Хут раптам згадаў, як у дзяцінстве сам любіў хадзіць на рыбу, а там ноччу, паставіўшы донкі, пячы ў вуголлі маладую бульбу. 21 Яніна Сабалеўская нават не здзівілася, калі пад вечар да яе завітаў Хут. Яна папрасіла пачакаць у святліцы, а сама пайшла на кухню запарваць гарбату. У чаканні пачастунку Зміцер разглядаў калекцыю міні-кніжачак, што няроўным радком займалі палічку на этажэрцы; перад імі на вышыванай крыжыкам сурвэтцы стаяў тэлефон. — Дзівіцеся, — Яніна паставіла на стол вялікі мельхіёравы паднос, на якім узвышаўся памаляваны ў сінія пеўні пузаценькі чайнік. Побач сціпла стаяла міса з хатнім кменным печывам. — У Сапежыне, як бачу, шмат хто мае схільнасць да калекцыяніравання. — I сапраўды, гэта — цацкі. Вы не паверыце, я ані разу нават не бралася чытаць ніводную з гэтых кніжачак. Як лялькі — не людзі, так і гэтыя кнігі-ліліпуты немагчыма ўспрымаць усур’ёз. 3 іх можна скласці цацачную бібліятэку. Іх можна раскласці на стале, як карты. Паказаць гасцям. Усё, што заўгодна, але толькі не чытаць. — А я часам люблю ўзяць у дарогу кніжачку кішэннага фармату. Бывае, ноччу ў гатэлі, каб адагнаць самоту, чытаю класічныя вершы — вядома, калі не тэлефануюць прывіды Баркулаба фон Гарта і не прыходзяць следчыя кшталту Юрася Талочкі. -Зміцер, сядайце, гарбата стыне. Частуйцеся печывам — я вынайшла свой рэцэпт: кітайская гарбата і печыва з сапежынскім кменам. — Між іншым, вы ўжо даруйце, але ці не падкажаце мне... Хто з вашых чытачоў носіць з сабою бутэлечку з лекамі, трошкі большую за стограмовую чарку? Ведаеце, бываюць такія хваробы, калі трэба штогадзіну глынуць лекаў, а інакш можа ўзнікнуць непрыемны рэцыдыў. — Быў у нас айцец Міхаіл, з рэдзенькай, як у мангола, барадою і зусім ужо азіяцкімі вочкамі. Дык у яго была астма. Ён нават калі са Святога пісання чытаў у царкве, то не выпускаў з рукі балончык з аэразолем, і таму ў храме пахла не мірам і ладанам, а эўкаліптам і пертусінам. Але, ведаеце, ён зрабіў кар’еру, напісаўшы некалькі даволі разумных прац. Яго запрасілі прачытаць некалькі лекцый па гісторыі расійскага праваслаўя ажно ў Грэцыю, у Афонскія манастыры. А больш нічога падобнага я не ўспомню. Даруйце за цікаўнасць, але нашто вам пра гэта ведаць? Вы, мусіць, нешта ўбачылі каля Лідзінай магілы?.. У Сапежыне зноў гавораць, што гэта баронаў прывід раскапаў дол. — Ды на магіле, калі і былі сляды, то іх затаптаў сваімі ботамі Талочка. Мяне зацікавіў след зусім у іншым месцы — у касцёле. На запыленых парэнчах амбона я бачыў адціснуты роўны кружок. Але што мог паставіць на амбоне забойца — я не ведаю. А вьі ўпэўнены, дарагі мой спадар Хут, што на амбоне стаяў менавіта забойца? — Яніна падліла сабе гарбаты з круглавокага, размаляванага ў пеўні чайніка. — Вядома не... Як можна быць упэўненым, калі навокал знікаюць і з’яўляюцца прымхі, калі нябожчыкі паўстаюць з магіл і сыходзяць у невядомых кірунках, пакідаючы ў растрыбушаных долах адно рэшткі трупа? Я, спадарыня Яніна, не ўпэўнены нават у тым, што вы ў адно цудоўнае імгненне не знікнеце з гэтай вось утульнае святліцы, абяр нуўшыся ваўчыцаю-людажэркаю... Што вы кажаце, спадар Хут?! Мне робіцца страшна, так страшна, як дзяўчынцы ў чырвоным каптурыку, калі яна зразумела, што ў ложку замест роднай бабулі ляжыць драпежны воўк, — з гэтымі словамі Яніна ўстала і, абышоўшы стол, спынілася каля Зміцера, яе дагледжаная рука