З гісторыяй на «Вы» выпуск 2

З гісторыяй на «Вы» выпуск 2

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 351с.
Мінск 1994
128.09 МБ
у Венгрыі — фараоны, у Скандынавіі — татары, а ў славянскіх землях, у туркаў, румынаў і немцаў — цыганы. Самі сябе яны называюць «рома».
Прафесар Ян Каханоўскі з Парыжа (Ваня дэ Гіла Каханоўскі) выхадзец з латгальскіх цыганоў, які болып сарака гадоў займаўся цыганалогіяй і доўга жыў у Індыі, сцвярджае, што гістарычны дом еўрапейскіх цыган — Раджастан і штат Дэлі. Вось на чым грунтуюцца яго вывады: 1. Слоўнік мовы хіндзі ў Раджастане на 60 працэнтаў супадае з цыганскім (існуе таксама і вялікае падабенства ў марфалогіі); 2. Навука-параўнаўчы аналіз сведчыць пра падобнасць генатыпу і груп крыві; 3. Блізкасць адчуваецца таксама ў культуры, асабліва ў танцах, музыцы, у паводзінах.
Абагульняючы сваё даследаванне, прафесар Ян Каханоўскі канстатуе, што сярод усіх каставых груп індыйскага насельніцтва найбольш блізкая да сучасных еўрапейскіх цыганоў каста военачальнікаў-«кшатрыяў».
Паводле распаўсюджанай тэорыі сляды самых далёкіх продкаў цыганоў можна знайсці ў IV—III тысячагоддзях да нашай эры, у найстаражытнейшай цывілізацыі даліны Інда. На чале гэтай культуры стаялі мудрацы-рішы (старажытнаінд. rsajah параўнаем з сучасным цыганскім «рашая» — «святары»). Ужо ў часы старажытнаіндыйскай цывілізацыі існаваў падзел чалавечага грамадства на варны, саслоўі і касты, у тым ліку па прафесійнай прыкмеце. Асноўнымі заняткамі цыганоў былі музыка, спевы, танцы, кавальства. Музыкі, спевакі і танцоры мелі высокі грамадскі статус і стаялі блізка да жрэчаскага, брахманскага саслоўя. He менш высокі быў і статус сельскіх кавалёў.
Пасля росквіту культуры даліны Інда быў, відаць, даволі доўгі працэс арыянізацыі старажытнай Паўночна-Заходняй Індыі, які звычайна прадстаўляюць як уварванне арыеў у Індыю ў сярэдзіне II тысячагоддзя да нашай эры. Пазней на гэтай тэрыторыі ўзнікнуць болып дробныя дзяржавы, з якіх асаблівай увагі заслугоўвае Гандхара. Паводле вызначэння буйнога сучаснага цыганолага і паэта Л. Мануша-Белугіна Гандхара вылучалася высокім развіццём культуры, у тым ліку і музычнай.
Паэтычна-пісьмовым помнікам таго часу з’яўляецца зборнік эпасу «Рамаяна», які адлюстроўвае высокі духоўны фон той дзяржавы. (Дарэчы, Л. Мануш-Бялу-
гін зрабіў выдатны пераклад гэтага твора на цыганскую і англійскую мовы.)
Пазней Гандхара была заваяваная Аляксандрам Македонскім, потым увайшла ў склад імперыі індыйскай дынастыі Маур’еў. Пасля гэтага там папераменна пануюць то так званыя індагрэкі, то сакі, то парфяне.
У I—III стагоддзях н. э. Гандхара, якая ўваходзіла ў Кушанскую імперыю, аказваецца пад уплывам сасанідскага Ірана. Спусташальныя набегі на ПаўночнаЗаходнюю Індыю плямёнаў гурджараў і эфталітаў у V—VII стагоддзях садзейнічаюць рассяленню продкаў цыганоў па ўсёй вялізнай тэрыторыі сасанідскага Ірана, уключаючы тэрыторыю Старажытнай Арменіі і Малой Азіі, якія ў канцы VI стагоддзя пераходзяць у рукі візантыйцаў.
Заваяванне арабамі Ірана (сярэдзіна VII стагоддзя) спрычыняецца да перасялення цыганоў ва ўсходнія, а потым і ў астатнія правінцыі Візантыі. Пазнейшыя заваёвы туркамі-сельджукамі Малой Азіі і ваенная экспансія турак-асманаў на Балканах (XIV — XVI стагоддзі) у сваю чаргу садзейнічаюць прыходу цыганоў у цэнтральную і паўночную часткі Еўропьі.
З’явіўшыся ў Еўропе ў X стагоддзі, цыганы доўгі час былі загадкаю і мясцовым уладам абвяшчалі сябе ўцекачамі з «малога Егіпта», дзецьмі Фараона («Хараона»). Пазней цыганоў пачалі прымаць за турэцкіх шпіёнаў. Вынікам гэтага былі праявы рознага роду дыскрымінацыі.
