• Газеты, часопісы і г.д.
  • Замак  Адам Глобус

    Замак

    Адам Глобус

    Выдавец: Сучасны літаратар
    Памер: 256с.
    Мінск 2008
    39.63 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    яловага лесу, што тапырыўся над стромай пясчанага кар’ера, да мястэчка падбіралася навальнічная хмара парослых соснамі могілак. У ёй чырванела дахоўкай гатычная капліца. Праз дарогу ад могілак узвышалася на грудку бібліятэка — свежавыбелены вапнаю аднапавярховы дамок з блакітнымі ваконнымі рамамі. За нізкім штыкетнікам у гародчыку пакалыхваліся на высокіх сцяблінах далікатныя вяргіні. У кветнік зайшла жанчына.
    Алег Будзько пакруціў акуляры. Трохі рас плывістая выява акрэслілася — Яніна Сабалеўская зразала бліскучымі нажніцамі кветкі. Жанчына схавала твар у букеце. Будзько глядзеў, як яна зайшла ў бібліятэку, паставіла вяргіні ў вазу і старанна выцерла нажніцы ручніком. Міма гародчыка стары дзядок у вялікім капелюшы і ў рогавых акулярах, пастукваючы кульбаю па бруку, павёў козы. Яму насустрач прабегла зграйка босых цыганят, услед якім ляцеў брэх сапежынскіх сабак.
    За мястэчкам, паміж блакітных, парослых ядлоўцам грудоў, ляжала крывое люстэрка Русалчынага возера. Будзько зноў падкруціў акуляры і ўбачыў, як пры самай вадзе крочыць сутулаваты мужчына з касою на плячы. Паўночны краявід толькі пачынаў набіраць вечаровыя золата і чырвань. Нешта знаёмае падалося Алегу ва ўпэўненым кроку мужчыны-касца. Ён паспрабаваў настроіць бінокль, але локаць саслізнуў са стала, і Будзько асляпіла сканцэнтраванае лінзамі сонца.
    Цікаўны да чужога жыцця настаўнік геаграфіі не пачуў, як за яго спінаю адчыніліся дзверы, і ў прагале паўстала постаць у доўгім чорным плашчы. Высокі настаўлены каўнер датыкаўся да шырокага цёмнага берэта. Яркі шалік пакідаў на твары толькі месца для цёмнасініх люстраных акуляраў. Рука ў пальчатцы занесла над географам зведзеныя вострадзюбыя нажніцы.
    Настаўнік адчуў — за ім нехта стаіць, але страх не дазволіў азірнуцца. Апісаўшы дугу, рука ў пальчатцы глыбока загнала нажніцы ў чалавечае вуха. Забойца адступіўся. Алегава цела выпрасталася і разам з крэслам абрынулася на падлогу. Забойца пераступіў праз нябожчыка, зачыніў акно і зашморгнуў фіранку. Ён падхапіў забітага пад пахі і няспешна пацягнуў сходамі. Абцасы несамавіта пастуквалі па прыступках. Забойца цягнуў цела праз залу і ледзь не паваліў цабэрак з высокім фікусам. Вялікі, як рыбіна, мёртвы ліст плаўна зляцеў на кілім. 3-пад камоды бліснулі вочы перапалоханага ката. Забойца плячом адчыніў дзверы ў святліцу. Праз завешанае цюлем акно ў пакой падаў касы слуп пыльнага святла. Прыцішанае вечаровым сутоннем сонца крышылася ў вузкім люстры трумо, дзе адбіваўся высокі металёвы ложак з пірамідай гладкіх падушак. Забойца паклаў цела настаўніка на ходніку, адкінуў коўдру, разабраў піраміду падушак і пачаў распранаць нябожчыка. Клятчатая кашуля і джынсы акуратна леглі на
    спінку невысокага крэсла. Труп быў усцягнуты на ложак. Забойца паклаў на змярцвелы твар руку і рэзка выцягнуў нажніцы з вуха — густая кроў палілася на бялізну. Забойца развёў нажніцы і ўсадзіў іх нябожчыку ў вочы.
    2
    Зміцер Хут уключыў кававарку. Густы пах кавы запоўніў невялікую рэдакцыйную фоталабараторыю. Іскрыста патрэскваў і міргаў агеньчыкам індыкатара стацыянарны глянцавальнік. 3-пад палатнянай стужкі на пластыкавы шчыток выпаў квадратны фотаздымак. У цёмным кадры лунала расплывістая постаць. Ліда Лазаркоўская ўзняла на далоні фотакартку.
    — Хочаш мяне пераканаць, што гэта прывід Чорнай Дамы?
