• Газеты, часопісы і г.д.
  • Замак  Адам Глобус

    Замак

    Адам Глобус

    Выдавец: Сучасны літаратар
    Памер: 256с.
    Мінск 2008
    39.63 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    Мажардома, як самагубцу, пахавалі не на могілках, а на тым самым месцы, дзе вечарамі Антон з Яняю сцялілі радзюжку.
    Гаварылі ў мястэчку рознае, покуль князь не паклікаў Антона і не прапанаваў яму мажардомава месца.
    У бары «Каламутнае вока» было тлумна. Катавіцкі сядзеў за кутнім столікам і абыякава вывучаў публіку, покуль не згледзеў джутавую спіну журналіста. Той нібыта адчуў небяспеку і азірнуўся. На здзіўленым твары бялеў пластыравы
    крыжык. Баляслаў наколькі мог прыязна ўсміхнуўся і запрашальна махнуў рукой. Журналіст завагаўся, але падышоў.
    — Здымаеш краявіды? — Баляслаў прапанаваў сесці.
    Той сеў, але на пытанне Катавіцкага не адказаў.
    — Мінулым разам я, напэўна, перабраў і таму сёння хацеў бы цябе пачаставаць.
    — А дзе Агінская? Мне і дагэтуль нельга з’яўляцца побач з ёю? — журналіст узяў чарку.
    — Я на тое і прыйшоў, каб даведацца, дзе яна.
    Мы дамовіліся сустрэцца ўдзень, але яе не было.
    — А ты не падобны да чалавека, які даруе падман.
    — Зрэшты, мы гаворым не пра мяне.
    Журналіст нахіліўся да Катавіцкага і, гледзячы ў сваю поўную чарку, сказаў:
    — Я чуў, нібыта Рэгіна скончыла жыццё самагубствам, але дакладнай інфармацыі ў мяне няма.
    — Мяркую, смерць пасрэднай акцёркі, — Баляслаў зрабіў паўзу, нібыта прапусціў слова «наркаманкі», — цябе мала абыходзіць.
    — Мы дамовіліся, я здымаю краявіды.
    — Тады зычу поспехаў, — Катавіцкі падняўся.
    — А палацы і замкі, так бы мовіць, архітэктурныя краявіды, можна здымаць?
    — Непрыемна мець справу з ідыётамі, — Баляслаў выйшаў.
    Прахалодным начным праспектам ён накіраваўся да пляца Перамогі. Стомленыя за дзень светлафоры абыякава міргалі вогненна-памаранчыкавым святлом. Самотныя прахожыя спяшаліся заняць сваё месца ў салонах напаўпустых аўтобусаў. Залатое святло ліхтарняў крышылася бліцамі ў свежай лістоце дрэў. У паркавай цемры свіціліся свежым блакітам беленыя вап наю вазы і балюстрады. Страката апранутыя дзяўчаты на таксовачным прыпынку спрабавалі заспяваць разам, але ў іх не атрымлівалася, і кожная чарговая спроба сканчвалася смехам.
    Катавіцкі спусціўся ў падземны пераход, дзе бурштынава палымнеў манументальна-ўрачысты шкляны жалобны вянок. Па сценах зіхцелі бронзавыя спісы пераможцаў.
    РйЗДЗЕЛ ПЯТЫ.
    НАСТАЎНІК
    У тэатральным скверыку Катавіцкі яшчэ здалёк заўважыў знаёмую постаць у кепцы з доўгім брылём і марынарцы. Сувязны стаяў каля фантана, пасярод якога на базальтавым пастаменце бронзавы хлопчык абдымаў лебедзя. Пругкія струмяні фантана скрыжоўваліся над скульптураю і рассыпаліся на буйныя кроплі. Сувязны аддаў Баляславу дзве капэрты.
    — Тут грошы і наступнае заданне.
    Катавіцкі напісаў распіску.
    — Спадзяюся, ніякіх пытанняў? — сувязны схаваў распіску.
    Баляслаў паглядзеў на яго так, нібыта ў капэрце з заданнем ляжаў фотаздымак сувязнога. Ён адышоўся ў бакавую алею, з якой спусціўся ў падземны пераход. Але замест таго, каб ісці ў метро, ён развярнуўся і зноў выйшаў на бакавую алею. Спіна сувязнога схавалася за рогам Акадэмічнага тэатра. Катавіцкі аббег будынак і ўбачыў, як сувязны зайшоў у камісійную краму.
    Баляслаў вярнуўся да свайго пікапа, выехаў са стаянкі і спыніўся насупраць камісійнай крамы. Чакаць давялося нядоўга: з аркі прахаднога двара з’явіўся белы легкавік, за рулём якога сядзеў сувязны. Катавіцкі крануўся следам. Праз два кварталы машына сувязнога збочыла ў двор. Баляслаў заехаў двума коламі на броўку і спыніўся. Праз арку ён бачыў, як сувязны выйшаў з легкавіка і зайіпоў у пад’езд. Праз хвіліну ў вакне другога паверха запалілася святло, і сувязны зашморгнуў фіранкі.
