Гладкевіч насцярожыўся, баючыся, што ўсплыве зусім іншая гісторыя — пра выгнанне аматара ангельскіх п’ес спадара Сурмы. I таму спяшаючыся адказаў: Патрабую ў вучняў не прымаць пэўны закон фізікі, дзеля таго каб яны яго лепш зразумелі. Чарльза Дарвіна паважаю болей за папу рымскага. Мяркую, і вы будзеце бараніцца ад прывіда хутчэй рэвальверам, чым малітваю. — Увесь Сапежын ведае пра мой рэвальвер? — Хут накруціў ручку электрастатычнага генератара, і паміж паліраванымі шарамі луснула маленечкая маланка. Страляеце, забаўляецеся — дарослы чалавек. Вас жа, пэўна, папярэджваў спадар Талочка, што не варта нахабна ўлазіць ў нашае сапежынскае жыццё. Хай яно не сталічнае, не такое яркае, як у Мінску, але і ў нас такія-сякія таямніцы і няпісаныя законы ёсць. Мы свой гонар маем. Мяне ў дзяцінстве здзівіла: мой дзед, калі рабіў плот, які адгароджваў наш сад ад рэчкі, кожны лазовы дубец адразаў пад мерку, рабіў адной вышыні. А я запытаўся, нашто гэта рабіць, калі ўсё адно ніхто не ўбачыць. Ён адказаў: «Гэта бачу я. I не хачу, каб мне самому перад сабою было сорамна». Вось так і вы: пытаецеся пра розныя гісторыі і не бачыце, як абражаеце наш гонар. Вам здаецца, што ніхто не ведае пра рэвальвер, ніхто не заўважыў вашых узаемаадносін з Лідаю, а цяпер з Янінаю. Таму дам параду. Схадзіце і пакладзіце кветкі на магілу Лазаркоўскай, a no тым ціхенька сядайце ў аўтобус і вяртайцеся дадому. А мы тут самі разбяромся з русалкамі і прывідамі, якія ўвесь час парушаюць законы біялогіі і фізікі. — Адзіная слушная думка з усяго сказанага, — Хут зноў запусціў пластыкавыя дыскі генератара, і ломкая маланка адбілася ў шматлікіх прызмах і лінзах, — гэта прапанова наведаць могілкі. — Мама ўсё ж такі дарма ўладкоўвала вас на журфак, — кінуў наўздагон Зміцеру дырэктар, які, відавочна, прывык пакідаць за сабою ў гэтым звышматэрыялістычным кабінеце апошняе слова. 19 Праз чырвоную неагатычную браму, а далей па брукаванай цэглай сцежцы Зміцер узняўся да капліцы фон Гартаў, дзверы якой былі закладзеныя цэглаю і замазаныя тынкам. На выбітых вокнах чарнелі тоўстыя каваныя краты. Каля капліцы курэлі дзве гурбы кляновага лісця. Блакітны дым завісаў над засыпанымі лістотаю крыжамі. Хут з букетам белых вяргінь пайшоў уздоўж магіл, шукаючы Лідзіну. За высокімі стамбурамі густога малінніку і зжухлай крапівы ён згледзеў пляміну свежага белаватага жвіру. Замест магілы перад Хутам была няроўная, у чалавечы рост яміна, на дне якое валяліся рэшткі раструшчанае труны. А поруч, прытулены да суседняе агароджы, стаяў смаліста-жоўты крыж з шыльдай «Лідзія Лазаркоўская». Зміцер шпурнуў кветкі ў дол. — Я ж цябе, паскуда, папярэджваў, — прагучаў самаўпэўнены замагільны голас, і рука з кароткімі пальцамі схапіла Зміцера за плячо і падштурхнула да яміны. Зямля пад чаравікамі Хута пасунулася долу. Ён рвануўся і пераскочыў на другі бок магілы. Я ж папярэджваў, каб цябе тут не было, — на гурбе свежага жвіру, шырока расставіўшы ногі ў афіцэрскіх ботах, стаяў Юрась Талочка. На ім быў надзеты вылінялы бушлат і фетравы капялюш з падкручанымі палямі. Юрась, не адводзячы позірку ад Хута, нагнуўся і выцягнуў з партфеля абрэзак гумовага гідраўлічнага шланга з металічным штуцэрам на канцы: — Бач ты, не памыліўся. Так і ведаў — яшчэ прыйдзеш сюды. Куды труп падзеў?! Нечакана спрытна следчы скочыў цераз дол і рэзнуў журналіста па шыі. Зміцер паваліўся, але паспеў выхапіць рэвальвер і стрэліць у Юрасёў твар. Журналіста