Запісы 26

Запісы 26

„Запісы” – навуковы часопіс беларускае эміграцыі, ворган Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва
Выдавец:
Памер: 223с.
Мінск, Нью Йорк 2003
49.39 МБ
1	Gosk Н. A gdy to wszystko zapomnie... Szkice o polskim pisarstwie emigracyjnym XX wieku. Izabelin, 1995.
вынікі перапісу і падштурхнулі прагматычных палітыткаў з афіцыйнай Варшавы адмовіцца ад Цэнтральнай Беларусі на перамовах у Рызе. 3 гэтай прычыны трэба вельмі крытычна ставіцца да тэзаў Чарнышэвіча.
Тым ня менш, спадзяемся, што гэты артыкул будзе цікавы чытачам як прыклад аналізу нетрадыцыйнай для нашай літаратуры польскай ідэчтычнасьці, уключанай у беларускі культурны кантэкст.
Рэдакцыя
Я прыйшоў пакорліва прасіць, каб пан нашую забярэзінскую зямлю далучыў да Полыпчы.
Ф. Чарнышэвіч. „Надбярэзінцы"
Для Флярыяна Чарнышэвіча (1900—1964) час затрымаўся ў 1921 годзе, калі Рыская дамова далучыла яго родныя землі да Беларускай ССР. Менавіта тады нашчадак дробнай загоннай шляхты, удзельнік вайны 1920 г. пераехаў у Вільню й там падчас службы ў паліцыі ўдасканальваў свае веды па літаратуры й польскай гісторыі, атрыманыя ў чатырохкляснай школе ў Бабруйску. Быў ён, відавочна, самавукам, калі пачаў складаць свае ўспаміны успаміны чалавека з-за Бярэзіны, паляка-каталіка, які з 1924 г. жыў у Бэрыса ў Аргентыне і працаваў на мясакамбінаце.
У адным зь лістоў да Юзэфы Радзіміньскай Чарнышэвіч пісаў: „Народжаны каля 1900* за Бярэзінай, навукі я скончыў у гарадзкім вучылішчы. За польскі правапіс (хаця так і пішу з памылкамі) дзякую дамарослым тайным настаўнікам польскіх школак"3.
Замест заплянаваных успамінаў аўтар стварыў чатыры аповесьці4, якія, нягледзячы на пэўную розьніцу ў выбары герояў і зьместавых складнікаў іх лёсаў (імёны літаратурных постацяў, іх прыналежнасьць да загоннай шляхты або польскага каталіцкага сялянства, іх крэсовае або эміграцыйнае жыцьцё), можна лічыць амаль што апо-
2 Іншыя крыніцы падаюць 1895 год. Гл.: Zielinski J. Leksykon literatury emigracyjnej. Lublin, 1989. S. 31; Klimaszewski B., Nowakowska E., Wyskiel W. Slownik pisarzy polskich na obczyznie 1939-1980. Warszawa, 1992. S. 68.
3 Цыт. паводле: Radziniiiiska J. Pisarz robotnik // Ksiqzki i przyjaznie. Warszawa, 1984. S. 90-91.
4 Nadberezyncy. Buenos Aires, 1942; Wicik Zywica. Buenos Aires, 1953; Losy pasierbow. Paryz, 1958; Chlopcy z Nowoszyszek (першая назва Prymy). Londyn, 1963.
ведам пра ўласнае жыцьцё пісьменьніка і, безумоўна, творамі, пабудаванымі на матар’яле ягоных собскіх назіраньняў.
„Надбярэзінцы" й „Віцік Жывіца“ гэта гісторыі, якія ахопліваюць разам 1918-1920 гг. Іх падзеі адбываюцца на польскіх усходніх крэсах, сярод сядзібаў, вёсак і хутароў над Бярэзінай. „Лёсы пасынкаў“ і „Хлопцы з Навашышак" даюць інфармацыю пра два варыянты долі жыхароў тых земляў пасьля 1921 г. Адныя эмігруюць, бо ня бачаць для сябе месца на тэрыторыі, падзеленай Рыскай дамовай. Другія пераяжджаюць на польскі бок, але тут ім, нягледзячы на тое, што былі добраахвотнікамі польскага войска, выдзялялі надзелы „дзесьці на выдмах або пры самай рускай мяжы, як уцекачам Чарнышэвічам, што мусілі спаць з карабінамі пад галавой і гадамі хавацца“5.
Дзьве першыя аповесьці Чарнышэвіча маюць характар крыху набліжаны да ўтопіі, у якой эмоцыі змагаюцца з рацыямі, а цьмяныя згадкі мінулага й скаргі на неспрыяльны зьбег гістарычных абставінаў дадаюць гэтай дылёгіі элігійны настрой. „Лёсы пасынкаў" й „Хлопцы з Навашышак“ гэта толькі двухварыянтавы эпілёг, які біяграфіі аўтара й ягоных землякоў дапісалі да дзеяў надбярэзінцаў. Амаль байкавыя галоўныя думкі абодвух апошніх твораў, цудоўныя выратаваньні сем’яў Дубовікаў і Лемешаў зь цяжкіх абставінаў, а таксама звужэньне пазнавальнай пэрспэктывы да сямейнай гісторыі— усё гэта паказвае, што „Лёсы пасынкаў" і „Хлопцаўз Навашышак“ можна разглядаць як праявы аўтатэрапіі Чарнышэвіча, які да канца жыцьця пакутаваў ад смутку па роднай старонцы й будаваў магчымыя сцэнары іншага бегу гісторыі6.
