Забойства на Каляды
Міраслаў Адамчык
Памер: 128с.
Мінск 1994
* * * Бруна Чык вярнуўся ў Вільню і толькі праз восем гадоў, улетку 1944 года, выпадкова заўважыў маладога мужчыну ў вайсковым фрэнчы, што выбег перад ім з брамы гатычнага будынка і заскочыў у чорную машыну. Малады афіцэр некуды спяшаўся і не звярнуў увагі на Бруна Чыка. Машына хутка знікла за рагом. Бруна Чык доўга не мог успомніць, дзе ён бачыў гэты знаёмы, мужны, гарбаносы твар. Але пазней памяць старога эксперта аднавіла друзгеніцкую трагедыю, і ён прыгадаў Дамініка Плятара.
Гэта здарылася на пачатку ліпеня, якраз у той час, калі Вільня нікому не належала. Эксперт дакладна не разгледзеў, у якую форму быў апрануты Дамінік Плятар.
Дзіцячы пакой
— Кроў?! Ты парэзаў руку? — Вольга Папельская спалохана глядзела на мужа. Дацэнт Папельскі стаяў у калідоры, апрануты ў вузкае шэрае паліто і чорны фетравы капялюш. У перадпакоі яго чакалі Бруна Чык і Язэп Чарота з жонкаю Галінай. Папельскі са здзіўленнем на твары паглядзеў на сваю акрываўленую далонь.
— Няўжо сапраўды? — ён леваю рукою паспрабаваў выцягнуць насоўку з правай кішэні паліто.— Я нават не заўважыў.
Жонка прапанавала яму белую хустачку, і ён асцярожна прыклаў тонкую тканіну да растапыраных пальцаў.
— Што здарылася? — Галіна зазірнула ў калідор.
— Раман парэзаў руку,— адказала Вольга і пабегла на кухню па аптэчку. Папельскі зайшоў у ванную і падставіў руку пад струмень халоднай вады. Рудая вадкасць завіравала ў ракавіне.
— Што з рукою? — Вольга трымала ў руках скрыначку з лекамі.
— Нічога,— Папельскі паказаў жонцы руку,— я не параніўся, а недзе запэцкаўся крывёю.
— Дзе ж гэта ты мог запэцкацца? — Вольга з недаверам глядзела на мужа. Ен паціснуў плячыма, паправіў капялюш і рушыў на калідор. Папельскі спыніўся каля чамадана і механічна адзначыў час: да цягніка Мінск — Мюнхен заставалася болей за гадзіну. Бруна Чык з Язэпам і Галінай Чаротамі праводзілі калегу Рамана Папельскага, дацэнта педінстытута, у доўгую
53
замежную камандзіроўку. Адзін з германскіх універсітэтаў запрасіў Рамана прачытаць курс лекцый і папрацаваць год на кафедры. Вольга заставалася з дзецьмі і не збіралася на вакзал.
Колькі хвілін Раман разгублена разглядаў вострыя мыскі сваіх модных чаравікаў. Шырокія палі капелюша закрывалі палову твару, і жонка не бачыла ягоных вачэй. Нарэшце Раман узняў голаў і павярнуўся да Бруна Чыка.
— Я заходзіў у дзіцячы пакой,— у роспачы вымавіў Папельскі і зноў схіліў галаву.
Бруна Чык нічога не адказаў. Вольга моўчкі глядзела на мужа.
— Што з рукою? — Язэп Чарота выйшаў на калідор. Яму ніхто не паспеў адказаць. Раман рэзка павярнуўся, піхнуў дзверы і рушыў у гасцёўню. Ен ледзь не зачапіў круглы, не прыбраны пасля банкета стол, абмінуў мяккі скураны фатэль і знік за дзвярыма дзіцячага пакоя. Вольга кінулася следам за мужам. За ёю праз гасцёўню прайшлі Бруна Чык і Язэп Чарота. Галіна вырашыла пачакаць на калідоры.
Раман ускінуў руку да выключальніка і запаліў святло. На вузкай канапе, засланай каляроваю бялізнай, падскочыла адзінаццацігадовая Віка.
Побач у дзеравянай калысцы нерухома ляжала шасцімесячная Дануся. Тонкая дзіцячая шыя была рассечана глыбокім няроўным шнарам, па краях якога звісалі гранатавыя згусткі крыві. Пачарнелыя матузкі каптурыка сцягвалі закінутае дагары падбароддзе. Відавочна, Дануся была нежывой. Стракатая вярблюджая коўдра, наскрозь набрынялая крывёю, закрывала тулава дзяўчынкі. Віка зазірнула ў калыску да сястры і ўголас заплакала. Раман Папельскі знерухомеў каля дзвярэй. Маці кінулася да дзяцей, але яе схапіў за руку Бруна Чык і вывеў з пакоя.
