Мінск Сучасны літаратар УДК 882 ББК 84(4Беі) Г 54 Кніжная серыя «СУЧАСНЫ БЕЛАРУСКІ ДЭТЭКТЫЎ» заснавана ў 2008 годзе Выхад серыі падтрымлівае шаноўны АНДРЭЙ МАКАГОН Укладальнік і рэдактар Міраслаў Вячаслававіч АДАМЧЫК Абараняецца законам аб аўтарскіх правах. Узнаўленне ўсёй кнігі альбо любой яе часткі забараняецца без пісьмовага дазволу выдаўца. Любыя спробы парушення закона будуць карацца ў судовым парадку. Глобус Адам (Адамчык Уладзімір Вячаслававіч) Г 54 Замак / Уклад. і рэд. М. В. Адамчык. — Мн: Сучасны літаратар, 2008. — 256 с. ISBN 978-985-14-1556-0 У кнізе «Замак» змешчаны найлепшыя дэтэктывы вядомага беларускага літаратара Адама Глобуса. УДК 882 ББК 84(4Беі) ISBN 978-985-14-1556-0 © У. В. Адамчык, 2008 3ДЎСЁДЫ СВЕТЛА КАПЯ ТУ РЗМНЫХ МУРОЎ Трыпвр Прдлог. ПІШЧАЛАЎСКІ ЗДМАК ІІольш за дзвесце гадоў пад шарым мінскім небам стаіць шары Пішчалаўскі замак. Як і большасць каралеўскіх палацаў, з часам ён абярнуўся турмою. Прастакутнік, фланкіраваны прысадзістымі зубчастымі вежамі, пазней абнеслі яшчэ адным мурам, зацягнутым паверсе калючым дротам. Паміж першым і другім абводам расцягнулі на зямлі сетку з калючага дроту. Усе дрэвы вакол турмы спілавалі на ўзроўні знешніх муроў. Як бастыёны, на рагах паставілі бетонныя піраміды кулеўлоўнікаў. Пішчалаўскі замак — той помнік архітэктуры, да якога не прыводзяць экскурсій, які не з’яўляецца на паштоўках і ў альбомах, на тле якога не фатаграфуюцца турысты. Гэта адзіны замак на Беларусі, які не стаў сувенірам, і таму захаваў сваю годнасць, уладнасць і ягамосць. Пра яго стараюцца не згадваць, а калі ўжо нестае аргументаў, каб спалохаць, у сталіцы зазвычай кажуць: «Пішчалаўскі замак побач». Колькі розныя ўлады, ад германцаў да расійцаў, не збіраліся вынесці турму за межы горада, нічога не атрымлівалася: бо ніхто ў цывільным не наважыўся ўвайсці пад змрочныя скляпенні і гаспадарыць там. I нават калі ўзнікла неабходнасць ушанаваць памяць аднаго з вязняў — паэта Якуба Коласа, дык замест таго, каб прышрубаваць мемарыяльную табліцу на Пішчалаўскі замак, турэмныя ўлады перадалі музею дзверы ад камеры. Магчыма, гэта былі і не тыя дзверы, за якімі сядзеў паэт. Але хто ведае?.. Ахоўнік Баляслаў Катавіцкі крочыў турэмным калідорам. Паўсюль панавала эстэтыка кратаў, і нават лямпачкі былі забраныя ў драцяныя плафоны. Спіну ахоўніка перакрыжоўвала скураная партупея. Тупым бляскам зіхцелі ялавыя боты. Вострае рэха крокаў крышылася аб сцены. Каля пляча колеру хакі плыла чарада пранумараваных дзвярэй. На рэмені ўздрыгвала важкая звязка ключоў. Катавіцкі спыніўся і адчыніў дзвярное акенца. Камера патанала ў дзяжурным святле. Баляслаў адамкнуў дзверы. 3 камеры патыхнула цяжкім духам страты. Ахоўнік стаў у парозе і заклаў вялікія пальцы за рэмень. У куту на падлозе скурчыўшыся сядзеў вязень у вайсковай форме. Рукі з перарэзанымі венамі ляжалі на каленях. Набрынялыя крывёю нагавіцы выдавалі чорнымі. Па цэментавай падлозе ледзь заўважна шырылася крывавая калюга. У пальцах вязень сціскаў лязо. Катавіцкі глянуў на гадзіннік. Ахоўнік зноў няспешна пайшоў пустым калідорам. На тарцавой сцяне вісеў тэлефонны апарат без дыска. Катавіцкі зняў трубку і паведаміў: — Адзінаццаты пост. Здарэнняў няма. У кабінеце начальніка турмы ва ўсіх крэслах, апроч ягонага, на дзесяць сантыметраў былі падпілаваныя ножкі. Калі прысутныя рассаджваліся, што здаралася нячаста, то началыіік