Земляробчы каляндар
Абрады і звычаі
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 405с.
Мінск 1990
Святы Апалас, чым хутчэй ідзі да нас, Бо нам у людзі пара.
Прышлі нам малойца прыгожага,
Сокала яснага.
Да людзей і да бога шчаснага.
Святы Апалас, ой, хутчэй ідзі па нас.
Апалайніца апалае шпарка і таксама падспеўвае: «Святы Апалас...»
Пры гэтым апаланні паясы высока «падзыгаюць» (падскокваюць), адны выпадаюць з апалушкі, а другія развязваюцца або застаюцца ў апалушцы.
Чый пояс хутка выпадзе, то тая дзяўчына зараз пойдзе замуж, а чый доўга не выпадаў, то галубка, што яго прынесла, яшчэ пасядзіць у старым гняздзе сама меней год. А як часам пояс развяжацца, то гаспадыньцы яго, напэўна, здарыцца саромнае няшчасце.
Па апаланні паясоў наступае выліванне на ваду растопленай цыны або воску, лічэнне тыну і іншыя варожбы. Растопленую цыну або воск выліваюць у шклянку са сцюдзёнай вадой і кажуць:
Ой, цынка, цыніца,
Ці я буду маладзіца?
Хто прыедзе ка мне ў сваты:
Жаўнер прыгожы ці гаспадар багаты?
А пасля глядзяць, што там вылілася. Як вылілася рэч, падобная да мяча, то суджаны-раджаны будзе прыгожым жаўнерам, а калі вылілася саха ці якая іншая гаспадарская прылада, то муж будзе багатым гаспадаром.
Па выліванні воску выбягаюць дзяўчаты на двор лічыць тын, каб даведацца, маладзец ці ўдавец прыпадзе ў мужы. Лічэнне гэта адбываецца такім парадкам: падыдзе дзяўчына да плоту і пачынае ад пачатку лічыць тыніны да самага канца, кажучы: «Гэта кол, гэта калец, гэта ўдавец, гэта маладзец». 1 ўжо калі апошняя тыніна прыпадзе на слова «кол» або «ўдавец», то суджаны-раджаны і будзе ўдавец, а як апошняя тыніна прыпадзе на слова «калец» або «маладзец», то і муж будзе прыгожым малайцом. Скончыўшы варожбы, а яны амаль заўсёды канчаюцца на лічэнні тыну, дзяўчаты разыходзяцца дамоў. Дзеля гэтага што наогул у прыгожым жаночым чародзе языкі доўгія, то назаўтра амаль уся вёска і ведае, што каторай вываражыла Васілёва куцця.
Які ж пачатак Васілёвай куцці? Старыя сяляне кажуць, што звычай гэты цягнецца ад незапомных часоў, а названне яго выводзяць такім сказам.
Калісь даўно нашы дзецюкі не ездзілі ў сваты, як гэта робіцца цяпер, але яны жанок сабе куплялі. Як ужо ў каторага бацькі дочкі павырастаюць і захочуць выходзіць замуж, дык ён павінен вазіць іх па сёлах, каб каму-кольвечы прадаць. Аднак справа гэта для самога бацькі нават тады, калі была яшчэ моднай, разам была і прыкрай,— ведама, свяці вачамі перад людзьмі, калі дочкі не ўдаліся. Вось з гэтай прычыны бацькі часта прасілі чужога чалавека, каб павёз прадаваць дачок. Называўся ён Васілём. Васіль быў чалавек лоўкі на язык і надта спрытны для гэтай справы. Ужо калі чужую дачку пасадзіць на свае цялежкі, то дамоў не прывязе, а прадасць напэўна за добрую цану. Дык і меў ён, бедны, працы па самыя вушы. Усе да Васіля звярталіся з просьбай, адны, каб дачку вёз да Клінчан, другія, каб да Іванаўцаў, а трэція, каб яшчэ куды-небудзь. 1 вазіў ён цэлы год. Вазіў вясной і летам, вазіў таксама і зімой. Адпачываў толькі ў Вялікі пост і ў перадкалядны пост. Вось аднаго году сабралася так многа тавару, што бедны Васіль па Калядах вазіў, вазіў, ды й завазіўся.
Якраз за два дні перад Новым годам богу душу аддаў. Хаўтуры яго адбыліся 31 снежня, у апошні дзень старога года. Маладыя дзяўчаты па ім плакалі і галасілі цэлы дзень аж да вечара, а ўвечары пачалі варажыць і згадваць сваю будучую долю. Вось дзеля гэтага з тых часоў і сам вечар стаў называцца вечарам Васілёвай куцці.
