калі да яе выбег Баркулаб з акрываўленымі фіялетавымі вачыма. Рыжскія дактары зрабілі Баркулабу адмысловы шкляны пратэз, які ён усё жыццё хаваў за тоўстым шклом акуляраў. Менавіта гэтае здарэнне і вызначыла далейшы лёс доктара Гарта. У Берлінскім універсітэце ён вывучаў медыцыну, оптыку і механіку, бо марыў сканструяваць дасканалае штучнае вока, якое б не толькі рухалася, але і бачыла. Напачатку стагоддзя была ўзбуджана крымінальная справа: Баркулаба абвінавацілі ў забойстве бацькі. Пачатак справе паклаў данос мясцовага паштмайстра, які даводзіў, нібыта пры ім малодшы фон Гарт крычаў свайму бацьку, што закатаваныя ім паўстанцы адпомсцяць за свае пакуты. А праз тыдзень старога фон Гарта знайшлі разарванага ваўкамі. Пракурор сцвярджаў на судзе, нібыта Баркулаб наўмысна скінуў бацьку з саней, калі за імі ўвязалася ваўчыная зграя. I покуль ваўкі дралі былога ката, сын паспеў уцячы. На што Баркулаб даводзіў зусім адваротнае, нібыта бацька сам саскочыў, каб затрымаць ваўкоў і ўратаваць жыццё адзінаму сыну. Баркулаба апраўдалі, але навакольная шляхта больш не наведвалася ў маёнтак Гартаў. Малады гаспадар не доўга перажываў з-за абструкцыі. Выпісаўшы з Германіі абсталяванне, ён зрабіў выдатную оптыка-механічную лабараторыю, а ў парку паставіў невялікую гуту, дзе сам выплаўляў крыштальна чыстае і разнаколернае шкло. Зацемненыя пакоі палаца поўніліся лінзамі, прызмамі, спектраскопамі. 3 чарговай партыяй абсталявання Баркулаб прывёз з Аўстра-Венгерскай імперыі і жонку, адасоблена чужынскую, нібыта адлітую з малочнага шкла. Яна нарадзіла яму сына. Але гэта не парушыла замкнёнага, адзінотнага ладу жыцця гаспадара маёнтка. А жонка аддала сябе выхаванню сына. Цяжка паверыць, але падчас першай сусветнай вайны Баркулаб Гарт усё гэтак жа канструяваў перыскопы і адліваў шкляныя вочы. Вайна не зачапіла ягонай сям’і, і таму яго мала цікавілі змены ўладаў і акупацыйных рэжымаў. Апошняя больш-менш афіцыйная звестка пра доктара Гарта — занатоўка ў летнім нумары «Wilenskiego kurjeru» за 1939 год. У ёй пісалася, што вядомы афтальмолаг і оптык-механік дэманстраваў у медычнай акадэміі сабаку з рухомым вочным пратэзам і вакуумную трубку — дасканалае прыстасаванне для выдалення вачэй у доследных жывёл. На абодва вынаходніцтвы доктару Гарту былі выдадзены патэнты. Далей я магу пакласціся толькі на сваё ўяўленне... Восень 1939 года. У Сапежын зайшлі рэгулярныя часткі Чырвонай арміі. Баркулаб сядзеў перад расчыненым акном ў ёмістым скураным фатэлі і паліў тонкую егіпецкую цыгарэту. Зялёнае шкляное вока доктара, здавалася, пільна сачыла за жонкай і пакаёўкай, якія спакоўвалі ў плеценыя кошыкі парцэляну, перакладаючы яе бялізнай. Жонка зацята маўчала, не магла дараваць мужу, што ён упарта адмаўляўся апошнія перадваенныя месяцы эміграваць. Дванаццацігадовы сын з-за бацькавага пляча глядзеў на Сапежын праз падзорную трубу. Ён першы заўважыў, як на алеі з’явіліся коннікі: пяцёра, відаць па ўсім, афіцэраў са спітымі і нявыспанымі тварамі. Доўгія кавалерыйскія піаблі целяпаліся каля недарэчна кароткіх ног. На фуражках чырвонымі вочкамі паблісквалі пукатыя зоркі. Мурзатыя афіцэры павытрасалі з кашоў парцэляну, якая на вачах у гаспадыні ператварылася ў чарапкі, і загадалі здаць золата, каштоўнасці і зброю, а да вечара аслабаніць маёнтак. Баркулаб, разумеючы бессэнсоўнасць спрэчкі, скарыўся адразу. А хлопчык не хацеў дараваць рабаўнікам, што завалодалі ягонай падзорнай трубой. — Хадземце, пан афіцэр, я пакажу вам бацькаву зброю, — хлопчык крадком павёў чырвонага камандзіра ў