За кардонам Бацькаўшчыны Успаміны Юры Туронак

За кардонам Бацькаўшчыны

Успаміны
Юры Туронак
Выдавец: Медысонт
Памер: 276с.
Мінск 2010
52.5 МБ
Усё ж для грунтоўнай дыскусіі было яшчэ зарана. Паводле беластоцкага калегі Алега Латышонка, кніга „Беларусь пад нямецкай акупацыяй” была да таго наватарскім творам, што беларускія гісторыкі проста не былі гатовыя да такой дыскусіі. Папершае, яны маглі карыстацца нямецкай дакументацыяй толькі ў такой меры, якую дазвалялі яе выбраныя фрагменты ў перакладным фондзе мінскага архіва, і, па-другое, маглі імі карыстацца згодна з вызначанай іх навуковым кіраўніцтвам тэмай, ад-
паведнай „генеральнай лініі” доследаў. Таму невыпадкова апублікаваны 6 траўня 1994 г. у тыднёвіку „Літаратура і мастацтва” за подпісам пісьменніка Ігната Дуброўскага артыкул „Паклаўшы руку на біблію” паўтараў вядомыя савецкія тэзісы і не ўносіў у дыскусію ніякіх новых аргументаў.
Свая „генеральная лінія” была і ў беларускіх публіцыстаў у заходніх саюзніцкіх краінах антынямецкай кааліцыі. Яны, ухіляючыся ад западозрання ў калабарацыянізме, маўчалі або фальсіфікавалі акупацыйныя падзеі і сваё мінулае. У такім становішчы мая кніга не выклікала публічнай дыскусіі. Праўда, у амерыканскім штомесячніку „Беларус” (1991, № 380) быў надрукаваны рэцэнзійны артыкул Барыса Рагулі, аднак, па-першае, гэта была адзіная публікацыя, і, па-другое, яна не закранала істотных акалічнасцяў акупацыйнай актыўнасці беларускіх незалежнікаў.
На фоне страўсападобнага стаўлення эмігранцкіх палітыканаў унікальны погляд на прадстаўленыя ў кнізе пытанні выказаў у сваім наступным допісе ад 18 снежня 1995 г. пісьменнік Масей Сяднёў: «Што й казаць, Вашая кніга „Беларусь пад нямецкай акупацыяй” зрабіла на мяне глыбокае ўражаньне сваім праўдзівым, сапраўды навуковым выкладам падзей і такой жа бескампраміснай ацэнкай падзей. Што-ж тычыцца беларускага пытаньня падчас акупацыі, дык бяз Вашай кнігі яго нельга было-б нават уявіць, Вы надалі гэтаму пытаньню цэласьць, аформілі, узьнялі яго, бяз Вашай кнігі гэтага пытаньня прост не існавала-б, яно заставалася-б аморфным, у нейкіх неасэнсованых эпізодах, фрагмэнтах. Вашая кніга для мяне, што заставаўся наўзбоччы — цэлае адкрыцьцё. Шчыра-шчыра дзякую».
Такія ацэнкі ўмацоўвалі перакананне ў неабходнасці працягваць доследы становішча беларускага
нацыянальнага руху пад час нямецкай акупацыі. Асабліва цікавілі пытанні школьніцтва і ідэйныя пазіцыі моладзі, хацелася высветліць прычыны партызаншчыны і грамадзянскай вайны, даследаваць здзяйсненні ў галіне культуры, імкненні палітычных груповак і іншае. Аднак на тое не ставала часу і сіл, а таксама зацікаўлення і дапамогі беларускай дзяржавы. Давялося далей працаваць самому з марнай надзеяй на зацікаўленасць і магчымасці маладых даследчыкаў гісторыі ваеннага перыяду.
У другой палове 1990-х г. нейкі час супрацоўнічаў з Інстытутам славістыкі ПАН, падрыхтаваў даследаванне „Беларуская кніга ў Другой Рэчыпаспалітай 1921-1939” і некалькі дзясяткаў біяграмаў духоўнікаў розных хрысціянскіх канфесій. Адначасова супрацоўнічаў з мінскім каталіцкім часопісам „Наша вера”, у якім друкаваліся мае распрацоўкі, прысвечаныя гісторыі Каталіцкай царквы ў Беларусі. Аднак найболыпую цікавасць па-ранейшаму выклікалі падзеі акупацыі.
Пад час доследаў выяўляліся розныя абліччы акупацыйнага жыцця. Акрамя масавага знішчэння жыдоўскага насельніцтва ішла ўнутраная малая вайна ўсіх з усімі, метадамі якой не маглі ганарыцца не толькі савецкія і польскія партызаны, але і беларускія дзеячы. Спрэпараваныя імі пасля вайны „гістарычныя праўды” часта не адпавядалі сапраўднаму становішчу, што выклікала жаданне іх абгрунтаванага высвятлення.
