— Няўжо барон Баркулаб фон Гарт? Вадзяністыя вочы Зайцава наліліся чырвонай злосцю, а замест зрэнак засталіся адно макавыя зярняткі чарнаты: — Задушліва робіцца ў хаце, і наспеў час да ветру схадзіць, — даволі гучна прамовіў настаўнік расійскай літаратуры. За Іванам Зайцавым пачалі выходзіць на двор і астатнія госці. Раптам зліад жалобнага стала пачуўся крык. Гэта крычаў вадзіцель школьнага аўтобуса — Янка Рубец. Дробненькі, сухі дзядок Янка за час жалобнае вячэры паспеў так захмялець, што заснуў, і, вядома ж, не заўважыў, як уласная галава апынулася пад сталом. А калі аднаго з гасцей хістанула, і ён штурхануў зэдаль, на якім спаў шафёр, Рубец прахапіўся і паспрабаваў узняць галаву. Патыліца глуха бухнула ў стальніцу. Тупы, быццам з труны, голас парушыў урачыстую строгасць: «Адпусціце, гіцалі, на волю!» Ыібыта на спірытычным сеансе стол захадзіў ходарам: зазвінелі пляшкі, захваляваліся рэшткі халадцу, па абрусе пакаціўся мярцвяна-зялёны памідор. Рубец выкараскваўся з-пад стала, а госці, душачыся істэрычным смехам, пакідалі хату нябожчыцы. «Вось жа пералякаўся!» — чырвоны ад натугі Янка Рубец наліў сабе гарэлкі ў каламутныя рэшткі хлебнага квасу. За пакінутым сталом, ачарэпіўшы галаву рукамі, плакаў Сымон Лазаркоўскі. 14 Халодны вераснёўскі вечар прымусіў Хута згадаць, што пад марынаркай няма швэдра. 3 дома Лазаркоўскіх чуўся бразгат талерак і галасы настаўніц, якія засталіся памыць посуд. Зміцер замест таго, каб накіравацца ў гатэль, крадком рушыў праз сад да Сымонавай майстэрні. Дождж скончыўся, і тонкі серпік састарэлага ветаха блякла серабрыўся праз добра ўжо парадзелую яблыневую лістоту. На тле зорнага неба глыбокай чарнатою ўзвышаўся чаратовы дах. Недзе ў глыбіні саду падскугольваў Лідзін сабака. Зміцер выцягнуў з прабою драўляны калок, навязаны на вяровачку. 3 цемрадзі майстэрні патыхнула цяжкім духам свежае крыві і саладжавым водарам вантробаў. Намацаўшы на сцяне выключальнік, Хут прымусіў успыхнуць пад столлю ўстаўленую ў металёвы плафон вялізную лямпачку. Пасярод пакоя вісела падважанае за ногі безгаловае аблупленае казляня — пад ім у эмаліраваным вядры сабралася яшчэ яркая кроў. — Вось, вырашыў дзіцячую дуду зрабіць, — у спіну журналісту ўдарыў ясны голас Сымона Лазаркоўскага. — Я ведаў, вы пойдзеце за мною, бо не верыце ў Лідзіна самагубства. I таму, каб пагаварыць без сведкаў, я выбраў майстэрню. — А хто кажа, што я не веру? — Сымон вырваў з калодкі сякеру і сеў насупраць журналіста. — Зрэшты, справа не ў тым, верыце вы ці не, а ў іншым. Я на свае вочы бачыў, як забівалі вашу жонку. Мужчына ў чорным плашчы і ў цёмных акулярах скінуў яе з касцельных хораў. Так што размова мусіла адбыцца. — Ведаю, вы прыехалі не па заданні рэдакцыі. — Мяне запрасіла Ліда. Яе непакоіла знікненне Алега Будзько. Сымон з глыбокай кішэні нядзельнага пінжака дастаў калекцыйны штоф «Зуброўкі»: — Давайце нарэшце па-людску памянём Ліду. Вы ж даўно яе ведаеце... На жончыным універсітэцкім фотаздымку ёсць і ваш партрэт у медальёне, а пад ім запамінальнае прозвішча. — Сённяшнюю жалобу моцна сапсаваў ваш калега -Зайцаў. Ніколі не думаў, што ў нашай правінцыі вядзецца такі ваяўнічы расійскі шавініст. Мне цяжка зарыентавацца ў сапежынскім жыцці з яго самаўпэўненымі Талочкамі, Сурмамі і, нарэшце, з Баркулабамі фон Гартамі. А таму ніводнага з іх не ўяўляю забойцам вашае жонкі. — Я таксама апошнія дні думаў над гэтым, сябра мой. I самы жах, кожны з іх здатны