лабараторыю. Афіцэр заварожана разглядаў зашклёныя вітрыны з вочнымі пратэзамі. — Як сапраўдныя, — у захапленні прызнаўся вайсковец. — Яны і ёсць сапраўдныя, нават бачаць, зірніце, — малодшы Гарт прапанаваў афіцэру схіліцца над прыборам, падобным да мікраскопа з празрыстай колбай, у якой цьмяна паблісквала алейна-жоўтая вадкасць. Над колбай узнімалася, як руля мушкета, чорная трубка з гумавым раструбам на канцы. — Нічога не відно, — афіцэр прыклаў вока да раструба. — Зараз пабачыце, — хлопчык шчоўкнуў рычажком. Прыбор з усхліпам сербануў паветра, і ў празрысты шар заслізнула праз трубку, як разбітае яйка, вока вайскоўца. Чырвонаармеец заенчыў брыдкім фальцэтам. На крык збегліся ўсе, хто быў у доме... Знявечаныя шаблямі целы Гартаў зацягнулі ў стайню. Баранэса марна спрабавала бараніцца нажніцамі: кравецкая прылада так і засталася ў змярцвелае руцэ. Здрабнелая ад жаху пакаёўка паказала рабаўнікам, дзе ў лабараторыі стаіць бутля са спіртам, бо каньяку з буфета хапіла адно каб прыцішыць боль скалечанага. П’яныя афіцэры палеглі спаць на гаспадарскіх пярынах, не скінуўшы нават ботаў. Апоўначы Баркулаб, якога палічылі забітым, апрытомнеў. 3 жончынай укасцянелай рукі ён дастаў доўгія кравецкія нажніцы. Яшчэ добра не ўсведамляючы, што робіць, пайшоў у дом. Люстэрка ў перадпакоі адбіла рассечаны шабляю твар. Набрынялы ад крыві халат абвіс да падлогі. Баркулаб паспрабаваў кавалкамі скуры заляпіць рану, што разышлася ад сківіцы да ілба. Ён скінуў халат, з шафы ўзяў чорны плашч, шырокім берэтам закрыў рану на ілбе, а яркі шалік закруціў вакол пераламанай сківіцы. 3 кішэні доктар дастаў цёмныя акуляры і прыкрыў імі тое, што засталося ад твару. На калідоры пачуліся крокі. Баркулаб стаіўся за шатняю. 3-за футраў і палітонаў ён назіраў, як асалавелы з п’янага сну чырвонаармеец спраўляў малую патрэбу ў кадку з вялікім альясам. П’янага хіснула на калючкі, і ён пачаў злосна мацярыцца. Доктар гукнуў, і той няўцямна глянуў на шатню. Раптам рукаў воўчага футра ўзняўся і наблізіўся да яго твару. 3 чорнага раструба вытыркнуліся нажніцы і ўдарылі ў п’яны твар. Аднаго за адным педантычна і акуратна Баркулаб зарэзаў нажніцамі сонных афіцэраў. Потым перанёс жонку і сына са стайні ў капліцу і сышоў у цемру змярцвелага ад акупацыйнага жаху мястэчка. 4 — У аэрапорт, — сказаў Зміцер таксісту і дадаў: — У стары. — За мяжу? — узрадаваўся таксіст, — тады будзеш плаціць доларамі. — He за, а на мяжу... з Латвіяй, — Зміцер уладкаваўся побач з таксістам і паклаў на калені сакваяж. — За долары я цябе туды за тры гадзіны закіну. Таксіст азірнуўся на доўгую чараду машын, што вышнураваліся да стаянкі, і выехаў на праспект. У важкіх чырвоных, парослых рудой шчэццю руках абаранак руля здаваўся драцяным. Чорная цыратавая куртка павісквала пры кожным руху. Па між тварам Зміцера і шышкаватай галавою таксіста — любіцеля долараў матляўся прышпілены да лабавога шкла, сплецены з паўпразрыстага кембрыка лупавокі вушасты чорцік. — He палохайся, дружа, — папярэдзіў з прыхаванай злосцю ў голасе Зміцер, — але мушу зрабіць ракіроўку... Таксіст скасавурыўся, але працягваў глядзець на дарогу. Зміцер выняў з-пад джынсавай марынаркі важкі буйнакаліберны рэвальвер з кароткай руляю. — «Сміт-весан»? — з павагаю пацікавіўся таксіст. — Ды не, гэта запальнічка, але давядзецца здаваць у багаж, — Зміцер паклаў зброю на дно сакваяжа. — Адчыні бардачок. Адзін мяне такой цацкай палохаў, дык я яму трупнуў па галаве і з машыны выкінуў. Вось і прыдбаў запальнічку. — У цемры бардачка срэбна пабліскваў доўгай руляю