• Газеты, часопісы і г.д.
  • Земляробчы каляндар Абрады і звычаі

    Земляробчы каляндар

    Абрады і звычаі

    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 405с.
    Мінск 1990
    134.01 МБ
    Заўсёды ў адзін час, як Каляды і Купалле, святкавалася і другое па велічыні веснавое свята Юр’я. Царква прымеркавала да яго ўрачыстасць у гонар аднаго са сваіх апосталаў — Георгія. У абраднасці, што суправаджае Юр’я, амаль нічога няма ад прыўнесенага хрысціянствам. У ёй выразна праглядае язычніцкая, земляробча-жывёлагадоўчая па змесце міфатворчасць. Адзначалася Юр’я 23 красавіка па ст.ст. і дзякуючы
    87 Сержпутовскнй A. К. Очеркн Белорусснн. Толока//Жнвая старнна. СПб., 1907. Вып. 4. С. 210—214.
    88 Шейн П. В. Белорусскне песнн//3ап. нмп. Рус. географ. о-ва по отд-ншо этнографнн. Т. 5. С. 411.
    таму, што да гэтага дня быў прымеркаваны першы выган жывёлы на пашу, набыло вялікую ўрачыстасць і атрымала шырокае распаўсюджанне. Прынамсі, на Беларусі Юр’я лічылася адным з самых вялікіх, самых папулярных у народзе гадавых свят.
    На Юр’я выконваліся два асноўныя комплексы ахоўнамагічных па сваіх мэтах абрадаў. Адзін быў звязаны з першым выганам на «Юр’еву расу» жывёлы. Абрады, што суправаджалі яго, былі скіраваны на захаванне статка ад дзікіх звяроў, хвароб, уздзеяння звышнатуральных сіл. Другі насіў чыста аграрны характар і здзяйсняўся дзеля добрага росту збажыны і аховы засеяных палёў ад граду.
    Выган жывёлы на пашу адбываўся даволі ўрачыста, з багатым абрадавым цырыманіялам. Перад тым як выганяць з хлява, у варотах клалі яйка, спадзеючыся, што каровы, пераступіўшы яго, будуць круглыя і поўныя, як і само яйка (сімільная магія) 89. Падкладвалі таксама пад браму, з якой выпускалася жывёла на вуліцу, замок, каб зберагчы статак ад ваўкоў і мядзведзяў: замкнуць ім зубы 90. Часам яйка і хлеб клалі загорнутымі ў вывернуты кажух, і той кажух апранаў і насіў увесь дзень да вечара пастух 91: спадзяваліся, што гэта будзе спрыяць пладавітасці статка.
    Перад выганам жывёлы гаспадар з гаспадыняй выконвалі некалькі абрадаў, у якіх выразна праглядвала магічная аснова. Усю жывёлу выганялі на падвор’е перад хлявом, так званы дзеннік, і гаспадар, узяўшы ў рукі накрытую талерку, на якой была замацавана грамнічная свечка і ляжала пара яек, абыходзіў яе наўкола. Услед за гаспадаром ішла гаспадыня з гаршком, напоўненым вуголлем і свентаянскай травой, і абкурвала «сваю жывоцінку». За гаспадыняй яшчэ часам ішоў пастух з вербачкай, захаванай з Вербніцы, і стараўся лёгка ўдарыць ёю кожную жывёліну. Пасля абходу гаспадыня брала з талеркі свечку і націрала воскам падгрудкі і крыжы коням, каровам і іншай жывёле. Нарэшце гаспадар загадваў пастуху ўтыркнуць вярбу ў падстрэшак хлява, для таго каб жывёла заўсёды ў час вярталася дахаты, і аддаваў яйкі пастуху, які гнаў кароў і авечак у поле 92. Сутнасць гэтых абрадаў заключалася ў тым, каб запабегнуць усяму благому, што можа чакаць хатнюю жывёлу на пашы: зберагчы ад звера, ад благога вока, ведзьмаў-чараўніц. Поруч з рысамі
    89 Романов Е. Р. Белорусскнй сборняк Вып. 8. С. 180
    90 Там жа.
    91 Шейн П. В. Матерналы... Т. 1.4. 1. С. 166.
    92 Там жа.
    ахоўнай магіі (абход з грамнічнай свечкай, абкурванне, змазванне частак цела жывёлы воскам ад свечкі) у абрадзе праступаюць і элементы прадуцыравальнай: прагон статка цераз вывернуты кажух, яйка.
    На Магілёўшчыне Е. Р. Раманаў засведчыў яшчэ такі абрад у дзень выгану на «Юр’еву расу». Бралі акраец хлеба і з ім тройчы абходзілі наўкол коміна, прыгаворваючы: «Як печ стаіць на месцы, так штоб і скаціна хадзіла на месца!»90 Маем даволі характэрны ўзор сімільнай магіі, здзейсненай у форме замовы-закляцця.
