За кардонам Бацькаўшчыны
Успаміны
Юры Туронак
Выдавец: Медысонт
Памер: 276с.
Мінск 2010
Нарэшце ў студзені 1951 г. спецыяльная камісія прыняла рашэнне аб дапушчэнні на магістарскі курс прапанаваных кандыдатаў. 3 цікавасцю паехаў у школу глянуць на вывешаныя на калідоры спісы. Там сустрэў шчэцінскіх актывістаў, якія кінуліся да мяне з прэтэнзіяй і запытаннем, якім цудам я знаходжуся сярод прынятых, тады як іх камісія адкінула. „Мы ж цябе не рэкамендавалі!” — казалі яны, на што я спакойна адказаў: „Я тут працую”. Пазней выведаў падрабязнасці: з ліку 60 кандыдатаў, прапанаваных парткамам шчэцінскай вучэльні, на магістарскі курс прынялі толькі 17.
Згодна з указаннем прафесара Флешара на пачатку 1951 г. заняўся распрацоўкай магістарскай дысертацыі на тэму „Сельская гаспадарка на Блізкім Усходзе”, а мой калега Міхал Гільчук — „Сельская гаспадарка сярэднеазіяцкіх рэспублік СССР”. Абедзве тэмы павінны былі паказаць уплыў прыроднага асяроддзя на сельскагаспадарчую вытворчасць гэтых двух палітычна розных раёнаў і даказаць перавагу сацыялістычнай эканамічнай сістэмы.
Тэма дысертацыі мяне мала цікавіла, але выканаць яе было неабходна — ад гэтага далежаў лёс дыплома, які даваў лепшыя жыццёвыя магчымасці. Працаваў інтэнсіўна, выкарыстаў прадугледжаны законам навуковы адпачынак і ў снежні 1951 г. ды-
сертацыя была завершана і ўхвалена прафесарам і рэцэнзентамі. У лістападзе здаў усе экзамены, аднак магістарскага дыплома давялося крыху пачакаць — атрымаў яго толькі на пачатку 1953 г.
Тым часам бедны калега Гільчук змагаўся з незалежнымі ад яго праблемамі. Пасля смерці Сталіна (5.03.1953) быў апублікаваны артыкул Л. Берыі, прысвечаны, між іншым, пытанням эканомікі сярэднеазіяцкіх рэспублік СССР, якога ён не паспеў выкарыстаць у сваёй дысертацыі і быў вымушаны яе перапрацаваць з улікам думак вялікага чэкіста. Аднак неўзабаве Берыю забілі, і ягоныя погляды сталі „варожымі”, у сувязі з чым аўтар дысертацыі быў чарговы раз вымушаны яе перапрацаваць, гэтым разам з выключэннем шкодных думак новага „ворага народа”. Справа зацягнулася, да чаго таксама прычынілася прызначэнне Флешара рэктарам Вышэйшай эканамічнай школы ў Познані, якому, магчыма, ужо надакучыла даказваць перавагі сапыялістычнай гаспадаркі.
Пасля завяршэння магістарскай працэдуры і некалькімесячнага няштатнага супрацоўніцтва 1 снежня 1951 г. я быў прызначаны асістэнтам кафедры эканамічнай геаграфіі. Гэтае становішча не змянілася на працягу наступных пяці гадоў, калі пасля выезду Флешара ў Познань кафедрай кіраваў прафесар Яцэк Рудзінскі. 3 увагі на маю асноўную працу ў ЦІЭХу мне былі даручаны дыдактычныя заняткі з студэнтамі-завочнікамі, якія адбываліся вечарам. Пераважную частку маіх студэнтаў складалі афіцэры польскага войска і функцыянеры органаў дзяржаўнай бяспекі, сярод якіх нярэдка сустракаліся інтэлігентныя, добра падрыхтаваныя людзі.
Акрамя дыдактычных заняткаў удзельнічаў у рэалізацыі навуковых праграм, якія абмяркоўваліся на пасяджэннях супрацоўнікаў кафедры. Першай
была падрыхтоўка калектыўнага рэферата на Ленінскую сесію ў Галоўнай школе планавання і статыстыкі аб значэнні працы Леніна „Развіццё капіталізму ў Расіі” для эканамічнай геаграфіі. Сесія адбылася 9 сакавіка 1954 г., пасля якой наш рэферат быў надрукаваны ў „Навуковых сшытках” школы.