    На стаянцы пад стадыёнам Катавіцкі ўскрыў капэрту з заданнем: на фотаздымку быў настаўнік у вайсковай форме. Агеньчык запальнічкі расцёкся па ражку фотакарткі.
    Над возерам сцяліліся пасмы ранішняга туману, праз які акварэльна прамалёўваўся далёкі бераг з цыліндрам шматпавярховага гатэля і светлымі
    кубікамі катэджаў. Нізкія хвалі павольна набягалі на халодны жвір пляжа. Каля дашчанага прычала пагойдваўся кацер з брызентавым зашклёным тэнтам.
    Рублеўскі ішоў ад прычала па спрасаваным начнымі залевамі пяску. Ён мінаў купкі ссохлых водарасцяў, у якіх пракідаліся маціцовыя ракаўкі пярловіц. Праз сасоннік Рублеўскі выйшаў да акуратнага старасвецкага дамка. Драўляныя калоны падтрымлівалі белы трохкутны франтон. Перад ганкам, у атачэнні высыпаных жвірам сцежак, узвышаўся кветнік з нарцысамі.
    Навела-ўспамін Рублеўскага
    У дзяцінстве я жыў недалёка ад Цэнтральнае плошчы. Ад нашага дома можна было прайсці, не пераходзячы вуліцу, у парк, што прымыкаў да плошчы. Бацькі часам адпускалі мяне туды аднаго. Мне падабалася стаяць на старым драўляным вантавым мосце і глядзець на Свіслач. У празрыстай вадзе выгіналіся доўгія водарасці, і хацелася верыць, што гэта валасы русалак, якія хаваюцца за пілонамі. Я крышыў у ваду булку: імклівыя верхаводкі выскоквалі з русалчыных валасоў і хапалі белыя крошкі.
    Парк мне заўсёды помніцца ўвосень. 3 гарадскіх высокіх клёнаў сыпалася лісце, і садоўнік зграбаў яго ў шапаткія гурбы: жоўтыя гурбы на яшчэ зялёнай траве і прасветленае холадам неба над паркам. Лісце падпальвалі, і яно доўга курылася нізкім,
    спакойным дымам. У такія дні я набіраў з дому бульбу, разграбаў кійком лісце да прысаку, клаў туды бульбу.
    Пасля бег да грота, дзе за пазелянелым шклом сонна варушылі плаўнікамі вялікія азёрныя сазаны. Адтуль ішоў да ўрадавых трыбун, што ўзвышаліся над Цэнтральнаю плошчай. Я пералазіў цераз літую чыгунную брамку і стаяў, паклаўшы рукі на паліраваны гранітны парапет. Унізе ішлі людзі, ехалі машыны. Мяне ніхто не заўважаў, а я у гэты час быў самы галоўны ў рэспубліцы, бо стаяў на прэзідэнцкім месцы. Маёй ягамосці хапала якраз на столькі, каб спяклася бульба.
    Але аднойчы, калі падышоў да трыбуны, там ужо стаялі людзі і глядзелі на плошчу. Я праціснуўся да балюстрады і першы раз у жыцці ўбачыў нябожчыка. Ён ляжаў, накрыты сцягам, пасярод плошчы, вакол стаяў натоўп. На памосце, каля труны, выступаў прамоўца. Адзінае, што ведаў пра пахаванні, — трэба зняць шапку. Я зняў.
    Я камечыў у руках сваю цыклістоўку. 3 прамовы зразумеў, што хаваюць прэзідэнта. Я глядзеў наўкола і не знаходзіў на тварах ані жалобы, ані ўрачыстасці. Вачыма сустрэўся з мужчынам у куртцы, які трымаў папяросу ў кароткіх пальцах. Ён падкрэслена лагодна, як болыпасць дарослых звяртаюцца да чужых дзяцей, сказаў:
    — Надзень шапку, холадна.
    Ён зазлаваў, бо я не паслухаўся.
    Пасля наступнага папярэджання давялося сысці, хоць і хацелася дабыць да канца.
    Я вярнуўся да гурбы лісцяў. Цыклістоўку я не надзеў нават тут. Раскапаў і выкаціў з прысаку бульбу. Але есці не змог.
    Для меня смерць назаўсёды звязвалася з пахам печанай бульбы і саладжавым дымам спаленага кляновага лісця.
