• Газеты, часопісы і г.д.
  • Забойства на Каляды  Міраслаў Адамчык

    Забойства на Каляды

    Міраслаў Адамчык

    Памер: 128с.
    Мінск 1994
    43.62 МБ
    — Рафал здагадаўся, што брата забіў Казімір Кушаль, і, падпільнаваўшы момант, адпомсціў Казіміру, скарыстаўшы паляўнічы нож.
    — Папершае, нашто Казіміру было падпальваць Вінцэнтаў пакой? I падругое, хто ўзяў алебарду з шафы ў кабінеце і кінуў пад Казіміраў ложак? — Бруна Чык на адным дыханні выпаліў пытанні і адкінуў далонню з ілба пасму сівых валасоў.— Алебарду ўзяў мажардом,— сам адказаў Бруна і звярнуўся да акрыяўшага Рафала: — Гэта вы зрабілі?
    — Я,— кіўнуў Рафал.
    46
    — Пан Сокал дакладна вытлумачыў паводзіны Рафала. На самай справе мажардом вырашыў адпомсціць Казіміру за забойства Вінцэнта і ўзяў з шафы алебарду, каб ёю нанесці ўдар, але Казіміра ў ягоным пакоі не было. Рафал, не дачакаўшыся ахвяры, кінуў алебарду пад ложак і пайшоў да сябе. Ці, можа, я памыляюся, і пан Рафал, нарэшце, сам вытлумачыць свае паводзіны?
    — Так, алебарду ўзяў я, але Казіміра ў пакоі не было,— Рафал Дашкевіч скорагаворкаю забубніў сабе пад нос.— Я вырашыў, што заб’ю гада, бо гэта ён Вінака... Я здагадаўся і хацеў адпомсціць, ды не паспеў. Нехта апярэдзіў мяне.
    Бруна Чык не даў выгаварыцца ўзведзенаму Рафалу.
    — Ці на свае вочы бачыў пан Дашкевіч, як Казімір заходзіў у Вінцэнтаў пакой?
    — He. Але хто ж яшчэ, калі не ён? Наверсе адныя жанчыны былі, а ўнізе пан Адам з Фрыдэрыкам у більярднай, я ў бібліятэцы, з залы ніяк не трапіш наверх, апроч як праз більярдную ці бібліятэку. А болей у доме нікога не было, хіба што прывід пана Генрыка.
    Нечакана Бруна Чык спрытна падхапіўся з крэсла і выйшаў на сярэдзіну пакоя. Усе з цікавасцю назіралі за ягонымі рэзкімі рухамі. Каля стала ён спыніўся і ўзняў руку, паказваючы на балюстраду антрэсолі, што цягнулася праз залу і з’яўлялася часткаю калідора другога паверха. Да балясін было метры тры з паловай.
    — На другі паверх можна трапіць праз антрэсолі! — задаволена вымавіў Бруна Чык і павярнуўся да збялелага Дамініка Плятара.
    — Можа, пан эксперт прадэманструе, як гэта ў яго атрымаецца? — Плятар скрывіў вусны ў іранічнай усмешцы.
    — Калі ласка, але спачатку спытаю гаспадароў, калі апошні раз у доме вашчылі паркет?
    47
    — Перад святам, дні тры таму,— адказала за разгубленую гаспадыню пакаёўка.
    Бруна Чык папрасіў следчага саступіць на паркет і адвярнуў рог дывана, што ўпінаўся ў фісгармонію. Следчы з сур’ёзным выглядам памацаў шырокую драпіну на бліскучым навошчаным паркеце. Дамінік застаўся сядзець, а Фрыдэрык і Адам Кастравіцкі падышлі да Бруна Чыка, які зноў паказаў на антрэсолі.
    — Так да балясін немагчыма дацягнуцца, нават калі падскочыш ці станеш на крэсла, то наўрад ці схопіш рукою карніз. Але дастаткова на метр пасунуць фігармонію (гэта і было зроблена ўчора, бо засталася свежая драпіна пад дываном) і выкарыстаць інструмент у якасці прыступак, як адкрываецца яшчэ адзін шлях на калідор другога паверха. Маладому, спрытнаму чалавеку няцяжка падцягнуцца на балясінах і пераскочыць на той бок балюстрады. 3 гэтага вынікае, што ўчора на другі паверх такім чынам трапіў і затым спусціўся чалавек, які не хацеў карыстацца звычайнымі сходамі і спадзяваўся застацца незаўважаным. Паводзіны такога кшталту належаць злачынцу.
