Замак пабудаваны з крапівы  Зміцер Вішнёў

Замак пабудаваны з крапівы

Зміцер Вішнёў
Выдавец: Галіяфы
Памер: 298с.
Мінск 2010
41.33 МБ
— Ды ведаю, — сказаў я. — Трэба ж пацешыць мясцовых панкаў і анархістаў. Бо яны на вулічных лавачках ужо зусім мазгі адмарозілі. Шкада мне іх. Як і цябе. Вось я трошкі падобнай рамантыкі і падсыпаў. Такая атрутная мікстура. Хаця... Чым «Тахелес» лепшы’ Два боты — танчы танга!
Бабулька ўсміхнулася. Здавалася, што ейныя вусны запэцканыя ў кісель.
— Алкаш, — злосна працадзіла яна.
частка восьмая СМЕРЦЬ ПАЭТА [ЯК Я РУЙНАВАЎ
ПАЭТЫЧНЫ ФЕСТЫВАЛЬ «MEDANA»]
Зрэшты, мае вандроўкі распачаліся з вайсковага дзяцінства. Таму было цалкам натуральным, калі яны працягнуліся і ў дарослым узросце. Звычка. У дзяцінстве я любіў нацягваць бацькавы вялізныя афіцэрскія боты... Я, вядома, патанаў у іх і выглядаў вельмі смешна. Але я адчуваў сябе заваёўнікам! Напалеонам! Казачным злодзеем Урфінам Джусам! Я крочыў па розных краінах дробным пераможцам — я гэта адчуваў! I вось праз шмат гадоў я працягваў свае заваёўніцтвы! На мне былі бацькавы боты! Вершы я грыз, быццам арэхі.
134.
Я быў моцна раззлаваны на арганізатараў фестывалю віна і паэзіі «Medana» і на ўсю Славенію. Злосць пачала збірацца на дне страўніка разам з выпітым віном яшчэ ў Берліне. Прыгоды распачаліся з амбасадаў. Я ляцеў праз Загрэб, бо так было танней, і арганізатары мусілі мяне там сустрэць. Славенскія чыноўнікі чымсьці нагадваюць сабакаў — такія ж куслівыя, але і мілыя, калі ім кінуць кавалачак мяса. Маё веданне нямецкай ды англійскай моваў нагадвае жука-гнаевіка — гэткае ж малое. Таму ў гэтай паважнай справе па атрыманні візаў мне дапамагала мая перакладчыца на нямецкую мову і літаратурны агент Марціна Мрохен.
А, і варта згадаць, што ў Менску няма славенскай амбасады. Такая аказія. I цалкам натуральна, апынуўшыся ў Берліне і маючы на руках запрашэнне з фестывалю «Медана», я вырашыў скіравацца ў славенскую амбасаду ў Нямеччыне. Вось.
Прыходзім. Малады славенскі мужчына з маленькімі злоснымі вачыма. Першае пытанне да мяне — чаму я не скіраваўся ў амбасаду ў Менску? Я тлумачу: па-першае, у Менску няма амбасады, па-другое, калі я апынуўся
ў Берліне, чаму я не магу прыйсці тут да славенскіх чыноўнікаў? Маладзён задае друтое пытанне: а дзе даведка аб маім заробку за тры месяцы, ці здольны я сябе ўтрымліваць у іх краіне ? Можа, я маю намер застацца ў іх сонечнай краіне? Я тлумачу: намераў застацца ў мяне болей у Нямеччыне, бо тут значна лепей, а што датычыцца даведкі... мяне будзе ўтрымліваць на сваім рахунку фестываль, і да таго ж я маю квіткі на самалёт у той і адваротны бок. I паказваю набытыя праз Інтэрнэт дакументы. Чыноўнік зелянее — кудысьці адыходзіць, потым прыбягае і заяўляе, што па маім нацыянальным пашпарце невядома, дзе я жыву. Я паказваю яму патрэбны ў пашпарце штамп. Але ён крычыць ці хутчэй стогне, што ў іх ніхто не валодае рускай мовай і што я мушу звярнуцца ў Маскву. Тады ўжо зелянею я і тлумачу, што тут, па-першае, беларуская мова, і чыноўнікі, ні маскоўскія, ні варшаўскія, таксама яе не мусяць быццам бы ведаць, але неяк разбіраюцца. Я заўважаю, што Марціна вырашае трошкі пакакетнічаць з маладым славенцам. Бо сітуацыя заходзіць у тупік. Ну, зразумела, што размаўляем утрох — яна ж перакладае. Але маладзён заяўляе пра апошняе і самае важнае паводле ягоных словаў — на маім запрашэнні не такі штамп. Квадратны. А патрэбны круглы — закон прынялі з першага ліпеня. Марціна лыпае вочкамі. Той трошкі дабрэе і нават сам бяжыць да тэлефона, каб папрасіць арганізатараў фэсту пераслаць новыя паперы. Такім чынам, праблемы вырашаюцца. Праз некалькі дзён я атрымліваю візу.