шасцізарадны кольт. — Можаш паглядзець, бо патроны ў маёй кішэні, — малапрыемна віскнула куртка таксіста. Апранутая ў сіні гарнітурчык, яшчэ не страціўшая стандартнае аэрафлоцкае прывабнасці, служачая вывела стракатую купку пасажыраў на шырокі забетаніраваны пляц. Лёгкі ветрык мяшаў водар восеньскіх траў з саладжавым пахам газы. Бліскучыя і дасканалыя, як стронга, фюзеляжы самалётаў узвышаліся над бетонам на тонкіх птушыных лапках шасі. Чырвоны электракар пацягнуў бязвольнае цела ўрадавага верталёта: абвіслыя лопасці баязліва ўздрыгвалі нры кожным штуршку. Паліраваным дзюралем адліваў геральдычны латнік на пукатым борце. Кабета вывела дванаццаць пасажыраў на ўтравянелае лётнае поле. Зусім маленькім і нямоглым пасля рэактыўных самалётаў здаваўся цёмна-жоўты біплан, з якога звісаў кароткі, на пяць прыступак, адкідны трап. — Усе на Сапежын? — перапытала служачая. — Хто куды, а я на свой хутар, — азваўся за ўсіх мужчына з вялікім палатняным мехам на плячы. У мяху таўкліся мінімум два парасяці. Нават тузін правінцыялаў здолеў утварыць валтузню каля трапа. — Сядайце на вольныя месцы, — замест развітання сказала аэрапортаўская служачая. Зміцер Хут апошнім апынуўся ў цемнаватым, як местачковая хата, салоне. Ён прыгледзеў сабе месца побач з худым, сутулаватым, інтэлігентным мужчынам у акулярах «ровар». — Вы не супраць? — спытаў Зміцер, ладкуючы сакваяж пад адкідное сядзенне. — Вядома, не. Спадзяюся, хаця б у вашым сакваяжы няма парсючка. — Вой, а ў мяне рэмень на жываце не сыходзіцца, — заперажывала мажная кабета ў клятчатай хустцы. — Век пражыла, а рэмень зашпільваць не навучылася, — падначыў хутаранін і падпіхнуў пад сядзенне мех з парсючкамі. Салон дробна затрэсла, і за ілюмінатарамі пабегла стужка ўзлётнае паласы. Салон нахіліла, самалёт рэзка пайшоў угару, і ў гэты момант з-пад лётчыцкага крэсла выкацілася піўная бутэлька. — Вы, відаць, не па бульбу ляціце ў выкляты богам Сапежын? — праз акуляры на Хута глядзелі хітраватыя дапытлівыя вочы. — Я журналіст, збіраюся напісаць танюткую кніжачку пра мястэчкі. Спадзяюся, што старыя кабеты нарасказваюць мне пра розных прывідаў і пачвар, што вядуцца на берагах Дзвіны. — Чаму вы ўпэўнены, што кабеты ведаюць болып за мужчын? — Ведаюць, магчыма, і менш, але расказваюць болып, — Хут расшпіліў мулкі брызентавы рэмень. — Вось у Ракаве гэтым летам знікла студэнтка-практыкантка, дык мне расказвалі ажно тры версіі яе знікнення. — Цікава, цікава. Здаецца, надышоў момант пазнаёміцца. Базыль Гладкевіч — дырэктар Сапежынскай школы. — Зміцер Хут — збіральнік неверагоднага, — журналіст паціснуў сухую, нібыта зацярушаную крэйдай руку дырэктара. — Дык што там у Ракаве? — Старыя каталічкі казалі, што на рускіх могілках жыве прывід манаха, якога адразу пасля вайны спалілі падлеткі-інтэрнатаўцы. Манах жыў у каплічцы пры могілках, плёў кошыкі і вяроўкі. Але ў п’яных падлеткаў, мусіць, спрацавала атэістычнае выхаванне... На кастрычніцкія святы, напіўшыся самагону, яны забілі вокны і дзверы дошкамі ды падпалілі каплічку. Сухая лаза і каноплі схапіліся ў момант. I манах-схімнік згарэў жыўцом. 3 таго часу ракаўцам мроіцца на рускіх могілках прывід праваслаўнага пакутніка, які ахоўвае крыжы і помнікі ад лядашчых атэістаў. А студэнтка якраз і адпрацоўвала практыку ў інтэрнаце, і яе прыезд у Ракаў супаў з цалкам непрыемнай падзеяй: нейкі вандал павыбіваў цаглінаю керамічныя фотамедальёны на помніках. Вось старыя каталічкі і ўвязалі ўсё ў адно і свята пераконвалі мяне, што прывід праваслаўнага манаха зацягнуў дзяўчыну на той свет.