За кардонам Бацькаўшчыны
Успаміны
Юры Туронак
Выдавец: Медысонт
Памер: 276с.
Мінск 2010
Чаго гэтыя прапановы мелі датычыць, я не ведаў і не цікавіўся, лічыў, што ва ўмовах польска-беларускага антаганізму на Беласточчыне дамаўляцца з салідарнікамі няма сэнсу. Я прынцыпова згадзіўся з ідэяй заснавання Клуба, але выключыў магчымасць любога ўдзелу ў нашых сустрэчах прадстаўнікоў польскіх урадавых і апазіцыйных структур. На мой погляд, Клуб павінен дзейнічаць самастойна і нелегальна з удзелам невялікай колькасці кампетэнтных інтэлектуалаў і па магчымасці ўплываць на дзейнасць беларускіх арганізацый. Толькі пры такой умове пагаджаўся быць яго членам.
Вапа, відаць, згадзіўся з маім патрабаваннем, што адлюстравала заснавальная дэкларацыя Клуба, у якой не згадвалася магчымасць кантакту з апазіцыяй. 11 лютага 1989 г. Беларускі клуб пачаў сваю дзейнасць у складзе: Яўген Вапа, Мікола Ваўранюк, Юрка Каліна, Алег Латышонак, Юрка Ляшчынскі, Ян Максімюк, Антон Мірановіч, Яўген Мірановіч, Лявон Тарасевіч, Юры Туронак і Сакрат Яновіч. Мя-
не аднагалосна выбралі старшынёй. Неўзабаве былі кааптаваны Валік Сельвесюк і Віктар Стахвіюк, а ў жніўні адмовіўся ад удзелу Ян Максімюк.
У 1989 г. нашы пасяджэнні адбываліся амаль штомесяц. Абмяркоўвалася эканамічнае становішча ўсходняй Беласточчыны, канфесійныя пытанні, праблемы моладзевага руху, палітычная сітуацыя ў Беларусі. Аднак найбольшае зацікаўленне удзельнікаў выклікалі чэрвеньскія выбары. 16 красавіка члены Клуба рашылі прыняць удзел у выбарах самастойна і вылучылі двух незалежных кандыдатаў — Яўгена Мірановіча ў сейм і Сакрата Яновіча ў сенат. Праўда, нашы кандыдаты не набралі неабходнай колькасці галасоў, аднак усё ж на іх прагаласавала амаль 40 тысяч выбаршчыкаў.
Такая падтрымка нашых кандыдатаў узбудзіла спадзяванне членаў Клуба на магчымасць дасягнення ў будучыні яшчэ лепшых выбарчых вынікаў. Міраж парламенцкага прадстаўніцтва садзейнічаў усведамленню неабходнасці актывізацыі палітычнай работы сярод насельніцтва, якую павінна была ажыццяўляць свая палітычная партыя. Летам і восенню 1989 г. гэтая ідэя цалкам здамінавала дзейнасць Клуба. Пасля даследавання неабходных юрыдычных патрабаванняў 3 верасня на пасяджэнні Клуба была вылучана ініцыятыўная група па стварэнні грамадскага камітэта, які заняўся падрыхтоўкай устаноўчага кангрэсу партыі — Беларускага Дэмакратычнага Аб’яднання (БДА).
Дзейнасць Беларускага клуба выклікала немалыя праблемы. Некаторых членаў не задавальнялі яго абстрактныя мэты і закрыты характар. Нягледзячы на аднагалосна прынятую пастанову, некаторыя сябры самавольна запрашалі на нашы сустрэчы сваіх калег, і нават прадстаўніка „Салідарнасці” Костшэву. Недапушчальнай была вылазка Яновіча,
які перадаў рэдакцыі нью-ёркскага „Беларуса” інфармацыю пра заснаванне Клуба і яго персанальны склад, апублікаваную ў нумары за травень — чэрвень 1989 г. 5 жніўня ўчынак Яновіча быў асуджаны на пасяджэнні Клуба і, каб не быць выключаным дысцыплінарна, ён сам адмовіўся ад далейшага супрацоўніцтва.
Узнікла нядобрая атмасфера. Час ад часу выказваліся заўвагі, быццам Клуб прэтэндуе на ролю нейкага вярхоўнага органа, намераны кіраваць іншымі беларускімі арганізацыямі, або нічога не робіць і таму яго можна закрыць. Тарасевіч і Стахвіюк настойвалі на ператварэнні Клуба ў дапаможны палітычны орган Беларускага Дэмакратычнага Аб’яднання, але іншыя сябры — Сельвесюк, Вапа, Ваўранюк і Латышонак — выказваліся за далейшае самастойнае яго існаванне і супрацоўніцтва з БДА.