Міналіся стагоддзі, Еўропа была схільна верыць, што цыгане прыйшлі з Егіпта.
У 1763 годзе венгр Іштван Валаі, сустрэўшыся з індыйскімі студэнтамі, адзначыў падабенства моваў цыганоў і індусаў. Цыганы разумелі шмат якія словы гасцей.
Нямецкія вучоныя I. Рудыгер, Г. Прэльман, А. Гют, вывучаючы цыганскія мовы і параўноўваючы іх з дыялектам хіндзі і санскрытам, дакументальна абгрунтавалі назіранні Іштвана Валаі. Буйны венскі філолаг Ф. Міклошыч правёў даследаванні далей, сабраў вялізны слоўны матэрыял, змог дакладна ўстанавіць індыйскую прарадзіму цыганоў. Ён прыйшоў да высновы, што цыганы выйшлі з паўночнага захаду Індыі каля 800—1000 года нашай эры — пасля аддзялення новаіндыйскіх моваў ад санскрыту.
Агульнымі для ўсіх еўрапейскіх цыганоў (акрамя
іспанскіх) перавалачнымі пунктамі з Індыі па шляху ў Еўропу былі Персія, Арменія і Грэцыя. Усе без выключэння цыганскія дыялекты Еўропы маюць персідскія, армянскія і грэцкія словы. Грэцкая лексіка прадстаўлена асабліва багата, што гаворыць пра шматгадовае пражыванне цыганоў у гэтай краіне.
Есць звесткі аб знаходжанні цыганоў у IX стагоддзі ў Візантыі. Першаю згадкаю пра іх у Еўропе лічыцца запіс манаха з манастыра на гары Атос (Візантыя), які датуецца 1100 годам. У 1387 годзе цыганы ўпамінаюцца ўжо ў Румыніі, у 1398 годзе — на Крыце, у XIV стагоддзі — у Нямеччыне. Вядома, што прыкладна ў гэты самы час венецыянцы дазволілі цыганам пасяліцца на Пелапанесе, аб чым сведчаць і некаторыя сярэднявечныя пабудовы, якія захавалі назвы «цыганскі замак». У Сярэдняй Еўропе цыганы вядомыя з 1417 ro­fla. У XV—XVI стагоддзях яны трапілі ва ўсходнюю і Паўночную Еўропу, у XVIII стагоддзі — у Расею, у XIX стагоддзі — у Амерыку.
У Вялікае княства Літоўскае цыганы прыйшлі ў сярэдзіне XV стагоддзя. Амаль ва ўсіх еўрапейскіх дзяржавах існавалі жорсткія законы, накіраваныя супроць цыганоў. Забойства цыгана законам не каралася. Больш спакойным было становішча гэтага народа ў Венгрыі, Вялікім княстве Літоўскім, куды ўваходзілі беларускія землі, а таксама ў Расіі. Тут, нягледзячы на некаторыя ганенні, цыганы заваявалі прызнанне як добрыя кавалі, ювеліры, каняводы, музыкі, спевакі, танцоры і муштроўшчыкі звяроў, а жанчыны здабылі славу варажбою і знахарствам.
Першым дакументам, які датычыць цыганоў на тэрыторыі Беларусі, лічыцца прывілей вялікага літоўскага князя Аляксандра ад 25 мая 1501 года цыганскаму войту Васілю на права вандраваць у межах Вялікага княства Літоўскага і Полыпчы, а таксама мець свой суд. Гэты прывілей быў напісаны ў Вільні, а захоўваўся ў Нясвіжскім архіве Радзівілаў. Упершыню ён быў апублікаваны I. Даніловічам у даследаванні «Аб цыганах» (на польскай мове), выдадзеным у Вільні ў 1824 годзе.
Прывілей гучыць так: «Біў нам (вялікаму князю) чалом старшы войт Васіль і яго цыганы і прасілі нас, гаспадара, каб мы іх просьбу і чалабіцце задаволілі і каб таго войта зацвердзілі. Дзеля чаго гэтым лістом нашым выбранага Васіля, войта цыганс.кага, зацвер-
дзіўшы і ўстанавіўшы, даём яму сілу і права судзіць цыганоў і разбіраць усякія спрэчкі паміж імі. Войт Васіль і яго цыганы ва ўсіх землях Вялікага княства Літоўскага і ў яго воласцях павінны мець поўную свабоду згодна са старымі правамі, звычаямі і даўнімі княскімі граматамі».
Як відаць з гэтага дакумента, беларуска-літоўскім уладам цыганы былі добра вядомыя і ім ужо неаднаразова даваліся граматы. Але да сярэдзіны XVI стагоддзя становішча цыганоў пагоршылася. Сойм 1557 года пастанавіў выгнаць цыганоў з дзяржавы і гэта пастанова пацвярджалася на сеймах 1565, 1578, 1607 і 1618 гадоў. Але, нягледзячы на гэта, цыганы заставаліся і жылося ім даволі някепска.
