Земляробчы каляндар
Абрады і звычаі
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 405с.
Мінск 1990
На першую Каляду (куццю) увесь дзень праходзіць у падрыхтоўцы да свята: уборка і мыццё хаты, заканчэнне ўсіх работ. Пасля заканчэння работ усе мыюцца ў лазні, а вечарам садзяцца за стол. У куце на сене стаіць куцця. Сена кладзецца і на стол. У час вячэры куццю есці першым пачынае гаспадар, які сядзіць на покуці, за ім пачынаюць іншыя члены сям’і па старшынстве. Перш чым пачаць есці куццю, гаспадар звяртаецца да акна, якое бывае ў асноўным замёрзшым, заве мароза на куццю, каб ён летам не марозіў ячменю: «Мароз, мароз, хадзі куццю есці! Цяпер твая пара, хадзі, марозька. А летам не хадзі, пад калодай сядзі, бо конюхі баронамі задзяруць, а пастухі пужкамі засякуць. Хадзі, марозька, куцця смачная, з канапелькамі!» Калі на другі дзень мароз аслабее, гавораць: «Мароз паеў куцці і паласкавеў». А калі зробіцца мацнейшым, гавораць: «Разгневаўся».
Абрадам куцці, які абавязвае прысутнічаць усіх членаў сям’і ў хаце, часам карысталіся зладзеі. Пра гэта расказвалі так. Гаспадар заве ў хату мароза куццю есці, а злодзей, які вывеў каня з хлява, адказвае: «Дзякуй, гаспадар, паеў і на кабылу ўссеў, ідзі вароты зачыні». Толькі раніцай, увайшоўшы ў хлеў, гаспадар здагадваўся, які гэта мароз адказваў яму.
Страў на каляднай вячэры ў беднай сялянскай сям’і бывае тры: боршч, бліны ці аладкі, куцця; у сярэдняй — пяць: боршч, аладкі, рыба, кісель, куцця; у заможнай — сем: бліны, боршч, кісель, грыбы, рыба, узвар, куцця.
3 каляднай куццёй у народзе звязана шмат прыкмет: калі ў калядную ноч на небе шмат зорак, летам будзе шмат грыбоў.
Калі з паўдня пасыплецца дробны град, умалотны будзе гарох. На Каляды снег — будуць моцна раіцца пчолы. Калі ноч пад Каляды ясная, у сенакос будзе добрае надвор’е і г. д.
У навагоднюю Каляду, акрамя прыкмет, вялікае развіццё ў Сенненскім павеце маюць варожбы. Так, дзяўчаты выцягваюць па травінцы з сена: чыя даўжэйшая, у таго лён лепшы ўродзіцца, г. зн. таму і сеяць трэба яго. Па просьбе дзяўчыны хлопец кладзе пад дзве талеркі вугаль, крэйду і цукар. Калі яна дастане вугаль, будзе смутак; мел — смерць; цукар — светлае, салодкае жыццё. Або: дзяўчына, паеўшы салёнага, кладзецца спаць і гаворыць: «Суджаны, напаі мяне!» Каго ў сне яна ўбачыць, той і будзе яе суджаным. Ці, кладучыся спаць, дзяўчына сыпле пад падушку некалькі зярнят і гаворыць: «Суджаны, дапамажы жаць!» Хто ў сне дапамагае ёй, той яе і суджаны будзе. Ідучы каля частаколу, дзяўчына пачынае падаць і хапаецца за частакол, пасля лічыць частаколіны, якія засталіся: калі цот — выйдзе замуж, калі лішка — застанецца дома. У хляве ў цемнаце авечак ловяць: старую зловіш — муж удавец будзе, ды й стары; маладую — малады. Калі ж захочаш даведацца, як імя будучай жонкі, вечарам, на Каляду, спытай імя ў жанчыны, якую першую сустрэнеш: якое яна скажа, такое і будзе ў тваёй жонкі і г. д.
Каляды заўсёды суправаджаюцца ігрышчамі і песнямі. Ігрышчы наладжваліся амаль кожны дзень да 6 студзеня, дзе моладзь танцавала і пела калядныя песні (напрыклад, «Ай, мароз, мароз, не змарозь мяне» і інш.).
Вадохрышчам заканчваюцца Каляды. На Вадохрышча раніцай змешваюць астаткі куцці і бліноў ад трох Каляд (куццяў) з хлебам у зярнятах і асвячонай вадой і даюць гэты корм рагатай жывёле, авечкам, коням, акрамя свіней, каб 'Здаровыя былі.