Яшчэ за паўгода да канца акупацыі была ўстаноўлена савецкая ацэнка колькасці ахвяр цывільнага насельніцтва Беларусі („кожны чацвёрты”), значная частка якой спісвалася, як і Катынскае злачынства, на рахунак немцаў. Але забойствы дзеячаў, якія загінулі ў выніку міжусобнай барацьбы
47. Копія ліста М. Сяднёва ад 18.12.1995 г
за ўплывы і ўяўную ўладу, ахвотна паказваліся як подзвігі савецкіх падполыпчыкаў і партызан.
Так узнікалі міфы і дакументальнае іх абвяржэнне. Замах на Вацлава Іваноўскага падрыхтавалі, дарэчы, з ухвалення шэфа СС і паліцыі Готберга, прыхільнікі Астроўскага, якія такім чынам праклалі яму дарогу ў Беларускую Цэнтральную Раду. Ініцыятарам забойства Акінчыца таксама былі не партызаны, а толькі Іван Ермачэнка, які так бараніўся перад падрыхтаваным групай Акінчыца замахам на сваё жыццё. Няпраўда і тое, што савецкія партызаны забілі Юліяна Саковіча і Вінцэнта Гадлеўскага, пра што паведамлялі прапагандысты (гл.: Раманоўскі В. Саўдзельнікі ў злачынствах. Мінск, 1964, с. 143; Сачанка Іван. Хто такія беларускія „патрыёты”? Мінск, 1975, с. 74). Гадлеўскага расстралялі службоўцы мінскай СД, а Саковіча — акоўцы ў Васілішках пад Лідай.
Трагічным і бессэнсоўным было таксама забойства беларускіх патрыётаў ксяндзоў Станіслава Глякоўскага і Дзяніса Мальца і разгром беларускага каталіцкага душпастырства ў Мінску, здзейснены ў снежні 1941 г. „сваімі” праваслаўнымі экстрэмістамі пад кіраўніцтвам начальніка мінскай паліцыі згаданага Саковіча. Гэты ганебны ўчынак, які пасля вайны падаваўся як антыкаталіцкая акцыя нямецкай паліцыі, не садзейнічаў кансалідацыі нацыі і штурхаў беларускіх каталікоў у польскія абдымкі (гл.: Наша вера, 1996, № 1—2).
На пачатку новага стагоддзя падрыхтаваў дзве, магчыма, ужо апошнія, аналітычныя распрацоўкі некаторых пытанняў беларускага жыцця пад нямецкай акупацыяй. Першая з іх — „Беларуская кніга пад нямецкія кантролем (1939-1944)”, выдадзеная ў Мінску ў 2002 г., — адлюстроўвала незвычайна слабы творчы патэнцыял беларускіх аўтараў і такія ж
магчымасці выдаўцоў: калі ў 1941—1944 г. у Латвіі выдалі на латышскай мове каля 1500 кніг, то ў Генеральнай акрузе Беларусь — толькі 52.
Другая кніга — „Людзі СБМ” (2006) — паказвала вялікі ўздым нацыянальнай актыўнасці беларускай моладзі ва ўмовах ужо відавочнай мілітарнай катастрофы Трэцяга Райху. Гэты феномен быў самым важным вынікам нацыянальнай палітыкі генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ, незразумелым для многіх пасляваенных гісторыкаў.
НОВЫ ЧАС
Змену грамадска-палітычнага ладу ў Полыпчы ўспрыняў даволі абыякава — па-першае, гэта была ўжо восьмая такая змена ў маім жыцці, і, па-другое, мне было 60 гадоў, асноўныя жыццёвыя пытанні былі вырашаны, і ў любы час мог выйсці на пенсію. Таму мяне не турбавалі праблемы прафесійнай дзейнасці, якія нарасталі ва ўмовах новых капіталістычных парадкаў. Нарэшце мог прысвяціць больш часу сваім асабістым справам.
Неўзабаве пачаўся вывад савецкіх войск з Усходняй Еўропы, адбылося ўз’яднанне Нямеччыны з развітальным парадам савецкіх і нямецкіх войск у Берліне. Адначасова паглыбляўся эканамічны і палітычны крызіс у Савецкім Саюзе, актывізаваліся незалежніцкія рухі ў Прыбалтыцы. У сакавіку 1990 г. Вярхоўны Савет Літвы абвясціў аднаўленне дзяржаўнай незалежнасці. Адкрывалася новая старонка гісторыі.
