З гісторыяй на «Вы» выпуск 2

З гісторыяй на «Вы» выпуск 2

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 351с.
Мінск 1994
128.09 МБ
Ці ж мала гэта для таго хаця б, каб не быць папіханым зусім адукаванымі сучаснымі кандыдатамі навук?
Зрэшты, гэта быў толькі пачатак.
У 1923 годзе Лёсік надрукаваў некалькі артыкулаў, у 1924 — 1925-м выдаў некалькі падручнікаў і апублікаваў вялікі артыкул «Некаторыя ўвагі да беларускае літаратурнае мовы». Але сапраўднай вяршыняй навукова-педагагічнай дзейнасці вучонага сталі 1926— 1927 гады. За гэтыя два гады розныя дапаможнікі Лёсіка выходзілі дзесяць разоў. Былі апублікаваны брашура і артыкулы аб спрашчэнні беларускага правапісу. У гэтыя гады Лёсік быў адной з галоўных дзейных асоб на акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускай азбукі і правапісу, удзельнічаў у рэдагаванні зборніка
«Чатырохсотлецьце беларускага друку», рэцэнзаваў «Беларуска-расійскі слоўнік» М. Байкова і С. Некрашэвіча. У 1927 годзе Лёсік уваходзіў у склад акадэмічнай рады Інбелкульту, у склад рады аддзелу гуманітарных навук, узначальваў Інстытут навуковай мовы, працаваў на кафедрах гісторыі беларускай мовы і жывой беларусай мовы, уваходзіў у камісію беларускай літаратурнай мовы, а таксама ў правапісную і дыялекталагічную камісіі. Як бачым, у 1926—1927 гадах Лёсік працаваў нават не за чацвярых. I калі ў 1928 годзе ў артыкуле, надрукаваным у нямецкім часопісе «Zeitschrift fur slavische Philologie», П. Растаргуеў аглядаў развіццё беларускага мовазнаўства за 1917—1927 гады, то з 24-х пазіцый, адзначаных ім у бібліяграфіях да раздзелаў «Падручнікі сучаснай беларускай літаратурнай мовы» і «Арфаграфія сучаснай беларускай літаратурнай мовы», палова належала Я. Лёсіку.
У рэцэнзіях 20-х гадоў на падручнікі Лёсіка можна было знайсці наступныя высновы: «Кніжка Лёсіка як нельга болып адказвае патрэбам беларускае школы» (пра дапаможнік «Беларуская мова. Правапіс»); «Пачатковую граматыку» Лёсіка з поўным правам можна лічыць адным з найболып удачных выданьняў у беларускай мове»; «для сярэдніх школ, для тэхнікумаў, для БДУ і іншых вышэйшых навучальных устаноў кніжка, бязумоўна, вельмі карысна» (пра падручнік «Граматыка беларускае мовы. Фанэтыка»); «цікавая па зьместу, навуковая па мэтаду, агульнадаступная па выкладаньню» (пра «Школьную граматыку беларускае мовы»).
I менавіта без гэтага лінгвіста беларускае савецкае мовазнаўства абыходзіцца вось ужо шэсць дзесяцігоддзяў! I варта было толькі ў колах зусім не лінгвістычных прагучаць — вось, маўляў, Лёсік меў немалыя лінгвістычныя заслугі, як адразу ж з «мовазнаўчага лагеру» пачуўся кваліфікаваны вокрык: мы ведаем, каму патрэбна рэанімацыя «навуковых» поглядаў Лёсіка («ідэолагам імперыялізму», вядома ж, і «дзеячам беларускай буржуазна-нацыяналістычнай эміграцыі»). Ці ж не дзіва!
Аналізуючы прычыны, якія нізрынулі Лёсіка з навукова-педагагічнага Алімпу, нязменна вяртаешся да адной, зыходнай, падзеі, якая стала сігналам да наступных ганенняў — арышту. Якім жа фатальным чынам гэтая радавая «фізічная» падзея адбілася на «тэарэтыч-
ным» лёсе вучонага! Бо ж менавіта з-за яе Лёсік пазней быў аб’яўлены нікчэмным вучоным, і з-за яе нас нязменна пераконвалі, што ягоныя працы навуковай каштоўнасці не ўяўляюць.
Арышты вядучых беларускіх лінгвістаў у пачатку 30-х гадоў (а арыштаваны былі вельмі многія, і лягчэй назваць тых, каго абмінуў гэты лёс) зрабілі вялікі ўплыў на развіццё тэарэтычнай думкі беларускага мовазнаўства, а многія лінгвістычныя пабудовы 30-х і зусім былі абумоўлены імі. To бок, калі б не было рэпрэсій — не было б і пэўных канцэпцый.
Аднак насуперак гвалтоўнаму адхіленню Язэп Лёсік тым не менш прысутнічае ў сучасным беларускім мовазнаўстве, хоць у большасці выпадкаў пра яго прысутнасць мы нават і не здагадваемся.