    Дамінік Плятар, які дагэтуль быццам не слухаў Бруна Чыка, а разглядаў дробныя кветкі на вышываным абрусе, нарэшце адарваў позірк ад стала і спадылба глянуў на следчага. Багдан Сокал з крыху скептычным выглядам сачыў за экспертам.
    — He варта цяпер соваць фісгармонію, гэта і так відавочна,— выкладаў свае развагі Бруна Чык,— таму я перайду да другога забойства. Пан Сокал дакладна высветліў, хто дзе знаходзіўся ў момант забойства Казіміра Кушаля. Я дазволю сабе паўтарыць, што Рафал Дашкевіч чакаў з алебардаю ў Казіміравым пакоі, каб здзейсніць свой намер і пакараць забойцу. Але давайце на хвіліну ўявім сабе, што гэтак усё і было. У нас атрымаецца іншы расклад, з якога вынікаюць супрацьлеглыя высновы. Казіміра ў дзесяць трыццаць не было
    48
    ў ягоным пакоі, і Рафал Дашкевіч не сустрэў яго на калідоры. Значыць, крыху раней Казімір пайшоў у іншае месца. Калі гадзіны каля дзевятай я спаткаў Казіміра, то ён збіраўся спусціцца ў бібліятэку. Тут варта адзначыць яшчэ адну істотную акалічнасць — Казіміраў пакой знаходзіцца якраз над бібліятэкай, таму не цяжка здагадацца, што, магчыма, Казімір быў забіты не ў сваім пакоі, а паверхам ніжэй і адпаведна труп выкінулі праз акно ў бібліятэцы, а не, як лічыць пан Сокал, з Казіміравага пакоя. Такім чынам, я звяртаю ўвагу пана Сокала на іншую арганізацыю фактаў, з якой вынікае, што забойцу трэба шукаць не на другім паверсе, а на першым. Такім мне ўяўляецца ход падзей.
    I на хвіліну ўзнікла ненатуральная, як у сне, цішыня. Яе разбурыў голас Дамініка Плятара.
    — Пан Чык робіць захады супраць мяне і Фрыдэрыка, але як пан вытлумачыць матывы злачынстваў?
    — Цікавая версія,— следчы сам наліў сабе і ўзняў чарку з каньяком.— Пан Чык арганізаваў факты, ды не хапае самага істотнага, не хапае матываў злачынства, каб кагонебудзь абвінаваціць у гэтых жорсткіх злачынствах, неабходна ведаць, нашто ён гэта зрабіў?
    — He ведаю, наколькі сур’ёзна паставяцца да гэтай версіі судовыя ўстановы, але я выкажу свае меркаванні,— не надта ахвотна пачаў Бруна Чык.— Звычайна злачынца забівае ахвяру сыходзячы з нейкіх пэўных матываў, але не выключаецца ідэя нематываванага забойства, калі злачынца забівае першую ахвяру, каб парушыць логіку следства і схаваць матывы наступнага злачынства. Ствараецца прэцэдэнт, у якім першы гіне сведка злачынства, а потым ахвяра, а не наадварот. Скажам, нехта Ікс збіраецца забіць ці нейкім іншым чынам знішчыць Казіміра Кушаля, і гэты Ікс падпільноўвае такі момант, калі Казіміра можна выставіць у якасці або, у лепшым разе, сведкі, або нават забойцы. Ікс удае, што спрабуе наладзідь свята, падбівае Казіміра
    49
    пайсці пераапрануцца, бярэ са сцяны ў більярднай алебарду і аддае яе Казіміру, а сам узбройваецца паляўнічым нажом. Калі Казімір праз левую алькежу падымаецца да сябе, то Ікс крыху пасоўвае фісгармонію, становіцца на інструмент і, падцягнуўшыся на балясінах, апынаецца на антрэсолях. На калідоры другога паверха Ікс заўважае, што Казімір пакінуў алебарду з зоркаю каля дзвярэй. Вось дык пашанцавала! Магчыма, у гэты момант узнікла ідэя стварыць прэцэдэнт нематываванага злачынства, магчыма, план гэтага злачынства быў складзены яшчэ нанізе. Мне здаецца, што, так ці інакш, Ікс крыху павагаўся ў сумненнях, калі ўбачыў алебарду, як лепш выкарыстаць такі падарунак ад д’ябла. Ікс бярэ алебарду і засякае Вінцэнта. Забойцу неабходна адзначыць час злачынства, каб выклікаць падазрэнні на Казіміра, і ён падпальвае Вінцэнтаў пакой. Тым жа шляхам Ікс вяртаецца ў залу. А следства пачынае раскручвацца ў памылковым кірунку і заходзіць у тупік. Следчы, пан Сокал, не ведае, каго абвінаваціць — Казіміра ці Рафала, не знаходзіць матываў. Ікс пачынае дзейнічаць ізноў. Гэтым разам ён скарыстоўвае той паляўнічы нож, якім збіраўся забіць першую ахвяру, каб не падвярнулася алебарда. Выпадкова Ікс сустракаецца ў бібліятэцы з Казімірам. Ен дзейнічае не разважаючы, імгненна з’яўляецца думка выкарыстаць выпадковую сустрэчу. Ікс забівае Казіміра і выкідае труп праз акно. Ен спадзяецца на тое, што следчы вытлумачыць знікненне Казіміра як уцёкі. Казіміра няма — значыць, ён уцёк ад следства і правасуддзя, але гэтага не атрымалася, мы знайшлі нябожчыка, і пан Сокал абвінаваціў у злачынстве Рафала.