Аднак Клуб існаваў, а апошнім яго здзяйсненнем была падрыхтоўка таксама закрытай канферэнцыі вядучых беларускіх незалежніцкіх дзеячаў з Беларусі, Беласточчыны і эміграцыі, якая ўжо пад фірмай БДА адбылася 5—8 кастрычніка 1990 г. у Белавежы. Выдатную ролю ў яе арганізацыі і фінансавым забеспячэнні адыгралі Сельвесюк і Стахвіюк.
На гэтым Беларускі клуб закончыў сваё існаванне, а разам з ім закончылася мая дзейнасць на беларускай грамадскай ніве — свой час і сілы я рашыў прысвяціць гісторыі. На развітанне падрыхтаваў свой погляд на беларускае пытанне на адарваным ад Бацькаўшчыны беластоцкім асколку, які прадставіў удзельнікам белавежскага форуму. Наколькі ведаю, тэкст майго выступлення ніколі не публікаваўся, хаця і без таго адыграў сваю ролю ў беларуска-польскіх адносінах. Гэты тэкст, які дваццаць гадоў шчасліва праляжаў у маім архіве, змяшчаецца ў „Дадатку” № 3.
ЭКСКУРС У ГІСТОРЫЮ
На пачатку 1950-х г., калі ўжо меў магістарскі дыплом і асістэнтуру на кафедры эканамічнай гісторыі ГШПІС, даспявала пытанне доктарскай дысертацыі. 3 такім намерам збіраў і апрацоўваў матэрыялы аб эканоміцы Беларусі ў міжваенны перыяд. У 1955 г. закончыў падрабязны статыстычны аналіз і канспект спадзяванай дысертацыі.
Аднак кіраўнік кафедры прафесар Рудзінскі не верыў у магчымасць акцэптацыі такой тэмы Навуковай радай ГШПіС і прапанаваў мне заняцца распрацоўкай тэндэнцый і перспектыў польскага экспарту. На думку прафесара, такая тэма была болып адпаведнай маім кваліфікацыям і менш контраверсійнай, чым разгляд становішча беларускай эканомікі, у прыватнасці сельскай гаспадаркі. Рацыя прафесара была несумненнай, аднак гэтая прапанова мяне не цікавіла. Падобным вынікам закончыліся спробы зацікавіць маёй тэмай прафесара Варшаўскага ўніверсітэта Беразоўскага, які прапанаваў распрацоўку пытання развіцця польскай дрэваапрацоўчай прамысловасці. Абедзве тэмы не задавальнялі, і праз нейкі час спрабаваў шукаць прызнання ў Мінску.
У кастрычніку 1957 г. звярнуўся да рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з просьбай разгледзець магчымасць распрацоўкі маёй тэмы ў рамках завочнай аспірантуры. Мая просьба разглядалася там амаль чатыры месяцы і ўрэшце ў лютым
1958 г. атрымаў прынцыповую згоду рэктара. 3 візай праблем не было — здаецца, савецкае консульства ў Варшаве было ў курсе справы, і ў красавіку я паехаў у Мінск.
21 красавіка адбылася сустрэча з кіраўніцтвам БДУ. Удзельнічалі рэктар Сеўчанка, прарэктар Малышаў і нехта Савачкін. Яны знаёміліся са мной, пыталіся пра адукацыю, заняткі, зацікаўленні, прасілі запоўніць персанальную анкету і паведамілі, што маім навуковым кіраўніком прадбачаны прафесар Рагозін, загадчык кафедры эканамічнай геаграфіі БДУ. Я павінен быў сустрэцца з прафесарам Рагозіным, абмеркаваць пытанне тэмы дысертацыі, экзаменаў, пазнаёміць яго з маімі навуковымі здзяйсненнямі. Падзякаваў за ўвагу і развітаўся задаволены — здавалася, усё прарочыла поспех.
На другі дзень пайшоў на вызначаную сустрэчу з Рагозіным, аднак дарэмна чакаў яго паўтары гадзіны — прафесар не з’явіўся. Ен толькі 29 красавіка пазваніў мне і запрасіў на размову. Прафесар ветліва радзіў не займацца пытаннем эканомікі Беларусі і прапанаваў распрацаваць нейкае пытанне польскай прамысловасці ці польска-савецкага супрацоўніцтва, чым я мог паспяхова заняцца ў Варшаве. Выглядала на тое, што аналізам беларускай гаспадаркі аднолькава не цікавіліся вучоныя ў Варшаве і Мінску.