Харвацкая амбасада, наадварот, пакінула самыя станоўчыя ўражанні. Хаця грошы за транзітную
візу і ўзялі. He разумею. 3 паэта і мастака браць грошы, калі ён ляціць па культурным абмене ? Маленькае зверства.
135.
Раніцай 20 жніўня Марціна заязджае за мной і адвозіць у аэрапорт. Быццам усё нармальна. Але тут праявілі сябе нямецкія чыноўнікі. Пільнае вока немца бачыць ува мне тэрарыста. Я па сваёй прыроднай няўважлівасці пакінуў у заплечніку штопар і нажніцы. Mae рэчы прасвечваюць два разы. Нажніцы і штопар перадаюць праз агароджу Марціне. Я сам не менш за іх баюся сапраўднага тэрору. Пасля маленькага стрэсу я вырашаю набыць пляшку віскі, бо люблю яго, а яно каштуе ў «Duty Free» мала. Думаю пра тое, што Марціна пра гэта падазрае — і сапраўды, калі я расплочваюся за пляшку далёка-далёка на даляглядзе... я заўважаю, як яна пагрозліва махае мне рукой. Я збянтэжана таксама махаю і сыходжу ў глыбіню залы. Туды, дзе мяне ніхто не ведае і дзе я магу сабрацца з думкамі.
Навошта лячу ? Куды я лячу? У мяне ўжо адмоўныя ўражанні ад фестывалю.
У самалёце я па глытку выпіваю траціну бутэлькі і супакойваюся. Знаёмлюся з нейкай харвацкай бабулькай, паказваю ёй свае кнігі і рэпрадукцыі карцін. Яна з удзячнасцю на развітанне дорыць мне шакаладку.
У аэрапорце мяне ніхто не сустракае. Няма плаката з маім імем. Я нервова хаджу па харвацкім аэ-
рапорце. 40 хвілінаў — нікога няма. Даводзіцца мяняць еўра на мясцовыя грошы і ісці да тэлефоннага аўтамата. Праз пэўны час я знаходжу двух хлопцаў, якія, напэўна, проста спазніліся. Я прапаноўваю выпіць мясцовага піва і плачу за ўсіх. Бо харвацкія грошы мне не патрэбныя — трэба скінуць. Мы едзем у Любляну. Па дарозе я дапіваю віскі разам з адным з хлапчукоў. Размаўляем пра падабенства моваў. Разумеем адзін аднаго — слухаем беларускую музыку. Страшэнная цеплыня. Славенія сустракае гарамі і зігзагамі дарогаў. Ездзіць па такіх серпанцінах цяжка.
Прыязджаем у гатэль. I тут мне робіцца не па сабе — хлопцы патрабуюць, каб я сам плаціў за гатэль. Я дзіка раву і сыходжу ў туман. Прачынаюся ўжо ў самім нумары. Турма. Так, папраўдзе — нумары гатэля стылізаваныя пад камеры. Арыгінальна. Але некамфортна. He гатэль, а нейкі студэнцкі інтэрнат з нарамі. Вырашаю болей не спаць і скіроўваюся ў вандроўку па мясцовых тэрыторыях. А месца своеасаблівае. Турма-гатэль знаходзіцца ў цэнтры вялікага панкаўска-анархісцкага сквота. Усе п’юць, паляць траву і займаюцца балбатнёй. Бегае многа бяздомных і добрых сабакаў. Мясціны мне нагадваюць парэшткі «Tacheles»-a — ягоныя маленькія зруйнаваныя бастыёны. Многа графіці на дамах. У выніку я знаёмлюся з дзвюма дзяўчынамі. Напачатку я думаў, што бачыў адну з іх у самалёце, але я памыліўся. Тым не менш знаёмства было справакаванае. Я марную на іх процьму грошай; купляю ў мясцовым панкаўскім бары нейкія экзатычныя вялікаградусныя чорныя напоі. Мы п’ём утраіх. Дзяўчаты з Італіі, але славенкі.
Мы разумеем адно аднаго. Потым я праводжу іх на цягнік. Адна цёмная — хутчэй падобная да італьянкі, чым да славенкі. Стройная і рухавая, як вецер — у вачах маленькія зоркі. Другая — светлая — падобная да травы, з маленькім пухам каля вуснаў. Яны зусім маладыя — па 18 гадоў. I таму, калі на развітанне я хачу адну пацалаваць у вусны, яны палохаюцца і бягуць на цягнік, як маленькія спужаныя дзеці. Яны з’язджаюць, а я махаю ім рукой. Напэўна, мы больш не сустрэнемся. Хаця мэйламі мы і абмяняліся.