апусцілася на Хутаву галаву і пачала пяшчотна перабіраць валасы. — Мне сапраўды страшна, — шаптала жанчына ў самае вуха каханага. — I толькі вы... Я веру ў гэта!.. Вы, мой любы рыцар, пераможаце д’ябла, знішчыце прывід Баркулаба фон Гарта... А мой страх расплывецца ў правінцыйным густым паветры, як расплываецца, рассейваецца і знікае туман пад промнямі сонца... А зараз мне ўсё яшчэ страшна, мне халодна і страшна... У мае сны вяртаецца акрываўлены Алег, у якога з вачніц тырчаць увагнаныя нажніцы. Ён блакітна-сінімі вуснамі просіць дапамогі, як просіць дапамогі і прывід Лізы Лазаркоўскай. Яны прыходзяць да мяне кожнае апоўначы і гавораць, нібыта іхнія бессмяротныя душы трапілі ў пастку, з якой ім трэба вызваліцца... — Зміцер раптам заўважыў, што голас жанчыны змяніўся — з ласкавага шэпту зрабіўся нервовым і раздражнёным. Хут прыхінуў да сябе расчуленую і перапалоханую начнымі кашмарамі Яніну. I тая, нечакана для самой сябе, расплакалася. I, пэўна, у рыданнях і ўзнікла яе неадольнае жаданне пяшчоты і ласкі. Яніна са Зміцерам зліліся ў паглынальным нацалунку, а потым і ў жорсткай, напоўненай рэзкімі, вуглаватымі рухамі страсці. Яна аддавалася яму ўся, з надзеяй утапіць у ласках жудасна сцюдзёны страх. А ён браў яе груба, каб зацвердзіць уласныя мужнасць і рашучасць. Толькі ў выніку блізкасць не прынесла жаданых палёгкі і радасці, але не было і расчаравання. Пасля кахання застаўся адно лёгенькі смутак. I каб яго прагнаць, Яніна спыталася ў Зміцера пра ягонае прозвішча... — He так даўно мне ў рукі трапілася кніга навел «Дамавікамерон», — пачаў Зміцер. — Адна з іх была прысвечана Хуту... Навела XXXV з кніп «Дамавікамерон», альбо Сапраўднае паданне пра Хута Хут? Увечары яго можна ўбачыць на небе, калі ён — вогненны чалавек-птах — ляціць. Калі за ім чырвоны след застаецца, дык золата нясе гаспадару, а калі паска на небе сіняя — хлеб у ягоных руках. Раней Хут па вёсках жыў, на гарышчах хаваўся. А цяпер і ў горад можа завітаць, не раўнуючы як той ястраб. Вельмі любіць Хут мастакоўскія мансарды. Адзін жывапісец расказаў такую вось гісторыю... Прыходжу ў майстэрню, а на маім няскончаным палатне надпіс... Нібыта якое неразумнае дзіця пазабаўлялася. Я апошні месяц працаваў над краявідам, хацелася напісаць імжу ў Верхнім горадзе, і ў мяне амаль атрымалася. Нават прахалодаю ад палатна павявала. А тут узялі дый прымалявалі над шарымі касцельнымі вежамі жоўтабрыдкае сонца з лупатымі вочкамі дый шырозным ротам. Яшчэ і надпіс зрабілі: «Занадта хмурна!!! Чмур!» Закранула мяне здарэнне, глыбока па сэрцы рэзнула, асабліва гэтае «Чмур». Я ўжо збіраўся пайсці паскардзіцца ў які пастарунак, але падумаў: можа знаёмыя мастакі няўдала пажартавалі. Бог з імі — вырашыў, і замазаў брыдкавокае сонца разам з надпісамі. На другі дзень у мяне з лядоўні зніклі ўсе яйкі разам з брыкетам вяршковага масла. Прадуктаў было шкада меней за карціну, таму і паскардзіўся я не паліцыянтам, а суседу па мансардзе, старому разумнаму шрыфтавіку. Ад шрыфтавіка і пачуў я першы раз імя Хут, і пачуў імя разам з парадаю спячы яечню-абарачню і паклікаць пачвару наступным запрашэннем: «Хут, Хут, хадзі сюды, пачастунак ёсць — яечня, твая любімая абарачня!» Каб не крыўдзіць паважанага мастака, я паабяцаў так і зрабіць. А сам падумаў — звар’яцеў шрыфтавік на старасці год. Ён вар’ят, але і я не лепшы... Вярнуўся ў майстэрню, спёк