• Газеты, часопісы і г.д.
  • Земляробчы каляндар Абрады і звычаі

    Земляробчы каляндар

    Абрады і звычаі

    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 405с.
    Мінск 1990
    134.01 МБ
    Як прыйдзе вечар і запаляць агонь у хаце, а сям’я збярэцца вячэраць, адскубні палавіну сена, дзе стаіць куцця, і пасцялі на стол, пасля накрый белым абрусам. Гаспадар павінен прынесці пляшку гарэлкі і паставіць на стол. Потым гаспадару трэба ўзяць куццю з гаршком і абысці тройчы хату, затым пастукаць у акно, а жонка з хаты павінна спытаць: «Хто там стукае?» Гаспадар адкажа: «Сам бог стукае з цёплай, мокрай вясною, з гарачым небурлівым летам, з сухой і багатай восенню». А жонка павінна сказаць: «Просім да хаты».
    На вячэру трэба, каб быў квас добры з грыбамі, а то і з рыбай, блінцы з макам і з мёдам, гарох з сытою ды ўзвар добры, як на радзіны, і куцця. Як садзяцца за стол, то гаспадар першым садзіцца на покуці (пад абразамі), а жонка насупраць яго на ўслоне, бо ёй трэба ўставаць, ставіць міскі на стол. Як
    пачнуць піць гарэлку, то гаспадар, наліўшы першую чарку, павінен сказаць: «Дай жа, божа, за год даждаць Каляд у добрай радасці і карысці...». На апошнюю страву, куццю, гаспадар, зачэрпнуўшы першую лыжку, павінен пазваць мароза: «Мароз, мароз, хадзі куццю есці! Каб ты не марозіў ячменю, пшаніцы, гароху, сачавіцы, проса і грэчкі і ўсяго, што мне трэба пасеяць». А гаспадыня, набраўшы ў лыжку куцці, павінна падысці да таго акна, што насупраць печы, пастукаць і сказаць: «Мароз, мароз, хадзі куццю есці, каб не марозіў расады, агуркоў, гарбузоў, морквы і буракоў і ўсяго таго, што мне трэба пасадзіць і пасеяць». Дзеўкі павінны выцягваць сяннінкі з-пад абруса і мераць: чыя будзе даўжэйшая, у той і лён будзе лепшы. А як павячэраюць, то ўсе павінны адысці ад стала. Гаспадар, тройчы перахрысціўшыся, павінен сесці на покуці, а жонка насупраць яго і запытаць:
    — Чы бачыш ты мяне?
    А ён павінен сказаць:
    — He бачу!
    — Каб жа ты не бачыў за стагамі, за капамі, за вазамі, за снапамі свету.
    Тады гаспадар пытае ў жонкі: — Баба! Чы бачыш ты мяне? — He бачу!
    — Каб жа ты не бачыла за агуркамі, за гарбузамі, за капустай, за буракамі свету.
    Затым жонка брала качаргу і штурхала гаспадара. А ён хутка падаў на лаўку і гаварыў:
    — Дай, божа, каб твае снапы так хутка падалі на ніве!
    Пасля клаліся спаць. Дзеўкі варажылі пра жаніхоў. Сена з покуці не прымалі. Яно ляжала аж да апошняй куцці. На другую куццю зноў здымалі вяршок з ячменнай кашы і захоўвалі ў тым жа самым чарапку. Пяклі блінцы, якія давалі шчадроўнікам.
    На галодную куццю зноў клікалі мароза. Гэты дзень трэба было пасціць да зары дай напісаць крыжы на ўсіх дзвярах, вокнах і варотах дзеля таго, каб не ўвайшоў чорт у двор... і каб сваркі не ўнёс у хату, каб сям’я жыла лагодна, а ў хлявах каб дамавік скаціны не чапаў. Можа чула, што дамавік ездзіць на конях і на валах, дай так замучыць, што і рукамі не гожа дакрануцца да іх, а ў гумнах і свірнах, каб чорт нічога не хаваў, a то ён на пакасць як схавае што-небудзь, то хоць і перад вачыма, ды не знойдзеш,— а як будуць крыжы напісаны, то ён пакасці рабіць не пасмее. Пасля крапілі куткі святой вадой у хаце, бо так рабілі нашы бацькі, то і мы так будзем рабіць.