Мне хацелася паглядзець на гэтую літоўскую незалежнасць, але Баліс Петрулёніс не мог задаволіць маёй просьбы і выслаць запрашэнне. Ён паведаміў пра ўвядзенне савецкімі ўладамі блакады Літвы, спыненні замежнага руху і паставак перш за ўсё аўтамабільнага паліва. Прыехаў з Зінай у Вільню толькі на пачатку верасня, калі блакада была ўжо адменена. Там амаль усё выглядала па-старому, хаця ўжо луналі літоўскія сцягі і віднелі адноўленыя ўзарваныя некалі Тры крыжы непадалёк ад Замкавай гары.
Болька быў прыгнечаны і расчараваны пазіцыяй Захаду, паведаміў, што крыху раней літоўскія дзеячы спадзяваліся на падтрымку сваіх незалежніцкіх намаганняў уладамі Злучаных Штатаў, Францыі і Вялікабрытаніі, якія іх прымалі, слухалі, але ніякай дапамогі не абяцалі. Ім быў патрэбны непадзельны Савецкі Саюз.
У Вільні выпадкова сустрэлі Сяргея ПІупу, з якім я пазнаёміўся на талакоўскай сустрэчы ў Мінску. Ен усё ж здзейсніў свой намер і пераехаў у Вільню, дзе з жонкай прыпыніўся ў кватэры Каўшоў на Летняй вуліцы. Дзякуючы гэтаму кантакту нас адшукала Валя Трыгубовіч, на той час дзяячка БНФ, і настойліва прасіла прыехаць у Мінск, а адтуль у Полацк на святкаванне 500-й гадавіны нараджэння Францішка Скарыны. Хаця афіцыйнага запрашэння мы не атрымалі і гэтай паездкі не планавалі, неадкладна выехалі ў Мінск і прыпыніліся ў Алеся Траяноўскага.
Назаўтра Валя пасадзіла нас у аўтобус і паехалі ў Полацк. Па дарозе спыніліся ў Лепелі. Калі выходзіў з аўтобуса, падбегла да мяне незнаёмая дзяўчына і з беларускім прывітаннем уручыла бохан хлеба і вышываны ручнік. Відаць, лічыла мяне адным з замежных гасцей, якія ехалі ў Полацк, хаця ніхто мяне не прадставіў. Хлеб неяк з’елі, а ручнік доўга напамінаў пра лепельскую сустрэчу. Тамсама пазнаёміўся з пісьменнікам Уладзімірам Арловым.
А ў Полацку — патрыятычная атмасфера, белчырвона-белыя сцягі і транспаранты „Партыя, узнаві, што зруйнавала” і падобныя. Глядзелі мошчы святой Ефрасінні, групе малых полацкіх дзетак расказаў пра іх слаўную княгіню, пабывалі на канцэрце ў саборы, пад час якога я ўсё засынаў, а Зіна мяне штурхала, будзіла. Тут я нарэшце зразумеў, чаму Валя Трыгубовіч так хацела, каб мы прыехалі — мала
48. Размова з папам Янам Паўлам II. Рым, травень 1990 г.
было замежных гасцей: з Лондана прыехалі толькі Пікарда і Дзінглі, з Прагі — Вацлаў Жыдліцкі, з Варшавы —прафесар Васіль Белаказовіч і мы. Больш было савецкіх знаёмых: Адам Мальдзіс, Пётр Краўчанка, Андрэй Майсяёнак, Аляксей Каўка і іншыя. Асобна прыехаў на машыне мастак Фелікс Янушкевіч, з якім пасля ўрачыстасці ездзілі ў Мёры.
Праз некалькі месяцаў наведаў мяне ў Варшаве Андрэй Майсяёнак з Гродна, які прапанаваў паехаць на краязнаўчую канферэнцыю ў Браславе, якая планавалася 16—17 лютага 1991 г. Прапанова зацікавіла перш за ўсё тым, што можна было наведаць радзіму майго бацькі, на якой летам 1945 г. праводзіў свой адпачынак. Адзінай тэмай, з якой я мог выступіць на канферэнцыі, была гісторыя беларускага манастыра айцоў марыянаў у Друі.
Пасля падрыхтоўкі даклада і атрымання запрашэння ў палове лютага прыехаў у Гродна. На вакзале сустрэў Майсяёнак, наведалі музей, пазнаёміўся з экскурсаводам Коўкель, абедалі ў нейкай сталовай адначасова з клерыкамі мясцовай духоўнай семінарыі, якія голасна маліліся перад абедам папольску. Гэта мяне непрыемна ўразіла — мінула амаль паўстагоддзя, аднак паланізацыя нашых хлопцаў не спынялася. Чаго ад іх можна чакаць, калі стануць святарамі, духоўнымі правадырамі беларускіх каталікоў?