ўтварыць злачынства, больш за тое, беспрычыннае зло. Дарэчы, а якая нагода прывяла вас пад касцельныя скляпенні? — Яшчэ ў Мінску мы дамовіліся з Лідаю сустракацца ў касцёле і абгаворваць, як рухаюцца наша следства і нашы пошукі зніклага Алега Будзько. Мне вельмі непрыемна, але мушу быць шчырым: Ліда не выключала са спісу падазроных і вас, спадар Лазаркоўскі. — Тое самае магу сказаць і пра вас, але не дзеля гэтага сядзім разам. Вы шукалі дапамогі, і я, наколькі змагу, паспрыяю, бо не давяраю цынічным следчым. Я сам знайду забойцу і пакараю яго. — Каго-небудзь канкрэтнага вы падазраеце? — Тлумачэнні сапежынскіх забойстваў такія ж простыя, як і тутэйшае жыццё. Алега Будзько пэўна ж забіў Зайцаў. Да з’яўлення Будзько Яніна кахалася з Іванам Зайцавым, але потым аддала перавагу маладзейшаму, свайму кватаранту. Да таго ж, Зайцаў сябраваў з Будзько, а ў сяброў заўсёды знойдзецца нагода, каб смяротна пасварыцца. Мяркую, Ліда нейкім чынам даведалася, хто ёсць сапраўдны злачынца. Праз гэта і загінула. I як вы збіраецеся давесці праўдзівасць сваёй версіі? — Бачыце безгаловае казляня? Менавіта сёння я змушаны быў пачаць рабіць чароўную дудку, пры дапамозе якой змагу выклікаць на саракавы дзень пасля смерці Ліду з магілы, і яна скажа, што здарылася ў касцёле. А як падняць чалавека з магілы, мяне навучыў музыка з Друі. Паданне пра музыку Ясечку, ЯКІ ПАДНЯЎ ЖОНКУ 3 МАГІЛЫ Жыў у Друі скрыпач Ясечка — боўдзіла і п’янтос, у маладыя гады з’ехаў ён на заробкі ў Аргенціну, паабяцаўшы маладой жонцы вярнуцца праз год. Але ані праз год, ані праз два, ані праз тры не з’явіўся Ясечка ў Друі. А жонка ўсё чакала. I вось праз дзесяць гадоў пасля вайны нечакана для ўсіх аб’явіўся Ясечка ў Друі, у саламяным самбрэра і ў індзейскім понча, з заўсёднай скрыпачкай пад пахаю. Усім на дзіва жонка прыняла Ясечку і ў чырвоны кут павесіла самбрэра і гюнча. А скрыпку давялося ёй праз тры месяцы схаваць на гарышчы ў труну, бо ніводныя хаўтуры, ніводнае вяселле, нават ніводныя хрэсьбіны не абыходзіліся без Ясечкавай скрыпачкі. Схавала жонка скрыпку ў труну, а Ясечку сказала, што ўкінула ў печ. Толькі не паверыў Ясечка, увесь гюпел перапароў, шукаючы якога следу. Ніякіх слядоў не знайшоў, а саму скрыпку адшукаў праз тыдзень, калі палез на гарышча адразаць паляндвіцу. «Каб ты сама здохла! Каб цябе жывую ў тую труну паклалі, як ты маю скрыпачку пахаваць хацела! Каб твая магіла валасамі парасла!» — крычаў раз’юшаны Ясечка. А пасля сваркі схапіў ён скрыпку і понча ды сышоў з дому. Калі праз тры дні працверазелы і галодны вярнуўся, то знайшоў сваю кабету нежывою. Задавілася яна на гарышчы, на той самай бэльцы, побач з паляндвіцай. На пахаванні жонкі Ясечка сам граў жалосныя паланэзы ды маршы. А пасля хаўтураў музыка надзіва сцішэў: ані на пахаванні, ані на хрэсьбіны, ані на вяселлі, нават калі запрашалі, не ішоў. Кожную ноч прыходзіў на жончыну магілу і граў на скрыпцы нязвыклую ў нашых краях сумную мелодыю. У Друі пачалі казаць, што тае мелодыі навучылі Ясечку аргенцінскія індзейцы і што той мелодыяй можна падняць з магілы нябожчыка. На саракавіны людзі бачылі, як Ясечка зноў пайшоў на могілкі і чулі, як граў ён сваю музыку. I тады выйшла з магілы верная жонка і сказала: «Мала ты мучыў мяне на гэтым свеце сваёй скрыпачкай, падла, дык і на тым спакою не даеш!» — сказала і назад у магілу вярнулася. А збянтэжаны Ясечка пайшоў на бераг Дзвіны і пусціў скрыпку па вадзе, сказаўшы: «Плыві, ты, выклятая