• Газеты, часопісы і г.д.
  • Залатая яблынька Казкі, легенды, паданні

    Залатая яблынька

    Казкі, легенды, паданні

    Выдавец: Выдавец Уладзімір Сіўчыкаў
    Памер: 288с.
    Мінск 2013
    56.53 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    Выслухаў жабрак бацькаву скаргу і параіў, што яму зрабіць, каб прывучыць сыноў да гаспадаркі.
    Назаўтра бацька кажа сынам:
    — Вось што, сынкі, ёсць у мяне адна далёкая радня. Пайду я да яе. А вы сабе жывіце, як хочаце.
    Сабраўся і пайшоў.
    Засталіся сыны гаспадарамі. Доўга яны гаспадарылі ці нядоўга, але хутка дажыліся так, што няма чаго, як кажуць, і на зуб палажыць. Пачалі браты спрачацца, хто вінаваты. Спрачаліся, спрачаліся, а да праўды так і не дайшлі.
    Толькі вось праз нейкі час зноў завітаў да іх той жабрак. Ну, вядома, трэба накарміць падарожнага чалавека, а ў братоў ні кавалка хлеба.
    Стралец дакарае рыбака:
    — Няхай бы ты хоць якую рыбіну злавіў, каб было чым чужога чалавека прыняць.
    Рыбак адказвае стральцу:
    — Няхай бы ты хоць якое казляня падстрэліў...
    180
    Залатая яблынька
    Паслухаў іх жабрак і кажа:
    — Дзякую вам, хлопчыкі, за клопат. Ёсць у мяне хлеб, што добрыя людзі далі.
    Дастаў ён з торбы хлеб, сала і пачаў частаваць стральца і рыбака. Сорамна ім прымаць пачастунак ад беднага жабрака, ды голад не цётка. Накінуліся браты на жабракову торбу і як бачыш усю апрасталі.
    — Чаму вы такія бедныя? — пытаецца ў іх жабрак. — Хіба ў вас няшчасце якое, ці што?
    Браты цяжка ўздыхнулі:
    — Зусім, дзядуля, прапала наша гаспадарка...
    — А як жа вы раней жылі?
    — Бацька гаспадарыў, дык хлеб і вёўся.
    — А што ваш бацька: малады ці стары?
    — Ды зусім ужо стары.
    — Вось бачыце, — кажа жабрак, — ён стары, ды гаспадаркаю карміўся сам і вас карміў. А вы маладыя, дужыя і без хлеба галееце...
    Брыдка стала братам, радзей пачалі яны са стрэльбай ды вудай цягацца, а больш гаспадаркай займацца.
    Мінуў годдругі, і зажылі яны як трэба.
    Тым часам вярнуўся бацька з гасцей. Паглядзеў: гаспадарка як мае быць! Зарадаваўся ён і кажа:
    — Вось цяпер я магу спакойна і паміраць, бо бачу, што вы розуму набраліся, ловіце, страляеце і гаспадарку даглядаеце.
    Сацыяльнабытавыя і авантурнанавелістычныя казкі 181
    НАДАКУЧЛІВЫЯ ГОСЦІ
    Жылі два браты. Гаспадарку мелі невялікую, ды сяктак кідаліся.
    Прыехалі да іх аднойчы госці: два гультаігулякі, аднаго поля ягады. Прынялі браты гасцей як трэба: пачаставалі, чым мелі, павесяліліся, як умелі.
    Тым часам мінае дзень, мінае другі, тыдзень мінае, а госці і не думаюць дамоў выбірацца: п’юць, гуляюць ды яшчэ і гаспадароў ад работы адрываюць.
    Надакучылі госці братам. Пачалі яны думаць, як ад іх збавіцца.
    Думалі, думалі, нарэшце дадумаліся. Пайшлі малаціць, а там слова за слова давай сварыцца, каб госці чулі.
    Меншы брат крычыць на болыпага:
    — Хоць ты і старэйшы, а ў крыўду я табе не дамся! Будзем дзяліцца!
    — Давай! — крычыць і болыпы брат. — Дзяліцца дык дзяліцца!
    Вярнуліся ў хату і пачалі дзяліцца. Падзялілі ўсю гаспадарку. Дайшло да гасцей.
    — Давай і гасцей дзяліць! — кажа меншы брат. — Я вазьму аднаго госця на сваю палавіну хаты, а ты другога — на сваю.
    — Добра, — згадзіўся большы брат. — Дзяліцца дык дзяліцца!
    Падзялілі і гасцей.
    182
    Залатая яблынька
    Прыйшла пара абедаць.
    Большы брат згатаваў добры абед, нават два скруткі кілбасы на стол палажыў. А меншы наварыў капусты, ды і то нішчымнай.