    Яшчэ адзін абрадавы звычай. Па сведчанні Е. Р. Раманава, на Віцебшчыне, праганяючы жывёлу да пастуха, стараліся кіраваць яе цераз руннае поле. Пры гэтым збіралі расу і абмывалі ёю кароў, спадзеючыся, што тыя будуць даваць болей малака і зробяцца недаступнымі для ведзьмаў 94. Такім чынам, у pace бачылі сродак ачышчэння, здароўя, пладароднай сілы.
    Юр’я, акрамя таго, што было ўрачыстасцю ўсіх, лічылася яшчэ і святам пастухоў. Кожны гаспадар даваў у гэты дзень пастухам хлеб, сала, мяса, яйкі, і яны, выгнаўшы статак на пашу, ладзілі сабе балёк, на якім абавязковай ежай была яечня 95. He выключана, што гэта баляванне пастухоў мела раней рытуальна-абрадавае значэнне.
    Даволі ўрачыста адбываўся юраўскі абрад абходу жытняга поля, руні. Узяўшы з сабою ў кашэль загорнуты ў абрус каравай, гаспадар раным-рана адпраўляўся на абход усіх сваіх палёў. Абышоўшы палі, ён прыкладаў каравай да маладога жыта, і, калі рунь была вышэй каравая, лічылі, што яно ўродзіць. Дома гаспадар дзяліў каравай усім сямейнікам у час снядання 96. У некаторых мясцовасцях ніву абходзілі дзяўчаты з песнямі 97. Відаць, ад колішніх абрадаў на ніве застаўся звычай моладзі збірацца на юраўскае гулянне менавіта каля руннага поля. Часам з караваем на ніву адпраўлялася ўся сям’я. Выбіраліся рана нашча і бралі з сабою кілбасы, яйкі, гарэлку, а таксама косці ад ялавічыны, якую свянцілі на Вялікдзень. Прыйшоўшы ў поле, гаспадары качаліся па жыце, каб акрапіцца «Юр’евай расой», затым качалі па руні свой каравай. Абходзячы поле з караваем, віталі ніву. Прынесеныя
    93 Романов Е. Р. Белорусскнй сборннк. Вып. 8. С. 180.
    94 Шейн П. В. Матерналы... Т. 1. Ч. 1. С. 168, 169.
    95 Романов Е. Р. Белорусскяй сборннк. Вып. 8. С. 181; Крачковскнй Ю. Ф. Быт западнорусского селяннна. С. 117.
    96 Берман й. Календарь по народным преданням...//3ап. нмп. Рус. географ. о-ва по отд-нню этнографмн. Т. 5. С. 21.
    97 День св. Георгня в м. Каман Свентянского уезда//Внлен. вестннк. 1893. № 87.
    косці ў натуральным выглядзе ўтыкалі на мяжы або спаленымі (попелам) пасыпалі ўзмежак — спадзяваліся вывесці пустазелле. Зноў жа бачым праявы ахоўнай магіі, прадуцыравальнага пачатку, прымхлівага па форме, аднак стыхійнаматэрыялістычнага па змесце: попел спрыяў росту раслін, і тыя раслі, апераджаючы, глушачы пустазелле. 3 Юр’я пачыналі вадзіць на начлег коней, лічылася, што з гэтага часу ім бяспечна, бо Юрый «замкнуў» ваўкам зубы 98.
    3 Юр’ем было звязана нямала каляндарнай варажбы паводле прыкмет. Калі на Юр’я ішоў густы, вялікі дождж, то спадзяваліся, што жыта будзе расці густым і стаяць сцяною. Калі на Юр’я раса, то коням будзе даволі аўса. У народзе лічылася, што «Юрай вясну пачынаіць», «Юрый работы пачынаіць». Каляндарныя прыказкі, бачым, падкрэслівалі, што рэальны пачатак вясны для земляроба звязаны з пачаткам палявых работ. Некаторыя варожбы мелі ў сваёй аснове не магічныя ўяўленні, а практычныя шматгадовыя рацыянальныя назіранні за прырбдай. Прыкладам такога рацыянальнага назірання можа быць юраўская каляндарная прыкмета: «За колькі дзён да Юр’я зацвітуць сады, пераважна вішні, за столькі дзён да Пятра пойдуць жаць жыта»99.
    Дзевятага мая святкавалі Міколу. Мікола — свята конюхаў. У гэты дзень выконваліся абрады (абкурванне коней, гладжанне іх па крыжы яйкам), мэтай якіх было захаваць асноўную цяглавую сілу ў гаспадарцы ад ведзьмакоў, спрыяць здароўю, трываласці коней. Сяўба да Міколы лічылася ранняй сяўбой. Міколу ўспрымалі як спрыяльніка веснавога поля. Верылі, што пасля людскіх «правідкаў» (адведкаў) палёў іх аглядае «Мікола цёплы» і вызначае, дзе быць ураджаю, а дзе не '°°. У гэты дзень на Гомельшчыне быў звычай наладжваць так званыя аброчныя абеды. Найчасцей яны рабіліся з выпадку якога-небудзь няшчасця ці ўратавання ад бяды. Гатавалі багаты абед, клікалі на яго радню, а затым гэтак жа багата і сытна кармілі жабракоў, запрасіўшы ў застолле '°1.