дзеравяшка, да латышскіх даўбакоў. He дала ты мне шчасця ані тут, ані ў Амерыцы». А праз колькі дзён знайшлі Ясечку ў хаце нежывога, з аб’едзенымі мышамі пальцамі. — I дазнаўся я тую мелодыю, што Ясечка прывёз з Андскіх плато. I цяпер раблю дуду, на якой зайграю па-над Лідзінай магілай. I паўстане яна з-пад зямлі і назаве імя забойцы. «Што-што, а паданне трэба запісаць», — падумаў Хут. 15 У гатэльным нумары Хут пачуваўся няўтульна. Ён паспрабаваў быў пісаць у нататнік, але пасля выпітага, убачанага і пачутага адчуў сябе млосна. Зміцер уключыў тэлевізар, толькі замест заўсёднага ідыятызму мясцовага тэлебачання на экране ўжо сыпаўся сухі электронны снег. I нібыта з гэтага снегу, з ягонага наэлектрызаванага шапацення прагучаў тэлефонны званок. — Калі ласка, журналіст Зміцер Хут. — Guten Abend, — па-нямецку азвалася слухаўка нарочыста складаным мужчынскім голасам. — Які вечар? Ноч на двары... — не ведаючы, што адказаць, прамовіў Зміцер. — Вядома, не вечар і, вядома, не добры. Нягледзячы на тое, што нас з вамі не знаёмілі, я даволі шмат пра вас ведаю, як і вы пра мяне. Каб не рабіць таямніцы, я назавуся — Баркулаб фон Гарт. — Вельмі прыемна, спадар Гарт. А не маглі б вы прызначыць мне аўдыенцыю? — Зміцер пашкадаваў, што не прыхапіў рэдакцыйны дыктафон. — Нашыя шляхі некалькі разоў скрыжоўваліся. Аднаго разу, каля сядзібы Яніны Сабалеўскай, мне давялося вас спыніць. Вы мне сімпатычныя, але калі зноў трапіцеся на маім шляху, то не крыўдуйце, я спыню вас назаўсёды. Спадзяюся, вы зразумелі сур’ёзнасць маіх намераў: я не хацеў бы, каб сярод ахвяр з’явіліся больш-менш прыстойныя людзі... Слухаўку з гудкамі Зміцер акуратна гіаклаў на высокую спінку скуранога фатэля. А праз колькі імгненняў ён настойліва стукаўся ў зашклёную кабінку гатэльнае адміністратаркі. За шкляною перагародкаю з’явіўся круглы тварык рухавай бабулькі. Ясныя светлыя вочы не дапускалі нават падазрэння, што яна толькі што прахапілася са сну: — Так, вы надумаліся ўзяць бутэлечку каньяку, разумею, разумею, змерзлі на пахаванні. I застолле не такое было, каб да сябе вярнуцца. Зараз, зараз прынясу. — Вядома, я страшэнна ўдзячны, але пабудзіў я вас крыху з іншае нагоды. Толькі што да мяне тэлефанавалі ў нумар, і давялося выслухаць малапрыемныя пагрозы. Я чалавек не баязлівы, але, мяркую, адкрылася б шмат схаванага, што замінае мне працаваць у Сапежыне, каб я даведаўся, адкуль мне тэлефанавалі. Ці не можна гэта зрабіць, пазваніўшы ад вас на тэлефонную станцыю? — Разумею, але такога і ўдзень тут ніхто не зробіць. Хіба што Талочка загадае. Толькі, відаць, вы з ім пазнаёміліся. Наколькі ведаю, ён ніколі не гуляў у шахматы, і шматхадовыя камбінацыі яму не даспадобы. Талочка, хутчэй за ўсё, пачне вінаваціць вас, дапытвацца, хто і нашто вам пагражае. Пасля смерці Лазаркоўскай ён і са мной гаварыў: ці былі вы ў нумары? Калі вярталіся? 3 кім сустракаліся?.. А я нічога не прыдумляла, сказала: сталічны чалавек, ходзіць, дзе захоча, казкі збірае, а яго ні за што ні пра што збілі. Вядома, можаце яму і дадому пазваніць, даведнічак ёсць, але не раю. Лепш вазьміце бутэлечку, яно і спакайней, і здаравей, мушу вас запэўніць. Толькі дазвольце спытацца, — адміністратарка дастала з-пад стала і пачала праціраць ручніком бутэльку малдаўскага каньяку, — а чаму вы, такі далікатны і ўраўнаважаны чалавек, раптам апынуліся каля дому Сабалеўскай? Вы ж маглі і ў мяне запытацца, хто яна такая. 1 я б вам сказала.