Замак пабудаваны з крапівы  Зміцер Вішнёў

Замак пабудаваны з крапівы

Зміцер Вішнёў
Выдавец: Галіяфы
Памер: 298с.
Мінск 2010
41.33 МБ
Што такое мабільны тэлефон? Правільна — паразіт, які харчуецца нашай крывёй. Смокча, гад, з усіх кішэняў! Выцягвае з нашых целаў не толькі чырвонае, але каларытнае (можа, калорыі?) зялёнае!.. Так-так, як гэта ні гучыць па-дзікунску, у некаторых сітуацыях грошы — гэта нашая кроў!.. Асабліва мабільныя тэлефоны небяспечныя ў сезонны перыяд роўмінгу. Лінька ў іх адбываецца! Тады яны звярэюць і смокчуць зялёнае «як не ў сябе». Мне мабільны тэлефон нагадвае п’яўку, якую мы добраахвотна прыкладаем да свайго вуха. Але
ці лечымся мы такім чынам? Напэўна, наадварот — толькі псуем сваё здароўе!.. Я паважаю людзей, якія гуляюць у спартовую гульню: «мабільны тэлефон замест кідальнага молата». Рабаўнікам, якія час ад часу скрадаюць у нас мабілкі, варта сказаць вялікі дзякуй! Здароўе нашае лечаць. Да таго ж пасля такіх здарэнняў мы набываем не горшы, а зазвычай лепшы апарат, каб было не крыўдна. Гэта такі псіхалагічны момант. Хаця... часам і наадварот. Але ўсё адно — да аднаўлення! Свой перадапошні тэлефон я закінуў разам з ключамі ў досыць разлапістае кустоўе. Кінуў ад душы. I не шкадую! Тады я адзначаў дзень варэння і бьгў на добрым падпітку. Сябра, які быў побач, ключы адшукаў, а вось апарат — не... Пры падзенні тэлефон яўна згубіў сваё брушка. Бо на настойлівыя тэлефанаванні з другога апарата нязменны голас аператара адказваў: «Абанент часова недаступны». Яшчэ адзін апарат у мяне адабралі на Нямізе. Уначы на 8 сакавіка з цемрачы падплыў тлусты цень і сказаў: «Дай тэлефон!». Я якраз размаўляў па тэлефоне з дзяўчынай. Я паглядзеў на цень і адказаў: «Пайшоў на х...! He дам!». Але цень прыняў абрысы п’яўкі. У яго была непераадольная смага крыві. Я адчуў моцны ўдар. Кастэт разрэзаў палову майго твару, і адтуль вонкі пачалі вывальвацца розныя табакеркі, залатыя ключыкі, гайкі, вінты, падручнік па нямецкай мове, апошні пацалунак... Палова адрэзанага твару рассмяялася і пабегла ўздоўж ракі Свіслач. Пасля чаго ў паветры яшчэ доўга плаваў пах мандарынаў і чуўся з’едлівы рогат.
Таму, пазіраючы праз бінокль на падзеі мінулага, заяўляю: «Смерць тэлефонным п’яўкам!»
comment
ragnedam: «ай-яй, пачынаем называць грошы «нашай крывёй».
162.
Я за тое, каб мабільныя тэлефоны прадаваліся накшталт прэзерватываў. У сэнсе — былі аднаразовага выкарыстання. Бо ў мяне яны лятуць, як пералётныя птушкі. Што ні дзень — губляю гэтае птушаня ў бары альбо парку. Страчваюцца тэлефоны ўсіх колераў і адценняў — чырвоныя, салатныя, памаранчавыя, бэзавыя. Я зразумеў, што мне трэба купляць тэлефоны оптам. Думаю, 10 — 12 на год... Каб было не шкада. Адпрацаваў месяц — і ляці на волю. Блінчыкі-аладкі... калі ў мяне ўжо будуць зніжкі на пакупку чарговага тэлефоннага шэдэўра?
163.
Пра турыстаў я пішу, пэўна, оду. Я ўжо агучваў, што яны нагадваюць тараканаў і саранчу, бо поўзаюць паўсюль і ў вялікай колькасці. I мух, бо лятуць на ўсё салодкае. Дзе мая мухабойка? Дзе мой фірмовы дыхлафос?
164. ПЕГАСЫ
[У драўлянай шафе Сафы жылі маленькія мумілюсікі — сінія і жоўтыя, гумовыя і парцалянавыя. Для гаспадара не было анічога бліжэйшага за гэтыя цацкі. Штовечар ён падыходзіў да шафы, выцягваў адтуль мумілюсікаў... і раскладаў іх у вайсковыя шыхты. Сафа ператвараўся ў палкаводца. Ён бязгучна крычаў: «Крокам руш! Да бою рых-туй!»]
165.
[какосы падалі проста на галаву Яны забівалі мары і жаданні Яны калупаліся ў шэрым рэчыве Выштурхоўвалі знутры белыя спружыны Паглыналі навакольную прастору Палохалі выпадковых прысутных Адбывалася нешта дзіўнае]
166.
