Катавіцкі ўзяў з рукі нябожчыка тэлефонную трубку і паклаў яе на рычагі апарата. Раздзел сёмы. ПРЭЗІДЭНТ На канспіратыўнай кватэры грунтоўна стаяў ненавісны Катавіцкаму пах каніфолі і гарэлае ізаляцыі. Нават густы водар свежазгатаванае кавы толькі разбаўляў, але не нішчыў яго. Праз апушчаныя жалюзі прабівалася шчыльна-жоўтае перадвечаровае святло. Ломкімі паскамі яно крэсліла падлогу, сцены і стэлажы. Баляслаў ляжаў на парэпанай скураной канапе і праглядаў леташні, знойдзены ў перадпакоі часопіс. Побач з недапітаю філіжанкай кавы на падлозе ляжаў пісталет. Катавіцкі пачуў, як у замок устаўляецца ключ. Ён сціснуў рукаятку пісталета: шчоўкнуў засцерагальнік, палец лёг на курок. Баляслаў схаваўся паміж стэлажамі з апаратураю. Праз шчыліну паміж паліцаю і ўзмацняльнікам ён ба чыў: у пакой зайшоў невысокі поўны мужчына ў пыльна-шэрым гарнітуры. Ягоную лысіну прыкрывалі доўгія пасмы блякла-русявых валасоў. На сытым твары паблісквалі васільковыя вочкі. Мужчына скінуў пінжак, пад пахамі крэмавай кашулі выразна цямнелі пляміны поту. Скураныя рамяні падтрымлівалі важкія похвы з пісталетам. Катавіцкі бязгучна пакінуў сховішча, наблізіўся да каменданта і выхапіў у таго пісталет. 3 неўласцівым пры такой паўнаце спрытам камендант развярнуўся і ўдарыў Баляслава нагою ў жывот. Катавіцкі стрэліў. Куля ўспарола скураны валік на канапе і выбіла кавалак атынкоўкі. Камендант адскочыў. — Сашчапі рукі на патыліцы і павярніся тварам да сцяны, — загадаў Баляслаў. Камендант падпарадкаваўся. — А цяпер ты адкажаш на ўсе пытанні. Калі які адказ мне не спадабаецца, пашкадуеш, што нарадзіўся на гэты свет! — Катавіцкі прысеў на край стала. — Хто загадаў мяне забіць? — Я аддаў загад. — Ты падрыхтаваў капэрту з заданнем, але мне патрэбны той, хто загадваў табе. — Я падпарадкоўваюся толькі прэзідэнту. — А цяпер вернемся да Рэгіны Агінскай. Якая сувязь паміж акцёркаю і прэзідэнтам? Нават са спіны было відаць, што камендант заўсміхаўся: — Ты прафесіянал у мужчынскіх справах, але што тычыцца жанчын — дылетант. Агінская была ягонай каханкаю. Але год таму здарылася непапраўнае: Рэгіна пачала шантажаваць прэзідэнта. Мы занадта позна даведаліся, што яна наркаманка, і ўсе спробы выратаваць яе аказаліся марнымі. Мы вымушаны былі знайсці выйсце. План Рублеўскага нас задаволіў. — Прэзідэнт загадаў забіць Агінскую? — Ён быў не супраць. — Дзе зараз прэзідэнт? — У Доме ўрада. — А ўвечары дзе ён будзе? — He ведаю. — Ты ж камендант. — Але не сакратар. Я адказваю за побыт і тэхніку, каб усё круцілася. Шафёр, які чакае мяне ўнізе, відаць, непакоіцца. Баляслаў рассунуў дзюралевыя планкі жалюзі, каб паглядзець на двор. Камендант схапіў са стэлажа металёвую скрыню і кінуў. Катавіцкі паспеў ухіліцца. Пагнутыя планкі жалюзі пасыпаліся на падваконне. Разам з грукатам скрыні прагучаў стрэл. Каменданта адкінула да паліц, ён паспрабаваў ухапіцца за іх, але рукі не слухаліся. Паваліўся на брудна-зялёны лінолеум. Па крэмавай кашулі расцякалася крывавая пляма. Рэдкія пасмы валасоў з’ехалі з лысіны і рассыпаліся на падлозе. Катавіцкі схіліўся над камендантам і павадзіў далонню перад ягоным тварам — зрэнкі не рэагавалі на змену святла. Hi ў двары, ні за брамаю ніякай машыны, пра якую гаварыў камендант, вядома, не было. Сваю машыну Катавіцкі пакінуў на стаянцы перад стадыёнам. Трамваем ён праехаў два прыпынкі да бровара «Крышталь». На