3 прыкмет і павер’яў, звязаных з вадохрышчанскай 'Калядой і днём Вадохрышча, можна ўпамянуць наступнае: • мяцеліца ў дзень Вадохрышча прарочыць ураджай грыбоў, ягад і арэхаў. Калі хата ў гэтыя дні трымаецца ў чысціні — і летам уродзіцца лён чысты. У час каляднай вячэры спяша' юцца з ядой, каб летам хутчэй выконваць палявыя работы. ■ Пасля вячэры рэшткі куцці падкідваюць да столі, каб лён высока рос ці каб маладая жывёла хутчэй расла і г. д.
Святы праходзяць хутка. Народ праводзіць іх песняй:
Ай, Калядачкі, нашы нежачкі, Набілі ў карчомку чорны сцежачкі. Вы ж, Калядачкі, вярніцеся, Хоць нядзельку працягніцеся!
ЦЯРЭШКА
Да в. Каптуркі, дзе ў хаце селяніна Ежгура павінна адбыцца гульня «Жаніцьба Цярэшкі», было зусім недалёка, не больш адной вярсты, але снегу намяло цэлыя горы. У хату назбіралася столькі хлопцаў і дзяўчат, падлеткаў, старых, што нават не было дзе ўпасці яблыку. Сядзелі на печы, на палацях, на жорнах — проста павярнуцца не было дзе. На покуці сядзіць цымбаліст, а перад ім яго велізарныя цымбалы. Ен верна перабірае ў такт скрыпкі па металічных струнах свайго інструмента кручкаватымі палачкамі. Скрыпач іграе заліхвацкую французскую кадрыль, праўда, з рускіх песень. Проста дзіву даешся, як гэта ў такой цеснай хаце ўмудраюцца танцаваць кадрыль на 8 пар. Гарачыня немагчымая. 3 танцораў даўно ўжо пот градам ліецца. Хлопцы танцуюць з вялікім захапленнем, ствараючы ў час танца вобраз гультая ці кагонебудзь іншага з пэўнымі недахопамі. Танцы працягваліся амаль да першых пеўняў. У невялікіх перапынках паміж танцамі цымбаліст гучна абвяшчаў віншаванні гасцям:
— Віншуем (называлася імя) з маршам!
I цымбаліст «аджарваў», а скрыпач падхопліваў разухабісты марш, ад якога проста мароз па скуры прадзіраў. Тым не менш той, па чыйму адрасу іграўся марш, лез у кішэню, даставаў 2—5 капеек і апускаў іх у адтуліну (дзірку), зробленую спецыяльна ў цымбалах. Па поваду гэтай даніны мужчыны заўважалі:
— Ну што ж, трэба даць музыкантам на струны!
Але вось другі раз певень прагарланіў поўнач. Хтосьці з-за печы закрычаў:
— Ці не пара, браточкі, Цярэшку жаніць?
Сярод публікі пачулася:
— Пара! Пара! — I многія сталі пляскаць у ладкі.
У той жа час выбіралі «бацьку» і «матку» — тых, якія вельмі добра ведалі ўсіх гасцей, ведалі, хто з кім «любіцца», а значыць, і сумеюць.пары падабраць. Вось «бацька» з «маткай» і пачалі падбіраць пары: калі падабраная пара згодна гуляць Цярэшку, то хлопец падае сваёй нарачонай руку і яны абое ў такт музыкі танцуюць «Лявоніху-крутуху».
— Слава богу,— крычыць «бацька»,— адну пару сасваталі! Благаславі іх (звяртаецца да «маткі»), старуха, «ад вуха да бруха».
Бывае і так, што падводзяць хлопца да дзяўчыны, але тая запішчыць, замахае рукамі і ўцякае на печ. Ей, значыць, гэты хлопец не падабаецца. Дзяўчыну некаторыя пачынаюць цяг-
нуць з печы, але яна наадрэз адказваецца з ім Цярэшку гуляць. I яе пакідаюць у спакоі. Хлопец гэты тады стаіць каля печы, як у ваду апушчаны. Сватаўство не ўдалося. Але тут жа пачынаюць падбіраць новыя пары. Гэта працэдура цягнецца вельмі доўга, усім ніяк не ўгодзіш. To дзяўчына хлопцу не падабаецца, то хлопец ад дзяўчыны хаваецца пад стол ці пад палаці. Зусім часам забываюцца, што гэта толькі гульня. Здаецца ім, што тут адбываецца сапраўднае сватаўство. Колькі тут «бацька» і «матка» ўгаворваюць, распісваюць годнасць пар, колькі тут дзяўчаты канфузяцца, ламаюцца, чырванеюць, як мак. Здаецца, што сватаўству не будзе канца. Але вось набралася ўжо пар дванаццаць. Усе яны пасярод хаты расстаўлены: мужчыны — з аднаго боку направа, дзяўчаты — з другога налева. Цяпер пачынаецца, так сказаць, другая частка Цярэшкі. Кожны хлопец павінен злавіць сваю нарачоную. Гэта свайго роду гульня ў «ката і мышку»: хлопец ловіць, а дзяўчына ўцякае. Публіка стараецца «ўкрыць» (схаваць) дзяўчыну ад пагоні. -Смех, крык, штурханіна. Дзяўчына першай пары, уцякаючы ад суджанага, напявае:
Па гарэ дудар ходзіць, Карагод дзяўчат водзіць. — Дзевачкі-пралесачкі, He ідзіце ў арэшачкі, A то вас ваўчок паесць, A то вы заблудзіце.
