам вольнасці і нескаронасці. Да вобраза гэтага валадара пушчанскай паганскасці неаднаразова вярталася паэтка.
Вабяць хлеба смачнейшаю лустай: — Станавіцесь валамі, зубры! Халуём застаецца халуйства, Мы зямлі свае гаспадары!
Дух паганства, дух першароднай самавітасці Ларысы Геніюш сягаў у нябёсьі і меў трывалае апірышча на крывіцкай зямлі.
Мы, як дубы, нас можна знішчыць громам, але з зямлі нас роднай не скрануць.
Улюбёнец сівога Перуна, дуб увасабляе сабой адданасць роднай зямлі, моц вернасці і ахоўнай любові да Бацькаўшчыны.
Зубр — сімвал Беларусі, яе вальналюбасці і сілы непаказнай, бо старадаўнасцю роду і цярплівасцю характару з беларусам сыходзіцца. Паэтку вобраз зубра яшчэ вабіць і тым галоўным, што сам за сябе можа пастаяць, што ён, як бы мовіць, асоба. I ў доказ таму прывяду колькі радкоў з верша «Зубр-адзінец»:
Каго палюбілі аднойчы багі, сіла яго — адзінота.
Красуецца статак прыплодам цялят, Гульнямі ў травах пахучых.
А ў сэрцы адзінца інакшы загад — быць рыкам адвечнае пушчы.
Каго палюбілі аднойчы багі, са статкам той не сальецца.
Быць рыкам пушчы і не зліцца са статкам. Гэта не значыць паставіць сябе над усімі. Гэта значыць — клікаць марудлівых на свядомасць, ахвяраваць нармальным жыццём у імя барацьбы за Айчыну, за народ, каб, працягваючы купалаўскі заклік: «Быць людзьмі. He толькі імі звацца».
Вобраз зубра-адзінца напаўняюць канкрэтнай чалавечай, змагарскай чыннасцю і словы Споведзі: «Мяне сьледчы назваў са злосьцю адзіночкай у змаганьні, мусіць, гэта была адзіная праўда, якую той нехрыст сказаў. Лёс мяне не акружыў сябрамі, зь якімі лягчэй было нясьці, нейкай сілай укладзеную, ношу адказнасьці за лёс сваяго народу...» Заўважце, як следчага, яўна загартоўкі а ля жалезны Фелікс, называе, на першы погляд, мякка для ката — нехрыст. Але колькі вякоў веры ў Хрыста стаіць за гэтым быццам бы нейтральным словам. Зразумела, што мае пакутніца пад гэтай нейкай сілай. Толькі Богам абраныя ідуць на барацьбу з нехрыстамі за сваю Бацькаўшчыну. Адчуванне такой абранасці, вера ў Бога давалі моц, не давалі зліцца са статкам.
А галодным нявольнікам па-чалавечы хацелася «бульбы, звычайнай паранай бульбы, якою на Беларусі кормяць свіней».
Як і некалі Тарас Шаўчэнка марыў пра садок вішнёвы каля хаты, марыла паэтка Ларыса Геніюш: «Быць пры сваіх дзецях, быць з мужам, мець сваю хатку, гдзе хлеба ў волю на стале і ціха, ціха, як у храме». У Споведзі — услухайцеся! — сам сабой узнікае паэтычны