У 1924—1925 гадах вучоны апублікаваў вялікі — каля 80-ці машынапісных старонак — артыкул «Некаторыя ўвагі да беларускае літаратурнае мовы», у якім выклаў агульную канцэпцыю фарміравання беларускай літаратурнай мовы і разгледзеў шматлікія прыклады сінтаксічных, марфалагічных і іншых нормаў беларускай мовы, а таксама адхіленні ад іх з пункту гледжання правільнасці і чысціні. Наступная больш-менш грунтоўная публікацыя ў галіне культуры мовы ў беларускай лінгвістыцы з’явілася няхутка, амаль праз сорак гадоў, калі імя Лёсіка было забыта — у 1961 годзе выйшла ў свет кніга «Пытанні культуры мовы» Ф. М. Янкоўскага. Многія культурамоўныя рэкамендацыі, што былі змешчаны ў гэтай кнізе, пазней трывала ўвайшлі ў кола з’яў, якія нязменна абмяркоўваюцца, калі гутарка заходзіць пра культуру беларускай літаратурнай мовы. Быўшы ўключанымі ў наступныя кнігі Ф. Янкоўскага, гэтыя рэкамендацыі неаднаразова перавыдаваліся, пра іх абавязкова расказвалі і расказваюць студэнтам — будучым настаўнікам беларускай мовы.
Справядлівасць, аднак, патрабуе прызнаць тое, што многія культурамоўныя назіранні, зафіксаваныя ў кнізе Ф. Янкоўскага, былі яшчэ ў нарысе «Некаторыя ўвагі...» і іншых артыкулах Лёсіка.
Ф. Янкоўскі быў не адзіным беларускім лінгвістам, які даследаваў розныя моўныя з’явы, не спасылаючыся на прыярытэт у іх вывучэнні Я. Лёсіка. У некаторых сваіх даследаваннях па культуры мовы гэткімі былі і А. Наркевіч, і Л. Падгайскі, і Т. Тамашэвіч, дый пат-
рыярх беларускага мовазнаўства К. Крапіва, які настойліва адстойваў, напрыклад, немагчымасць у некаторых выпадках замяняць прыназоўнік к прыназоўнікам да. Але наўрад ці будзе справядліва дакараць названых вучоных парушэннем навуковай этыкі — спасылацца на Лёсіка да нядаўняга часу было забаронена, гэтаксама як і немагчыма было сур’ёзна пісаць пра праблемы культуры мовы, абмінаючы з’явы, раней разгледжаныя Лёсікам.
He, не будзе перавелічэннем сказаць, што, як лінгвістычная дысціпліна, культура беларускай мовы выйшла з «Лёсікавага шыняля».
Мяркуючы хоць бы па тым, што першы намеснік старшыні Вярхоўнага Савета БССР С. Шушкевіч, які, дарэчы, зусім прыстойна валодае беларускай мовай, у сваім маўленні схільны ўжываць выразы тыпу «дзеля нашай працы», «падзякаваць вас» і некаторыя іншьія, можна зрабіць вывад, што рэкамендацыі Лёсіка і іншых беларускіх вучоных, спецыялістаў у галіне культуры мовы, яшчэ не хутка страцяць сваю актуальнасць. Аднак хацелася б звярнуць увагу не толькі на дакладнасць практычных рэкамендацый Лёсіка, але і на плённасць ягоных некаторых тэарэтычных пабудоў, што зусім не страцілі свайго значэння і праз шэсцьдзесят з лішкам гадоў.
Я маю на ўвазе гэткую глабальную — але зусім не распрацаваную — праблему беларускай лінгвістыкі, як суверэннасць развіцця беларускай літаратурнай мовы.
Уважлівы чытач беларускіх лінгвістычных прац, створаных за некалькі апошніх дзесяцігоддзяў, вядома, заўважыў, што ў іх выяўляецца адна ўстойлівая тэндэнцыя.
«Беларускі правапіс у сваім развіцці павінен усё больш набліжацца да самай прагрэсіўнай арфаграфічнай сістэмы — сістэмы рускай мовы»,— без хітрыкаў абвяшчаў у 1950 годзе аўтар артыкула «Да пытання аб гісторыі фарміравання беларускай арфаграфічнай сістэмы», будучы дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР М. Суднік. Ен быў далёка не адзіны, хто так думаў.
Калі на пачатку 50-х гадоў сектарам мовы Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР быў распрацаваны праект зменаў і ўдакладненняў беларускага правапісу, то першым з двух пастулатаў, прынятых у якасці зыходных пры распрацоўцы гэтага праекта
быў прынцып «набліжэння беларускай арфаграфіі да рускай арфаграфічнай сістэмы». Пра гэта гаварыў у 1952 годзе на навуковай канферэнцыі па пытаннях беларускага правапісу адзін з распрацоўшчыкаў праекта, П. Глебка, які таксама пазней пабываў на пасадзе дырэктара Інстытута мовазнаўства.
Падобныя ўплывы прапагандаваліся і для іншых моўных сфераў.