СПАТКАННЕ НОВАГА ГОДА
Перад Новым годам спраўляюць багатую куццю. Павячэраўшы, зачынаюць розныя забаўкі. Дзяўчаты варожаць, хлопцы ходзяць з «казой». Дзеля гэтага адзін хлопец прыбіраецца казой, а другі — за павадыра. Першы павадыр павінен умець складна гаварыць і быць высокага росту.
Іншыя хлопцы з кампаніі ідуць як хто папала. Наладзіўшы ўсё, яны з музыкамі і механошай ідуць ад хаты да хаты. Прыйшоўшы пад хату, павадыр пасылае гаваркога хлопца прасіцца ў хату. Той, увайшоўшы, вітаецца, а потым кажа:
— Іду ад пана нашага. Ідучы, пытаю, што сказаці маю свайму пану Году, што носіць бароду,— шыроку, як лапату, сіву і касмату... Ці шырокі лавы, каб нам паляжаці? Ці добра гаспадыня, каб нас частаваці?
— Адкуль вы?
— Мы людзі не простыя, з далёкага краю; хлопцы ўсё сталыя, з-пад самага раю.
— Адкуль ідзяце?
— Ідзём кругом света, аж ад пана лета. Мы к лету ідзём і «казу» вядзём і радасць нясём.
— Дык просім у хату!
Тады ў хату ўваходзіць павадыр, за ім «каза». Павадыр з ільняной барадой, у вывернутым кажуху і з доўгім кіем у руцэ. За імі ідуць музыка, механоша і ўся чарада. Увайшоўшы і пахваліўшы гаспадара, павадыр муштруе кіем «казу», а потым зачынаюць спяваць:
Го-го, козанька! Го-го, шэранька! Павярніся складна, Пакланіся зграбна! Скажы, дзе хадзіла, Дзе што ты рабіла. Дзе каза паходзіць, Там жыта зародзіць, А дзе пагасае, Там павылягае.
Дзе яна бывае, Там шчасце вітае,. Дзе каза хвастом, Там жыта кустом. Дзе каза нагою, Там жыта капою. Дзе каза рогам, Там жыта стогам. Дзе каза не ходзіць, Там жыта не родзіць.
На балоце была, Па лесе хадзіла Ваўчат навучаці Танцы танцаваці. Каза мая вучона, Кіем ахрышчона. Ты, каза, сагніся, Нізка пакланіся 1 гэтаму пану, Як таму гетману! Хай будзе здароў, Нам прышле дароў. Ішлі ад ваяводы, Стрэлі нас прыгоды: Выскачыў з лесу воўк, Аблупіў казе хвост, Выстраліў стралец, Адбіў казе хвасцец. Каза мая ўпала, Лягла і прапала.
Я лякарства зраблю, Казе хвост прыляплю, Кійком бачок змачу, Нагою падважу.
Уставай, каза, усхапісь, Гаспадыні пакланісь Да саменькіх ножак, Няхай дасць пірожак! Гаспадыня ў рэшаце Бліны нам валачэ. Ключыкам звякане, Каморачку адамкне; Нясе адтуль пляшку I цялячу ляжку, I збаночак мёду— Нам на ўсалоду. Пакланіся ўсім, Старым і малым! Закладай свае рогі, Падбірай свае ногі! 3 гэтай хаты выхадзі, Бяду, гора вынасі! Уцякаюць хай хутчэй 3 гаспадаравых вачэй! Го-го, козанька!
Го-го, шэранька! Павярніся складней, Пакланіся зграбней!
У час спеву «каза» ходзіць дробнай ступою то ўзад, то ўперад, то налева, то направа, а павадыр ёй кіруе, найбольш кіем. Як спяваюць прыгоды, «каза» кладзецца і прыкідваецца мёртвай, потым усхопліваецца і кланяецца. Адзін з чарады
гаворыць віншаванне:
Будзь, ваша, здароў, Як рыжок бароў! Май торбу грошы, Жыві ў раскошы! Май усяго даволі, А бяды ніколі! Стары год канчаем, Новы зачынаем 3 ранняю вясною, 3 буйнаю травою, 3 збожжам каласістым, 3 зярном ядраністым Ды з прыятным летам I з грашом пры гэтым. I з восенню яснай, I з долечкай шчаснай!
— Дзе вы гэту казу дасталі? — пытае, нарэшце, гаспадар.
— За граніцай на кірмашы ад старога купіў,— адказвае павадыр,— семсот грошай заплаціў.
— А дзе сам так вучыўся?