    На Вадохрышча хадзілі ў царкву'ды стараліся як можна хутчэй вярнуцца дадому. Тады ты першая і з поля збярэш. He забудзь унесці ў хату на Вадохрышча рана абручыка, пасыпаць куццю, што збірала ў чарапок, няхай куры яе паклююць, то не будуць губляць яек па чужых харомах, а будуць несціся ў сваім двары. I сена тое, на якім праз усе гэтыя Каляды стаяла куцця, аддаць па крошцы ўсякай скаціне, бо гэтае сена, не раўняючы, для яе так, як ля нас праскурка.
    КУЦЦЯ
    Першая зорка загарэлася. На ўскраіне Піншчыны ў маленькай хаціне лесніка старэнькая сівая жанчына паслала на стол сена, апусціла рукі і ў задуменні прыціхла: дзве буйныя слязіны пакаціліся па яе зморшчаным твары. Ляснік, які нерухома сядзеў у канцы стала на лаве, падняўся і, крутнуўшы галавой, сказаў:
    — Хіба гэтым дапаможаш?
    — Я нічога, толькі падумала сабе, можа ў нашага Яна няма і такога сена пад галаву... болыд нічога і не падумала!
    — А можа і ёсць, на ўсё божая воля.
    Скрыпнулі дзверы, увайшла маладая дзяўчына.
    — А божачка,— сказала,— якія ж гэта сёння разумныя вочы ў авечак. Як увайшла ў хляўчук, і старыя і малыя падбеглі да мяне і так глядзяць, так разумна глядзяць!
    — А што тут дзіўнага,— сказаў ляснік,— кожная жывёліна з узыходам першай зоркі ведае, што гэта дзень не звычайны, у поўнач усё жывое становіцца разумным і лагодным. У гэты час усялякае стварэнне валодае чалавечаю моваю...
    Каля акна пачуўся стук; праз хвіліну дзверы адчыніліся і ўвайшоў жабрак.
    — Спяшаўся да жылля,— сказаў ён.— Зорка ўжо даўно свеціць.
    Дзяўчына кінулася дапамагаць яму зняць торбы, распрануцца. Гаспадыня радасна ўсклікнула:
    — Якое шчасце для нас!
    — Праходзіў каля двара пана Горуня перад самым заходам сонца,— працягваў жабрак,— але думаю сабе: не зайду... цяпер не гэтак, як раней, можа і не прымуць.
    — Як можна! — усклікнуў гаспадар.— Кожная жывёліна разумее цяпер чалавечы голас, як жа б чалавек чалавека не зразумеў.
    Гаспадыня накрыла стол абрусам. Жабрака пасадзілі на ганаровым месцы, з левага боку ад яго сеў гаспадар, з правага — гаспадыня. Дзяўчына дастала з шуфляды каляду, падала яе жабраку, заспяшалася да печы па вячэру. Жабрак перахрысціўся і разламаў хлеб. Пачалася вячэра ў гонар той вялікай таямніцы, дзякуючы якой жывёла разумее чалавечую мову, а жабрак без прытулку становіцца гаспадаром у чужым доме.
    КАЛЯДНЫЯ СВЯТЫ Ў БЕЛАРУСАЎ ВІЛЕНСКАЙ ГУБЕРНІ
    Увесь хрысціянскі свет урачыста праводзіць свята Каляд, звязваючы з ім шмат рознага роду забаў і ўвесяленняў. Але, унікаючы ў святочныя звычаі і абрады, асабліва сярод простага люду, прыходзіцца далучацца да таго заключэння, што ў гэтых народных звычаях і абрадах яшчэ шмат засталося ад старажытнага язычніцтва.
    Калядныя святы вядомы ў нашага народа пад назвай зімовага свята, але часцей за ўсё пад назвай Каляд. Першая назва, відаць, дадзена гэтаму святу таму, што яно супадае з сярэдзінай зімы, у назве ж «Каляды» гучыць водгалас самай глыбокай старажытнасці. Каляда ёсць свята агульнаславянскае, і святкавалася яно ва ўсіх старажытных славян у гонар сонца. Бачачы ў сонцы крыніцу самых неабходных умоў быту — цяпла і святла, старажытны славянін стаў пакланяцца яму і ўводзіць у гонар яго святкаванні (урачыстасці), а так як у канцы снежня месяца дзень павялічваецца, то ён і ўстанавіў дату 25-га дня гэтага месяца свята ў гонар сонца і святла. Хрысціянства звязала з гэтым днём дзень так званага нараджэння Хрыста, і, такім чынам, старажытнае язычніцкае свята асвяцілася хрысціянствам, захаваўшы, аднак, у неасвечаным народзе яшчэ і да гэтага часу (маецца на ўвазе час, у які рабілася апісанне гэтага свята) свае старыя язычніцкія абрады і звычаі. Слова «коляды» ці «каляды» ёсць змененае лацінскае слова «calendae». Старажытныя рымляне называлі гэтай назвай першае чысло кожнага новага месяца... Пазней слова «calendae» было прымеркавана выключна да студзеньскіх Каляд. Затым, у часы сярэдневякоўя, гэтай назвай сталі называць святочныя забавы і ўвеся-
    ленні гэтай пары года. Да нас слова «calendae» перайшло з Візантыі і, паводле гукавых законаў славянскай мовы, змянілася ў «каляду»...