Справа была высветлена, аднак не шкадаваў, што прыехаў у Мінск. Там была Ефрасіння — самы важны матыў дысертацыйнага мерапрыемства: трэба было з ёю сустрэцца, разважыць пытанне нашай будучыні. Дарэчы, доктарскі дыплом не быў ужо такі неабходны ў маёй прафесійнай кар’еры і можна было без расчаравання пра яго забыцца. He забывалася затое Ефрасіння.
Неўзабаве дысертацыю замяніла распрацоўка гісторыі беларускага школьніцтва на Беласточчыне, якое здавалася красамоўным сведчаннем існавання адарванага ад Бацькаўшчыны беларускага насельніцтва і важным фактарам захавання яго нацыянальнай адметнасці. Так склалася, што гэтым пытаннем дасюль амаль ніхто не займаўся, таму мне давялося быць пачынальнікам.
3 такім намерам і рэкамендацыямі старэйшых калег з БГКТ я адшукаў у Супраслі пажылую настаўніцу Веру Карчэўскую (раней — Матэйчук, Маслоўскую), якая спачатку паставілася да мяне непрыхільна і насцярожана. Своеасаблівым пропускам у яе ўспаміны і захаваныя архіваліі быў фотаздымак удзельнікаў першых беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні (1919), які ўжо пры развітанні
ўгледзеў на сцяне яе пярэдняга пакоя. „Адкуль у Вас гэты здымак?” — запытаўся здзіўлены, на што Вера адказала запытаннем: „А чаму Вам гэта цікава?”. Тады я ёй сказаў, што такі фотаздымак ёсць і ў мяне. I зноў запытанні — адкуль, чаму?..
А фота сведчыла, што ўдзельнікам курсаў была не толькі Вера, але і мой бацька. „Сыночку! — выгукнула Вера, — а я думала рознае, крыху Вас баялася. Заходзьце ў пакой, пагаворым нармальна. А ведаеце, Ваш бацька тады заляцаўся да мяне...”.
3 гэтага часу я даволі часта гасцяваў у Супраслі. Вера расказвала, як пад час Першай сусветнай вайны нямецкія ўлады арганізавалі беларускія школы, рыхтавалі настаўнікаў у Свіслацкай семінарыі, дала мне некалькі здымкаў сваіх сяброў і сябровак — настаўнікаў першых беларускіх школ на Беласточчыне. Тады атрымаў поўны сшытак яе вершаў, падпісаных псеўданімам Мурашка, якія склаліся ў маю публікацыю „Забытая ліра Веры Мурашкі” ў беластоцкай „Ніве” (5.03.1978). Цэнзура доўгі час не прапускала аповесць „Непакорная Вера” аб грамадскай дзейнасці гэтай жанчыны, і толькі ў 1990 г. яна была надрукавана ў „Беларускім календары”.
На падставе звестак Веры Карчэўскай, з часам дапоўненых інфармацыяй з нямецкіх і беларускіх крыніц, паўстала першая мая распрацоўка гісторыі беларускага школьніцтва, апублікаваная ў „Навуковым зборніку” (1974). Некаторым кіраўнікам БГКТ не падабалася сцвярджэнне, што яго заснавальнікам была не Полыпча ці Расія, а Нямеччына. Дзейнасць гэтых школ была кароткатрывалай і закончылася ў выніку ваеннага паражэння Нямеччыны. У 1919 г. Беласточчыну занялі польскія войскі, і ўсе беларускія школы былі ліквідаваныя.
У 1939 г. Беласточчына ўвайшла ў склад Беларускай ССР, і беларускія школы былі адноўлены
савецкімі ўладамі. Немалая іх частка працягвала дзейнічаць і ва ўмовах другой нямецкай акупацыі. Час быў ваенны, і дзейнасць гэтых школ у многім залежала ад стаўлення насельніцтва і настаўнікаў. Гэта выклікала цікавасць, і я заняўся вывучэннем акупацыйнага перыяду, карыстаўся архіўнай дакументацыяй, сведчаннямі настаўнікаў і вучняў, што дазволіла высветліць арганізацыйныя і матэрыяльныя ўмовы дзейнасці школ, праграмы навучання і надзіва пазітыўнае да іх стаўленне камандавання савецкіх партызанскіх атрадаў. Вынікам гэтых доследаў быў салідны артыкул „Акупацыйная школьная палітыка ў Беластоцкай акрузе 1941—1944”, апублікаваны ў варшаўскім перыёдыку „Przegl^d Historyczno-Oswiatowy” (1976, № 3).