цагляным фасадзе свяціліся неонавыя буслы абапал піўнога збанка. У тупіку за броварам стаялі грузавікі з бульбаю. У асветленай альтанцы шафёры гулялі ў карты. Катавіцкі звярнуўся да гульцоў: — Мне трэба мех бульбы на памінкі. Можа, хто прадасць? Першым падняўся малады хударлявы шафёр, на пабітым воспаю твары вылучаўся дзюбаты hoc: — Хадзем. Шафёр падвёў Баляслава да старога запыленага грузавіка. — Лезь у кодаб і набірай, — шафёр прысеў на бампер. — He на сабе ж я мех пацягну... Тут недалёка. Шафёр неахвотна залез у кабіну. Катавіцкі ўладкаваўся побач на рыпучым, засланым зрэбнаю посцілкаю сядзенні. — Куды ехаць? — спытаў даўганосы, калі за парканам бровара бліснулі трамвайныя рэйкі. — Направа, уздоўж трамвайнай лініі. — Каго хаваеш? — машына выехала на мост, пад якім у чаратовых берагах плыла вузкая ў гэтым месцы Свіслач. — Настаўніка, — Баляслаў паказаў наступны паварот. Машына завярнула на брукаваны пад’ём і цяжка падалася ўгору. Уздоўж тратуараў чарнелі зморпічаныя кульці абпілаваных таполяў. За невысокай бальнічнай агароджаю ў двары, асветленым падслепаватымі ліхтарнямі, прывідна бялеў бетонны фантан з мядзведзямі. Праваруч на ўтравелым пагорку падступала да самага адхону шаравата-крэйдавая каланада ратонды. Над пустым скрыжаваннем міргаў жоўты дыск светлафора. Грузавік зрабіў апошні паварот і ўехаў у нізкую дваровую арку. — Вось тут, — Катавіцкі паказаў на патрушчаны ганак, — пайшлі ў сутарэнні, возьмем скрыні. Баляслаў першы сышоў у вільготную задуху сутарэнняў. На дашчаных дзвярах чарнелі вялікія неахайныя нумары. Цяжкая палоса завалы перакрэслівала дзверы, перад якімі спыніўся Катавіцкі. Ён адамкнуў важкі навясны замок. Шафёр здзівавана глядзеў на ссыпаную ў загарадку бульбу і таму не адразу заўважыў настаўленую на яго рулю пісталета. — Заходзь і садзіся. Пабудзеш тут да раніцы. Калі пачнеш крычаць, усё адно ніхто не прыйдзе. Ключы ад машыны і дакументы. Катавіцкі паставіў завалу на месца. Ужо ў кабіне ён разгарнуў вадзіцельскае пасведчанне. Побач з зашмальцаваным фотаздымкам прачытаў прозвішча — Пуставік. Машына з бульбаю мінула віядук кальцавое дарогі і выехала на тракт, што вёў да ўрадавага лецішча. На лясным скрыжаванні Баляслаў збочыў, развярнуў машыну і заглушыў рухавік. ГІраз шырокую прасеку з кабіны добра праглядаўся кавалак тракта. Трэцяя навела-мроя Баляслава Катавіцкага Гаварылі ў мястэчку рознае, покуль князь не паклікаў Антона і не прапанаваў яму мажардомава месца. А было гэта так. Прыйшоў у кузню начальнік княжацкае варты і сказаў: — Пайшлі, Антон, князь табе дараваў, хоча паставіць на мажардомава месца. Здзівіўся і каваль, і ягоная жонка, але хто не ведае княжацкіх выбрыкаў? На тое ён і князь, каб здзіўляць сваім розумам. Стаў Антон перад князем і пачаў прасіць за парася прабачэння, на што князь адказаў: — Я не свінапас, каб свіней лічыць. Дык ты згодны стаць на мажардомава месца? — He, я люблю ў кузні молатам памахаць, — у Антонавай паставе з’явілася напружанне зацкаванага звера. — А мне казалі, што ты людзей душыць любіш. Антон было памкнуўся да князевага фатэля, але вартавы спрытна накінуў на яго ззаду пятлю і скруціў рукі малатабойцы канаплянай вяроўкаю. — Усё ты ўлічыў, — загаварыў князь, — аднаго не ведаў: мажардом сказаў кухару, што да Яні йдзе. Блага, што кухар не адразу пра гэта ўспомніў. Але Яня нам дапамагла. Прывядзіце яе. У