За кардонам Бацькаўшчыны
Успаміны
Юры Туронак
Выдавец: Медысонт
Памер: 276с.
Мінск 2010
Немалая частка калег даволі індыферэнтна ставілася да ідэйных перамен у Польшчы. Яны перш за ўсё імкнуліся закончыць вучобу і рабіць кар’еру ў знешнегандлёвых фірмах або за мяжой, ведалі, што ў новых палітычных умовах, якія ў 1948 г. адкрылі шлях да саветызацыі Полыпчы, вырашальнай прадпасылкай рэалізацыі задум будзе прыналежнасць да кіраўнічай камуністычнай партыі — Польскай Рабочай Партыі (PPR). Фактычна ідэалагічная пазіцыя гэтых прыстасаванцаў залежала, аднак, ад таго, адкуль вецер вее, што адлюстроўвала наступная песенька, якую радасна спявалі на студэнцкіх балях (на мелодыю папулярнай „Grunt, to rodzinka”):
Gdy na jesieni ustroj si$ zmieni I demokracja wezmie ster, To wtedy tato z cala rebiatд Zapisze si§ do Pe-pe-e-r.
Gdy na jesieni ustroj яф zmieni I demokracja wezmie w leb, To wtedy tato z caia rebiat^ Zapisze si§ do En-es-ze-et.
У 1949/50 г. такія „ідэалісты” кіравалі партыйным камітэтам, з якім вымушаны быў лічыцца нават рэктар Акадэміі. Яны дзейнічалі бескампрамісна, маючы на ўвазе перш за ўсё свае асабістыя інтарэсы. Значэння гэтай мафіі я пакуль што не ведаў ды й не бачыў патрэбы ёю цікавіцца — напрыканцы чэрвеня 1950 г. я здаў усе экзамены, з рэктарата атрымаў пасведчанне пра сканчэнне вучобы (дыплом прыслалі праз некалькі месяцаў) і назаўсёды пакінуў Шчэцін.
На пачатку ліпеня прыехаў у Кентшын. Вестку пра сканчэнне вучобы мама ўспрыняла спакойна, без асаблівай радасці. Па-першае, яна верыла ў мае магчымасці і працавітасць, і таму закончаная адукацыя не была для яе нечаканасцю. Па-другое, мае перспектывы ацэньвала без аптымізму: іншая справа — лекар, інжынер, гэта канкрэтныя прафесіі, a эканаміст? Што гэта такое — чыноўнік, бухгалтар ці нешта падобнае?.. Ды ўрэшце і я нічога не мог сказаць пра свае прафесійныя намеры. Усё думаў, якім чынам буду надалей пракладаць свае дарожкі.
Усё ж трэба было адпаведна адзначыць заканчэнне важнага этапу. Дамовіўся з Фаертагам і паехалі ў горы. Захапляліся прыродай, начамі гулялі ў рэстаранах, днямі адпачывалі.
ВАРШАВА — ШТО ДАЛЕЙ?
У Шчэціне я рыхтаваўся да працы ў ведамстве замежнага гандлю. Гэта дазвалялі мае тэарэтычныя веды і месячная практыка ў варшаўскім імпартнаэкспартным прадпрыемстве Варімэкс, якую адбыў у жніўні 1949 г. Аднак практычнае знаёмства з гэтай прафесіяй не выклікала захаплення — прадпрыемства аказалася звычайным бюро, у якім патрабавалася выконваць загады кіраўніцтва, з чым даволі паспяхова спраўляўся нават некваліфікаваны персанал.
А мне наіўна марылася пра лепшую пазіцыю, якая давала б магчымасць ажыццяўляць свае ініцыятывы. Відаць, таму на пачатку жніўня 1950 г. зайшоў у дэпартамент кадраў міністэрства замежнага гандлю ў Варшаве, службовец якога вясной 1950 г. прыязджаў у Шчэцін і запрашаў нашых студэнтаў на працу. У міністэрстве сустрэў гэтага самага службоўца, які аказаўся віцэ-дырэктарам дэпартамента кадраў, прадставіўся і сказаў: „Вучобу закончыў і згодна з Вашым запрашэннем прыбываю да працы”. Віцэ-дырэктар загадаў пакінуць адпаведныя паперы і прыйсці праз тыдзень.
