За кардонам Бацькаўшчыны Успаміны Юры Туронак

За кардонам Бацькаўшчыны

Успаміны
Юры Туронак
Выдавец: Медысонт
Памер: 276с.
Мінск 2010
52.5 МБ
Доўгі час мне здавалася, што, акрамя нашай сям’і, беларусаў у Дукштах не было. Іх і сапраўды было вельмі мала, і я не меў да іх ніякага дачынення. Адным з дукштанскіх беларусаў быў звозчык Пузын, які жыў у маленькай беднай хатцы на краі мястэчка, недалёка ад царкоўкі. Mae равеснікі казалі, быццам было ў яго 12 дзяцей, што наўрад ці адпавядала сапраўднасці. Цэлы тыдзень раз’язджаў ён з
сваім каняжкам, а ў суботу звычайна співаўся і п’яны вяртаўся дамоў, выкрыкваючы па-беларуску розныя глупствы. Раз пачуў і запомніў: „...не паеду, не паеду, на скрай свету не паеду!” А местачковая дзетвара бегла за ім і па-беларуску крычала: „П’яніца за водкай цягнецца...”
Калі Пузын вяртаўся ў сваю хату, усёй шматлюднай сям’і загадваў спяваць. Гэта былі незвычайныя канцэрты беларускіх песень. Спевакі сядзелі за сталом, а мы, хлапчукі, стаялі пад вокнамі, глядзелі і слухалі. Тады ўпершыню пачуў і запомніў песню „Што б я гэта знала, што за мужам ліха”.
Яшчэ быў сусед Бугель. Ен быў сталяром, пабудаваў сабе прыгожую невялікую хатку, але жыў сам, без сям’і. 3 ім я гаварыў па-беларуску. У 1936 г. Бугель падараваў мне чорнага шчанюка, пра якога
4. Сям’я Туронкаў: бацька, маці, Юрка, Андрэй і Міхась на руках у Веранікі. Дукшты, 1936 г.
5. Партрэт Юрыя Туронка, зроблены мастаком Пятром Сергіевічам. Дукшты, 1937 г.
яіпчэ будзе гаворка. Па-беларуску гаварыў і сусед Баравік, які меў у мястэчку табачную краму.
He памятаю мастачкі Вольгі Пракаповіч, якая пакінула трывалую памяць пра сябе ў выглядзе алейнага партрэта малога Юрачкі, што шчасліва захаваўся і экспанаваўся на выстаўцы твораў беларускіх мастакоў у Беластоку. На партрэце не пазначана дата (відаць, 1930 ці 1931 г.), толькі ініцыялы Вольгі Пракаповіч. Ад мамы ведаю, што яна жыла са сваёй маці каля Дукштаў у мясцовасці Чорны Брод (ці Чырвоны Брод). Мама гаварыла з ёй па-расійску і называла яе „беларускай рускай культуры”. Для мяне гэта было новае паняцце, якога я не разумеў, а мама не тлумачыла. Шмат гадоў пазней устанавіў, што мастачка афармляла вокладкі віленскага квартальніка „Калоссе” (1935—1939). Відаць, у той час яна жыла ў Вільні. He ведаю, чаму пра яе няма звестак у беларускіх энцыклапедыях і іншых даведніках.
„Беларусамі рускай культуры” былі таксама Лянцэвічы, якія жылі ў даволі прасторным доме над Чыгуначным возерам. I там панавала расійшчына. Жонка Лянцэвіча, якую мы называлі „Бля-бля”, выхоўвалася ў сірацінцы пад апекай расійскай царыцы і нібыта таму не ведала беларускай мовы. Яна вельмі любіла дзяцей (сваіх не мела) і часта арганізоўвала ў сваёй хаце розныя дзіцячыя гульні і прадстаўленні на польскай мове, на якія мама мяне прыводзіла. Прыблізна ў палове 30-х г. Лянцэвічы выехалі ў Вільню.
Школа
На пачатку верасня 1936 г. я пайшоў у школу, а дакладней — некалькі разоў вадзіла мяне мама. Гэта выклікала мае пратэсты, бо іншыя дзеці не карысталіся такой апекай. Неўзабаве і я пачаў хадзіць самастойна. Кіраўніком пачатковай школы ў той час быў нейкі Немчык з Пазняншчыны. Жыў ён недалёка ад нас і з жонкай размаўляў па-нямецку. Мяне гэта не здзіўляла — я часта чуў беларускую, польскую і рускую мовы, але ўсё ж выклікала цікавасць — нямецкая была навіной. Маімі настаўнікамі былі ў першым класе Васілойдзь, у другім — Салкевіч і ў трэцім — Малахвей. Усе нетутэйшыя, прыбывалі і выбывалі, вучылі і не пакінулі па сабе ў маёй памяці ніякіх успамінаў.
