— А дакладней можна, ці так гахнулі, што памяць адбілі? — Шарахнулі як мае быць, але памяці не адбілі. Наадварот, як бачыш, дарогу ў твой падвал успомніў... Слухай. Адзін меншы за мяне, рэдказубы, з вусікамі рэдкімі; да цырульніка падобны ці да бармена, на ім джынсовая куртка і значок, рот з высалапленым языком — Ролінг Стоўнз. — Ведаю, — ашчэрыўся Швед, — ёсць такая гніль рэдказубая. Алекс яго мянушка. Хіба ты яго не мог навучыць, як грошы сшыбаюць? — Гэтага я навучыў, але быў і другі, той, што ў будцы стаяў. Яго не помню. Як зачапіліся, сам разумееш, не было калі разглядаць. — Забралі што? Ці так пабілі? — Грошы, гадзіннік... — Ясна. Эй, Тушкан, мы пайшлі, а ты сядзі, не адчыняй. * * * Побач са Шведам Бэр адчуваў сябе маладзейшым на гадоў дзесяць. «Раней хадзілі мы па вуліцах, і не было ў тых вуліц тупікоў. Сядзелі мы ў скверах і пілі вермут, і забаўляліся з дзеўкамі, і слухалі музыку, і самі спявалі... Была сістэма, і ездзілі мы па краіне аўтастопам, і ў кожным вялікім горадзе нас чакалі падвалы з напісанымі на сценах адрасамі іншых такіх падвалаў, дзе не зачыняюцца дзверы, і было віно, і быў хлеб. Называлі нас і хіпі, і патлатымі, і джынсовымі, і падонкамі, шкодным элементам, і люмпен-пралетарыятам, і чорт ведае чым, і Бог ведае кім... А мы пляваць хацелі на ўсе гэтыя назвы, мы ехалі, а потым ішлі, а потым зноў ехалі, і ў дарозе не было тупікоў. Толькі Шведу не пашанцавала, трапіў ён у тунель, дзе выключылі святло, — знайшлі ў ягонай сумцы шпрыц і ампулы з кайфам. Два гады Шведа не было ў абдымках дзяўчат і на дарогах. Вярнуўся ён стрыжаны, з вялікім шнарам на вуху. Выпілі мы пляшку каньяку ў вакзальным буфеце за сустрэчу, за сяброўства, за два доўгія-доўгія гады і разбегліся ў розныя бакі...» Знойдзем. Гадам буду, а мы іх вылавім. Калі не памыліліся і ў парку Алекс быў — мы іх каля нямецкага рэстарана і знойдзем, — Швед заводзіў сам сябе. У рэстаран ён зайшоў адзін. Бэр застаўся чакаць на алеі, ён сеў так, каб быў відзён, на усялякі выпадак, рэстаранны ганак, дзе курылі п’янаватыя студэнты. Швед хутка з’явіўся на ганку. — Зробім так. Я падыду адзін, быццам п’яны, і паклічу іх у двор, быццам хачу пярсцёнак ім здаць, быццам не хапіла мне сёння і я хачу дабавіць, а на кішэні — нулі... Карацей, напляту. Як толькі завяду іх пад арку, уставай і за намі ідзі, толькі не спяшайся, я адзін іх пакладу. — Адзін такі паклаў, а потым пад лаўкай прачнуўся. — Бэр адчуў, як задрыжэла ў яго калена, яно заўсёды дрыжэла перад бойкаю, да першага ўдару. — Спакойна, Бэр. Яны як цапы панабіраліся, а я ў форме. Ведаеш, як з бухадзелам завязаў. He магу піць, пячонка не дае. Іголку зусім забыў. Толькі калі пакурыць, і тое зрэдку. Во як, даўно не бачыліся... Пакладу я іх, вярняк. Хто такі Алекс? Хто такі Цагюк? Хто яны супроць Шведа? Галоўнае, каб не даць уцячы аднаму, пакуль я другога біць буду. Зробім не так. Ты будзеш у двары чакаць. Калі які дзёрне, ты спыніш. Першым грохну Цапка, а Алекс хай бяжыць, ён твой. Толькі не пабяжыць Алекс, будзе спадзявацца, што яны ўдвух мне рыла надзяруць. Ідзі. — А калі гэта не яны, не Алекс і Цапок, у парку былі? — Бэр кіўнуў на рэстаранны ганак. — Яны, — Швед гмыкнуў. — Пайду гляну. — Толькі ў рэстаране ты не зачапіся. * * * У рэстаран Бэр зайшоў праз чорны ход. У калідоры, каля буфета стаялі і курылі афіцыянты. Бэр узяў пачак цыгарэт і выйшаў у залу. Цапок і Алекс сядзелі за столікам каля эстрады, на якой тоўстая салістка манерна расцягвала словы