• Газеты, часопісы і г.д.
  • Земляробчы каляндар Абрады і звычаі

    Земляробчы каляндар

    Абрады і звычаі

    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 405с.
    Мінск 1990
    134.01 МБ
    У Грамніцы (г. зн. у свята Грамніц гасподніх) абавязкова кожны гаспадар, а ў выключным выпадку замест яго гаспадыня прыбываў (ла) у сваю прыходскую царкву, дзе, як гэта адбывалася па чыну уніяцкага трэбніка «Благаславенне свечак на Грамніцы гасподнія», над укладзенымі на століку, табурэтках або на ўнесенай у царкву лаўцы свечкамі чыталася пяць спецыяльна прымеркаваных да іх малітваў, тварылася трохразовае кадзенне іх (свечак), акрапленне свянцонай вадой і трохразовае ж асяненне іх напрастольным крыжам,
    з якім свяшчэннік выходзіў з алтара для трэбаспраўлення. Уніяцкі трэбнік указвае дакладны тэрмін трэбаспраўлення... Па сканчэнні свяшчэннік уласнаручна ўручаў гаспадарам іх свечкі... Багамольцы-гаспадары запальвалі асвянцоныя свечы з воклічам свяшчэнніка: «благаславенна царства» — і тушылі іх пасля літургічнага Евангелля,— тушылі пераварочваннем кнота ўніз і хавалі свечы за пазуху, у рукаў або заварочвалі ў хусціну, у халсціну; так трымаліся свечы ў царкве да канца літургіі і ўжо пад сапраўдным імем грамнічных свечак яны дастаўляліся дадому. Заўважалася: калі грамнічныя свечкі, як і царкоўныя, трашчалі ў час гарэння — летам трэба чакаць грамоў, і чым мацней, часцей быў трэск, тым часцей і страшней будуць летнія навальніцы і наадварот.
    Першымі дзеяннямі гаспадароў, якія вярнуліся дадому з грамнічнымі свечкамі і пакуль што не распрануліся, бывалі наступныя: гаспадыня неадкладна і асабіста запальвала свечку ў руках гаспадара. Гэты апошні перш за ўсё крыжападобна абпальваў уласныя валасы на галаве, а затым рабіў тое ж самае з валасамі ўсіх членаў сям’і па старшынстве. Пасля гэтага ўся сям’я пры абавязковым удзеле гаспадара і гаспадыні ішла ў хлеў (абору), дзе гаспадар зноў жа крыжападобна абпальваў воўну кожнай жывёліны паасобку, датыкаўся гюлымем свечкі да кожнай сцяны, вушакоў дзвярэй. Тое ж рабілася ў астатніх гаспадарчых збудаваннях, да бані ўключна, а таксама ў пчальніку пры кожным вуллі. Зрэшты, у больш строгіх сем’ях такога абпальвання не рабілася над жанчынамі, коньмі, свіннямі і ў банях.
    Па вяртанні сям’і ў хату гаспадар тушыў і хаваў свячу. Так грамнічная свяча ўкрывалася для таго, каб ліхадзей не мог бачыць яе і, такім чынам, не ведаў бы аб прысутнасці прадмета, які процідзейнічаў злым намерам ліхадзея.
    У далейшым на працягу года грамнічная свечка запальвалася ў наступных выпадках выключна хатняга жыцця:
    а)	пры прыняцці бабкай нованароджанага;
    б)	пры адпраўленні яго да св. хрышчэння;
    в)	пры першых праведках нованароджанай жывёлы, пераважна цялят і ягнят;
    г)	пры вясельнай змове, як і ў розных здзелках;
    д)	пры адпраўленні члена сям’і ў далёкі шлях, у рэкруты, у школу;
    е)	пры канчыне чалавека (свечка даецца ў рукі паміраючаму);
    ж)	пры вострых прыпадках — канвульсіях, каталепсіі;
    з)	пры небяспечнай навальніцы летам;
    і)	пры насыпцы насеннага хлеба ў мяшкі перад сяўбой і пры засыпцы ў засек першага вымалачанага хлеба;
    к)	пры першым выгане жывёлы ў поле і першай сустрэчы яе па вяртанні з пашы;