папярэдзілі, што газавая зброя не бярэ сабак — жывёла шалее і робіцца небяспечнай нават для гаспадара. Аднойчы на ўласным вопыце Хут пераканаўся ў моцы атрутнага газу, панюхаўшы рулю рэвальвера пасля стрэлу, — свет згарнуўся, не раўнуючы як у мех дудара, паўгадзіны не расплюшчваліся вочы. Нельга сказаць, што газ не ўзяў раскормленага следчага — маленькія свіныя вочы вырачыліся і наліліся крывёю, з носа пацякло, а ў кутках рота выступіла густая сліна. Талочка захрыпеў і, узняўшы абрэзак шланга, хіснуўся на Зміцера. Калі шланг рэзнуў па рэбрах, Хут зрабіў адкрыццё: кожны рэвальвер можа быць кастэтам. Ён ударыў следчага рукаяткай у лоб, над пераноссем — капялюш з падкручанымі па~ лямі паляцеў пад крыж Лазаркоўскай, а сытае цела Талочкі аб’ехала ў яміну. Хут счакаў, покуль следчы апрытомнее і сядзе на дне яміны. — Я мог бы закапаць цябе, і ўпэўнены, што нікому і ў голаў не прыйдзе шукаць пад крыжам Ліды Лазаркоўскай. А на тваё месца сядзе такі ж самы — сыты, нахабны і дурнаваты. Ён бы шукаў цябе, як ты шукаеш Будзько. Талочка спакойна паглядзеў у вочы Хуту: — Зазірні ў мой партфель, ці цэлая пляшка, а то я газеткай заткнуў — магла і выліцца. На дне партфеля ляжала каламутна-белая бутэлька з папяровым коркам. — Мо, і ты будзеш, пасля такіх размоў грэх не каўтнуць жывое вады? На такіх, як Талочка, бойкі асаблівых слядоў не пакідаюць — адно чырванеў след ад рукаяці рэвальвера над пераноссем. — Другім разам я абавязкова пакарыстаюся тваёй гасціннасцю і добразычлівасцю. 20 Па галоўнае сапежынскае вуліцы праехаў блакітны трактар з прычэпам, пад самае неба нагружаны снапамі лёну. На выбоінах прычэп закалыхаўся, і колькі важкіх снапоў паляцела на растрэсканы асфальт. Да іх кінуліся дзеці, спрактыкавана паўскідалі здабычу на спіны і пацягнулі па хатах. Хут свіснуў злодзеям наўздагон, але нават самы меншы хлопчык хады не прыспешыў. Зміцер прамінуў двухпавярховыя будынкі старога кляштара, у якім цяпер месцілася вучэльня будаўнікоў. Перад галоўным уваходам стаяў куртаты паясны помнічак муляру з кельмай. Ён быў густа заліты могілкавай малатковай фарбаю. Кляштарныя карпусы, у вокнах якіх мільгалі стрыжаныя патыліцы навучэнцаў і сінія халаты так званых майстроў-выкладчыкаў, падыходзілі пад самую касцельную агароджу. Зміцер уважліва пачаў аглядаць прыкасцельны двор. На масіўных, прышрубаваных да цагляных муроў, чыгунных дошках журналіст прачытаў імёны ксяндзоў, чые казанні гучалі тут у мінулых стагоддзях. Пад доўгімі лацінскімі надпісамі зеўрылі глыбокімі вачніцамі маленькія ашчэраныя чарапы і скрыжоўваліся дробныя, памерам з курыныя, косткі. Ужо на пазелянелым ад цвілі тынку ў чырвоных кругах былі панамалёваны пяціканцовыя зоркі, а побач тая ж рука вывела нітрафарбай наступнае: «Хрысціянін — бойся! Сатана нарадзіўся! Люцыпар! Д’ябал! Вельзевул! Тут!» «Панапісвалі сатаністы — наезжая набрыдзь», — падумаў Хут, але адразу злавіўся на тым, што і сам не тутэйшы. Абыходзячы касцёл, каля апсіды Зміцер ледзь не наступіў на пляскаты высахлы труп пярэстага, як акунь, ката. Пад вадасцёкамі ў закутках чарнелі вітушкі ссохлага чалавечага гною. У арачных вокнах непрыемна лапаталі белыя языкі парніковай плёнкі. Хут падышоў да забітага крыж-накрыж негабляванымі дошкамі галоўнага ўвахода. Вялікія цвікі забівалі, відаць па ўсім, сякераю і не вельмі трапнай рукою — вакол плешак дрэва было прымятае і пашчапанае. Хут паспрабаваў тузануць дошку, але трымалася яна мёртва — не зварухнуць. Ён