I.	Сьветапогляд
Аповесьці Чарнышэвіча ствараліся як сьведчаньне замілаваньня радзімай, прыхільнасьці да ідэі дэмакратычнай Польшчы, а так-
5Czarnyszewicz F. Chlopcy z Nowoszyszek. Londyn, 1963. S. 229.
6 У „Надбярэзінцах“ пра гэта сьведчыць наступны фрагмэнт: „Калі б Доўбар-Мусьніцкі прадбачыў ашукальныя намеры немцаў, лёс польскага войска і ўсёй справы, падзеі пайшлі б іншым чынам. Магчыма было (падкр. Г.Г.) пасьля канцэнтрацыі Корпусу на надбярэзінскіх землях набраць мясцовых палякаў, рэквізаваць рэестравых коней, забраць назапашанае ў Бабруйску ваеннае ўзбраеньне і перайсьці Дняпро, а адтуль накіравацца на Ўкраіну да рэшты польскіх аддзелаў або чакаць іх прыбыцьця [...] Рашучая падтрымка саюзьнікаўі наяўнасьць магутнай арміі падчас паразы Нямеччыны мелі б вялікую вагу пры ўсталяваньні межаў Рэчы Паспалітай." (S. 344.)
сама вернасьці каталіцтву, што ўспрымалася як сіла, якая падтрымлівала польскасьць на крэсах. Гэтыя ідэйныя асновы прозы аўтара „Надбярэзінцаў“ абгрунтаваныя цьвёрдай упэўненасьцю ў няспыннай расейскай пагрозе ды ўласна той пагрозай у бальшавіцкім камуністычным выглядзе, зь якой Чарнышэвіч сутыкнуўся й сам.
Ідэйным перакананьням пісьменьніка дадае складанасьці факт зьмяшэньня нацыянальнасьцяў на крэсах, існаваньня беларускага руху, а таксама першыя расчараваньні, якія сустрэлі крэсавікоў у адроджанай Рэчы Паспалітай, у рэчаіснасьці досыць далёкай ад ідэалізаваных уяўленьняў на яе конт.
3 вобразаў станоўчых герояў прозы Чарнышэвіча складаецца грамадзка-палітычная праграма, якую, як яны спадзяваліся, павінны былі ажыцьцявіць улады Полыпчы. Адзін з галоўных герояў „Надбярэзінцаў" Косьцік Васілеўскі, натхняючы прапольскія выступленьні над Бярэзінай, вызначыў наступныя элемэнты гэтае праграмы:
„Прызнаць у межах, якія не супярэчаць інтарэсам іншых, уласнасьць, зьнішчыць саслоўі, прыраўнаць, на падставе права, клясы й народнасьці, даць свабоду мовы, веравызнаньняў, друку і прафэсій, дазволіць дваровай прыслузе і малазямельным мужыкам набываць неабходную для жыцьця зямлю, а зьбяднелым рамесьнікам ствараць уласныя майстэрні, і зрабіць даступнымі навукі. Маёнткі, двары, фабрыкі, на якіх занятыя больш, чым супольнікі адной сям’і, капальні, банкі, камунікацыі грамадзкага значэньня, лішкі прыбытковых дамоў нацыяналізаваць"7.
Аднак ужо ў „Віціку Жывіцы“, дзе праз канфлікт герояў зь лютым вахмістрам паліцыі з паказальным прозьвішчам Сукіндорф, абвяшчаецца бачаньне Рэчы Паспалітай без падзелу грамадзян на горшых і лепшых, галоўны герой перажывае першае расчараваньне пры сутыкненьні з польскімі рэаліямі, якія ўвасабляе, між іншага, і гэты тупы, прадузяты паліцыянт, які распаляе нацыянальную варожасьць паміж палякамі й беларусамі.
„Польшча, шаптаў [ВіцікЖывіца -Г.Г.]. Ты не такая, не! Гэта не твае жаданьні, не твае слугі. Гэта банда злачынцаў"8.
Рэзанэр абедзьвюх аповесьцяўЧарнышэвіча Косьцік Васілеўскі і тут спрабуе ўлагодзіць сытуацыю, намаляваць ідэалізаваную пэрспэктыву беларуска-польскага суіснаваньня:
7 Czarnyszewicz F. Nadberezyncy. Buenos Aires, 1942. S. 402.
8 Czarnyszewicz F. Wicik Zywica. Buenos Aires, 1953. S. 81.
„Там, дзе вас большасьць, вашыя мова й жаданьні, а дзе нас нашыя. Ва ўрадзе, школе і касьцёле. Агульны толькі будзем мець дах над галавой і памежны плот [...] Агульны вартаўнік толькі будзе наглядаць, каб большасьць не рабіла крыўды меншасьці"9.