    — Рэканструкцыя! Я папрасіў знаёмую акцёрку папазіраваць, каб зрабіць чытачам майго часопіса падарунак. Але Чорная Дама так і выглядала. Сам бачыў у Нясвіжскім парку. Яна і сапраўды белая. He верыш? — Зміцер расставіў на краі стала сподкі і два кубачкі з лыжкамі.
    — Бачу, ты не пакінуў заняткі ў самадзейным тэатры?
    — Сур’ёзна кажу, сустракаў я Чорную Даму.
    — Мне ўсё роўна: чорную, белую ці сінюю. Я хацела б пагаварыць без жартаў. Ты адзіны, хто паверыць мне, прынамсі, так было раней.
    Зміцер прапанаваў Лідзе складное металёвае крэсла, а сам пачаў наліваць каву. Госця разглядала завешаныя фотаздымкамі і карцінамі сцены лабараторыі. Пад столлю вышнураваліся лялькі з батлеечнага тэатра: Чорт, Цар Ірад, Дзева Марыя, Белы Анёл, Жыд, Венгерац, Антон, Антоніха і маленькі Хрыстос у саламянай калысцы. Ярусам ніжэй віселі дзве маскі: адна — чорта са шклянымі вачыма, другая — русалкі з даўгімі зялёнымі космамі. 3 плоскай насценнай вазы паўставаў высокі букет паўлінавых пёраў. На адной з карцін Ліда пазнала Сапежынскі касцёл:
    — Ведаеш, апошнім часам я ўзненавідзела правінцыйнае дзікунства.
    — Ты пра што? — Зміцер таксама паглядзеў на адзін са сваіх улюбёных краявідаў.
    — Калі я пераконвала сябе, што мушу выехаць з Мінска, дык Сапежын здаваўся ці не спакайнейшым месцам на свеце: возера, руіны палаца, паром праз Дзвіну, рамантычныя паданні, ну і, вядома, рыцар.
    — У рыцарскага мяча адламілася вастрыё?
    — Я прасіла не кпіць.
    — Прашу прабачэння, — Зміцер дастаў з насценнай вазы паўлінавае пяро, — яно будзе пасаваць да латніцкага ўбрання твайго мужа.
    — У Сапежыне гінуць людзі. Пакуль гэта не тычылася знаёмых, я не заўважала, як рэагуе мястэчка. 3 кожнай таямнічай смерцю ў ім ажываюць паганскія паданні. Няўжо яны дагэтуль
    моляцца Перуну?! Дзесяцікласнік згінуў у Русалчыным возеры — дык нават бацькі змірыліся, калі так і не знайшлі цела. Яны, як і ўсе, пераказвалі трызненні пра залатавалосых русалак, якія зацяжарваюць ад насення тапельцаў і нараджаюць лазнікаў ды вадзянікоў. А калі на сапежынскага ветэрынара, які нарыхтоўваў дровы, павалілася елка і прабіла суком грудзі, то ўсе адразу згадалі, як ветэрынар дваццаць гадоў таму абрабаваў на могілках капліцу фон Гартаў. Я здольная пагадзіцца з Боскай карай, але паверыць у сапежынскую пачвару, што здатная кінуць на чалавека вялізнае дрэва, што бязмежна ўладарыць у мястэчку, не магу і не хачу.
    — А пасля смерці ветэрынара ў цябе засталіся знаёмыя? Ці я апошні? — Зміцер зняў са сцяны цацку Цара Ірада і пасадзіў сабе на калені.
    — А на пачатку чэрвеня знік наш настаўнік геаграфіі, Алег Будзько. Спачатку спадзявалася, што знікненнем зацікавяцца мясцовыя ўлады, але іх збольшага задаволіла версія: малады чалавек, якому абрыдла правінцыя, уцёк у горад, у якуюнебудзь Гомлю ці Берэсце. А сапежынскія жанчыны кажуць, нібыта настаўніка знішчыла здань — прывід барона фон Гарта.
    — А чым не дагадзіў настаўнік геаграфіі мёртваму барону?
    — 3 1939 года ў мястэчку не здзіўляюцца, калі пачвара забівае расійцаў і камуністаў, бо
    яны абрабавалі і спалілі палац, адабралі зямлю, здзекаваліся з жанчын і дзяцей. I цяпер мястэчка верыць, што прывід Баркулаба карае ўсіх, хто нясе на ягоную зямлю гвалт. А Будзько, як ніхто ў Сапежыне, марыў ператварыць мястэчка ў кампанэлаўскі Горад Сонца. Даруй, што прымушаю выслухоўваць гэтае дзікунства, але яно ёсць, існуе. Нават следчага не хвалюе, што знік чалавек.