Чарговай тэмай, якая ў 1954—1955 г. выконвалася ў рамках кафедры, была геаграфічна-эканамічная манаграфія „Злучаныя Штаты Паўночнай Амерыкі”. Рыхтавала яе група супрацоўнікаў: прафесары Яцэк Рудзінскі, Ігнацы Жэндоўскі і асістэнты Станіслаў Завадскі, Юзік Зялінскі, Янка Келясінская і Юры Туронак. Праца ішла марудна, некаторыя раздзелы кнігі давялося перапрацоўваць згодна з указаннем рэцэнзентаў і патрабаваннем рэдактараў Дзяржаўнага навуковага выдавецтва, у выніку чаго яе выданне зацягнулася да 1958 г.
Так, пачынаючы са снежня 1951 г., я працаваў на дзвюх пасадах — у ЦІЭХу і ГШПіС. Праўда, праца на кафедры павялічыла на 50% мае ціэхаўскія даходы, аднак мала мяне задавальняла, галоўным чынам з увагі на яе празмерную, часта абсурдную палітызацыю і казкі пра сталінскія планы ператварэння прыроды. Таксама ў ЦІЭХу не спынялася партыйная блакада і працягваліся дыскусіі з начальнікам аддзела кадраў, які „па-сяброўску” раіў адмовіцца ад асістэнтуры і прысвяціць свой вольны час палітычнай рабоце ў фірме.
У такім становішчы я ўсё япгчэ спадзяваўся знайсці сферу дзейнасці, адпаведную маім зацікаўленням. Гэтая ідэя доўгі час выношвалася ў падсвядомасці і толькі пад уплывам вопыту на кафедры і першамайскай трансляцыі мінскага радыё летам 1952 г. сфармавалася ў цвёрдае рашэнне: вывучаць гісторыю эканамічнага развіцця Беларусі. Здавалася, такая праблематыка, адпаведная профілю ву-
чэльні, магла б быць тэмай маёй будучай доктарскай дысертацыі.
3 гэтага часу ўсе вольныя ад службовых заняткаў хвіліны праводзіў у варшаўскіх бібліятэках і архіве Статыстычнага ўпраўлення, у якіх неспадзявана аказалася шмат расійскіх, савецкіх і польскіх публікацый і матэрыялаў па гэтым пытанні. На іх падставе апрацаваў падрабязны аналіз развіцця перш за ўсё сельскагаспадарчай вытворчасці параўнаўча ва ўсходняй і заходняй частках Беларусі, між іншым, паказаў яе рэгрэс у БССР, які ў 1930-я г. адбыўся ў выніку гвалтоўнай калектывізацыі.
Аднак у 1950-я г., калі прыклад СССР лічыўся асноўным канонам развіцця Польшчы і іншых сатэліцкіх краін, калі ў іх ажыццяўлялася палітыка калектывізацыі сельскай гаспадаркі, такія вынікі маіх доследаў не адпавядалі „адзіна правільным” ідэалагічным нормам. Паводле іх не факты абумоўлівалі такія ці іншыя вывады, а наадварот — яны, факты, павінны былі служыць ілюстрацыяй загадзя вызначаных палітычна правільных тэзісаў.
3 такім прынцыпам я не мог згадзіцца і, нягледзячы на гатоўнасць заняцца доктарскай дысертацыяй, таксама не згадзіўся на рэалізацыю прапанаванай новым кіраўніком кафедры прафесарам Рудзінскім тэмы аб перспектывах польскага экспарту. На распрацоўку такой тэмы мне проста шкада было часу, і надалей я займаўся пытаннямі беларускай эканомікі, што дазволіла зразумець складаныя грамадскія ўмовы побыту насельніцтва маёй уяўнай Бацькаўшчыны. Такім чынам самастойныя навуковыя доследы замянялі беларускую арганізацыйную дзейнасць, якой не было ў Полыпчы да сярэдзіны 1950-х г.
Аднак вырашыць дылему — ЦІЭХ ці ГШПіС, — якая ўсё больш мяне непакоіла, было няпроста. Спа-
лучэнне ў адной установе бюралістыкі і навукі здавалася нерэа льным і бессэнсоўным, а выбар адной сферы дзейнасці ўскладнялі прапанаваныя фінансавыя ўмовы. Важнае рашэнне даспела ў 1954 г., да чаго прычыніўся дырэктар Гольдграбер, рэкамендацыя якога запачаткавала кантакт і спачатку няштатнае супрацоўніцтва з Польскай знешнегандлёвай палатай. Там ужо з 1953 г. прапанавалі падрыхтоўку невялікіх артыкулаў, якія рэкламавалі вырабы польскай хімічнай прамысловасці на замежных рынках, за што, дарэчы, плацілі добрыя ганарары.