[кашлялі светлафоры. Цені набягалі блазнамі. Мігцелі ліхтары. Абяцанні пераўвасабляліся ў фантастычныя блісы. Ці зменіцца нешта, ці не?]
167.
[Павер у светлае, чыстае, добрае, і яно само прыйдзе, нібыта жырафа.]
168.
[Мы аб’ядналі нашую моц і таму пераможам Bo­para! На плошчы мы кінем ягоную белую пысу бяздомным сабакам — няхай у іх будзе маленькае свята! Феерверк — над дахам горада! Нашыя ворагі — гэта тварог: бярэш лыжку — і наперад да стравы!]
169.
[Мумілюсікі адчувалі сябе героямі кінастужкі. Бегалі па плошчы, віскаталі, шчэрыліся — спадзяваліся змяніць гэты сусвет. Аблокі закраналі флігелі. Праз сцісканне зубоў адчуваліся горы і кантыненты.]
170.
[Сонны кампосцер і сонны кандуктар. Нядобрая прамова гучала прызнаннем для пракурора. Як быццам чарапаха, што поўзала ў камеры, завыла сабакам. Саспелі амаль нямыя філосафы. Спадар Сафа шпацыраваў па калідоры басанож. (Згадваецца чамусьці рака Сож.) Нехта (магчыма, мумілюсік) працадзіў: «ДзежтЫ?»]
171.
[Дагары нагамі ўвесь сусвет. Няма выратавання. Усім — злоснае прывітанне. Гэта — макет для творчай бойкі. На шпалерах выспявалі крыкі вайскоўцаў.]
172.
[пэцкалі сваю зброю ў крыві I не забываліся на сваю зямлю Бо вярталіся Калі быў загад Захад патыхаў палымнеў лісцем 3 дамоў асыпаліся крыкі жыхароў Зрэшты гэта не змяняла сітуацыі]
173.
[вінаград і матылькі запальвалі пах лета. Здавалася, што так будзе заўсёды. Здавалася, што гэтую цішу не парушыць аніхто. Хацелася разліць малочныя рэкі і пабудаваць хлебныя гарады]
174.
[Як памірае мара — так памірае каханне...]
175.
[Пры чым тут Сафа? Што можа зрабіць карыснага ці кепскага гэты дробны напалеон? Нават калекцыя мумілюсікаў — гэта муляж ягоных няспраўджаных амбіцыяў... I, можа, Сафа застанецца ва ўспамінах калегаў па шпалернай фабрыцы... чырвоным... крываногім... змрочным... з вечным калькулятарам у кішэні зашмальцаванага пінжака... напалеонаўскія амбіцыі і нулявая іхняя рэалізацыя... менавіта з такіх суб’ектаў часта атрымліваюцца душагубы, маньякі...]
176.
[Вецер не прынясе добрых вестак. He народзіцца рэальнасць, не народзіцца сон. Вакуум, быццам ком ці круглы конь, паскача па небастыку пачуццяў. Снег на сівых скронях.]
177.
[А можа, Сафа ад вядомага «Сафокл»? Ці, можа, Сафа — гэта не Сафа і не дробны напалеон, а сваяк сумнавядомага Урфіна Джуса? Мумілюсікі ажываюць дзякуючы чарадзейству, ідзе заваёўніцтва, а потым усё развальваецца на кавалкі... Кавалкі... шкляныя аскромкі, дзе бягуць і мігцяць гады, месяцы, дні, гадзіны, хвіліны, імгненні... радасці і расчараванні...
парушаны лёс ляжыць на алюмініевай талерцы і нагадвае кавалак люстэрка.]
178.
[сафа... сапфір... эфір... сакральны план... Аэраплан залятае ў расшпілены рот. Белыя разцы перамяжоўваюць залатыя гмахі... Рухаюцца сківіцы, быццам мяхі, і выпрацоўваецца чарадзейнае паветра... Ажываюць алюзіі... Запякаецца матэматычны плюс... На твары персікавы флюс.]
179.
[пад бровамі гэтага чалавека сядзяць сонцы... Шары накшталт маленькіх кавуноў... Калі яны саспяваюць, дык пырскаюцца чорнымі семкамі. Гэтак утвараюцца цені. Цені мінулага...]
180.
[мумілюсік ад слова «мумія»? Ці ад слова «малюск»? Ці тут прабягала мілая сэрцу Люся? Сусіпусі... Шыхты мёртвых муміяў аздабляюць небастык. Бачыш, як аранжык пакаціўся па гарах, закранаючы дрэвы, як ідзе гук ад соснаў, нібы ад струнаў? Зграі мёртвых крумкачоў аздабляюць гэты краявід, быццам святая працэсія новаспечанага мастацкага твора. Лю-
ся... а можа, Джаконда?.. звалілася з маста ластаўкай... Плюхат абвясціў пра новыя марскія сасіскі... He — не будзе ў гэтых мясцінах новай вежы...]
181.