Дакументы XVI стагоддзя часта згадваюць цыганоў на службе ў шляхты і магнатаў. Напрыклад, у маёнтку каралеўскага каморніка Мацвея Быстрыцкага на Гарадзеншчыне жыў цыган Бубянец, які аб’язджаў маладых коней. А Радзівілы і Сапегі звычайна запрашалі да сябе цыганоў-цымбалістаў. У гэтыя часы скаргі цыганоў разглядаліся нароўні з іншымі скаргамі ў гарадскіх судах.
У другой палове XVI стагоддзя ўрад выдаў некалькі загадаў, накіраваных на прымацаванне цыганоў да зямлі. Указ 1565 года забараняў прымаць цыганоў, якія пайшлі ад пана. У пастанове Гарадзенскага сойму 1568 года (арт. 8) гаварылася: «На цыган жаднего падатку не удаляем, палічаючы іх за жебракі, тогды абы, не жебручы і не крадучы, с таго панства нашого, Влікого Княсьтва Літовского, шлі прочь, а хто бы с ніх с панства прочь іті не хотел, таковые нехай бы землі і оселості бралі, так под намі, господарем, яко под князі, паны і шляхтою і повінгость того села полнілі подле уставы».
У 1586 годзе Гарадзенскі сойм прымае пастанову аб выгнанні цыганоў за межы дзяржавы, за выключэннем тых, якія асядуць на землях дзяржаўных, княскіх або шляхецкіх і будуць несці павіннасці вёскамі. Такім чынам, цыганоў хацелі зрабіць землеўладальнікамі, але гэты дзяржаўны план не ажыццявіўся. Цыганы працягвалі заставацца ў вёсках, і там іх «перавыхоўвалі» паны.
Шмат якія цыганы ўцякалі ва Усходнюю Беларусь, на якую дзеянні гэтых законаў распаўсюдзіліся не адразу. У гэтыя гады ўзмацніўся прыгнёт цыганоў на
тэрыторыі ўласна Польшчы, і яны пачалі бегчы адтуль на Віцебшчыну і Магілёўшчыну. Прыдзвінне тады было арэнаю барацьбы Расіі і Рэчы Паспалітай. Таму мясцовыя паны сустракалі цыганоў даволі добра, дапамагалі ім уладкавацца і нават давалі зямлю. Ва Усходняй Беларусі захаваліся вёскі з назвамі Цыганы, Цыганкі і назвы ўрочышчаў Цыганкова Ніва, Цыганоўская рака, Цыганоўскі ручай. Але трэба адзначыць, што нягледзячы на такія даброты, цыганы не прыжыліся ў вёсках. Яны цягнуліся да гарадоў і мястэчак, дзе звычайна сяліліся на ўскраінах.
Адносна спакойным для цыганоў у Беларусі было XVII стагоддзе. На яго пачатку быў наплыў смуглявых вандроўнікаў з Венгрыі. Шэраг судовых спраў, дзе разглядаюцца скаргі цыганоў аб грабежніцкіх наездах на дамы адзін аднаго, сведчаць, што багатыя цыганы забаўляліся гэтаксама, як і беларуская шляхта, пагатоў шмат хто з іх жыў не менш заможна. Напрыклад, у 1663 годзе цыган Пётр Лукашэвіч скардзіўся на свайго супляменніка Марка Раслонкавіча за два грабежніцкіх наезды на ягоны двор. Марк Раслонкавіч забраў не толькі маёмасць, але ўзяў у палон і самога гаспадара з сям’ёю.
У XVIII стагоддзі ў беларускіх мястэчках і гарадах цыганы выбіралі сабе старэйшын, якія называліся «цыганскімі каралямі», або «цыганскімі вуйтамі». Галоўным абавязкам старэйшыны быў суд і расправа над тымі, хто правініўся ў крадзяжы. У Заходняй Беларусі выбары старэйшын адбываліся на полі ля мястэчка Мір, куды збіраліся цыганы з усіх канцоў края. У старэйшыны выбіралі цыгана сярэдняга веку, станістага і багатага. Старэйшына вылучаўся тым, што насіў жупан з адкладным, чырвоным каўняром, а паўзверх жупана — перакінутае цераз плячо «джупло» (нагайку з сярэбранай рукаяткай). Выбраны «кароль» гаварыў клятву, потым яго пад радасны крык і воплескі тры разы падымалі на руках угору. Пасля ля ног старэйшыны складвалі падарункі. Жанчыны асыпалі яго насеннем дурнап’яну, каб зачараваць ад злых духаў. Старэйшынаў зацвярджаў вялікі князь ці магнаты, якія выдавалі адпаведную грамату.