англамоўнага шлягера. За столікам сядзелі яшчэ дзве дзявулі. Яны смяяліся, і Цапку з Алексам не было калі заўважыць Бэра. * * * У дваровай альтанцы курылі хлопец з дзяўчынай. Бэр сеў насупраць іх і сказаў ціха: — Слухай, мне тут пачакаць трэба. Ясна? А ты з дзяўчынкай пойдзеш і пасядзіш на алейцы ці ў другім якім месцы. Горад вялікі... Хлопец з дзяўчынай сышлі. Бэр застаўся чакаць бойкі ў начным двары. «Не атрымаецца з мяне асобы. Я — жлоб, казёл... Толькі без «казла»! Добра, хай без «казла». Проста — жлоб мікрараёнскі, жлоб з мікрагі... Куды лезу? Чаго пнуся? Па кабінетах на сагнутых нагах з усмешачкай, у калідорах з тымі, на каго брыдка глядзець, вітаюся за руку. Пяць гадоў поўз, прыніжаўся, прыкідваўся, і нарэшце пашкадавалі, прынялі за свайго, давялі да прыёмнай, арганізавалі сустрэчу... Працуй, Барыс! Ты — свой, сістэмны, цябе прынялі, залічылі ў легіён! А ты праз парк, замест таго каб на аўтобусе па праспекце. А ты біцца зза дробязі. Але гэта лёс такі: і на праспекце маглі спыніць...» Пад аркаю з’явіліся тры мужчынскія постаці. Швед ішоў пасярэдзіне, ён хістаўся. — Давай, — Бэр пазнаў Алексаў голас. На-а, — Швед ударыў, толькі не Алекса, а высокага Цапка, у пах. Цапок скурчыўся. Алекс не чакаў такога павароту. Ён толькі і паспеў, што руку падставіць пад Шведаў кулак, але кулакоў у Шведа два. — Ляжаць, скаты! — Швед нахіліўся над Цапком. — Грошы! — За што? — застагнаў Цапок. — За парк, за лаўку... — Ён сам завёўся, мы не хацелі... — Грошы! — ашчэрыўся Швед. Цапок зрабіў спробу падняцца, яму было цяжка лежачы даставаць з кішэні грошы. Швед выцяў Цапка нагою ў грудзі. — Ляжаць, сказаў! Цапок з Алексам дасталі нарэшце грошы і аддалі іх Шведу. Бэр стаяў воддаль і глядзеў, як Цапок зняў з рукі гадзіннік і той знік у Шведавай кішэні. — Мы пайшлі... Пакуль не выйдзем са двара — не ўставаць. Цапок з Алексам не адказалі. * * * Бэр і Швед пайшлі на праспект паўз рэста ранныя вітрыны, у якіх стаялі пузатыя нямецкія вазы. — На грошы. — Многа. — Я пакінуў сабе гадзіннік, а ты сабе новы купіш. Давай пройдземся. Даўно мы з табой не хадзілі. Бэр і Швед накіраваліся ў бок вакзала. Яны мінулі магазін «Падарункі», дзе на шыльдзе зіхацеў бронзавы матыль, і пайшлі па цёмнай алеі. Ві ол ліў ін зэ елаў субмарын*, — праспяваў Швед. — Та-да-та та-да-та-та, — дапамог яму Бэр. Яны спыніліся і смяяліся на алеі. Стаялі і смяяліся. Яны смяяліся гучна, яны рагаталі... Старонняму чалавеку магло б здацца, што за іх рогатам і сапраўды тоіцца нешта смешнае, але смешнага нічога не было. Гэты рогат быў звычайнай істэрыкай людзей, што выйшлі з бойкі пераможцамі. — Швед, у цябе ёсць работа? — Хочаш захалтурыць? Прыходзь да мяне, пасталярыш. — He, такая работа, каб на гады два, тры... — Ёсць адна справа. Год можна пратрымацца. Усе канторы шызануліся на вымпелах, усім сягоння патрэбен рэкламны вымпел ці каляндар. А друкаваць іх нескладана. Мой Тушкан і падпісаўся, а яму напарнік патрэбны. — Пайшлі, я пагаманю з Тушканам. — He, з Тушканам я сам буду гаварыць, калі што якое. А каму грошы спатрэбіліся? — А што гэта за Тушкан? * Радок з песні ансамбля «Бітлз». — А чорт яго ведае. Я ж з малалеткамі зачапіўся. Памятаеш, колькі іх у мяне ашывалася? Разагнаў. Усіх выгнаў, каб не смярдзелі. Сікуны! Яны адзін аднаго закладваць пачалі. I з-за чаго? 3-за дзевак, з-за травы... Смех! Раз да мяне людзі прыйшлі, папярэдзілі. Так і так, Швед, хочаш, каб падвал у цябе застаўся — гані ад сябе шпану. Другі раз людзі