Наступная сустрэча была кароткая. Перш за ўсё віцэ-дырэктара цікавіла, чаму я не член партыі ці хаця б моладзевай арганізацыі, на што я адказаў, што не магу акцэптаваць некаторых ідэалагічных прынцыпаў партыі. Віцэ-дырэктар нібыта здзівіўся і сказаў: „Не разумею, як гэта магчыма — у вашай заліковай кніжцы стаіць добрая адзнака па
марксізме-ленінізме”. Адказаў яму так: „Ведаеце, я перажыў ужо сем розных палітьгчных рэжымаў, і калі б успрымаў усё тое, чаму мяне вучылі ў школах, мне давялося б сем разоў мяняць свае ідэалагічныя погляды”. Сустрэча закончылася рашэннем: „Такім, як вы, няма месца ў міністэрстве, лепш пашукайце якую-небудзь працу ў прадпрыемстве замежнага гандлю”.
Вяртаючыся з міністэрства, сустрэў на вуліцы калегу, які параіў разведаць магчымасць працы ў імпартна-экспартным прадпрыемстве хімічных вырабаў ЦІЭХ, дзе быццам добра плацяць. Неадкладна зайшоў туды, але дзяўчына ў аддзеле кадраў сказала пакінуць паперы і прыйсці праз тыдзень, бо зараз няма дырэктара. Але напрыканцы нашай размовы вярнуўся дырэктар, запрасіў мяне ў свой кабінет, паглядзеў паперы і выгукнуў: „Ах, доктар Браніслаў Туронак... вузкакалейка Дукшты — Друя... калісь з Вашым бацькам там рыбу лавілі. Калі хочаце паступіць на працу?”. Хутка ўсё было аформлена, і 18 жніўня 1950 г. я стаў працаўніком фірмы ЦІЭХ.
Кватэры не было, але дзякуючы прыхільнасці айца Язэпа Дашуты прыпыніўся ў аднапакаёвым памяшканні стоража марыянскага манастыра ў Бялянах. Хутка, аднак, знайшоў невялікі пакойчык у Рэмбертове пад Варшавай, адкуль электрычным цягніком даязджаў да працы. Штодзённы даезд туды і назад займаў каля дзвюх гадзін, аднак гэтую немалую страту часу ў пэўнай меры кампенсавала сталоўка ЦІЭХа, дзе абеды выдаваліся пад час працы.
У 1950 г. я быў адным з нешматлікіх працаўнікоў ЦІЭХа, якія мелі закончаную спецыяльную адукацыю, аднак некалькі гадоў займаў сціплую пасаду рэферэнта з такім заробкам, які толькі ў два разы перавышаў мае студэнцкія даходы. Асноўнай прычынай, якая стрымлівала службовы рост, была мая
беспартыйнасць. He раз кіраўнікі партарганізацыі нашага прадпрыемства заахвочвалі мяне ўступіць у партыю, без чаго, казалі, не магу чакаць службовага росту. Яны спасылаліся на поспехі маіх калег, якія хутка прызначаліся на кіраўнічыя пасады, а маю беспартыйнасць лічылі вынікам слабых прафесійных амбіцый, бо палітычных засцярог да мяне не мелі.
На добры лад, партарганізацыя правільна ацэньвала мае адносіны да працы — асаблівых амбіцый у мяне сапраўды не было. Дзейнасць у гэтай фірме была для мяне, па сутнасці, прыказкавай „службішкай”, якая давала магчымасць утрымацца на паверхні жыцця, рэгулярна аплачваць кватэру, забяспечыць харчаванне, часам набываць нейкую вопратку і ўрэшце памагаць маме. Паколькі вялікіх прэтэнзій у мяне не было, гэты сціплы заробак пакуль што задавальняў.
Вядома, заробак не даваўся дарам. Я стараўся салідна працаваць, рыхтаваў праекты рацыяналізацыі дзейнасці фірмы і аналітычныя агляды становіпгча на міжнародным рынку нашых асноўных экспартных вырабаў. Ініцыяваў арганізацыю самастойных бартэрных здзелак без удзелу пасрэднікаў, якія за свае паслугі бралі немалыя камісійныя. Цікавіўся таксама стварэннем шляхам супрацоўніцтва з замежнымі агентамі ЦІЭХа службы даследавання попыту і канкурэнцыі на рынках асноўных нашых экспартных вырабаў.
Mae ініцыятывы і вынікі працы станоўча ацэньваў намеснік генеральнага дырэктара М. Гольдграбер, жыд па нацыянальнасці, які па невядомых прычынах адносіўся да мяне прыхільна. Праўда, ён не мог ігнараваць пазіцыю партарганізацыі, тым не менш садзейнічаў павышэнню майго заробку, акрамя таго, вызначыў мяне кандыдатам польскага знешнегандлёвага ведамства на далейшую вучобу ў Маскоўскім
інстытуце замежнага гандлю. Аднак у нашым міністэрстве вышэйшай адукацыі мая кандыдатура не прайшла — я не вытрымаў моцнай канкурэнцыі партыйных дзеячаў.