Урэшце на пачатку снежня 1954 г. прэзідэнт Палаты Галь і шэф аддзялення эканамічных доследаў Тадэвуш Віт запрасілі мяне на размову. Яны прапанавалі штатную працу ў гэтым аддзяленні Палаты, добрыя яе ўмовы і заробак, які перавышаў агульны заробак у ЦІЭХу і ГШПіС. Прытым не закраналіся пытанні партыйнай прыналежнасці ці ідэалогіі. У гэтых адносінах бралася пад увагу толькі адно — выкананне аналітычных распрацовак становішча на рынку вырабаў хімічнай прамысловасці. Прапанаваныя ўмовы я прыняў і выказаў гатоўнасць ужо з пачаткам 1955 г. перайсці на працу ў Палату, пра што паведаміў у аддзел кадраў ЦІЭХ.
I вось толькі цяпер, пасля пяцігадовых прыдзірак, пачалося нечаканае. Партарганізацыя замоўкла, a дырэкцыя фірмы адмовілася мяне адпусціць, прапанавала прэміі, замежныя камандзіроўкі, і нарэшце ў ліпені 1955 г. прызначылі мяне кіраўніком секцыі цэн і вывучэння рынкаў. Гэта, аднак, не паўплывала на маё рашэнне, для ажыццяўлення якога спатрэбілася нават інтэрвенцыя міністэрства замежнага гандлю. Нарэшце, пасля некалькімесячнай бюракратычнай валакіты, дырэкцыя ЦІЭХ згадзілася на мой службовы пераход у Палату, і 31 студзеня 1956 г. я развітаўся з гэтай фірмай.
Затое для прафесара Рудзінскага мая адмова ад працы на кафедры эканамічнай геаграфіі не была нечаканай. Ен таксама не пераносіў празмернай палітызацыі навуковай працы і праз нейкі час пайшоў на іншую пасаду. He апраўдаліся спадзяванні прафесара Флешара на паспяховае развіццё кафедры, якое ў тагачасных палітычных умовах наўрад ці было магчымым. Неўзабаве пакінулі кафедру асістэнты Вітэк Кусінскі, Тадзік Гоф і, магчыма, іншыя, якія перайшлі на працу на факультэт геаграфіі Варшаўскага ўніверсітэта. Таксама пайшлі Юзік Зялінскі і Янка Келясінская (неўзабаве — Ленарціха), якія следам за мной перайшлі ў Палату. Там тройка колішніх супрацоўнікаў працаваЛа да пенсіі.
ВЯЛІКІ ПЕРАЛОМ
2 лютага 1956 г. кіраўніцтва Польскай знешнегандлёвай палаты заключыла са мной дагавор аб працы, асноўныя палажэнні якога не мяняліся на працягу амаль сарака наступных гадоў. Ужо сам гэты факт быў дастатковым сведчаннем таго, што праца ў Палаце мяне задавальняла. Так закончыўся некалькігадовы перыяд пошукаў на той час аптымальнай прафесійнай дзейнасці.
Маёй асноўнай задачай было даследаванне сітуацыі на міжнародным рынку хімічных вырабаў і сыравіны для хімічнай прамысловасці, перш за ўсё тых, якія былі прадметам экспарту польскай прамысловасці. Падставай аналітычных распрацовак была статыстычная інфармацыя, публікаваная ў афіцыйных штомесячных даведніках бадай усіх краін заходняй Еўропы і ЗША. Багатыя калекцыі гэтых даведнікаў знаходзіліся ў бібліятэках Палаты і Галоўнага статыстычнага ўпраўлення. Яны дазвалялі сачыць за развіццём попыту, прадукцыі, канкурэнцыі і цэн выбраных вырабаў у краінах, куды пастаўляліся польскія хімікаты.
Асноўныя параметры рынку, якія можна было вызначыць на падставе бягучай статыстычнай інфармацыі, дапаўняліся звесткамі аб рэалізаванай і планаванай разбудове вытворчых магутнасцяў, якія публікаваліся ў замежных перыёдыках і паведамляліся афіцыйнымі службамі. Такім чынам даступныя матэрыялы дазвалялі вызначыць тэндэнцыі і верагодныя перспектывы развіцця попыту на
рынках, якія былі прадметам зацікаўлення польскай хімічнай прамысловасці.
Акрамя аналітычных доследаў я павінен быў цікавіцца агульным становішчам эканомікі партнёрскіх краін і вывучаць экспартныя магчымасці польскай хімічнай прамысловасці.