    Напярэдадні свята Каляд, на куццю, беларус наладжвае вечарам куццю пасля з’яўлення зорак на небе. Увесь дзень гэты праводзіцца ў посце. Куцця ў сэнсе ежы ўяўляе сабой разнастайную посную вячэру. Стол для вячэры ставіцца абавязкова на покуці хаты. На яго спачатку кладуць сена і накрываюць затым белым абрусам. Калі ўся сям’я ўсядзецца за стол, гаспадыня падае па парадку прыгатаваныя стравы. Для прыкладу можна ўказаць (назваць) склад абавязковых для куцці страў: селядзец, посная верашчака, аладкі на алеі, суп з крупамі (крупнік), аўсяны кісель, вараны гарох у сухім выглядзе і, нарэшце, куцця з сытою... Гарох ніколі ўвесь не з’ядаецца, частка яго застаецца, і ім гаспадар абсыпае вулей з пчоламі і сад (зразумела, калі такое ёсць у гаспадарцы). Робіцца гэта для таго, каб надыходзячы Новы год быў ураджайным на садавіну і на пчол. Акрамя таго, у гэты вечар гаспадар абвязвае кожнае садовае дрэва саломай, якая ахоўвае дрэвы ад пашкоджання. Сена, якое знаходзіцца на стале пад абрусам, застаецца на стале да наступнай раніцы, г. зн. да таго часу, калі пачынаюць глядзець, якіх зярнят болей за ўсё засталося на стале пад сенам. Гэтым самым так варажылі аб ураджаі ці неўраджаі ў будучым годзе. Выцягваюць таксама з-пад абруса сянніну і па яе даўжыні мяркуюць аб даўжыні льну ў новым гаспадарчым годзе. Само ж сена гаспадар патроху аддае жывёле як ахоўваючы сродак ад хвароб, а галоўнае — у засцярогу жывёлы ад шкоднага ўплыву ведзьмаў. На працягу калядных святкаванняў беларус наладжвае куццю тры разы: перад пачаткам Каляд, перад Вадохрышчам (галодная, або посная, куцця) і перад Новым годам (шчодрая, ці шчадруха, таму што ў гэты дзень гатуецца разнастайная багатая скаромная вячэра). Сама куцця як ежа прыпраўлена ўжо не сытою мядовай, а салам...
    Каляды святкуюцца беларусамі ў суправаджэнні разнастайных забаў і ўвесяленняў. У ліку гэтых забаў першае месца займае калядаванне. Збіраюцца хлопцы, дзяўчаты, а часам і людзі пажылыя, ствараюць цэлы гурт і ідуць калядаваць. Прыходзяць пад вокны заможных людзей і спяваюць песні, болей прымеркаваныя да падзеі названага свята, за што атрымліваюць розныя падарункі, часам і грашыма, якія ідуць пасля на наладжванне гулянак. Такім чынам, каляднікі вельмі нагадваюць сабою валачобнікаў. Рэпертуар калядных песень, таксама як і валачобных, вельмі разнастайны.
    1
    Пайшла Каляда калядуючы, За ёю дзеўкі да жабруючы. Адна просіць, другая носіць, Пакінь прасіць, цяжка насіць. Перайшла сяльцо — дастала яйцо, Перайшла другое — згубіла і тое, Перайшла трэцяе — згінула сама, Вот і Каляда.
    II
    Да месяцу ясны. Каляда!* Выйдзі, выйдзі Да ні рана, Пастой, пастой Да ні мала, Пакуль мая дзяўчына Русу касу расчэша, Падарачкі пакроіць, Дзевяроў абдорыць, Дзевяроў і залавіцы, Mae родная сястрыцы.
    Ill
    Шчадрую, шчадрую, Кілбасу чую. Святы вечар! Дайце кілбасу, Я дадому занясу. Святы вечар! Дайце мне грошай, Падзякую большай (болей). Святы вечар!
    Дайце крывянку, Панясу Янку. Святы вечар!
    Каляднікі ходзяць большай часткай вечарам на свята Каляд (у некаторых, вельмі нямногіх месцах — напярэдадні).