    У доме цёпла пахла свежазмолатай каваю і напаленым камінам. На каміннай паліцы пазвоньваў маятнікам чорны паліраваны гадзіннік. Побач, у задымленым глечыку, зіхцелі глянцава-залацістыя аўсяныя каласкі. ГІраз жалюзі зачыненых аканіцаў у пакой працякала прыгнечанае ранішняе святло. Над канапай, дзе ў гасцёўнях звычайна вешаюць карціны, на драўлянай падстаўцы спачываў зеленкавата-іскрысты шчупак. На часопісным століку каля фатэля ўзвышаліся стосы папак з фотаздымкамі і дакументамі.
    Рублеўскі прайшоў у кабінет, дзе ў куту, побач з ампірным бюро, нязрушна стаяў адчынены пусты сейф. 3 бюро Рублеўскі выняў металёвую скрынку, адамкнуў яе, дастаў загорнуты ў праалеенае палатно рэвальвер і пачак набояў. Насоўкаю працёр зброю, адкінуў барабан і запоўніў яго набоямі. Рэвальвер ён паклаў у кішэню свайго доўгага шэрага плашча.
    Пікап Катавіцкага спыніўся каля цыліндрычнай вежы гатэля. Цэментовыя прыступкі сходаў
    спускаліся ў азёрныя хвалі. Уздоўж прычалу пагойдваліся навязаныя кацеры і яхты. У кантэйнерным буданчыку (на адно акно) Баляслаў знайшоў вартаўніка:
    — Мяне запрасілі ў госці, але забыліся дамовіцца наконт кацера.
    — Твае праблемы, — адказаў касавокі няголены вартаўнік у скураной марынарцы.
    Каб мае праблемы сталі тваімі, гэтага хоіііць, — Катавіцкі паклаў грошы на застаўлены парожнімі кансароўкамі столік.
    -Гэта ў адзін бок, — вартаўнік пераставіў парожнюю кансароуку на банкноту. — Пайшлі.
    Пераадольваючы пахмелле, ён узняўся з-за стала.
    Кацер патанаў у ранішнім тумане.
    — Ты сказаў — у госці, а да каго? — вартаўнік зашморгнуў маланку пад самы каўнер. — Я там усіх ведаю.
    — Калі ведаеш, то здагадайся сам.
    — Да жанчыны...
    — Здагадаўся.
    — Да жанчын звычайна я ўвечары важу. I пляшку знайсці просяць.
    — Бачу, ты ўчора знайшоў.
    Задаволены тым, што размова пайшла, вартаўнік пачаў пераказваць хабвёльскія прыгоды ўчарашняй гулянкі. Але Катавіцкі не слухаў, а глядзеў, як ад барта адбягае хуткая хваля.
    ШВАНКА ВАРТАЎНІКА,
    ЯКУЮ HE СЛУХАЎ Баляслаў Катавіцкі
    Даўно я так не гуляў, каб атруціцца. Рознае бачыў, рознае піў, але каб такое... Вось перад вайной, праўда, таксама было, калі арандатар Смольскі сваю дачку замуж аддаваў за віленскага мастака Сеўруковіча. Панаехала вусатых-барадатых у лакіраваных чаравіках, ледзь змаглі па хатах спаць раскласці. Мне тады гадоў шэсць-сем было, яшчэ ў школу не хадзіў, а старэйшыя хлопцы — Юзік Кацюшэнка з Пашкаю Антановічам, злодзеі — пляшку самагону ўкралі і мне цэлую шклянку налілі. «Пі, — кажуць, — пі, ад самагону касыя вочы выпраўляюцца». Я і выжлукціў, ледзь не задохся, але да астатняй кроплі атруту ў сябе загнаў. Каб галодны быў, то дакладна б памёр. А я ж да гэтага наеўся, як не ў сябе латаптаў: скабы парасячыя смажаныя, кіндзюк, вантрабяначка, бабка з грыбамі... Жывот цвёрды, што гарбуз. Дык вось, выпіў я таго самагону і чую — нешта са мною не так. Калі на дзвюх нагах стаю, то нармальна, а як адну падыму — павалюся. Я павалюся, а Юзік з Пашкам рагочуць. А потым у мяне памяць адабрала. Прачынаюся ў сваёй хаце, на ложку ляжу, а мая баба Маня анучай ваніты з падлогі збірае. «Хто ж гэта нарабіў?» — пытаюся. «Свіння, — кажа баба, — прыйшла і нарабіла». Вось і ўчора атруціўся. Мне пан Казімір наліваў. Як старэйшыя нальюць, дык тручуся, закон такі.
    Рублеўскі сядзеў каля распаленага каміна і адну за адной аддаваў яму паперы. Фотаздымкі карабаціліся ў агні і скручваліся ў няроўныя трубкі, рыхтык капіравальная папера. Раз-пораз Рублеўскі варушыў вуголле, і тады за каміннымі кратамі ўздымалася чорная завіруха. Нарэшце засталіся толькі пустыя папкі. Вуголле зацягнулася сівым попелам, і толькі цэгла каміна яшчэ патыхала сухім цяплом.