Польшча зьяўляецца тут сымбалем справядлівасьці і абаронцам правоў слабейшых. У сваіх сьветапоглядных канцэпцыях пісьменьнік імкнецца да спрашчэньняў. Вялікія кавалкі тэксту (пр. у „Віціку Жывіцы“) пасьля ператвараюцца ў агітацыйную публіцыстыку, а сярод герояў аповесьцяў зробленыя чорна-белыя падзелы — на прыхільнікаў й непрыяцеляў прапольскай пазыцыі. У выніку Чарнышэвіч патрапіў нават пад абвінавачаньне ў фальшаваньні гісторыі, сфармуляванае беларускім пісьменьнікам Акулам, у лісьце да якога аўтар „Надбярэзінцаў" тлумачыў свае пазыцыі, выкарыстоўваючы больш эмацыйныя аргумэнты:
„Любіў і люблю свой край таму, што жылі ў ім разам беларусы, палякі, ліцьвіны, жыды, стараверы й татары, што ў мястэчках былі касьцёлы, цэрквы, сынагогі й кірхі, што былі сяляне й шляхта, і мяшчане. Суіснаваньню нашаму перашкаджалі толькі несправядлівы падзел земляў і інтрыгі суседзяў. [...] Я таксама зьяўляюся сынам Вялікага Княства Літоўскага. Мой бацька й дзед майго дзеда нарадзіліся й склалі свае косткі ў гэтай зямлі, і думаю, што я маю права родны край любіць і сумаваць па ім, і думаць пра яго...“10
У падтэксьце абвінавачаньняў, якія датычаць станоўчых герояў аповесьцяў Чарнышэвіча і сфармуляваныя іх ідэйнымі праціўнікамі, найбольш істотным зьяўляецца сьцьверджаньне аб здрадзе справе простых людзей, да якой прыйіплі, абараняючы інтарэсы „панскай Полыпчы“. Цяжкасьць абвінавачаньня пісьменьнік, відавочна, адчуваў вельмі добра, бо палемізаваў зь ім ня толькі ў трох першых аповесьцях, але нават і ў эпіграфах да „Надбярэзінцаў“ і „Віціка Жывіцы“: „Не за буржуяў ідзем“, „Ня кіем і нажом, але хрысьціянскімі думкамі й чыстым сэрцам“.
Так сапраўды пад паверхняй яскравых пабытова-прыгодніцкіх ліній прозы Чарнышэвіча схаваныя асноўныя канфлікты XX стагодзьдзя сацыяльныя, нацыянальныя, палітычныя, рэлігійныя, якія гэтае стагодзьдзе да свайго бокутак і ня вырашыла. Яе героі стаялі ў гэтых канфліктах на вельмі небясьпечных пазыцыях: як мен-
9 Тамсама. S. 199.
10 Цыт. па Czapska М. Florjan Czarnyszewicz 1895-1964 // Kultura. 1965. № 1-2.
шасьць польская і каталіцкая, складзеная пераважна з загоннай шляхты, у моры беларускага праваслаўнага сялянства.
2.	Ідэйна-гграсторавая парадыгма
У вэртыкальным вымярэньні прасторы аповесьцяў Чарнышэвіча над зямлёй пануе Наканаваньне. Выкананьне боскіх запаветаў, удзел у касьцельных урачыстасьцях, малітва, вера ў міласэрнасьць і боскую справядлівасьць дазваляюць літаратурным героям вытрываць усё найгоршае, захаваць чалавечую годнасьць і нацыянальную ідэнтычнасьць.
У „Надбярэзінцах" працэсія ў дзень Божага Цела ператвараецца ў шматтысячную маніфэстацыю польскасьці, у эпілёгу „Віціка Жывіцы“, дзе згадваюцца сумныя лёсы большасьці герояў, чытаем: „Так ня можа быць [...] Бог бачыць сэрцы нашыя й думкі, [...] сэрцам чыстым, думкамі хрысьціянскімі збудуем паміж сабой вечны мір, гэта неабходна для барацьбы з ворагамі. Дык памажы нам Божа!“п
Гераіня „Лёсаў пасынкаў“, ня маючы зьвестак пра мужа, які шукае працу ў глыбі Аргентыны, акружаная ўсім чужым і аточаная мужчынаміў Буэнас-Амрэсе, моліцца: „Божанька мой, сьвяты. Ты адзіны ў мяне цяпер застаўся. Адзіны ў гэтым краі апякун і абаронца. Пачуй мяне, памажы нам яшчэ раз“12. А нарачоная героя „Хлопцаў з Навашышак“, якая спрабуе самастойнага жыцьця ў Вільні, пасьля малітвы да Маці Божай Вастрабрамскай адчувае, што „пад уплывам веры горад нібы зьмяніў выгляд. Нібы паясьнелі вуліцы й ажывіліся муры. Праца зрабілася лягчэйшая, а жыцьцё весялейшае"13.