— Няўжо гэта магчыма? — спытаў Хут, а сам падумаў: «А ён і падобны да казла, выкшталцонага казла — прататыпа ўсіх д’яблаў. Цікава, а ці настаўляла яму калі Ліда рогі?» — I калі надыдзе час, у месячную ноч, на сходныя дні, ты мусіш пераступіць сваю любоў і зарэзаць яго, злупіць скуру. I тады прыходзіць разуменне, што гэты лапік поўсці мае большы сэнс, чым жывая істота, бо ён увабраў у сябе ўвесь свет, увесь космас, усё неба, усё, што атачала яго ў гэтым жыцці. I трэба ўзяць гэты космас, загарнуць яго і зашыць поўсцю ў сярэдзіну. I вось калі напаўняеш гэты мех сваім дыханнем праз посмак, то з ражкоў выходзіць не просты гук, а голас сусвету. Каб мае развагі не выглядалі беспадстаўнымі, я хачу вам прадэманстраваць плён працы рук маіх. Хадземце ў кабінет. Мужчыны перайшлі ў невялікі пакой, сцены якога закрывалі шкляныя стэлажы, шчыльна ўстаўленыя музычнымі інструментамі: скрыпкі глядзеліся вытанчанымі і шляхетнымі побач з сялянскаю прастатою жаўтаскурых бубнаў і грувасткасцю лір; зусім па-бядняцку паблісквалі бляшанымі канцікамі трохрадныя гармонікі, свежым лакам адлівала інкруставанае века цымбалаў; па ранжыры вышнураваліся пастуховыя жалейкі і дудачкі; медным німбам ззяла талерка над шырокім тварам турэцкага барабана. Гаспадар узяў з пісьмовага стала пляскатае, нежывое цела дуды і сцягнуў — як падумалася спачатку Хуту, з друкарскай машынкі — вышываны крыжыкамі чахол. Сярод музейнага спакою нечакана жывым блакітам засвяціўся манітор камп’ютэра. — Я зрабіў рэканструкцыю старажытнага вайсковага танца, сапраўднага, які танчылі нашы прашчуры перад боем, — Сымон укінуў у проразь дыскету, прабегся пальцамі па клавіятуры, і на экране ўзніклі графічныя постаці ваяроў, якія бязладным колам пераміналіся з нагі на нагу. Электронны метраном пачаў адбіваць тэмп. Сымон Лазаркоўскі заціснуў мех пад левым локцем і надзьмуў шчокі. Запозненае моцнае і рэзкае гучанне дуды дзынькна азвалася ў шкле стэлажоў. Мажорная мелодыя запаланіла пакой і нібыта ўлілася ў камп’ютар. Постаці паступова захісталіся ў такт, паклалі адзін аднаму рукі на плечы і пайшлі колам. Кола то збягалася да сярэдзіны, то расцягвалася, і калі на экране запанавала поўнае суладдзе, раптам нежывым голасам азваўся камп’ютар: «Гэй, гэй...» — загадна выгукнуў ён услед гудзенню дуды. Сымон, заплюшчыўшы вочы, ціснуў гострым локцем мяккі, як жывая істота, мех. Вастрадзюбы чаравік прытупваў па светлых габляваных дошках падлогі. Нешта пачварнае было ў сутулаватай высокай паставе настаўніка, калі ён, сашчапіўшы доўгія пальцы на ражку, ускінуў твар да столі і закаціў вочы так, што ў вачніцах засталіся адно блакітныя бельмы. Хут злавіў сябе, што міжволі адбівае нагой такт. I каб зняць насланнё, адвёў позірк ад экрана: на адной з паліц да самага шкла падабралася калекцыя рознакаляровых вачэй-пратэзаў. 8 СТАРОНКІ 3 НАТАТНІКА ЖУРНАЛІСТА ЗміЦЕРА ХУТА Шчыра прызнацца, іншым Сымона Лазаркоўскага я і не ўяўляў. Калі ёсць у мястэчку чалавек, падобны да пачвары, — гэта ён, бо амбіцый у Лазар коўскага — якраз на гаспадара сапежынскіх земляў. Ен загортвае ў скуру казляняці сусвет, ён дзьме ў абслінены муштук і хоча, каб усе танцавалі пад вайсковыя мелодыі ды выгуквалі «гэй». А Ліда ў казачнай пернікавай хатцы, крытай мохам, — такая ж авечка, з якой лагодны гаспадар мерыцца пашыць кажушок. Ён і цалуе сваю жонку, як той драўляны муштук. He дзіва, што ў такіх варунках яна робіць выгляд, быццам мы незнаёмыя, і крадком кладзе ў кішэню маёй марынаркі цыдулку: «Зміцер, прыходзь заўтра ў закінуты касцёл, з раніцы, як дзеці пойдуць у школу. Будзь асцярожны». Магчыма, з аднаго боку, маладая жанчына засумавала, жывучы з такім музыкам, як спадар Сымон, і, каб развеяць сум летуценным фліртам, выцягнула мяне з Мінску. Колькі таемных рамантычных сустрэч, згадкі пра былое... А потым я з’еду, ёй застануцца мілыя ўспаміны. А з другога боку, такая набожная каталічка, як Ліда, ніколі не прызначыць любоўнае спатканне ў касцёле. Спадзяюся, ёй сапраўды адкрылася нешта важнае. Хаця і ад першага варыянта адмаўляцца зарана. Па-свойму Сымон Лазаркоўскі нават сімпатычны. У ім ёсць сапраўдная годнасць, такое рэд ка сустрэнеш у правінцыяла. Але сам ён да канца ніколі не адкрыецца: дазволіць агледзець мех дуды, нават дасць пакратаць яго, я буду чуць гукі, але вось зазірнуць у сярэдзіну нельга. Вельмі важна сустрэцца з Лідаю. Калі яе муж — пачвара, то яна павінна пра гэта здагадвацца. Удваіх мы хутчэй дазнаемся праўду. Трэба дзейнічаць, покуль я канчаткова не страціў у сапежынскай глушэчы аналітычны розум, не пачаў верыць у шаравыя маланкі і здані. Лаўлю сябе на думцы, што трапіў пад уплыў Сымона Лазаркоўскага. Яшчэ некалькі сустрэч і я пачну шкадаваць яго, а не Ліду. А ўвогуле вар та любіць самога сябе — лягчэй жыць. Што мне, урэшце, да знікнення нейкага там настаўніка? Чаму я мушу высільвацца ў пошуках міфічнага злачынцы? Забойства няма, покуль няма трупа. Лепш займуся сваёй працаю: Сымон Лазаркоўскі расказаў дзіўнаватае паданне, якое і запісваю. Паданне пра кухарку Гартаў Было гэта яшчэ за старым баронам фон Гартам. Яго жонка — рыжская баранэса — прывезла з сабою кухарку з мужам, які служыў лёкаем. Кухарку звалі Матыльдаю, яна даволі скора навучылася гаварыць па-беларуску, але ў сваёй сям’і і з гаспадыняю размаўляла толькі па-нямецку. У яе з мужам былі дзеці, двое хлопчыкаў: Карл і Фрыц. Са старэйшым, Фрыцам, у бацькоў праблемаў не было: ён спраўна вучыўся, на вуліцы з дзецьмі гаварыў па-тутэйшаму, дома па-нямецку. А вось малодшы — чатырохгадовы Карл — так яшчэ і не прамовіў ніводнага слова. Маці пайшла параіцца да ксяндза, і той сказаў, нібыта адзінае, што дапаможа малому Карлу, — гэта на Вялікдзень адстаяць імшу перад абразом Маці Божай Вострабрамскай у Вільні. Матыльда ўзяла гаспадарчую брычку, а паколькі да свята заставаўся толькі адзін дзень, позна ўвечары, па цёмнаму, выправілася ў дарогу. Коньмі правіла сама, а чатырохгадовы Карл, аб кладзены падушкамі, сядзеў у брычцы. Калі яны выехалі з мястэчка на грэблю, што ішла па балоцістым беразе Русалчынага возера, то з вады вылез малы чалавек, ускараскаўся па адхоне і заступіў дарогу коням. Матыльда потым казала, што бачыла, як з малога чалавека сцякалі вада і твань. Жанчына крычала і біла коней, тыя стаялі. Карлік абышоў брычку і зазірнуў у сярэдзіну. — Wo fahrst du, Karl? — спытаў ён. Карл, які за сваё жыццё не вымавіў аніводнага слова, пацягнуўся рукамі да карліка і выразна адказаў: — Nach Wilna! — Sehr gut! — малы чалавек паляпаў Карла па плячы і спрытна, як жаба, скочыў з брычкі проста ў ваду. — Ах вось ты які! — жахнулася Матыльда. — 3 рознымі пачварамі вадзянікамі гаворыш, а з маці не! Падменыш! Яна схапіла Карла і кінула з грэблі ў красавіцкую ваду Русалчынага возера. А калі ўпэўнілася, што ён патануў, то вярнулася ў маёнтак і спакойна расказала гаспадыні пра здарэнне. «Я даўно падазравала, — казала кухарка, — што чэрці падмянілі майго беднага Карла. Ён нарадзіўся вельмі слабы, і мы з мужам баяліся везці яго па марозе хрысціць. А калі выбраліся, дык брычка перакулілася якраз на тым самым месцы на грэблі, я і сын апынуліся ў вадзе, не ўтрымала яго ў руках. Там, каля грэблі, няма лёду нават узімку — крыніцы. Я выцягнула з вады дзіця, думала, свайго Карла, але вадзянік паспеў падмяніць майго сына, падсунуў свайго...» Баранэса выслухала кухарку і, каб тая супакоілася, дала ёй адпачынак на тры дні. Цела Карла так і знікла ў Русалчыным возеры. Увесь Сапежын шкадаваў Матыльду, а паліцмайстар склаў акт, нібыта кухарчын сын вываліўся з брычкі і патануў сам. Нават ксёндз палічыў за лепшае не чапляцца з уладальнікамі маёнтку, і толькі штогод, перад Вялікаднём, маліўся за спакой душы Карла. 9 Зміцер Хут загарнуў нататнік і падняўся з-за пісьмовага стала. Перачытваць напісанае не было сілы — хіліла на сон. Ад выпітае кавы было млосна. Глыбокая цішыня начнога мястэчка ўражвала — нібыта цемра, як вада, апусцілася на Сапежын, і ў ёй захлынулася ўсё жывое. Зміцер пусціў ваду ў рукамыйнік. Тонкі струмень паліўся ў падстаўленыя далоні. Мыльны крэм успеніўся і загусцеў на пэндзлі для галення. Хут укрыў белым шумам шчокі і шыю. Захрабусцела лязо. Зміцер нацягнуў рукой скуру і паглядзеўся ў люстэрка. За спіной, у чорным ваконным прагале, узнікла постаць: узняты KayHep плашча прыкрываў захутаны шалікам твар. Рука ў скураной пальчатцы легла на шкло. Зміцер здрыгануўся, і з-пад ляза па намыленай шчацэ паплыла кроў. Прывід расплыўся ў цемры. Зміцер расхінуў акно і саскочыў з карніза на газон. На рыначным пляцы, за папялішчам, у ліхтарным святле мільгануў плашч незнаёмца. Хаваючыся за дрэвамі, Зміцер пайшоў следам. Постаць то знікала, то з’яўлялася зноў. Нарэшце прывід спыніўся каля брамкі і зайпюў у двор. У асветленым акне Зміцер згледзеў жаночы сілуэт. Святло згасла. Хут ступіў у цемру, насычаную водарам позняе шыпшыны. He паспеў ён зрабіць і кроку, як на патыліцу абрынуўся моцны ўдар. Зміцер паляцеў тварам на сцежку. Хут апрытомнеў і адчуў, што яго перакулілі на спіну. Упрост над сабой ён убачыў акрываўленыя рукі. Ён ляжаў каля ганку, і лямпачка без плафону свяціла ў твар. Зміцер прыўзняўся на локці. Перад ім укленчыла маладая жанчына ў атласным пеньюары. Яна з жахам глядзела на свае запэцканыя крывёю рукі і, здаецца, апроч іх нічога не бачыла. Гэта вы спрабавалі забіць мяне? — Зміцер прыкрыўся рукой ад навязлівага святла. Жанчына адхіснулася. — Што вы рабілі ў маім двары? Цяпер цяжка ўспомніць, — Хут паспраба ваў падняцца, але яго замуціла, і давялося зноў сесці. - Я прыехаў з Мінску, — недарэчы дадаў ён. I гэта чамусьці супакоіла жанчыну. — Трэба змыць кроў. — Яна прапанавала Зміцеру перабрацца ў дом. У гасцёўні жанчына дапамагла Хуту зняць кашулю. У вас няма ў што пераапрануцца? — Яна трымала акрываўленую апратку і з прыхаванай цікаўнасцю глядзела на загартаванае цела мужчыны. — У гатэлі ёсць. — Хут памацаў гузак на патыліцы. Mary пазычыць кашулю свайго кватаранта. — Калі ён не супраць. Ён з’ехаў і наўрад ці вернецца, — жанчына выцягнула шуфляду камоды. Мяне завуць Зміцер. Калі ўсё яшчэ баіцеся, то вось маё пасведчанне... — Яніна Сабалеўская, бібліятэкарка. — Яна павагалася, але ўсё ж узяла пасведчанне. — Вы нарэшце ўспомнілі, як апынуліся ў маім двары?