За кардонам Бацькаўшчыны Успаміны Юры Туронак

За кардонам Бацькаўшчыны

Успаміны
Юры Туронак
Выдавец: Медысонт
Памер: 276с.
Мінск 2010
52.5 МБ
Летам 1944 г. прыйшла Чырвоная Армія, і неўзабаве Беласточчына была перададзена Польшчы. Паколькі пераважная колькасць беларусаў не хацелапакідацьродныя мясціны, у 1945—1946 г. польскае падполле агнём і мячом змушала іх перасяліцца ў БССР і, тэрарызуючы настаўнікаў, намагалася спыніць дзейнасць беларускіх школ. Нягледзячы на крывавае змаганне ўрадавых сіл з падполлем, абодва варожыя бакі ставіліся да беларускага цытання, па сутнасці, аднолькава. Праўда, органы „народнай” улады цешылі беларусаў прыгожай дэмакратычнай фразеалогіяй, але адначасова рыхтавалі прымусовае іх перасяленне на ўсход з надзеяй на акцэптацыю гэтага мерапрыемства савецкімі ўладамі. Польпгча мелася быць аднанацыянальнай дзяржавай, у сувязі з чым беларускія школы лічыліся лішнімі і ў 1946—1947 г. былі ліквідаваны. Паўтараўся сцэнарый 1919 года.
Аднак падзеі развіваліся нязгодна з намерам польскіх улад. Масква не была зацікаўлена ў ліквідацыі беларускага пытання ў Полыпчы, і таму
не збыліся спадзяванні на заключэнне дагавора аб прымусовым перасяленні беларускага насельніцтва. У 1948 г. адбыліся важныя змены ў партыйным кіраўніцтве, і ў канцы чэрвеня 1949 г. сакратарыят ЦК ПАРП асудзіў скандальныя пачынанні ўлад у 1946-1947 г. і вырашыў неадкладна аднавіць дзейнасць беларускіх школ на Беласточчыне.
Партыйны загад выконваўся як належыць. У выніку незвычайных намаганняў мясцовых партыйных і адміністрацыйньіх органаў ужо напрыканцы 1949/50 школьнага года на Беласточчыне дзейнічала 39 школ з беларускай мовай навучання і 20 польскамоўных школ, у якіх пачалося вывучэнне беларускай мовы. Іх агульная колькасць хутка расла — у 1962/63 г. працавалі ўжо 172 школы, у якіх амаль 11 тысяч дзяцей вывучала беларускую мову. У абедзвюх катэгорыях школ усе школьнікі беларускай нацыянальнасці былі абавязаны вывучаць родную мову, дабравольным было толькі рашэнне бацькоў аб катэгорыі школы, у якой павінны былі вучыцца іх дзеці.
Такое становішча адлюстроўвала тагачаснае пазітыўнае стаўленне ўлад да роднай мовы беларусаў. Аднак пасля лістападаўскага (1956) пленума ЦК ПАРП, вяртання Гамулкі і паслаблення савецкіх уплываў у партыйным кіраўніцтве пачалі ўзнікаць сумненні ў правільнасці палітыкі, якая садзейнічала росту нацыянальнай свядомасці беларускай моладзі і з часам магла выклікаць непажаданыя наступствы: у адрозненне ад украінцаў, прымусова расселеных у паўночных і заходніх ваяводствах, беларусы захавалі сваю тэрыторыю і сукупна на ёй пражывалі.
Гэтыя спекуляцыі абумовілі паступовы перагляд прынцыпу вывучэння роднай мовы як абавязковага для беларускай моладзі школьнага прадмета. Сваёй інструкцыяй ад 17 лістапада 1962 г., накіраванай бе-
ластоцкай кураторыі, міністэрства асветы ўпершыню закваліфікавала беларускую мову ў польскамоўных школах як дадатковы факультатыўны прадмет і, без кансультацыі з бацькамі, дазволіла кіраўнікам школ вызваляць вучняў ад абавязковага вывучэння роднай мовы.
Вопытныя педагогі ў міністэрстве асветы дзейнічалі беспамылкова. Яны не сумняваліся, што вызначэнне беларускай мовы факультатыўным прадметам павінна паўплываць на змяншэнне зацікаўлення вучняў і бацькоў яго вывучэннем. 3 такім разлікам цягам наступных гадоў міністэрствам выдаваліся чарговыя рэгуляцыі, якія паглыблялі працэс распаду навучання. У выніку колькасць вучняў пачатковых школ, якія вывучалі беларускую мову, зменшылася з 10—11 тыс. у 1960-я г. да 3 тыс. у 1990 г. Вырашальную ролю пры тым адыграла змена ў 1970-я г. адносін партыі да беларускага пытання, якая адлюстроўвала афіцыйнае прызнанне канцэпцыі аднанацыянальнай польскай дзяржавы.