У апублікаваным у 1952 годзе артыкуле «Аб некаторых пытаннях беларускай мовы» зноў-ткі будучы дырэктар Інстытута мовазнаўства і шматгадовы апякун беларускіх мовазнаўцаў К. Крапіва канстатаваў значнае папаўненне лексічнага складу нацыянальнай мовы беларусаў. Якім жа чынам папаўняўся слоўнікавы склад? Вельмі простым: «Невычарпальнай крыніцай узбагачэння з’явілася для нас мова вялікага рускага народа». Толькі абмеркаваўшы розныя аспекты ўплыву рускай мовы на беларускую, заўважыўшы, што «мы і далей будзем папаўняць слоўнікавы састаў нашай мовы за кошт болып багатай і роднай нам рускай мовы», a таксама паўтарыўшы, што «руская мова з’яўляецца невычарпальнай крыніцай абагачэння нашай беларускай мовы», К. Крапіва спыніўся на фактарах развіцця беларускай мовы, абумоўленых яе ж — беларускімі — моўнымі рэсурсамі.
Пра рускую мову як «асноўную крыніцу ўзбагачэння слоўнікавага складу беларускай мовы неабходнымі лексічнымі і іншымі моўнымі сродкамі» гаворыцца ў выдадзенай у 1982 годзе кнізе доктара філалагічных навук А. Баханькова «Развіццё лексікі беларускай літаратурнай мовы ў савецкі перыяд».
(Беларускае савецкае мовазнаўства — у адрозненне, дарэчы, ад «несавецкага» — і да сённяшніх дзён не «парахавалася» з рэформай беларускага правапісу 1933 ro­fla, накіраванай сярод іншага на ліквідацыю «штучнага бар’ера паміж беларускай і рускай мовамі». Ці варта ў такім разе здзіўляцца, што ідэі гэтай рэформы так паспяхова дажылі да сярэдзіны 80-х? Бо ж выкарыстанне рускай мовы ў якасці «асноўнай краніцы ўзбагачэння» беларускай, несумненна, у канчатковым выніку вядзе да ліквідацыі «штучнага бар’ера» паміж імі.)
Але няўжо не было ў беларускай мове іншых, адрозных шляхоў, якія не былі б накіраваны на «няўхільнае збліжэнне» і не вялі б да дэградацыі і асіміляцыі адной з найбагацейшых славянскіх моў?
Такія шляхі былі, і яны паспяхова рэалізоўваліся беларускімі лінгвістамі ў 20-я гады, аднак былі забытыя ў наступныя дзесяцігоддзі. I з увядзеннем у навуковы ўжытак прац Я. Лёсіка, В. Ластоўскага, лінгвістаэмігранта Я. Станкевіча, з больш «прадузятым» вывучэннем лінгвістычнай спадчыны «напаўрэабілітаванага» С. Некрашэвіча сучаснае беларускае мовазнаўства змушана будзе — жыццё прымусіць! — заняцца і пытаннямі суверэннасці развіцця беларускай літаратурнай мовы, якія так доўга замоўчваліся ці разглядаліся вельмі тэндэнцыйна.
I тады выявіцца, што зусім не страціла актуальнасці, напрыклад, такая думка Лёсіка: «Бяда ня ў тым, што літаратурная мова часам пазычае чужыя словы; пазычыць трэба, калі іх няма. Калі няма ў краі газы, а яна краю патрэбна, то яе трэба дастаць адтуль, дзе яна ёсць, бо выдумаць сваю газу няможна. Памен паасобнымі словамі адбываецца паміж усімі культурнымі народамі... Тымчасам, было б зусім не па-гаспадарску купляць, скажам, нам, беларусінам, лес у суседзяў, калі мы маем свой; таксама зусім неразумна браць чужыя словы, калі ёсьць свае, беларускія». Або гэтая: «Літаратурная мова павінна быць морам, куды ўліваюцца народныя дыялекты. Як паасобныя рэчкі гінуць у моры, падымаючы й асьвяжаючы яго ровень, так і народныя гутаркі павінны разыходзіцца ў літаратурнай мове, каб асьвяжаць яе ды павелічаць яе глыбіню й шырыню». Або вось гэтыя, выключна свежыя, асабліва калі ўлічыць наступны ход падзей: «Мова, як чалавек, павінна шанавацца, паважацца і прыбірацца з кожным разам у лепшыя, багацейшыя і зграбнейшыя ўбранні. Кожнае адметнае слова, кожны асобісты выраз нашых беларускіх гаворак мы павінны з пашанаю страчаць і з вялікаю любасьцю, як надзвычайную вартасьць, далучаць у агульную скарбніцу нашае літаратурнай мовы... Наша мова так багата, пекна і гучна, што часам, дапраўды, ня ведаеш, якое слова, які выраз лепей ужыць,— ажно вочы разьбягаюцца. Апрача гэтага, мова так узгадованая, усімі гаворкамі выпешчаная, робіцца здатнай, сардэчнай, усім любай і лёгка зразумелай кожнаму, хто хоць крышку падвучыцца». Падобныя прыклады можна множыць.