Болып паспяховай была ініцыятыва Гольдграбера, у выніку якой мяне прызначылі прадстаўніком фірмы ЦІЭХ у ведамаснай аналітычна-інфармацыйнай службе пад кіраўніцтвам Польскай знешнегандлёвай палаты. У Палаце ацэньвалі мяне як спецыяліста ў галіне доследаў міжнароднага рынку хімічных вырабаў, што ў недалёкай будучыні адыграла важную ролю ў вырашэнні пытання маёй прафесійнай працы.
Такім чынам, я часам карыстаўся прыхільнасцю кіраўніцтва фірмы, аднак становішча надалей заставалася складаным і няпэўным. Пакуль што трымаўся ЦІЭХа, але адначасова шукаў іншых магчымасцяў рэалізацыі сваіх зацікаўленняў. Значную няпэўнасць выклікала пытанне ваеннай службы. У 1950 г. прызываліся ў армію мае равеснікі, але ніякая ваенная ўстанова не магла паведаміць мне пра прызыў, бо за тры месяцы 1950 г. (ліпень — верасень) я чатыры разы змяняў месца пастаяннага пражывання, і ў выніку мае дакументы блукалі па Полыпчы. Таму баяўся, што прызыву своечасова не атрымаю, наступствам чаго магло быць абвінавачванне ў свядомым адхіленні ад ваеннай службы.
Гэтага я не хацеў і 27 верасня 1950 г. дабравольна пайшоў на прызыўную камісію, адпаведную маёй тагачаснай прапісцы. Камісія была захоплена маімі паводзінамі, праверыла дакументы і рашыла, што, маючы закончаную вышэйшую адукацыю, я не падлягаю прызыву ў армію, і ў выніку я атрымаў ваенную кніжку са званнем афіцэра рэзерву.
Пасля гэтага часовага развітання з арміяй я ўжо мог спакойна планаваць сваю дзейнасць. Неўзабаве
рашыў паступаць на магістарскі курс у Галоўнай школе планавання і статыстыкі ў Варшаве. На той час яна была адзінай у Польпічы эканамічнай навучальнай установай, якая мела права даваць магістарскія дыпломы. У кастрычніку 1950 г. занёс прашэнне ў сакратарыят школы, аднак там яго не прынялі і паведамілі, што такое прашэнне неабходна выслаць у рэктарат Вышэйшай эканамічнай школы ў Шчэціне, які пасля ўхвалення маёй просьбы прышле ў ГШПіС маю кандыдатуру на магістарскі курс.
Я быў моцна расчараваны — разумеў, што тая ці іншая пазіцыя шчэцінскага рэктарата будзе толькі фармальным наступствам рашэння партыйнага камітэта гэтай навучальнай установы, які на магістарскі курс прызначыць сваіх кандыдатаў. Здавалася, што няма ўжо ніякай надзеі на атрыманне магістарскага дыплома.
I тады я ўспомніў нейкага пана Флешара, які ў выпадку цяжкасцяў з паступленнем на магістарскі курс запрашаў мяне зайсці да яго на кафедру эканамічнай геаграфіі ГШПіС. Кім быў гэты чалавек, я не ведаў, аднак неадкладна зайшоў на кафедру. А там паведамілі, што прафесар (!) Флешар зараз у рэктараце. Пайшоў у рэктарат і там на дзвярах кабінета прачытаў надпіс: „Прарэктар Флешар”. Ну, здавалася, нядрэнна...
Спачатку ён мяне не пазнаў, але пасля кароткай размовы ўспомніў і ўсклікнуў: „Ах, так, помню, Афрыка, Афрыка!..” і без лішняй дыскусіі напісаў на маім прашэнні „PrzoszQ przyj^c”. I тады, і пазней, калі рашалася ўся справа, ніхто ў ГШПіС дакладна не ведаў, што значыць піфійская рэзалюцыя прарэктара — прыняць рашэнне на разгляд ці прыняць мяне на магістарскі курс. Калі з рэзалюцыяй прарэктара вярнуўся ў сакратарыят, жанчына прыняла
маё прашэнне і коратка сказала: „Так, цяпер іншая справа”.
Дапамога прафесара Флешара была несумненнай, але не цалкам для яго бескарыснай. Ен імкнуўся развінуць дзейнасць сваёй кафедры і прыцягнуць да яе маладых людзей, зацікаўленых пытаннямі эканамічнай геаграфіі. Відаць, прафесар лічыў мяне адпаведным кандыдатам, у сувязі з чым прапанаваў мне спачатку няштатную асістэнтуру і запрашаў удзельнічаць у пасяджэннях кафедры.