Я пільна сачыў за гэтымі падзеямі, збіраў і захоўваў дакументацыю, аднак спробы дыскусіі з кампетэнтнымі прадстаўнікамі партыі і міністэрства асветы былі безвыніковыя. Яны імкнуліся пераканаць удзельнікаў бэгэкатоўскіх з’ездаў у тым, што крызіснае становішча ў школьніцтве — вынік дэмаграфічных змен і незацікаўленасці бацькоў, а не намераных дзеянняў школьных улад. Гэта былі марныя хітрыкі — ніхто не сумняваўся, што школьныя ўлады могуць адмовіцца ад такой важнай ролі, як выхаванне моладзі.
Сапраўдныя прычыны распаду навучання беларускай мове былі „табу”, і публічнай дыскусіі не было. Праўда, кіраўнікі БГКТ, дырэктары школ і настаўнікі беларускай мовы ведалі прычыну, але маўчалі, не смелі аспрэчваць аргументацыю ўлад і
рызыкаваць сваімі пасадамі і невялікімі заробкамі. Акрамя кароткіх даведак, цэнзура не прапускала крытычных ацэнак школьнай палітыкі.
Усё ж Сакрату Яновічу ў 1976 г. удалося выдаць у беластоцкай Гарадской управе абмежаваным тыражом 200 асобнікаў маю брашуру „Беларускае школьніцтва на Беласточчыне ў пасляваенны перыяд”, якая жыла сваім жыццём і выкрывала фарысействы тагачаснай польскай палітыкі. Апошнім маім здзяйсненнем у гэтым пытанні быў змястоўны даклад „Нарыс гісторыі беларускага школьніцтва на Беласточчыне”, прадстаўлены 27 траўня 1988 г. на з’ездзе інспектараў, дырэктараў школ і настаўнікаў беларускай мовы ў Бельску. Аднак і гэтым разам ніхто з іх не адважыўся выступіць у дыскусіі. Тэкст дасюль неапублікаванага выступлення змешчаны ў „Дадатку” № 2.
У 1970-я г. заняўся вывучэннем кнігавыдавецкай і палітычнай дзейнасці Вацлава Іваноўскага — аднаго з піянераў беларускага нацыянальнага руху. На зацікаўленне гэтым дзеячам паўплывалі перш за ўсё размовы з прафесарам БДУ Сцяпанам Александровічам, які ўпершыню раскрыў мне ролю і значэнне Іваноўскага ў працэсе змагання за дзяржаўнасць Беларусі, за што ўладамі БССР абвінавачваўся ва ўсіх магчымых грахах і быў імі асуджаны на вечны нябыт у памяці нашчадкаў.
Такое стаўленне цікавіла, інтрыгавала і выклікала жаданне праверыць закіды супраць Іваноўскага. Пачаліся доследы яго дзейнасці ў Пецярбургу, Вільні, Варшаве і Мінску, вывучалася архіўная дакументацыя, перыёдыкі, успаміны і рэляцыі сведкаў — Язэпа Найдзюка, Гражыны Ліпінскай і іншых, дапамагала Ганна Іваноўская, дачка Вацлава, якая захавала нямала сямейных дакументаў і здымкаў. Выкарыстаў матэрыялы Сенацкай камісіі гісторыі і
традыцыі Варшаўскай палітэхнікі, якая разгледзела дзейнасць Вацлава Іваноўскага ў Мінску пад час нямецкай акупацыі. Камісія заслухала сведчанні яго супрацоўнікаў, выступленні гісторыкаў, палічыла няслушнымі прапагандысцкія зневажальныя ацэнкі і рашыла вярнуць прафесару Іваноўскаму годнасць выдатнага педагога Палітэхнікі і заслужана дзеяча польскай навукі.
Сабраны на працягу некалькіх гадоў біяграфічны матэрыял дазваляў падрыхтаваць манаграфію пра жыццё і дзейнасць Вацлава Іваноўскага, аднак з улікам тагачасных умоў яе публікацыя ў Польшчы ўяўлялася малаверагоднай. Таму пакуль што давялося пайсці альтэрнатыўным шляхам — апрацоўваць і публікаваць у навуковых перыёдыках паасобныя артыкулы, у якіх пад нейтральнымі загалоўкамі разглядаліся асноўныя пытанні яго дзейнасці.