прыйшлі, а каб трэці раз не прыходзілі, я ўсіх смаркачоў з іхнімі сікухамі і выгнаў. He біў, не палохаў, проста сказаў, каб забылі дарогу ў мой падвал. Яны забылі, а мне сумна стала. Прывык я працаваць, калі мне ў спіну глядзяць. Адным, наадварот, каб ціха, каб нікога не было. А мне лепш, калі нехта ў пакоі сядзіць, каб, зрэшты, было каго ў краму паслаць. Сумна мне стала, тут якраз Тушкан і знайшоўся. Еду я ў электрычцы. Халадэча. За вокнамі снег з дажджом, а ён у тамбуры стаіць у адной кашулі. Пакурылі мы ў тамбуры, пагаварылі. У яго, акрамя кашулі, штаноў і чаравікаў, нічога і не было. Пашкадаваў я бічугу, пусціў у падвал. — А як зваць яго? — Кажа, што Саша. Толькі ён такі Саша, як я Дэдэрон. Раз назваў Тушканам, ён азваўся, так і пайшло... Цяпер ён справу сабе знайшоў... Дык каму грошы спатрэбіліся? — Мне. — Тушкан табе не напарнік. — Чаму? — He будзеш ты з ім працаваць. — He разумею. — Разумееш. Няма табе дарогі ў падвал. Бэр засмяяўся, але Швед не падтрымаў яго. — He круці, Швед. Мы з табой сябрамі заўсёды былі. Хто мне дапаможа, калі не ты? Трэба мне ў сістэму вярнуцца. Уладкуюся вартаўніком, а на вымпелах падымуся. Будуць бабкі, будзем далей думаць. He магу я, Швед, не магу ў іхняй сістэме жыць, па паркету хадзіць, на цэментовыя твары глядзець. Лепш у падвале па цэменце хадзіць ды на людзей глядзець. Пяць гадоў я на жываце поўз. Ведаеш, я ж пад інтэлектуала касіў... А болып не магу, бо яны не б’юць, яны плююць у душу... Усё робіцца толькі за спінаю. У вочы толькі добрыя словы, а за спінаю бруд. Стаіш, бывала, у светлым калідоры, дзе адных дзвярэй на тры інтэрнаты хапіла б, стаіш і разважаеш з якім-небудзь намеснікам загадчыка аддзела пра этычныя каштоўнасці і эстэтычныя набыткі. Ён цябе ненавідзіць, і ты яго адпаведна. Толькі ты яму гэтага не гаворыш, і ён табе гэтаксама. Здаецца, закапаў бы яго, рукамі асфальт узарваў бы, каб гэтага казла ў зямлю загнаць, ды не... Стрымліваешся. He ведаю, ці ёсць у чалавека душа? Але ў мяне дзіўнае адчуванне пачало з’яўляцца... Заходжу я ў свой офіс, а душа пакідае мяне, яна застаецца за дзвярыма. Я працую — запаўняю бланкі, падлічваю працэнты, выконваю параграфы, размаўляю, адказваю па тэлефоне, пішу лісты... Толькі ўсё робіцца механічна. Нарэшце я выходжу з офіса — і душа вяртаецца. He магу я так далей жыць. Сам сябе пачынаю баяцца. — He гані фуфел, Бэр, не пралезе. Ты адзіны, хто чысты з нашай сістэмы выйшаў. Hi кір, ні бабы, ні нарката цябе не хвалявалі. Няма табе дарогі ў падвал. Думаеш, не хачу з табой працаваць? Хачу. Толькі з усіх нас ты адзін іншым стаў. Hi Баця, ні Ірэн, ні Малы, ні Кэт, ні Сала вей з Гараніным — ніхто з падвала не выйшаў, мы ўсе ў бамбасховішчах засталіся, а ты выбраўся. За тое, што шчанюкоў не здаў, дзякуй. He псіхуй. Ну, падставілі яны падножку, але мы з імі разлічыліся — грошы твае ў тваёй кішэні. А далей нашы дарогі разбегліся. Калі што якое, заходзь. * * * Бэр пайшоў на вакзал. Яму захацелася пастаяць на пероне, паглядзець на людзей, што ад’язджаюць, хацелася апынуцца ў натоўпе, хацелася расплавіцца ў развітаннях і сустрэчах. 3-за рога, насустрач Бэру, выйшлі двое мужчын. Ён пазнаў іх. Ён рэзка развярнуўся і пабег. Тупат пакаціўся па пустэльнай вуліцы. Бэр выбег на плошчу. Праз плошчу ён бег лёгка і хутка, але яму здавалася, што так марудна ён ніколі ў жыцці не бегаў. Бэр азірнуўся, Цапок і Алекс адставалі. Бэру пачало не хапаць паветра, нябачныя рукі сціснулі горла. Больш ён не азіраўся.