    У мяне адразу выклікалі сумненне два ўзаемавыключныя факты: алебарда як сродак злачынства і падпалены пакой. Казімір узяў алебарду ва ўсіх на вачах, і калі б ён сам выкарыстаў яе такім чынам, то ніколі не стаў бы падпальваць пакой і чакаць, покуль заўважаць
    50
    дым і смурод. Па логіцы, Казімір або не падпальваў бы пакой, або не карыстаўся б такой прыкметнай зброяй.
    Прыблізна гэтыя ж развагі непакоілі пана Сокала, і ён марудзіў з арыштам Казіміра.
    Бруна Чык перарваў прамову, запаліў папяросу і, зацягнуўшыся тытунёвым дымам, прайшоўся па пакоі. Доберманы каля фатэля Ганны Кастравіцкай напружана павялі галовамі. Гаспадыня паправіла шаль і папрасіла пана Адама наліць ёй кілішак віна. Бразнуў сталёвымі бранзалетамі Рафал, але следчы не спяшаўся здымаць з яго кайданкі, адно лагодна паляпаў яго па плячы, быццам супакойваючы, што ўсё высветліцца. Дамінік моўчкі піў каньяк, а Фрыдэрык, сашчаміўшы пальцы на патыліцы, фамільярна разваліўся на канапе. Усе застылі ў чаканні развязкі.
    — Усё тое, што я расказаў, магло б існаваць на тым жа ўзроўні, як і версія пана Сокала, калі б я не паспеў пагаварыць з Казімірам Кушалем. Праўда, ён не ўспрымаў пагрозу як рэальную небяспеку, але падзяліўся са мною сваімі развагамі. Ен збіраўся напісаць літаратурны пантэон славянскіх Багоў, стварыць у сваім родзе Святое Пісанне беларускай міфалогіі. Гэтыя намаганні пачынаючага літаратара ўзбудзілі юнацкі тэмперамент ягоных сяброў. На глебе рэлігійных перакананняў і моцна падагрэтыя віном сябры пасварыліся. Для Казіміра гэтая спрэчка не было прынцыповай. Хвароба рэлігійнага фанатызму не разбурыла ягонай свядомасці. Я не буду пераказваць усё, што мне давялося пачуць, але гэтага было дастаткова, каб зрабіць наступнае адкрыццё. Забойства Казіміра Кушаля мела рэлігійныя матывы. Руку забойцы скіраваў рэлігійны псіхоз. Рэлігія, нават нацыянальная, ды якая заўгодна, здатная ператварыць чалавека ў вар’ята.
    Фрыдэрык саскочыў з канапы і спыніўся каля Дамініка, што круціў у доўгіх пальцах шкляную чарку.
    — Ты забіў Вінцэнта і Казіміра! — не вытрымаў
    51
    Фрыдэрык і, схапіўшы за пінжак, паставіў на ногі расплаўленага каньяком, быццам пластылінавага, Дамініка. Ягоны шкляны позірк слізгануў па Фрыдэрыку і скіраваўся ў падлогу.— Ты гэта зрабіў?! — крыкнуў Фрыдэрык і ўдарыў кулаком яму ў твар. Дамінік, што і так ледзь трымаўся на нагах, упаў на дыван. Багдан Сокал пераскочыў праз перакуленае крэсла і схапіў Фрыдэрыка за руку.
    — Супакойцеся, пан Фрыдэрык,— загадаў следчы,— усё вырашыць суд,— следчы дапамог Дамініку падняцца і зняў з Рафала кайданкі.
    Раніцою Багдан Сокал павёз Дамініка Плятара ў мястэчка, але па дарозе Дамінік збіў следчага і выкінуў з машыны. Ен зняў кайданкі і з’ехаў на старой «татры» ў невядомым напрамку. Болей у тых мясцінах ніхто яго не бачыў.