    — Прабач, Ліда, але мне цікавей слухаць пра прывіды, чым пра банальныя ўцёкі артадокса. Але што, апроч жаноцкай інтуіцыі, паказвае на трагедыю? — Хут зняў галаву лялечнаму Іраду і паклаў на сподак.
    Ліда адчыніла рыдыкюль, і побач з каранаванай лупавокай галавою леглі кантактныя лінзы:
    — Я знайшла іх у пакоі Будзько. Мала хто ведаў, што ён насіў кантактныя лінзы. Пагадзіся, уцякаючы можна пакінуць шмат, але не ўласныя вочы — лінзы ці акуляры.
    — Сапраўды, адкуль прывід ведае, хто носіць у мястэчку кантактныя лінзы?
    — Зміцер, калі намерышся паляваць на прывіда, дык нікому не кажы ані пра тое, што мы разам вучыліся, ані таго, што я прыязджала да цябе. I нават пры сустрэчы зрабі выгляд, што мы незнаёмыя.
    — 3 маім аматарскім акцёрствам нашае незнаёмства можа абярнуцца прыхаваным каханнем.
    Ліда сагнула паўлінавае пяро і завязала яго на вузел.
    3
    СТАРОНКІ 3 НАТАТНІКА ЖУРНАЛІСТА ЗМІЦЕРА ХУТА
    Пры ўсім маім скептычным стаўленні да правінцыйных настаўнікаў, гісторыя, расказаная Лідай Лазаркоўскай, заінтрыгавала мяне. Ну, здавалася, з’ехаў з мястэчка настаўнік — каму да гэтага справа? А пакінутыя кантактныя лінзы явічэ не сведчаць пра тое, што яго знеслі чэрці. Вось я палюю за прывідам Чорнай Дамы не першы год, праседзеў пад дажджом у Нясвіжскім парку не адну ноч. А гэты чалавек нават не верыў у замагільных зданяў. Але гэта таксама не сведчыць, што сапежынскай пачвары не існуе. Пра яе гавораць. Значыць, яна мусіць з’яўляцца. Ва ўсялякім разе, на старонках майго часопіса. Нават калі яна толькі міф, я паспрабую яе зматэрыялізаваць.
    3 таго, што я даведаўся, працуючы ў архівах і бібліятэках, нічога не супярэчыць расказу Ліды. Ясна, у архіўных папках я не знайшоў аніякіх згадак пра паўстанне з мёртвых Баркулаба фон Гарта і пра крывавыя забойствы нетамтэйшых людзей. Але асобныя факты з жыцця гаспадара сапежынскіх земляў я занатаваў сабе ў храналагічным парадку.
    Фон Гарты з’явіліся ў Сапежыне пасля 1865 ro­fla. Ранейшаму гаспадару, Язэпу Судзілоўскаму,
    давялося кінуць маёнтак і ўцячы за мяжу Расійскай імперыі, бо ён змагаўся за незалежнасць бацькаўшчыны пад штандарамі Кастуся Каліноўскага. Прозвішча Гарт і тытул барона Баркулабаў бацька ўзяў ад жонкі — сапраўднай рыжскай баранэсы. Сам жа шляхцічам ніколі не быў. Затое дваццаць гадоў спраўна служыў катам у Вільні. Гэта ён, апрануўшы белыя пальчаткі, зацягваў петлі на шыях паўстанцаў. За што і быў адораны генерал-губернатарам Мураўёвым правам пасяліцца і гаспадарыць у анэксаваным маёнтку. Каб схавацца ад помсты, ён і змяніў прозвішча.
    Баранэса доўга не магла нарадзіць жывое дзіця. I ўрэшце сканала ў 1880 годзе, пакінуўшы на руках у павітухі сямімесячнага, ледзь жывога хлопчыка. Бацька рэўнасна і нецярпіма ставіўся да карміцелек, мяняў іх ледзь не кожны месяц. Таму нельга сказаць, што Баркулаб меў хаця б малочную маці. Бацька рабіў усё, каб хлопчык вырас мужным і ваяўнічым. Былы кат марыў, што сын зробіць вайсковую кар’еру і даслужыцца да генерал-губернатара. Але яшчэ ў дзяцінстве з Баркулабам здарылася непапраўнае. Хлопчык вырашыў напалохаць настаўніцу музыкі. Замест таго, каб перапісваць ноты, ён набраў на сталёвае пяро асадкі вялікую кроплю атраманту і пачаў страсаць яе ў вока. Адно вока ён здолеў афарбаваць у цёмна-фіялетавы колер, а калі занёс руку над другім, цяжкая касцяная асадка выслізнула з пальцаў, і сталёвае пяро прапарола вочны яблык. Настаўніца і сапраўды да смерці перапалохалася,