[загадай жаданне, і, магчыма, нараніцу ты прачнешся шчаслівым... Прынамсі, калі жаданні не спраўджваюцца і калі... мы пераходзім у стан небыцця... тады нараджаецца надзея, што нешта спраўдзілася... бо гэтага мы не пабачым... пасля нашай смерці нашыя жаданні могуць і дадумаць іншыя... магчыма, тыя невядомыя будуць сцвярджаць нейкія рэчы пра нас, якіх мы так і не дасягнулі... магчыма, нехта і паверыць]
182.
[Танчы, Сафа! Танчы, Сафа! Чуеш, як рэагуюць на твае выкрунтасы самкі ?! Святло бегае па тваім целе пластыкай медузы... Бегае, як быццам ты ўтвараеш танец спароўвання... Нібыта ты не ў шэранькім гарнітурчыку, на табе маскхалат... ці не!.. ты — у маскараднай вопратцы пеўня! Хіба ты не самы лепшы?! Ты — герой новага часу! Згадай тую цудоўную постсавецкую песню «Мілы мой бухгалтар»!!! Выцягні свой пашараваны калькулятар і запусці яго маленькай сігнальнай ракетай у гэтую апухлую пысу дыджэя! Танчы, Сафа! Танчы!]
183.
[Г., вам паклалі ў зялёную талерку з чырвоным беражком біфштэкс, палілі яго соусам з памідораў і пасыпалі яечным шкарлупіннем. Пэўна, у вас баліць вока. Прызнайцеся. У апошні час яно адлівае золатам. У яго нездаровы выгляд (позірк).]
184.
[Г., з’ешце індыка з разынкамі, каб ваш страўнік не ведаў голаду. Вам спадабаецца. Гэтую страву я рабіў уласнымі рукамі. Індыка забіў таксама я. Паверце — ён не пакутаваў. Памёр без крыку, толькі шапнуў штосьці. Здаецца, гэта былі наступныя два словы: «Свабоду індыкам»...]
185.
[Г„ учора вы адмовіліся ад аладак. Сёння я прапаноўваю пельмешкі. З’ешце, дарагі. Вам стане лягчэй. У вас вельмі стомлены выгляд. Нават японскі гальштук не аблягчае пакутаў на вашым твары.]
186.
[Г., вы яўна аб’еліся салодкай локшыны. Давайце я пакармлю вас макаронай з кетчупам. Будзеце
тоўстым макароннікам. Як усе нармальныя людзі — на жаль (калі ў іх звешваюцца з вушэй спагеці).]
187.
[учора запалілі святло ў адным кабінеце. На стале ляжала справаздача за некалькі дзесяткаў гадоў... дакладней, увесь стол быў завалены тэчкамі... але зверху была прымацаваная жоўтая паперчына... з’ехаў у вёску... на пастаяннае месца жыхарства... да сонца... да дрэваў... да малочных рэкаў... туды, дзе ўначы лятаюць ультрамарынавыя аэрапланы... прашу не шукаць... люся ўсё патлумачыць... я супрацоўнік шпалернага камбіната, які аб’еўся грушаў... хачу шклянку з кісельнымі марамі... усяго... ваш Г... ШЫХТУЙ!!!]
188.
[скончыць знаёміцца з дзяўчатамі на вуліцы. Гэтае хобі зрабіла табе імідж Чыкацілы. Нашыя наіўныя жанчыны чакаюць фаталізму, ды атрымліваюць флірт. I гэта іх раздражняе. Пачынаецца помста. Паўзуць плёткі. Паўзуць барвовымі гадамі... Доўгімі... Кіламетровымі... I вось чалавек ператвараецца ў маляванага Карабаса Барабаса. Востра адчуваеш нож ля горла]
189-
[лета.... вар'яцееш... кампутар атручваецца вірусамі ледзь не штомесяц... працаваць немагчыма... проста пакуты...:) вялікае жаданне працаваць і побач кампутар-імпатэнт — проста немагчыма... жыць... раман апальвае не толькі рукі, але і сэрца.... 3 гора запускаеш па відзіку фільм пра Джэка-Вераб'я — адразу лягчэй...:) перачытваеш булгакаўскага «майстра» ... фліртуеш у Нэце з дзяўчатамі...:) здаецца, робіцца лягчэй... але праца... артыкулы... лекцыі... раманы... пэўныя тэксты... ціснуць на цябе... ты адчуваеш не адчай — злосць пірата...:) вялікае жаданне працы і адчуванне перашкоды... у гэткія хвіліны ты хочаш схавацца ў правінцыйным горадзе... з'ехаць на пару месяцаў... адключыць усе тэлефоны і працаваць... але ты разумееш, што гэта вар'яцтва... чакаеш... чакаеш... ёсць прапановы... бегчы... бегчы... ад гэтай рэчаіснасці...:)) ты эгаіст як кожны сапраўдны... табе надакучылі ўсе гэтыя «кураняты»...:))) але самае галоўнае і вечнае... яно цябе і трымае...:)))]