сабе яечню і маракую — вось вазьму зараз і клікну Хута. А што будзе? Дый нічога не будзе. Хто пачуе? Ды ніхто! Паставіў я паніву з верашчакаю на стол і гукаю: «Хут, Хут, хадзі, ласачка, сюды...» He паспеў дагаварыць, як расхінуліся дзверы на гарышча... Я ж там, на гарышчы, свае не лепшыя палотны хаваю, ну, і розны рыштунак, каб у майстэрні вальней дыхалася. Вось і дахаваўся, дадыхаўся, дагукаўся... Выходзіць з гарышча пачвара — чалавек не чалавек, птах не птах... Адразу і не скажаш, хто такі. Галава чалавечая, толькі замест носа тырчыць дзюба арліная. Рукі маленькія, як у карлікаў. А за плячыма крылы вісяць. Уся пастава спрэс пёрамі парослая. А замест ног — лапы пеўневыя, толькі вялікія, дый кіпці не светлыя, а чорныя. Грабануў Хут лапаю па дашчанай падлозе, ажно трэскі пырснулі, і кажа: «Клікаў мяне?» — «Клікаў, — гавару, — клікаў». — «Яечнюабарачаньку абяцаў?» — «Абяцаў, — кажу, — абяцаў». А сам думаю: вось заб’ю зараз Хута за тое, што краявід мой спаскудзіў гнюсным надпісам, заб’ю і чучала зраблю. Во будзе чучала, усім чучалам чучала! Толькі чучаляр з мяне ніякі... He паспеў пра тое падумаць, а Хут ужо яечню падмёў чыста і на гарышча клэпае. «Куда гэта вы, спадар Хут?» — пытаюся. «Па справах трэба бегчы. А за пачастунак дзякуй». Зайшоў на гарышча і прычыніў за сабою дзверы. А я да стала падбег і ў пустую паніву зазірнуў. Сапраўды пустая, ні каліва не пакінуў. Звар’яцеў, сам пра сябе думаю, далібог, дах паехаў. I раптам заўважаю: манета залатая на стале ляжыць. Хапануў я манету і сышоў з майстэрні. Праз тыдзень насмеліўся і паказаў яе ювеліру: той запэўніў, што самы сапраўдны царскі залаты чырвонец. А цяпер у мяне з тае манеткі залатая ікла стаіць. Можаш зірнуць. Во! А больш я Хута не бачыў, бо не клікаў, дзякуй Богу. Вядома, мастакі — народ уражлівы, дый падмаляваць свет ярчэйшымі фарбамі любяць. У іх ад намаляванай імжы сапраўднай прахалодаю можа павяваць. Так што можна і сумнявацца ў праўдзівасці папярэдняга апавядання. Але пра таго ж Хута мне яшчэ і адзін селянін казаў, а сялянам я веру больш, бо ў іх з фантазіяй зусім кепска. Было так... Адзін мужчына пачуў, як ягоная родная жонка гукае Хута: «Хут, Хут!.. Хадзі сюды! Дам табе яечаньку-абарачаньку з дзесяці яец!» А калі жонка сышла з гумна, паніву з верашчакаю на сячкарні пакінуўшы, дык мужчына той пачастунак і струмкаў за мілую душу. А Хут, пабачыўшы пустую паніву, раззлаваўся, бо падумаў — знарок з яго людзі здзекуюцца. А каб адпомсціць, падпаліў уночы і дом, і гумно таго мужчыны. Усёй вёскаю пажар гасілі, але рады не далі, і гумно, і дом дымам пайшлі. Стаяў бедны пагарэлец пасярод двара і ўсё паверыць не мог, ілто з-за нейкай верашчакі Хут ягоны скарб дымам пусціў. Стаяў, глядзеў на галавешкі, як раптам вока зачапілася за старое драўлянае кола, што каля ганка каменнага нехта кінуў. «Вось жа ўсё агнём выкаціла, а гэтае кола хоць бы з аднаго боку полымя лізнула, дык не!» — падумаў пагарэлец, зазлаваў і выкінуў кола на суседскі гарод. Ён жа і ведаць не ведаў, што ягоны закляты вораг Хут у патрэсканае кола перакінуўся. Дык вось пасля таго здарэння Хут прыжыўся у пагарэльцавага суседа. I за які год за простую штодзённую верашчаку Хут з таго суседа зрабіў самага багатага чалавека ў вёсцы, бо насіў яму і жыта, і золата. Трэба Хута шанаваць, і калі паабяцаў яечню, дык будзь ласкавы, частуй. Так вось было.