54
— Нічога не чапайце і выйдзіце ўсе ў гасцёўню,— з металам у голасе загадаў Бруна.
У спачывальні Бруна Чык сілаю паклаў Вольгу ў ложак. Яна некалькі разоў спрабавала вырвацца і ўцячы. Ен моцна трымаў яе за рукі. На яе збялелым твары адбіваліся жах і шаленства, яна нават не крычала. Бруна знайшоў у аптэчцы канвалютку супакаіцельнага, выціснуў на далонь чатыры таблеткі і прымусіў Вольгу прыняць лекі.
Галіна прывяла ў спачывальню Віку, якая бесперапынна хлюпала чырвоным носам і хуталася ў крацясты плед.
— Як там Раман? — спытаў Бруна Чык.
— Трымаецца мужна,— Галіна паспела скінуць футравы жакет і была ў доўгай вечаровай сукенцы.
— Што ён робіць?
— Відаць, пайшоў у кабінет тэлефанаваць,— Галіна паводзіла сябе быццам нічога не здарылася, адно крыху выдаваў голас, што зрываўся і пачынаў дрыжаць, як расстроеная скрыпічная струна. Віка прыціснулася да маці.
— Пасядзі з імі,— Бруна Чык устаў і выйшаў у гасцёўню, дзе сутыкнуўся з перапалоханым Язэпам.
Тым часам Раман Папельскі схіліўся над тэлефонам. Ягоная цяжкая рука прыціснула да стала электронны апарат. На імгненне Раман задумаўся, позірк слізгануў па стэлажах і спыніўся на стосе старых газет пад часопісным столікам. Раман накруціў на далонь чырвоны тэлефонны дрот і вырваў з апарата. Задушлівая млявасць, што навальвалася на Рамана, адышла на другі план. Галава, цяжкая, як пудовая гіра, ператваралася ў гумовы паветраны шарык. Раман спрытна прагартаў старыя газеты і сунуў у бакавую кішэнь патрэбны яму нумар. 3пад пляскатай канапы ён выцягнуў на сярэдзіну пакоя прамакутную, падобную да цынкавай вайсковай дамавіны, металічную скрыню. Накрыўка скрыні
55
была запарушана тоўстым слоем пылу. Кароткі ключ з мяккай латуні ледзь не зламаўся ў замку, якім даўно ніхто не карыстаўся. Раман пакінуў пагнуты ключ у накрыўцы і дастаў са скрыні загорнуты ў скураную похву фінскі карабін. На кароткай рулі блішчалі кроплі алею, драўляны прыклад упрыгожвалі срэбныя бляшкі. Затвор плаўна выкінуў магазін. Раман зачапіў у скрыні жменю патронаў і ўставіў у абойму спачатку адзін, затым, пасля кароткіх разваг, яшчэ чатыры патроны. Астатнія ўкінуў у кішэню. Карабін перайшоў да Рамана Папельскага ў спадчыну ад цесця, Вользінага бацькі, вядомага вучонага і акадэміка. Раней у скрыні разам з карабінам ляжалі: пісталет ТТ і шыкоўная нямецкая стрэльба з вертыкальнымі рулямі. Пісталет пасля смерці акадэміка Папельскія здалі, стрэльбу падарылі дырэктару інстытута, у якім працавала Вольга, а карабін пакінулі сабе.
Да гэтага вечара Раманава жыццё складалася надзіва выдатна. На кафедры сярод выкладчыкаў ён не вызначаўся ні асаблівымі здольнасцямі да навукі, ні розумам, ні арыгінальнасцю. Ягоная постаць, сапсаваная штангаю ў цяжкаатлетычных залах, нагадвала экзатычнага мядзведзя. Але, ажаніўшыся на дачцэ акадэміка, ён хутка абараніўся і дзякуючы старым сувязям цешчы прымяраўся да крэсла загадчыка кафедры. У свае трыццаць сем год ён меў усё, аб чым некалі марыў: шыкоўную машыну, вялікую, як ангар, кватэру з антыкварнаю мэбляю і сталовым срэбрам, прэстыжную ступень дацэнта і прыгажунюжонку з вышэйшага свету.
Раман схаваў карабін за паліто і, прытрымліваючы рукою рулю, выйшаў у гасцёўню. За круглым сталом у шапцы і цёплай куртцы сядзеў худы і востры, як цвік, Язэп Чарота. На канапе валяліся паліто Бруна Чыка і футравы жакет Галіны.