    Селі есці.
    Меншы брат кажа свайму госцю:
    — Няма ў мяне, дарагі госць, чым цябе частаваць: бачыш, брат усю скаромніну пры дзяльбе забраў. Вазьмі ў яго хоць скрутак кілбасы.
    Госць быў ласы на чужыя кілбасы. Але толькі працягнуў ён руку па кілбасу, як большы брат — трах! — яго лыжкаю па лбе.
    Тут меншы брат схапіў апалонік.
    — Як! — закрычаў ён на большага брата. — Дык ты майго дарагога госця будзеш біць лыжкай?! Калі ж так, то я твайго апалонікам трэсну!
    Ды так трэснуў госця па галаве, што таму аж неба з аўчынку здалося.
    Тады большы брат схапіў качаргу.
    — А калі ты майго, — кажа, — яшчэ даражэйшага госця, чым твой, будзеш біць апалонікам, дык я твайго качаргою перацягну!
    — А калі ты майго качаргою, — бушуе меншы брат, — дык я твайго зусім вон выкіну!
    I ён схапіў госця большага брата за каўнер ды павалок за парог.
    — Ах! — закрычаў большы брат. — Калі так, дык няхай жа і твой ідзе за маім!
    Сацыяльнабытавыя і авантурнанавелістычныя казкі 183
    Пры гэтых словах ён схапіў госця меншага брата і вытурыў за дзверы.
    Ачухаліся госці ад такога пачастунку, пабралі лахі пад пахі ды і ходу дадому.
    Так браты і збавіліся ад надакучлівых гасцей.
    ДВА КАМЕНІ
    Ляжаў пры дарозе вялікі камень. Хто ні ідзе, спыніцца каля яго, пасядзіць, адпачне, а то і падсілкуецца трохі. Людзі з усяе акругі ведалі той камень і шанавалі яго.
    Пабудаваў у тых мясцінах адзін чалавек новы млын. Але не было ў яго камянёў для жорнаў. Паехаў ён у горад, купіў там верхні жарнавы камень і вязе яго на валах дахаты. Убачыў жарнавік свайго таварыша пры дарозе і заганарыўся.
    — Вось бачыш, які я пан! Мяне на валах возяць, а ты нікому не патрэбен. Валяешся тут, як ламачына. Прэч з дарогі, бо расцісну, як порхаўку!
    Тут на валоў напалі авадні ды сляпні. Закруцілі валы хвастамі ды як скокнулі ўбок... Зачапіўся воз за камень, што ляжаў пры дарозе, вось зламалася, і ганарысты жарнавік паляцеў далоў. Ды так рэзнуўся аб прыдарожны камень, што аж усярэдзіне ў яго нешта трэснула.
    Ляжыць жарнавік і траха са злосці не лопаецца, што давялося апынуцца побач з такім брыдкім каменем.
    184
    Залатая яблынька
    Тым часам млынар пачаў прыглядацца да прыдарожнага каменя. “Ці не зрабіць мне з яго споднік для жорнаў?” — думае.
    Паклікаў ён майстра. Агледзеў майстар камень ды выкаваў з яго споднік для млынавых жорнаў.
    Прывёз млынар абодва камені і зрабіў з іх жорны: камень, што валяўся пры дарозе, палажыў пад спод, а куплены — наверх.
    Меле сподні камень муку ды толькі радуецца, што цяпер ён яшчэ лепш служыць людзям. А верхні камень аж скрыгоча ад злосці, фанабэрыцца перад таварышам:
    — Куды табе да мяне! Я калі захачу, дык задушу цябе! He ты, а я мялю муку!
    Пры гэтым ён так закруціўся, так зашумеў, што аж распаўся на кавалкі.
    Пабедаваў млынар ды выкінуў тыя кавалкі ў гразь як непатрэбныя.
    Купіў млынар новы жарнавік, доўга малоў ім, але і той зламаўся.
    А сподні камень трапіўся такі моцны ды ўдалы, што і да гэтага часу меле.
    HE СІЛА, А СМЕЛАСЦЬ
    Жыла ў адной вёсцы дзяўчына Марыля. Маленькая ўдалася ростам, дык усе яе не Марыляй звалі, а Марылькай. I сілу яна мела, як у таго камара.
    Сацыяльнабытавыя і авантурнанавелістычныя казкі 185
    Жартуюць з яе сяброўкі. “На цябе, — кажуць, — хлопец як дзьмухне, дык ты і паляціш, як пух!”
    Ды затое была Марылька такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Бывала, убачыць, што большы крыўдзіць меншага, — як ястраб налятае на крыўдзіцеля, і той адступае перад ёю.
    Пачалі аднаго разу сяброўкі жартаваць з Марылькі:
    — Ды ты не такая і смелая, як думаеш. Схадзі вось уночы на могілкі, тады паверым.