Калі хлопец злавіў сваю нарачоную, то музыкі, як бы ўзрадаваўшыся, што справа ўладжана, хутка іграюць «Лявоніхукрутуху», а першая пара ў карагодзе кружыцца як віхор, прычым кавалер стараецца як можна мацней прыстукваць ботамі.
У другой пары дзяўчына тоненькім галаском запявае:
Аж мая галоўка баліць, Як жа мне дзядульку ўлавіць. Хоць жа я і ножку зламлю, А ўсё-такі дзядульку злаўлю...
I зноў ідзе гульня ў «ката і мышку». Калі ж хлопец другой пары злавіў дзяўчыну, то яна ў такт музыкі напявае:
Ах ты, дзед, ах ты, дзед, А я — твая бабка, Танцуй, мяне ўважай, Што б я была гладка!
На жаль, тут не прыводзяцца ўсе песні, якія выконвала кожная з 12 пар. Неабходна толькі заўважыць, што кожная пара выконвала сваю песню. Вось, напрыклад, што павінна спяваць дзяўчына чацвёртай пары:
Бітая дарога, як ток,
Лепшая пападдзя, як non. Пападдзя кашулю шыла, А трасца папа біла.
А ў шостай пары чамусьці ўпамінаецца «шавец» і «чапец». Дзяўчына спявае, калі яе ловіць хлопец:
Білася шаўчыха з шаўцом, Выбіла тры зубы чапцом. — Вось табе, шавец, за тое, He сучы дратвы утрое: У мяне лён не родзіць, На дратву многа ўходзіць...
Нарэшце ўсе пары пералавіліся, цяпер пачынаюць «аддувацца» і выціраць потныя твары. Наступае невялікая паўза. Раптам на палацях заспявалі фабрыканты.
Ад іх песень павеяла дысанансам пры гульні сапраўднай Цярэшкі. Але публіка аддала належную даніну новым матывам.
— Вот, брат, загудзелі... He па-нашаму.
Калі антракт закончыўся, то наступіла заключная частка Цярэшкі. Дзяўчаты раптам накінулі на галовы хусткі і пабеглі з хаты. Гэта яны адправіліся кожная дамоў гатаваць ежу для сваіх каханых (суджаных) — пячы каўбасы, яешню, бліны і г. д. Гэта называлася падрыхтавацца да вясельнага банкету. Хлопцы са свайго боку, каб не быць у даўгу, пачалі рыхтавацца да банкету таксама.
Праспявалі трэція пеўні. Адна за другой з’яўляліся ў хату дзяўчаты, і кожная з іх несла прыгатаваную ежу. Выставілі сталы і пачалі ўсаджвацца, прычым каля кожнай дзяўчыны сядзеў яе нарачоны. Музыка іграла Цярэшку. Вясельны банкет быў у поўным разгары. Кожная пара як мага лепей старалася пачаставаць адзін другога. Пачынала світаць, а вясельная бяседа яшчэ ўсё працягвалася.
КАЛЯДЫ
Каляды спраўлялі ў нас даўней вось як.
Раніцай, устаўшы, гаспадар браў са стала сена, на якім елі куццю, і нёс у хлявы, каб даць усёй скацінцы па каліўку,
а гаспадыня, затапіўшы печ, пякла бліны, пражыла каўбасы, бо і гожа так у добрай гаспадарцы, дзе ёсць наёмная чэлядзь. Служба найміта — да Каляд; трэба ж падзякаваць за працу, а найміт падзякуе за службу сягоння. Пакарміўшы скацінку, гаспадар даставаў з клеці арэхі і раздаваў дзецям: пачыналася зараз гульня ў «цот і лішку».
Вечарам хто на ігрышча ішоў — гуляць «Яшчара», «Жаніць Цярэшку», а хлопцы рабілі «казу»: хто спрытнейшы і байчэйшы на язык — прыбіраўся дзедам, другія — за цыганоў і важатых, бралі музыку і ішлі шчадраваць. Перш за ўсё спявалі пад акном: