• Газеты, часопісы і г.д.
  • Замак  Адам Глобус

    Замак

    Адам Глобус

    Выдавец: Сучасны літаратар
    Памер: 256с.
    Мінск 2008
    39.63 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    — А як тлумачылі праваслаўныя? — пацікавіўся Гладкевіч.
    — Куды прасцей... Нібыта дарожныя будаўнікі, якія рабілі гродзенскую дарогу, згвалцілі студэнтку, а потым яшчэ жывую замуравалі ў бетонную пліту. Асноўным доказам такога зверства было веравызнанне дарожных рабочых — уся брыгада была баптыстамі. He ведаю чаму, але ў Ракаве вельмі насцярожана ставяцца да пратэстантаў. На думку местачкоўцаў, калі чалавек не п’е і не лаецца матам, то мусіць нейкім іншым чынам кампенсаваць цялесныя патрэбы.
    — А што ж здарылася на самай справе?
    — Праз месяц пасля знікнення высветлілася і праўда, у якую не вельмі ахвотна паверылі местачкоўцы. Дзяўчына загарала на беразе крынічнай Іслачы, і калі, разгарачаная сонцам, скочыла ў сцюдзёную ваду, у яе спынілася сэрца. А плынь зацягнула цела пад карчы. Адзінае, што засталося нявысветленым, гэта хто знёс яе вопратку.
    — А я здагадваюся, хто знёс адзенне, — Гладкевіч паправіў акуляры.
    — Дык і я ведаю — злодзеі.
    — Калі жывеш каля рэчкі, а мой дом якраз непадалёк ад Дзвіны, дык часам убачыш, як пастухі цягнуць чужое.
    Самалёт заклаў віраж, і мех з парсючкамі пасунуўся на сярэдзіну салона.
    — Трымай, трымай сваіх гадаванцаў, — залямантавала мажная кабета ў клятчатай хустцы. — Покуль не разбегліся.
    3-пад меха цёмнай вяровачкаю пабег струмень і сабраўся ў лужыну каля ног дырэктара Сапежынскай школы.
    — Дарэчы, у нас таксама вам панарасказваюць і пра Сапежынскі прывід, і пра маладога настаўніка геаграфіі, якога наяды нібыта зацягнулі ў Русалчына возера. — Гладкевіч ніяк не рэагаваў на лужыну, якая шырэла, падбіраючыся да чаравіка. Як кожны школьны дырэктар, ён даўно навучыўся не губляць годнасці ў несамавітых сітуацыях. — Вось і з маёй школы знік настаўнік. Звычайная рэч: хто хоча працаваць, калі адзіная
    перспектыва — заняць маё месца і навучыцца не заўважаць жоўтыя лужыны. Лепш паехаць у якінебудзь Віцебск, напісаць нікому не патрэбнае даследаванне пра глебазнаўства Беларусі і Літвы пачатку XVII стагоддзя, надзець шэры пінжак і чакаць прафесарскага звання. Я больш чым упэўнены — мой настаўнік так і зрабіў, пакінуўшы мне на памяць сваю працоўную кніжку. Дарэчы, у школьным сейфе такіх кніжак цэлы стос. А выкладаць няма каму. Дзіўна — такі натуральны і нецікавы ўчынак спараджае цэлую хвалю плётак і неверагодных паданняў. Я ледзь не памёр са смеху, калі наша школьная прыбіральшчыца сказала, што настаўніка геаграфіі запароў нажніцамі прывід Баркулаба фон Гарта.
    За ілюмінатарамі пацямнела, і згадка пра былога гаспадара сапежынскіх земляў падалася не такой ужо прывіднай. Разрэджаны блакіт восеньскага неба ў пер’евых, як расчасаная грабеньчыкам кудзеля, аблоках змяніўся цяжарам навальнічных хмараў. Самалёт вухнуў у паветраную яміну, і Зміцер ледзь паспеў ухапіцца за край сядзення, каб не зляцець на падлогу. Збялелы ад нечаканага падзення, змоўк дырэктар школы. Заклапочаны другі пілот азірнуўся на салон: мажная кабета аберуч трымалася за рэмень і прамаўляла пацеры, а па твары гаспадара парсючкоў лёгка было здагадацца, што яму няможацца закурыць.
    Самалёт закладаў віраж, і ў скіраваным да зямлі ілюмінатары ўзніклі скрыначкі местачковых дамоў.
    — А вось i Сапежын, — Гладкевіч аблізнуў асмяглыя вусны. Шкло закрэслілі паскі разбітых дажджавых кропляў.
    — У мяне на працы вісіць цудоўны краявід з вашым касцёлам, але сам я ніколі не быў у Сапежыне.
    Мястэчка дзе-нідзе патанала, гублялася ў срэбнай дажджавой віхуры; было відаць, як навальніца камечыць паверхню Русалчынага возера.
    — На беразе, бачыце, — Гладкевіч павярнуўся да Зміцера, — у парку руіны, гэта палац, адкуль пайшоў у свет наш Сапежынскі прывід — Баркулаб фон Гарт, вам пра яго абавязкова раскажуць, толькі вы не давайце веры, а калі надакучыць слухаць байкі, зайдзіце да мяне і я раскажу праўду. Згода? Дарэчы, вунь мая школа, пад бляшаным дахам, калі пойдзеце па алеі пірамідальных таполяў, то якраз трапіце да майго дома. Гэта адсюль ён здаецца маленькім.
    Бліснула маланка, абліўшы твары пасажыраў іртутным святлом. Ламаная лінія бліскавіцы прайшла не ў зямлю, яна біла паміж хмарамі над самым самалётам. Сухі гук перуна скалануў фюзеляж, захісталіся крылы, выгіналіся і напіналіся расцяжкі біплана. Самалёт пайшоў на пасадку. Праз грукат рухавіка ледзь прабівалася незразумелая, як замова, гутарка пілота з дыспетчарам — гучалі лічбы, напрамкі, вуглы, узроўні, сектары. Але як дапамагае замова, так дапамаглі і яны, біплан пабег утравянелым полем местачковага аэрадрома.
    5
    Хут пастукаўся ў зашклёную кабінку гатэльнай адміністратаркі. У бакоўцы рыпнуў тапчан, і ў прапахлым хлёркаю вестыбюлі з’явілася вастраносая старая кабета з круглым тварыком і ружовымі шчокамі. У сталіцы жанчыны з такім абліччам падымаюцца не вышэй за пасаду галоўнай прыбіральшчыцы начной змены. Але сапежынскі гатэль «Дзвіна» настолькі занядбаны, настолькі набрынялы вільгаццю і цвіллю, што тут вастраносая старая запенсійнага ўзросту магла займаць як дырэктарскае крэсла, так і тапчан начнога вартаўніка.
    — Во, навальніца, дык мяне на сон пацягнула, а вы, як бачу, змоклі. Вам бы не зашкодзіў кілішак каньяку.
    — А што, тут і бар ёсць? — Хут пастрасаў кроплі з фетравай кепкі.
    — Які бар? Але такую-сякую бутэлечку для сталічных гасцей трымаю.
    — Пра бутэлечку пазней. Мне б нумар з рукамыйнікам і сухі ручнік.
    — Бачу, чалавек вы сур’ёзны, з Мінску аэрапланам прыляцелі, то і нумар маю вам прапанаваць адпаведны, з халадзільнікам і тэлевізарам — люкс. Я здагадваюся, вы наконт шаравой маланкі прыехалі разбірацца. I да следчага вы падобны, яны ўсе ў люксе жылі, у кепачках па Сапежыне хадзілі. I пісталеты — бачыла,
    як у папку хавалі, каб з кішэняў не вытыркаліся.
    Са старасвецкага буфета, недарэчна пакрытага белай алейнай фарбай, з-пад якой дзе-нідзе праглядалася і блакітная, адміністратарка дастала стос, пэўна, найлепшай бялізны.
    Хадземце за мной. Я ложак засцялю.
    У вуглавым, на два акны пакойчыку Зміцера чакала даволі прыстойная мэбліроўка: ложак з высокімі кляновымі спінкамі, аздобленымі прафесійнай рукою разьбяра, скураны фатэль, набіты конскім воласам; за трохстворчатай шырмай хавалася блакітная чарупіна рукамыйніка. Адзінае, што выпадала са стылёвага інтэр’ера: халадзільнік «Львів» аэрадынамічных формаў 60-х гадоў і тэлевізар на арэхавым пісьмовым стале.
    — Дык што ж нарабіла шаравая маланка? — Зміцер кінуў на фатэль мокрую марынарку.
    — Плечыкі ў шафе, — заўважыла пакаёўка, — а шафа, між іншым, з маёнтку Баркулаба фон Tap­ia. А маланка? Паглядзіце ў акно...
    За нізенькім зялёным штыкетнікам ляжаў рыначны пляц, на сярэдзіне якога пад крытымі шыферам навесамі пусцелі прылаўкі. Пляц атачалі аднапавярховыя крамкі, іх карэ двойчы разрывалі глыбока-чорныя папялішчы.
    — Бачыце, што нарабіла? — працягвала адміністратарка.
    — Адна маланка спаліла два дамы? — зацікавіўся Хут.
    Навела пра шаравую маланку, ЯКУЮ РАСКАЗАЛА АДМІНІСТРАТАРКА, ЗАСЦІЛАЮЧЫ ЛОЖАК
    Год таму прыехаў з Віцебска ў Сапежын малады чалавек з няскончанай вышэйшай эканамічнай адукацыяй — Вінцэсь Аркуш. He ведаю, як і навошта паважаны ўсімі начальнік сапежынскага гандлю Самуіл Лаўфман прызначыў гэтага хлопца дырэктарам крамы прамысловых тавараў, але прызначыў. Аркуш быў і сапраўды ўвішны, адразу зрабіў на краму новую шыльду з сапсаваных тэлевізійных кінескопаў. Пасля па ўсім мястэчку пайшла такая мода, нават мне на гатэлі прапаноўвалі павесіць, але я адмовілася. Потым зрабіў рамонт, абклаў краму пліткаю, маладых дзяўчат паставіў за прылаўкі і пачаў гандаль. Гэта цяпер Сапежын даведаўся, што ўсе тавары ён узяў у дзяржавы ў крэдыт. Гандаль ішоў шпарка, гучна і шырока. Усе ў мястэчку запаважалі Вінцэся Аркуша: сціплы, акуратны, у светлым гарнітурчыку, заўсёды пры гальштуку, ніколі нікому слова насуперак не скажа. I тут раптам, як гром з яснага неба, — пажар. У нядзелю ўвечары загарэлася крама. Агонь пайшоў з падсобкі, і таму гандлёвая зала згарэла толькі напалову. На ўсе крамы Лаўфман трымаў аднаго вартаўніка — п’яніцу Віктора, які і расказаў усім, што бачыў, як увечары над комінам прамтаварнай крамы вісеў яркі, як ёлачная цацка, шарык. Павісеў і заляцеў у комін, а потым з’явілася за вокнамі
    падсобкі зыркае полымя. Пра тое ж самае казала адна з гандлярак, якая жыве акурат насупраць крамы. Пажар спісалі на шаравую маланку, а рэштку тавараў, што не пагарэлі, перанеслі ў краму ўцэненых рэчаў.
    Два дні Лаўфман вадзіў у наш рэстаран віцебскую камісію. I толькі яна паехала, у той жа ж вечар на рынку — новы пажар. Згарэла крама ўцэненых рэчаў — гэтым разам цалкам. Ізноў Віктор і тая ж гандлярка бачылі каля вентыляцыйных кратаў шаравую маланку. Тады ўжо апроч віцебскай камісіі былі і следчыя з Мінску, але акрамя добрага пачастунку ў рэстаране нічога не ўведалі. I прыслалі ў Сапежын маладзенькага хлопчыка з пракуратуры, які адразу ж збаяўся і папрасіў пасяліць яго не ў асобным нумары, а ў трохмесным, разам з архітэктарамі-рэстаўратарамі, якія збіраліся аднаўляць наш касцёл. Яны мне і расказалі, што як кладзецца спаць следчы, то партфель з дакументамі за падушку засоўвае. Ён мне прызнаўся, што не хапае яму адукацыі і розуму, каб прайдзісвета Аркуша выкрыць. А ўсіх нашых начальнікаў разам з міліцыяй, якім даспадобы прыйшлася шаравая маланка, ён баяўся. Бо намякнулі яму, што маланкі не толькі крамы паляць, але і людзей забіваюць!
    Зміцер Хут сядзеў у крэсле і, схаваўшы рукі ў доўгі чорны нарукаўнік, запраўляў фотастужку ў касету.
    He надта я вас напалохала? — адміністратарка паклала на засланы ложак два ручнікі.
    А я не з баязлівых. I выкрываць нікога не збіраюся. А ў вашым Сапежыне ведаю толькі аднаго чалавека — настаўніка геаграфіі Алега Будзько. Відны хлопец, я з ім ва універсітэце вучыўся. Ці не падкажаце, дзе ён жыве?
    — На кватэры ў бібліятэкаркі Яніны Сабалеўскай, — насцярожылася адміністарка. — Але можаце туды не хадзіць. Няма яго ў мястэчку. I ніхто не здагадваецца, куды падзеўся ваш відны хлопец.
    — Я прыехаў у ваш слынны горад напісаць кніжачку ў серыю «Гарады Беларусі». Заказ у мяне такі ад Міністэрства культуры. Раней кніжачкі пісаліся проста: колькі малака надаілі, колькі партызанскіх атрадаў назбіралі, які свінакомплекс будуецца... А цяпер думаць больш даводзіцца: людзей гісторыя цікавіць, паданні, таямнічыя здарэнні... Ці няма ў Сапежыне краязнаўцы, які б збіраў гістарычны музейчык? Звычайна паўсюль такія дзівакі ёсць.