    Апошнім познавеснавым гадавым святам была Сёмуха, або Тройца. Народная назва «Сёмуха» паходзіла ад таго, што гэта свята адбывалася праз сем тыдняў пасля Вялікадня. Хоць яно святкавалася тры дні, увесь Сёмушны тыдзень звалі Клечальным і нічога не рабілі. Сёмуху называлі яшчэ Зялёным
    98 Шейн П. В. Матерналы... Т. 1. Ч. 1. С. 171; Крачковскнй Ю. Ф. Быт западнорусского селяннна. С. 119.
    99 Ннкнфоровскнй Н. Я. Простонародные прнметы н поверья... С. 246.
    100 Там жа. С. 247.
    101 Романов Е. Р. Белорусскнй сборннк. Вып. 8. С. 189.
    святам па той прычыне, што ў сёмушныя дні асабліва вялікая ўвага надавалася зеляніне 1 . Тут практычна праглядааюць сляды старажытнага (язычніцкага) культу расліннасці. На Сёмуху хату і падвор’е ўбіралі «маем»: у брамцы ставілі прынесеныя з лесу маладыя бярозкі, галінкамі бярозы і клёну (ліпы) аздаблялі сцены і вокны ў хатах. «Май» ставілі перад ганкам. Дарожкі на падворышчы, якія папярэдне чыста вымяталі, пасыпалі жоўтым пяском, падлогу ў хаце — «яварам» (аерам). Дзяўчаты адпраўляліся ў лес «завіваць бярозкі», бралі з сабою розную ежу і пітво. Пяклі яечню, частаваліся і спявалі траецкія песні. У песнях упаміналіся дуб, ясень, бяроза. Адна з траецкіх песень даволі дакладна перадае абставіны і характар абраду «завівання вянкоў», «завівання бярозак»:
    He радуйся, клён да ясеня,
    He к табе ідуць дзеўкі красныя, He табе нясуць яешні смашныя, Гарэлку горкую, скрыпку звонкую. Ой, люлі, люлі, люлі!
    Ай, люлі, люлі, люлі!
    Ты радуйся, белая бяроза, К табе ідуць дзеўкі красныя, Табе нясуць яешні смашныя, Гарэлку горкую, скрыпку звонкую.103
    Завіваючы вянкі з красак або бярозавага галля, дзяўчаты пускалі іх на ваду і загадвалі на будучае замужжа: калі два вянкі на вадзе сыходзіліся — дзяўчына спадзявалася хут.ка выйсці замуж; чый вянок хутчэй прыставаў да берага — тая, згодна павер’ю, магла найхутчэй выйсці замуж '°4. Скончыўшы спяваць песні, дзяўчаты махалі хвартухамі і раскачвалі бярозу так, каб потым звязаць яе вершаліну з другой, і папарна праходзілі пад імі. Гэты абрад называўся абрадам «кумлення» І05.
    Сёмуха лічылася яшчэ святам у гонар ушанавання продкаў. Сёмушныя дзяды адлюстравалі сабой пашыраны ў старажытнасці культ продкаў. Верылі, што ў гэты дзень душы памерлых наведваюць родныя мясціны і нават нябачныя прысутнічаюць у святочным застоллі. На ўрачысты святочны стол, засланы белым абрусам, вечарам падавалася шмат страў: вараная капуста, свіное мяса, квашаніна, грэчневая або
    102 Романов Е. Р. Белорусскнй сборняк. Вып. 8. С. 203.
    103 Шейн П. В. Матеряалы... Т. 1.4. 1. С. 186—187.
    104 Там жа. С. 185.
    105 Там жа. С. 190.
    пшонная каша з маслам (малаком), яечня, бліны. Папярэдне адчынялі дзверы і, паставіўшы ў іх барану, заклікалі душы: «А кыш, душачкі, на абед: малыя цераз барану, а старыя праз дзверы»106. Гаспадар утыркаў у хлеб грамнічную свечку і пасля малення заклікаў: «Дзяды, прадзеды і ўсе душачкі, якія тут прабывалі, хлеба, солі зажывалі, просіма да абеду!» У час вячэры адкладвалася па тры лыжкі кожнай стравы ў асобную талерку — для памерлых . Стараннасць і ўрачыстасць, з якімі рыхтаваліся і праводзіліся Дзяды, бясспрэчна, былі імкненнем пазбегнуць гневу продкаў і заручыцца іх падтрымкай. Аднак нельга не бачыць у гэтым і маральна-этычных матываў: пашаны да бацькоў, дзядоў, прадзедаў — сваіх папярэднікаў. У некаторых мясцовасцях, на поўначы Беларусі, на Барысаўшчыне, Сёмушныя дзяды называлі Стаўроўскімі І08.