— Дзе пан Бруна? — Раман цяжкім поглядам зме
56
рыў Язэпа. Яны вучыліся на адным курсе, разам паступілі ў аспірантуру, разам працавалі, але ніколі асабліва не сябравалі. Дробны, з тонкай гусінай шыяй і вострым носам, у рагавых акулярах Язэп Чарота чымсьці раздражняў манументальнага Папельскага. Раман не выносіў ягонай штучнай усмешкі, што заўсёды блыталася ў рудой барадзе. Усё ў Язэпа здавалася Раману штучным і дробным. Але гэта было раней. Цяпер Раман глядзеў на перапалоханага Язэпа, як на маленькага драпежнага звярка, накшталт пацука, які трапіў у пастку.
— Ен у Данусі,— Язэп паказ’аў рукою на дзверы дзіцячага пакоя і зразумеў па Раманавым твары, што не варта было ўзгадваць імя ягонай дачкі.
— Ты патэлефанаваў, выклікаў следчых? — спытаў Язэп.
— He,— Раман скіраваўся да калідора.
— Чаму?
— Тэлефон не працуе,— Раман выйшаў у перадпакой і замкнуў уваходныя дзверы. Вяртаючыся ў гасцёўню, ён расчыніў сабраны ў дарогу чамадан і дастаў калекцыйную пляшку «Белавежскай». Ен ведаў, што ўжо нікуды не паедзе. Калі прыйшло запрашэнне папрацаваць год у Германіі, ён спачатку ўзрадаваўся, а потым пачаў пабойвацца, што там выкрыюць ягоную няздатнасць да вялікай навукі, да таго ж год, у ягоным узросце, занадта вялікая адлегласць часу, здатная істотна паўплываць на ўсё астатняе жыццё: а яму не хацелася разбураць той утульны і зручны дабрабыт, які ўдалося стварыць вакол сябе. Але Вольга і яе сваякі настойвалі, і ён даў згоду ехаць у Германію. Папельскія замовілі рэстаран і наладзілі неафіцыйны банкет. Сёння з раніцы Раман Папельскі нікога не хацеў бачыць, пасля банкету пабольвала галава, і апошні вечар ён вырашыў правесці з сям’ёю. Адзіным чалавекам, якога Раман запрасіў на вячэру, быў доктар Бруна Чык, былы Раманаў настаў
57
нік. У студэнцкія гады Раман быў зачараваны рознабаковымі талентамі старога пана Чыка, якога паважаў не толькі як выкшталцонага навукоўца, але і чалавека ва ўсіх адносінах вартага захаплення. Бруна Чык неахвотна прыняў запрашэнне Папельскага і толькі з павагі да Вользінага бацькі, з якім некалі сябраваў, не адмовіўся наведаць ягоны дом. У апошні момант, калі ўжо нічога нельга было змяніць, Вольга паведаміла Раману, што запрасіла Язэпа і Галіну Чаротаў. Раман злаваў, але хутка супакоіўся і вырашыў не псаваць сабе настрою ў апошні вечар.
Раман піхнуў плячом дзверы гасцёўні. У левай руцэ ён трымаў рыльца «Белавежскай», правая сціскала цаўё карабіна. Чарота ўскочыў зза стала і хацеў быў нешта вымавіць, але яго перапыніў рэзкі голас Рамана:
— Дзе пан Бруна? — Раман паставіў бутэльку на стол і скіраваў рулю карабіна ў бок Чароты.— Ты не скачы тут, не трапячыся,— загадаў ён знямеламу Язэпу. 3 дзіцячага пакоя выйшаў Бруна Чык.
— Што здарылася? — ён памкнуўся да Папельскага, але той павярнуў да яго рулю карабіна.
— Нічога, я зараз усё растлумачу,— Раман кіўнуў карабінам у бок фатэлі,— сядайце, калі ласка, і не хвалюйцеся, вам нічога не пагражае, але не раю да мяне падыходзіць, я і без зброі ўсіх вас разам узятых пакладу.
Бруна Чык сеў за стол і звярнуўся да Рамана:
— Я знайшоў пад люлькаю нож з чорным загартаваным лязом і касцяной ручкаю. Я не дакранаўся да яго, пакінуў следчым.
— Гэта бухарскі клінок, я некалі з Узбекістана прывёз,— Раман адкаркаваў бутэльку і выпіў запар дзве поўныя чаркі гарэлкі.— Следчым у гэтай справе буду я! — Раман звярнуўся да Язэпа, які стаяў поруч з Бруна Чыкам.— Забілі маю дачку ў маім доме. Чаму я павінен перадавяраць сваю справу нейкаму невядомаму мне