заўсёды ўзвышаўся на паўгалавы. Хто і калі прыдумаў іерархію з крэслаў — невядома. Паданне гаворыць, што гэта зрабіў падчас першай сусветнай вайны кайзераўскі афіцэр, але ўсе начальнікі, што займалі кабінет пазней, з задавальненнем выкарыстоўвалі знаходку і нават загадвалі адпілоўваць ножкі ў новых крэслаў. Паветра ў кабінеце настоенае на едкім папіросным дыме, трайным адэкалоне і вайсковай форме. Агромністы, бы шафа, металёвы сейф, у які лёгка можна схаваць чалавека, мастакі-вязні расфарбавалі пад італьянскі мармур. Самым рамантычным аздабленнем кабінета глядзелася зубчастая вежа за акном. Баляслаў Катавіцкі быў адным з тых, каму начальнік турмы не прапаноўваў сесці. Іхняя размова пачалася так: — Ведаеш, нашто выклікаў? — начальнік сеў на высокае крэсла. — He, — адказаў Катавіцкі. -Спадзяешься атрымаць падзяку? — Думаеш, прапаную табе сваё крэсла, каб заўтра палову вязняў з камераў перанеслі ў морг? — начальнік быў задаволены жартам. — Я не супраць, — без ценю іроніі пагадзіўся ахоўнік. I я не супраць, каб ты напісаў рапарт на звальненне. — Нашто? Кантракт скончыцца толькі праз год. — Для мяне твой кантракт скончыўся ўчора. Бо толькі ты мог сказаць: «Здарэнняў няма». А я папярэджваў, што на вязня ёсць спецыяльны загад. — Вены рэзаў не я. — Але ў камеру ты заходзіў. — Ён быў нежывы. — Ён паміраў паўночы, а ты праз кожныя паўгадзіны дакладаў: «Здарэнняў няма». Скончым. Рапарт на стол. I памятай, для цябе ІІішчалаўскі замак заўсёды побач. Дома Баляслаў Катавіцкі зняў форму, але не павесіў на плечыкі, а пазразаў іменныя цэтлікі і акуратна спакаваў яе ў поліэтыленавы пакет. Боты звязаў вяровачкаю за матузкі на халявах. Пакет з формаю і боты Катавіцкі вынес на сметнік. Форму закінуў у кантэйнер, а боты пашкадаваў і паставіў на зямлю. РйЗДЗЕЛ ПЕРШЫ. АХОЎНІК Баляслаў Катавіцкі ішоў праспектам, бязмэтна і павольна. Рукі ў кішэнях доўгага незашпіленага плашча. Вузкія чаравікі на тонкай скураной падэшве выдавалі бязважкімі і мякка апускаліся на сухі травеньскі асфальт. Раптоўны перагон ветру вынес з падваротні слуп вясновага пылу, у якім круціліся шматкі газет, цукерачныя абгорткі і каляровыя паперкі ад жавальнай гумкі. Баляслаў павярнуўся бокам і прыгнуў палі капелюша. Жвір, падхоплены ветрам, секануў па твары, і Катавіцкі рэзка павярнуўся да яго спінай. Каля бакалейнай вітрыны стаяў саракагадовы мужчына, на ім нават цывільныя марынарка і кепка глядзеліся уніформаю. Катавіцкі адчуў, што за ім сочаць, і пачаў шукаць па кішэнях цыгарэты. Але паліць не стаў, бо на другім баку праспекта заміргаў светлафор. На жоўтае святло Баляслаў паспеў перабегчы на другі бок. Незнаёмец стаяў на астраўку пасярод дарогі, адрэзаны ад тратуараў трайным радам машын і тралейбусаў. Катавіцкі зайшоў у кнігарню, прабег праз прылаўкі і стэлажы. Другія дзверы выводзілі на завулак. Насупраць гарэла ліхтарня метро. На эскалатары Катавіцкі зноў азірнуўся — незнаёмца за ім не было. Пустыя рыфлёныя сходы ішлі, здавалася, пад столь. Доўгім тунелем ён перайшоў на суседнюю станцыю. Калі за Баляславам ссунуліся вагонныя дзверы, адчуванне, што за ім сочаць, знікла. Цягнік набіраў хуткасць. Мільганулі і зліліся ў адно чыгунныя цюбінгі тунеля. Катавіцкі пачаў прыглядацца да пасажыраў. Двое хлопчыкаў трымалі на каленях плецены з лазы кошык з пасястай коткаю. Старая кабета сядзела насупраць, заплюшчыўшы вочы і склаўшы рукі на самаробнай кавеньцы. Маладзён з незапамінальным тварам гартаў музычны часопіс... Ніхто не парушаў будзённасці, апроч маладога мужчыны з важкім фотакуфрам цераз плячо. Той па чарзе прыглядаўся да пасажыраў, нібыта шукаў ахвяру для газетнага фотанарыса. Васількова-ільдзістыя вочы на адно імгненне сустрэліся з цяжкім іртутным позіркам Катавіцкага. Цягнік спыніўся. Фотакуфар хіснуўся і ляпнуў па джутавай назе. Катавіцкі не спяшаўся выходзіць, і толькі калі з дынамікаў прагучала папярэджанне: «...