Я раздумваю пра свае паводзіны. Нашто столькі п’янства, навошта столькі знаёмстваў? I не знаходжу дакладнага адказу. Напэўна, нервы. Магчыма, унутраная адзінота. Жаданне прыгодаў. Такія ўчынкі мне замяняюць фотаапарат. Я збіраю не пажоўклыя фота, а прыгоды і ўражанні.
На наступны дзень я купляю пляшку рому і запрашаю румынку, якая жыве ў Канадзе, яго распіць — і гэта заканчваецца катастрофай. Вакол нас з румынкай невядома адкуль утвараецца кола мясцовай публікі. Вельмі добрай. Я вымавіў бы, вядома, гэта з сарказмам. Румынка сыходзіць, а панкі і анархісты наплываюць хвалямі. У выніку я страчваю торбу з пашпартам. Я хаджу п’яны і разгублены. Прыходзяць румынскі паэт Джорджы Васілевіцы і ягоная кабета. Яны разам са мной шукаюць торбу — безвынікова. На наступны дзень я зноў кідаюся ў п’янства. П’ю многа «Бакардзі». Пашпарт і тры візы — у нябёсы. Я быццам штопар, які дарваўся да віннага багацця. Запой. Катастрофа. Мяне ўсе суцяшаюць — але гэта марна. Бо я разумею, што беларускай амбасады ў Любляне няма.
136.
Нямецкая паэтка Ульяна Вольф мне нагадвае нашую Вальжыну Морт як па знешнасці, гэтак і ў творчасці (а нават і ў прозвішчы). Такія ж хітрыя і вясёлыя вочы. Калі Ульяна смяецца, у яе, як і ў Вальжыны, напружваюцца шчочкі. I ейны смех нагадвае аркестр званочкаў. Для ўтварэння падобнай сімфоніі Ульянай ці Вальжынай дастаткова паказаць пальчык. Абедзве таленавітыя і арыгінальныя: вершы для іх нешта накшталт каханага мужчыны, а іх агучванне на публіку нагадвае палавы акт, напрыканцы якога заўсёды мусіць напаткаць аргазм...
Дык вось. Ульяна Вольф тэлефануе да раз’юшаных арганізатараў. Адна з куратараў, цяжарная Елка, едзе са мной у паліцыю і запаўняе ўсе фармуляры. Мне выдаюць новыя дакументы — новы пашпарт, які дзейнічае толькі на тэрыторыі Славеніі. Пашпарт раздрукаваны на дзвюх паперчынах фарматам А4 і нагадвае хутчэй нейкую медычную даведку. Арганізатары фестывалю робяць запыт у рускую амбасаду ў Аўстрыі. Мной займаецца некалькі чалавек. Я нагадваю маленькага мясцовага царка.
Бадзяюся па вуліцах Любляны. Разглядваю шматлікія выявы драконаў. Многа столікаў і кветак — тыпова турыстычнае мястэчка. Усё скіраванае на тых, хто прыязджае. Уражанні ад вандроўкі выглядаюць нейкімі змазанымі. Адчуваю, як па венах перапаўзаюць крывавыя жукі, якія шчэрацца і шыпяць — патрабуюць радыкальных учынкаў...
На наступны дзень я з арганізатарамі іду ў нямецкую амбасаду — нам паведамляюць, што з візамі праблемы. Я, напэўна, у Нямеччыну не вярнуся, а буду дэпартаваны ў Беларусь. Я хаджу і п’ю мясцовыя віны — аблокі танчаць у вачах разам з кветкамі.
137.
Прачынаюся ў камеры. На суседніх нарах — румынскі паэт Джорджы і ягоная кабета Ганка. Бачу колер ейных белых майткаў, і мне робіцца моташна ад свайго становішча. Згадваю Менск — яго турмы, дрэвы, неба і дзяўчат. Згадваю вочы той, хто мяне натхняе. Згадваю, як мая рука паўзе па яе целе — адчуваю плаўныя пераходы: узгоркі і кратэры. На вуснах узнікае смак суніцаў. I раптам уяўляю, што да кратаў гатэля прыляцела птушка. Маленькая. Белая. Дзюбкай пастукала мне па падваконні, паляпала крыламі, піскнула і паляцела далей. I ўсё...
Джорджы! Новы сябра — пайшлі вып’ем! Жыццё — дрэнь. Цяпер фестываль. Я застаюся ў Любляне!