залу прывялі Яню з плеценым кошыкам у руках. Яшчэ з парога яна пачала плакаць: — Гэта ўсё ён. Я нічога не ведала, покуль на другі дзень у кошыку мажардомаву люльку не знайшла. Антон хацеў быў сказаць, што ўсё яна ведала, і без яе дапамогі ніколі не выманіў бы ён мажардома з-за цагляных замкавых муроў у начны парк, але раптам забаяўся д’яблавае сілы, што сядзела ў мажным целе былой пакаёўкі. I мястэчка і замак больш за месяц чакалі смяротнага пакарання, што мелася адбыцца на галоўным пляцы. Нават у кірмашовыя дні прыгнечанасць і неспакой не давалі разгарнуцца весялосці. Таму ў карчме рамеснікі выпівалі ціха, як за хаўтурным сталом, а жыды нават самым п’яным хабалам давалі рэшту. А калі пасярод пляца пачалі збіваць з дошак эшафот і ставіць высачэзную шыбеніцу, дык кожны палічыў сваім абавязкам кінуць працу і паглядзець на работу княжацкіх цесляў. У свежыя, смаляныя дошкі заходзілі доўгія цвікі, а рэха ўдараў білася ў чатырохкутніку паміж касцёлам і царквою, сінагогаю і мячэццю. Старыя кабеты загадзя плакалі, бо ўсё ж шкадавалі Антона і пракліналі Яню. Віленскі кат у белых шаўковых пальчатках і крывава-чырвоным капюшоне прагульваўся ў замкавым двары. А княжацкія пакаёўкі спрачаліся шэптам: ці ёсць у яго вусы і барада. Карэта з дзяржаўным гербам чакала перад замкавай брамаю. Кат выняў з кішэні срэбную цыбуліну гадзінніка, адшчоўкнуў накрыўку — і ў руцэ загучалі першыя такты мінорнага паланезу. Ён даслухаў мелодыю і няспешна пакрочыў да карэты. На пляцы пад шыбеніцаю сабралася не толькі мястэчка, але і сяляне з навакольных вёсак і хутароў. Па-рознаму пераказвалася ў натоўпе гісторыя мажардомавай смерці. Асабліва лядачыя спрабавалі пераканаць даверлівых слухачоў, што гэта сам князь падвучыў Антона забіць. Былі і TaKin, асабліва з праваслаўлых, што ўсё валілі на жыдоў і татар. Іх не спыняла нават тое, што сам мажардом быў караімам. Усе спрэчкі аціхлі, як толькі на пляц выехала карэта з катам. Ён узняўся па прыступках на эшафот, праверыў, ці па правілах зроблена пятля. Па пукатым бруку зазвінелі абабітыя жалезам колы. Антон у белай кашулі са скаванымі ланцугом рукамі сядзеў на ахапку саломы і ваўкавата пазіраў на натоўп, што расступіўся, каб прапусціць калёсы з асуджаным. Варта засталася на пляцы, а Антон сам узняўся на эшафот, дзе ўжо побач з катам стаяў стараста з прысудам у руках. Кат загадаў Антону стаць на лаўку пад пятлёю. Стараста жаночым вісклівым голасам дачытаў прысуд і спешна сышоў з эшафота, нібыта яго, а не Антона, збіраліся вешаць. Натоўп, нібы зачараваны, глядзеў, як рукі ў белых шаўковых пальчатках расправілі пятлю і паднеслі яе да твару асуджанага. Раптам Антон ускінуў рукі і закруціў кароткі ланцуг на шыі, што хавалася пад чырвоным капюшонам. Натоўп хіснуўся і загудзеў. Князь, які сядзеў на ўзвышэнні, прыўзняўся над фатэлем. Варта, заганяючы стрэмкі ў далоні, палезла на эшафот. Кат марна спрабаваў развесці Антонавы рукі. Калі вартаўнікова дзіда ўбілася ў Антонаву спіну, пад левую лапатку, побач з хрыбетнікам, кат быў нежывы. Малатабойца паспеў пераламіць яму шыю. Па загаду князя Антона пахавалі пад агароджаю каталіцкіх могілак. «Каб ані на могілках, ані за імі яго не было!» — вызначыў князь. А яшчэ ён загадаў накідаць у дол вапны, каб тая з’ела нават косці забойцы. Яня, якая пасля таго дня сказілася, нягледзячы на ўсе забароны, прыносіла на магілу кветкі.