дзверы зачыняюцца», — выскачыў на перон. Як кадры фотастужкі, паплылі вокны вагонаў. Баляслаў перасеў у сустрэчны цягнік, сеў у тарцы паўпустога вагона, насунуў на вочы капялюш і, не ўзнімаючы галавы, праехаў дзве станцыі. Ён выйшаў на вакзале. На плошчы заўсёдная мітусня зноў прымусіла азірнуцца. Мільганне незнаёмых твараў аднавіла пачуццё небяспекі. Катавіцкі шпарка накіраваўся да прахадных універсітэцкіх двароў. Праз высокую арку ён трапіў на парадны пляц перад Чырвоным касцёлам. Пад неараманскімі вежамі на цвінтары стаяла купка мнішак, над імі ўзвышалася міндалеабрысная шапачка ксяндза. Баляслаў праз касцельную галерэю прайшоў у сквер, дзе на лаўцы перад фантанам нарэшце запаліў цыгарэту. Паміж гатэлем і рэстарацыяй высілася кутняя вежа Пішчалаўскага замка. Дапаліўшы цыгарэту, ён зайшоў у бар, дзе непрыгожая жанчына ў маленькіх акулярах ветліва спытала з-за стойкі: — Вам, як звычайна, падвоеную? — I сто белавежскай... — Тады, відаць, і канапку з вяндлінаю? — Як звычайна... Калі Катавіцкі разлічваўся, да стойкі падышоў мужчына ў шэрам паліто, чорны шалік кантраставаў з сівізною: — Мне тое ж самае, толькі без кавы, — ён паставіў перад сабою пераламаную напалам банкноту. Былому ахоўніку падалося, што звярталіся да яго. Ён прыгледзеўся да мужчыны, які нечым нагадваў настаўніка элітарнага ліцэя. Твар выдаваў знаёмым, але Катавіцкі так і не здолеў успомніць, дзе бачыў яго раней. Мужчына ўзяў чарку, накрыў яе лустачкай канапкі, прайшоў у дальні кут бара і сеў на высокі зэдлік побач з Баляславам. Халодны мармур стойкі сцюдзіў далоні. Катавіцкі запытальна паглядзеў на незнаёмца. — Нам з вамі трэба пагаварыць, — сказаў той. Катавіцкі не адказаў. Гаварыць з незнаёмцам, падобным да настаўніка, яму не хацелася, бо праз вітрыннае шкло ўбачыў чалавека ў марынарцы. Пазней Баляслаў не раз будзе згадваць гэту сустрэчу, малапрыемны момант, калі невядомы чалавек правільна вымавіць тваё імя і прозвішча, але ніколі не пашкадуе, што пагадзіўся на размову. — Я правільна назваў ваша імя? — Так, але адкуль... — У мяне да вас прапанова, і прапанова не зусім звычайная. Я знайшоў вам працу. Тое, што скажу зараз, можа падасца дзіўным, але вопыт падказвае — я не памыліўся. Катавіцкі выпіў чарку белавежскай і надкусіў канапку. — Я слухаю... — Спачатку адкажыце на колькі пытанняў. — Калі ласка. — У вас ёсць сваякі? — Няма, — адказаў Баляслаў. — Вы забівалі чалавека? — He, ніколі. — Але кіраўніцтва менавіта так расцаніла здарэнне ў Пішчалаўскім замку. — Яны палічылі, што самагубца можна было ўратаваць, але памыліліся. Нашто замінаць чалавеку рабіць наканаванае? — 3 вашых слоў вынікае: ахвяра — вы, а кіраўніцтва не мела рацыі, падпісаўшы рапарт. — Я не той чалавек, каб быць ахвяраю. Вы ж самі сказалі, я — забойца. — Ці не занадта лёгка вымаўляеце гэта слова? — мужчына з тварам настаўніка нарэшце зрабіў глыток белавежскай.