— Па ўсім свеце ходзячы, торбу хлеба носячы, між людзей бываючы, дзівы дзіўныя відаючы, розныя кнігі чытаючы, уверх нагамі трымаючы. А вы здаровы бывайце, за год нас чакайце.
КАЛЯДНЫЯ ЗВЫЧАІ
Першую Каляду трэба праводзіць, не еўшы да першай зоркі, пакуль на небе не з’явіцца зорка. На стол, на якім вячэраюць, пад абрус кладзецца сена ў знак таго, што Хрыстос быццам бы нарадзіўся на сене. Некаторыя сяляне для большай урачыстасці замест лямпы ці лучыны запальвалі на Каляду свечкі свайго вырабу. Гарэлка, купленая для ўжывання на Каляду, павінна быць куплена за грошы альбо пазычана, але ні ў якім разе не ўзята ў абмен на збожжа. Калі гарэлку атрымаць за збожжа, то яно не ўродзіцца. У першы дзень Ражства гаспадар ловіць пузыры ў кіпятку і палівае імі авёс, які досвіта дае коням, каб яны былі такія ж гладкія, як і пузыры, і каб так жа сама шпарка бегалі. Выпускаючы ў першы дзень Ражства свіней з хлява, а таксама на Новы год і на Кшчэнне, трэба кідаць ім у вочы снег, каб яны ўлетку не бачылі шкоды. Калі хто не нарыхтаваў к святу дроў і прымушаны сячы іх у часе святаў, то ён развядзе ў сваёй гаспадарцы столькі мышэй, колькі махне сякераю. Калі на першую Каляду будзе шмат снегу, то год будзе ўраджайны.
КАЛЯДЫ НА БЕЛАРУСІ
Цыкл калядных свят на ўсім хрысціянскім свеце пачынаецца ўвечары 24 снежня. У гэты вечар дзіўна дзеець на чалавека ўсё акружаючае і ўсё немагчымае робіцца магчымым. Усё нежывое ажывае, прырода думае, гаворыць людской мовай. Гляньма цяпер, ці ўсе гэтыя ўяўленні і надзвычайныя праявы паўсталі пад уплывам хрысціянства?
Калядныя святкі цалкам перанесены з далёкага свету язычніцкага ў сучаснасць, якая старалася афарбаваць іх формай хрысціянскай і ўкласці хрысціянскі змест. Але народныя традыцыі, асабліва духовыя вераванні, глыбока закараніліся ў душу паасобных адзінак, а таксама і ў душу цэлага народа, племя, сям’і. I язычніцкі элемент калядных святкаў, міма ўсяцэлага хрысціянізавання народа нашага, ператрываў да сягоння, хоць і з імглістымі формамі, але затое са зместам вельмі выразным. Касцёл і царква як установы на нашых землях з чужым кіраўнічым элементам, а таксама чужая цывілізацыя за чатыры-пяць апошніх стагоддзяў не патрапілі вырваць з душы народа таго, што было святым і неабходным у жыцці духовым беларуса. Усе традыцыі з жыцця духовага міма ўсякага глуму захаваліся да сёння.
У беларуса-селяніна ёсць дзве веры: вера прашчураў, пераходзячая дарогай традыцыі з пакалення ў пакаленне, і вера новая — хрысціянская, якая з’яўляецца ў яго паняцці афіцыяльнай, мала дзеючай на яго маральна-псіхалагічнае жыццё. Хрысціянская этыка для беларуса з’яўляецца «кодэксам карным» інстытуцыі боскай. Беларус не робіць зла, бо баіцца пекла. А калі б не было пекла і «кодэксаў», то таксама не рабіў бы зла, бо яму не дазваляла б на гэта этыка народная — традыцыйная. Глыбокага зразумення хрысціянскай навукі ў беларуса няма (хіба пачуццёвасць толькі); ён яе зразумець не можа, бо яна сягоння плыве да яго ў незразумелай форме, чужой мове. Словам, беларус не са сваёй віны мае сягоння дзве веры. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба.
У каляднай абраднасці бачым тры найважнейшыя язычніцкія элементы: 1) памінальны (культ продкаў), 2) аграрны (земляробскі) і 3) любоўны (сватаўство, жаніцьба).
Усе вышэй успомненыя элементы выступаюць асабліва ў перадкалядны вечар (на куццю). У гэты вечар, падчас вячэры, бачым, як найстарэйшы з сям’і — дзед, бацька кіруе абрад'амі: ён першы з урачыстым настроем сядае на покуці і першы бярэ лыжкай куццю і запрашае на вячэру мароза або Васіля: «Васіль, Васіль, хадзі куццю есці». Ці ж у гэты