Ад пачатку школьнай вучобы я рабіў спісы маіх аднакласнікаў, але сёння, калі пішу ўспамін пра школу, ад пераважнай большасці толькі запісаныя прозвішчы і засталіся. Памятаю некаторых аднакласнікаў: Стась Будзіч, які памёр у 1938 г., Стась Чэрвінскі, з якім часта біліся пасля заняткаў, суседстаравер Ванька Зінкоў, слаўны „разбойнік” Гарба-
чэўскі, Юлік Густайціс — сын мясцовага камуніста — і Юрка Кічка, які ў першым класе зімой уваліўся ў неглыбокую яму на школьным панадворку, пасля чаго сушылі ў класе на печы ягоную вопратку і пасадзілі побач са мной. Так мы і прасядзелі разам шэсць гадоў. 3 дзяўчатамі дружбы не было, акрамя Люсі Валансевіч, якая мне вельмі падабалася. Вынікам гэтага пачуцця быў любоўны лісцік, які тайком палажыў у кішэнь яе плашча. Знайшоў яго ейны бацька і зрабіў беднай Люсі авантуру. У Дукштах вучылася яна толькі адзін год, пасля чаго кудысь выехала з бацькамі.
У першым класе вучылася 37 хлопцаў і дзяўчат з мястэчка і бліжэйшых вёсак. Заняткі адбываліся на польскай мове, але на перапынках бывала парознаму. Дзеці з мястэчка размаўлялі паміж сабой лепш ці горш па-польску, але вясковыя шапталіся па-літоўску. Аднак наўрад ці хто з нас разумеў тады значэнне нацыянальнай прыналежнасці сяброў — гэта прыйшло з часам, а пакуль што асноўным ідэнтыфікатарам адметнасці было веравызнане. А ў гэтых адносінах структура вучняў была амаль аднародная: жыдоў не было ўвогуле — яны мелі ў Дукштах дзве свае школы (ідыш і габрайскую), старавераў было чатыры, так што каля 90% аднакласнікаў было каталіцкага веравызнання і ўдзельнічала ва ўроках рэлігіі, якія праводзіў ксёндз Ступкевіч.
На гэтых уроках вывучаліся, вядома, па-польску, штодзённыя малітвы, якія мы павінны былі ведаць на памяць. Але я ўжо ведаў гэтыя малітвы па-беларуску, бо крыху раней мяне ім навучыла мама. Неяк ксёндз Ступкевіч загадаў мне сказаць даўгаватую малітву „Верую”, прычым я заблытаўся і не патрапіў сказаць яе да канца. Калі ксёндз пачаў мяне сароміць за няведанне гэтай малітвы, я адказаў, што не так, што я яе ведаю, толькі на бе-
ларускай мове. „Добра, — сказаў ксёндз Ступкевіч, які паходзіў з Ракава і цудоўна ведаў гэтую мову, — тады гавары па-беларуску”. I я адказаў выдатна, здзіўляючы ксяндза і аднакласнікаў.
Розныя смешнасці выходзілі ў Кічкі, які слабавата ведаў польскую мову і Ісуса Хрыста памясціў „на травіцы Бога Айца”, замест „на правіцы”, ці спяваў „do walki z czarta pomoca” замест „рггетосд”. Усё ж прыцягваліся мы да прыслугоўвання ў касцельных набажэнствах і падрыхтаваліся да першай камуніі, якая адбылася 26 траўня 1938 г.
У дзяржаўныя святы — 3 траўня ill лістапада — нашы школьнікі павінны былі ўдзельнічаць у „дэфілядах” і іншых урачыстасцях, якія ладзіліся ў Дукштах, а крыху раней даглядаць магілы салдат на невялікім ваенным магільніку. Цікава, што на гэтым магільніку, які знаходзіўся побач з царкоўкай, былі тры сектары салдат, што загінулі ў гады Першай сусветнай вайны — расійскіх, нямецкіх і польскіх. Усе магілы адпаведна даглядаліся і выглядалі падобна. Затое магілы двух нямецкіх салдат, якія загінулі ў ліпені 1944 г. пад час абароны мястэчка і былі пахаваныя каля касцёла, былі разбураны і знівеляваны байцамі Чырвонай Арміі.