вярнуўся да вакна і, падцягнуўшыся, узлез на карніз. I ледзь не паляцеў назад, бо краты былі адно прыхінуты да рамы і крышку прыкручаны да яе алюмініевым дротам, які давялося адкруціць, пэцкаючы рукі ў серабрыста-чорны метал. У касцёле было надзіва светла. У цэнтральным нефе гурбіліся састаўленыя адна на адну вучнёўскія парты. Засмечаным праходам, пераступаючы цераз збуцвелыя анучы і пачкі старых падручнікаў, Хут прайшоў да раскурочанага алтара, зробленага ў мінулым стагоддзі з дыкты і рэечак. Некалі чырвоны і залацісты, цяпер ён гля дзеўся брудна-шэрым, нібыта парос мышынаю поўсцю. Такі ж самы пыл ляжаў на парэнчах амбона, куды Зміцер узняўся пакручастымі вінтавымі сходамі. На дашчанай аблупленай падлозе ён убачыў свежыя сляды мужчынскіх чаравікаў. Было відавочна, што тут не толькі хадзілі, але і даволі доўга стаялі. На парэнчах цямнеў круглы след, нібыта ад донца кубка. Стоячы на амбоне, Хут адчуў урачыстасць. Старыя чорныя парты прадумоўлівалі наяўнасць слухачоў, і Зміцеру захацелася ясным, упэўненым голасам працытаваць біблію. Хут гучна, на ўвесь касцёл, прамовіў: «Вы засудзілі, забілі справядлівага: ён не супраціўляўся вам». Недзе высока ўгары, там, дзе цямнелі круглыя, аблямаваныя алябастраваю ляпнінай адтуліны, з якіх некалі на ланцугах спускалі жырандолі, пачуўся спалоханы лопат крылаў і пасыпалася галубінае вуркатанне. Хут спусціўся ў цэнтральны неф і падышоў да Taro месца, дзе чарнела незамытая кроў і змяілася тоўстая белая лінія — крэйдавы абрыс цела нябожчыцы. Узняўшыся на хоры, Зміцер адчуў ніякаватасць. Ен зразумеў, што стаіць на тым самым месцы, дзе была пачвара: якраз перад ім зеўрыў пралом у балюстрадзе хораў, праз які Ліда прайшла ў свой апошні шлях. Хут, каб пазбавіцца навязлівага ўспаміну, пачаў уважліва шукаць сляды, але друз і рэшткі арганных трубаў складалі такі рэльеф, што немагчыма было знайсці нават дробнага напамінку пра здарэнне. Паўз раскурочаны пульт са шчарбатай клавіятураю Хут прайшоў да вялікага арачнага вакна, з якога ступіў на пахіленыя рыштаванні. Збуцвелыя шэрыя дошкі насцілу непрыемна рыпнулі. Менавіта па гэтых дошках і гэтым шляхам у той трагічны дзень знік сапежынскі прывід. У Зміцера з’явілася прадчуванне, што вось-вось ён дазнаецца, хто хаваецца за чорнымі акулярамі пачварнага барона, хто творыць у Сапежыне гвалт і забойства. Хут вярнуўся на хоры і пачаў уздымацца на вежу. Ён ішоў па мяккіх ад галубінага памёту прыступках. Сходы рабіліся ўсё вузейшыя і нарэшце змяніліся драўлянымі драбінамі, што вялі на апошні ярус званіцы. Паклаўшы руку на драўляны блок, на якім некалі разгойдваўся звон, Зміцер пачаў разглядаць сапежынскі краявід. Пляцоўку нішто не агароджвала, адно некалькі закручаных іржавых прэнтаў нагадвалі пра колішнія парэнчы. I нават лёгкі ветрык, здавалася, зможа садзьмуць чалавека. Зміцер глядзеў долу, на хісткія пірамідальныя таполі, і яму падавалася, што хістаюцца не яны, а вежа; такое ж адчуванне з’яўляецца, калі з суседняга перона адпраўляецца цягнік і ты глядзіш на яго праз пыльнае вагоннае шкло. Ведаючы з дзяцінства, што калі стаіш над стромаю, дык нельга глядзець пад ногі, бо іначай цябе можа зацягнуць у бездань, Хут перавёў позірк на пярэстыя аблокі. Яны слаліся над блакітным даляглядам і цьмяна адбіваліся ў спакойнай паверхні Русалчынага возера, пасярод зелянела выспа, на якой паміж дрэваў і хмызоў Зміцер убачыў вялікую круглую пляміну белага жвіру, а на ім чорны след вогнішча.