Паспрыяў гэтаму тагачасны дырэктар Інстытута славістыкі ПАН прафесар Васіль Белаказовіч, які ў інстытуцкіх выданнях змясціў тры артыкулы пра кнігавыдавецкія здзяйсненні Іваноўскага на пачатку XX ст.: „Да гісторыі беларускага выдавецкага руху ў 1902—1905 г.”, „Генезіс і аўтарства першага беларускага лемантара” і «Дзейнасць беларускага выдавецтва „Загляне сонца і ў наша аконца” ў Пецярбургу». Чарговы артыкул „ППС і беларускі рэвалюцыйны рух у 1902-1906 г.” апублікавала Беластоцкае навуковае таварыства. Дзейнасць Іваноўскага пад час Другой сусветнай вайны разглядалася ў артыкуле „Беларускае пытанне ў палітыцы Лонданскага лагера”, апублікаваным у зборніку Інстытута гісторыі ПАН (гл. бібліяграфію ў „Дадатку”).
Гэты альтэрнатыўны шлях аказаўся даволі ўдалым: пасля распаду камуністычнай сістэмы ва Усходняй Еўропе апублікаваныя раней распрацоўкі маглі быць хутка дапрацаваны і склаліся ў задума-
45. На канферэнцыі Беластоцкага навуковага таварыства. Лістапад 1983 г. На першым плане прафесар Юры Тамашэўскі, справа Юры Туронак, за імі Міхась Хмялеўскі. Сяброўскі шарж Лёніка Тарасевіча.
ную манаграфію „Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі”, якая ў 1992 г. была выдадзена Інстытутам гісторыі ПАН. Кніга выклікала жывое зацікаўленне ў Польшчы, з’явіліся шматлікія рэцэнзіі, палемічныя агляды, асобныя яе раздзелы перакладаліся і друкаваліся ў беларускіх часопісах „Нёман” (1992), „Маладосць” (1994) і „Архэ” (1999).
Неўзабаве пасля выпуску ў Полыпчы Валерыя Ждановіч падрыхтавала поўны пераклад кнігі на беларускую мову, аднак яе выданне чамусьці зацягнулася да 2006 г. Праз год у „Беларускім гістарычным аглядзе” з’явілася цікавая рэцэнзія Станіслава Рудовіча.
Кніга „Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі” была першай спробай аргументаванай распрацоўкі
яго дзейнасці, асноўным арыенцірам якой была незалежная Беларусь. Ен пачаў яе будаванне тады, калі пра гэта мала каму яшчэ снілася. Гэтая яго дзейнасць ацэньвалася па-рознаму, бо рознымі былі адносіны яго прыхільнікаў і апанентаў да пытання дзяржаўнасці Беларусі.
Ад акалічнасцяў дзейнасці Іваноўскага ў Мінску быў ужо толькі адзін крок да шырэйшага разгляду пытанняў нямецкай акупацыі. Восенню 1981 г. закончыў артыкул пра адносіны польскага эмігранцкага ўрада і краёвага падполля да беларускага пытання ў 1941—1944 г. і шукаў магчымасці яго публікацыі. Артыкул без папярэдняй дамоўленасці выслаў для ацэнкі ў Інстытут гісторыі ПАН, выданні якога здаваліся найбольш адпаведнымі для выкарыстання такой тэмы. Аднак ва ўмовах ваеннага становішча ў Інстытуце, відаць, не працавалі, і толькі восенню 1982 г. прафесар Ласоўскі запрасіў мяне на размову. Прафесар прыняў прапанаваны артыкул і заахвочваў падрыхтаваць доктарскую дысертацыю аб падзеях у Беларусі ў гады нямецкай акупацыі.
Прычынай зацікаўлення прафесара былі некаторыя праблемы з рэалізацыяй даследчыцкай праграмы Інстытута, якая прадугледжвала, між іншым, вывучэнне адносін з усходнімі суседзямі Полыпчы ў гады Другой сусветнай вайны. Аднак да гэтага часу ў Інстытуце вывучаліся толькі польска-ўкраінскія і польска-літоўскія ўзаемаадносіны, але не было ахвотных заняцца беларускай праблематыкай. Гэты прабел мелася ў некаторай меры запоўніць мая дысертацыя.
Такім чынам, пасля ранейшых дысертацыйных няўдач у Варшаве і Мінску, прапанаваная прафесарам Ласоўскім тэма нарэшце адпавядала маім зацікаўленням, і я згадзіўся заняцца яе распрацоўкай. Значны ўплыў на гэтае рашэнне мелі