    — I схаджу! — адказвае Марылька.
    — Нябось, убачыш там пень, дык душа ў пяткі схаваецца...
    — А вось жа на злосць вам пайду! — кажа Марылька.
    Настала ноч. Марылька пакінула сябровак на вуліцы, а сама пабегла на могілкі.
    Бяжыць і не азіраецца. Каля могілак супынілася ды пайшла ціха. А каб не было страшна, заспявала песню. Ходзіць так па могілках ды спявае, — няхай чуюць сяброўкі, што яна тут!
    Здарылася якраз, што ў тую ноч зладзеі абакралі аднаго багатага гаспадара і везлі яго дабро каля могілак у свой лес. Пачулі яны песню, напужаліся, кінулі воз ды пабеглі хавацца, хто куды.
    Падышла Марылька да воза, паклікала — ніхто не адгукаецца. Агледзела воз, а там усялякага дабра поўна. Здагадалася яна, што гэта
    186
    Залатая яблынька
    зладзейская работа, бо ад зладзеяў у іх аколіцы шмат хто бяду меў. Ніхто не ведаў, адкуль яны прыходзяць і куды крадзенае возяць.
    Села Марылька на воз ды пагнала каня ў вёску.
    Убачылі зладзеі, што тут усяго толькі адна малая дзяўчынка, кінуліся за ёю, але так і не дагналі.
    Вярнула смелая Марылька гаспадару каня і ўсё дабро. Зарадаваўся гаспадар і даў ёй за гэта вялікія грошы. Купіла яна за тыя грошы сабе новую сукенку, чаравікі, прыхарашылася так, што ўсе сяброўкі зайздросцяць ёй.
    А зладзеі ніяк не могуць сабе дараваць, што такая малая дзяўчынка паразганяла іх, як зайцоў. Ды і накрадзенага дабра шкада ім. Вось і надумаліся яны завабіць смялячку ў свой лес і адпомсціць ёй.
    Прыехаў да Марылькі праз колькі дзён адзін з тых зладзеяў у сваты. Марылька кажа яму:
    — Ты чалавек мне незнаёмы, я раней хачу паглядзець, дзе ты жывеш і як жывеш.
    Злодзей, вядома, і рад: сама трапіць у іх рукі! Расказаў ён ёй, дзе яго шукаць, і паехаў.
    Сабралася Марылька ў розведы да жаніха. Маці пачала яе адгаворваць, не пускаць. Ды дзе там — нічога не зробіш з упартаю дачкою! Запрэгла яна сваю кабылку, села і паехала.
    Даехала да лесу, бачыць — збоку паваротка, а каля яе на кусце заламана галінка. Яна і завярнула на гэтую паваротку.
    Сацыяльнабытавыя і авантурнанавелістычныя казкі 187
    Праехала крыху, а там новая паваротка і зноў галінка заламана.
    Ехала яна, ехала, даехала да нейкага балотца. А за ім пайшоў лес такі густы, што і носа не ўбіць. I ніякай дарожкі нідзе няма. Прывязала яна да бярэзіны кабылку, а сама пайшла ў гушчар. Пралезла мо з ганкі і ўбачыла прасвет, а на ім хатку. Падкралася да хаткі, глядзіць праз акенца, аж там зладзеі дзеляць накрадзенае дабро. Лаюцца, крычаць, ледзь не з нажамі адзін на аднаго кідаюцца. Прыгледзелася Марылька і пазнала сярод іх таго, хто да яе ў сваты прыязджаў... Стаіць ён, размахвае вялізным нажом, разнімае другіх. “Відаць, гэта сам атаман разбойнікаў”, — думае Марылька.
    Завярнулася яна ды пайшла хутчэй да кабылкі.
    Плішчылася яна, плішчылася праз гушчэчу, усё адзенне на сабе парвала і заблудзілася. Тудысюды кідаецца — няма кабылкі! Раптам перагарадзілі ёй дарогу два ваўкі... Стаяць ды зубамі ляскаюць. “Ну, — думае Марылька, — з’елі яны маю кабылку”. Узяла яе злосць на ваўкоў, схапіла яна патарчаку і з крыкам кінулася на іх. Спалохаліся ваўкі смелай дзяўчыны, падцялі хвасты ды падаліся ў гушчар.
    Прабіраецца Марылька далей. Вось ужо і сонейка зайшло, птушкі сціхлі, толькі пугач крычыць сваё “пугу!” ды сава падлятае да яе на сваіх мяккіх крылах, чуць не на галаву са
    188
    Залатая яблынька
    дзіцца. А як адляціць ды пачне выгукваць ды плакаць, бы малое дзіця, дык аж пошчак ідзе па лесе.