Мама даглядала і выхоўвала трох сыноў: мяне, Андрэя і Міхася, рыхтавала ежу, працавала ў агародзе. Дапамагала ёй служанка Яня з Браслаўшчыны, якую недзе ў 1936 г. замяніла літоўка Вераніка. Мама пастаянна сачыла за маёй школьнай адукацыяй і рэлігійным выхаваннем, акрамя таго, вучыла чытаць і пісаць па-беларуску лацінкай і кірыліцай, карыстаючыся даступным тады лемантаром Паўловіча „Першыя зярняткі”. Адначасова тлумачыла прычыну з’яўлення дваістай алфавітнай сістэмы, якая зыходзіла з праваслаўна-каталіцкай структуры адзінай беларускай нацыі. Пад несумненным уплы-
6. Бацька з Юркам і Андрэем купаюцца ў Дзвіне непадалёк ад Друі. 1938 г.
вам свайго брата айца Язэпа Рэшэця імкнулася выказаць неабходнасць царкоўнай уніі, якая, на яе думку, павінна элімінаваць расійскія і польскія ўплывы ў беларускім народзе і садзейнічаць умацаванню нацыянальнай самасвядомасці. Пакуль што гэтая індактрынацыя не мела практычных наступстваў.
Дзякуючы нагляду мамы я не меў ніякіх праблем у школьнай адукацыі, прьгчым трактаваў школу як нецікавую неабходнасць. He засталіся ў памяці педагагічныя якасці настаўнікаў. Акрамя Юркі Кічкі і Ванькі Зінкова не было бліжэйшых кантактаў з аднакласнікамі. Затое займалі мяне „ваенныя аперацыі”, у якіх можна было праяўляць розныя ініцыятывы. Арганізоўваліся банды хлапчукоў, якія ваявалі паміж сабой, не робячы, аднак, узаем-
на ніякай шкоды. Мы часта хадзілі на пагарэлішча пабудаванага ў 1916 г. нямецкага амуніцыйнага магазіна, дзе яшчэ 20 гадоў пасля вайны знаходзілі заржавелыя патроны з порахам, які выкарыстоўвалі для самаробных пісталетаў, т. зв. прапіканаў. Дарэчы, бацька вучыў іх канструяваць і бяспечна імі карыстацца („страляючы заўсёды трымайце іх вышэй вачэй”).
Нашым палігонам была т. зв. Гебрайская горка, на якой стаяла жыдоўская школа, а таксама Тумалінскі лес. Аднак будаваныя там нашы буды часта разбураліся войскамі праціўніка, у сувязі з чым узнікла ідэя збудавання саліднай казармы. На тое мае байцы здабылі ў тартаку некалькі дошак і злажылі іх пад нашай верандай. Аднак увесь геройскі пачын быў раскрыты бацькамі, якія загадалі мне вярнуць крадзеныя дошкі і перапрасіць уласніка тартака. Было сорамна і балюча.
Мама не ўхваляла гэтай ваеншчыны, імкнулася накіраваць мае зацікаўленні ў болып мірны бок, між іншым, на гадоўлю трусоў, якая патрабавала нямала часу і захадаў. Таксама дазволіла трымаць малога сабачку, якога падараваў мне сусед Бугель. Сабачка быў чорны з белымі лапкамі і белым галыптукам, магчыма, таму назвалі яго Жукам. Ен хутка вырас, быў агрэсіўны, давялося яго прывязаць. Аднак неяк сарваўся з ланцуга і пакусаў нагу хворай жанчыны, якая ішла да бацькі. Гэта вырашыла лёс Жука — вясной 1938 г. вывезлі ў мяшку („каб не бачыў дарогі вярнуцца”) у далёкую вёску за Дзісенскім возерам, але на гэтым не закончылася яго гісторыя.
У 1938 г. адбыліся дзве „далёкія” паездкі па-за Дукшты. Вясной паехаў з мамай у Вільню, ездзілі гарадскімі аўтобусамі „арбонамі”, абедалі ў сталовай на вуліцы Мастовай (запомніўся смачны гарохавы суп), глядзелі ваенную дэманстрацыю з удзелам та-
тарскай конніцы і выкрыкамі салдат „Na Kowno, na Kowno!”. A летам уся наша сям’я паехала вузкакалейкай Дукшты — Друя да бацькавых братоў і сясцёр. Наведалі Новы Пагост, Друю, пабывалі ў дзядзькі Яна ў Ідолце, у цёткі Фартуні Вайніловіч і на канец у дзядзькі Ігната ў Стайках над Дзвіной, купаліся ў рацэ. Тады ўпершыню пабачыў кавалачак Беларусі, пазнаёміўся з дваюраднымі братамі і сёстрамі. Аднак уражанні з гэтай паездкі былі далёкія ад захаплення.