    л)	пры абходзе збудаванняў з крэйдай (пісаліся крыжы на дзвярах і сценах на Каляды) і з каляднай вадой на куццю (5 студзеня) і Вадохрышча;
    м) пры разгавенні на Каляды і Вялікдзень;
    н) пры перадтрапезнай малітве на Дзяды і нават у час гэтай трапезы.
    За выключэннем таго, калі свечка знаходзілася ў руках паміраючага, пры келейным ужыванні, яе месца бывала: то сярэдзіна стала (у асобнай стойцы з бурака, бручкі, у бутэльцы «ліхтарыку»-падсвечніку), то бажніца; а ў астатніх месцах свечка трымалася ў руках гаспадара або гаспадыні, г. зн. таго, хто выходзіў з ёй з хаты. Незапаленая грамнічная свечка (у дзень Грамніц, у Іванаў дзень і інш.) прывешвалася на ноч да дзвярнога верхняга касяка ў жывёльных пабудовах, кнотам уніз, каб ведзьма і іншы дух не маглі даступіцца да жывёлы для сурокаў і знікнення малака ў кароў. У гэтым выпадку меркавалася, што ліхадзеі абпаляцца і пойдуць ад засцярожаных дзвярэй. 3 той жа незапаленай свечкай гаспадары пачыналі і заканчвалі сельскагаспадарчыя работы — пашу, жніво, касьбу, малацьбу і г. д. Здаралася нярэдка, што гаспадыня забяжыць у свой хлеў з грамнічнай свечкай і, бегаючы па ім, стане рабіць ёю прыкладныя рухі, быццам рыхтуецца абпаліць нябачнага ліхадзея. Рабілася гэта, так сказаць, авансам, пераважна ў тых выпадках, калі заўважаліся злыя намеры суседзяў, а таксама і пры відавочным расстройстве здароўя жывёлы, худобе і хваравітасці яе.
    Самыя сплавы грамнічнай свечкі (а такія сплавы бывалі непазбежнымі ў выніку няўмелай апрацоўкі, непрапарцыянальнасці кнатоў, перамяшчэння запаленай свечкі і інш.) цаніліся значна вышэй простага воску. Кусочкі свечачнага сплаву даваліся як лякарства людзям і жывёле, насіліся пры целе як амулеты, прычым са сплаваў ляпіліся падабенствы тых членаў цела, якія пажадана было засцерагчы ад хваробы ці аднавіць у іх аслабленую жыццядзейнасць. Тымі ж сплавамі падкурваліся пры спалохах, у ліхарадках, падкурвалі захварэўшую жывёлу, навітую воўну, сеці, насенне, нават адзенне. Калі на працягу грамнічнага года свечка паслужыла хаця і палавіннай частцы вышэйназваных патрэб, то к канцу яго «грамнічная свечка прыгарала» да маленькага агарка, які ў новым годзе ўжо ўжываўся нароўні са сплавам пры
    ўказаных патрэбах. Але калі такіх патрэб не бывала і грамнічная свечка значна ўцалела, яна дапальвалася ў святыя вечары — на Каляды і пераважна напярэдадні свята Грамніц гасподніх.
    Застаецца дадаць, што грамнічныя свечкі не падлягаюць пазычанню, як і агонь, нават у блізкія дамы сваякоў, родным асобам, што жывуць у іншай сям’і. Сам попыт аб такім пазычанні прымаўся як нешта крыўднае і калі часам падлягаў задавальненню, то апошняе насіла адпаведна крыўдны характар.
    МАСЛЕНІЦА Ў ВЁСЦЫ
    У вёсцы Масленіца, уласна, пачынаецца ў чацвер. Спачатку мужычок скупіцца: першыя два-тры дні на Масленічным тыдні яго гаспадыня пячэ бліны аржаныя, аўсяныя ці ячныя, а пасля, калі работа зусім спыніцца і настануць дні «развітальныя», мужык, за малым выключэннем, есць бліны з куплёнай грэцкай мукі. Сялянскі блінец рэзка адрозніваецца ад бліна іншых саслоўяў і па сваім аб’ёме, і па сваім змесце: цяжкі, наздраваты. Звычайна на стол падаецца цэлы стос бліноў. Гаспадар разразае гэты стос крыж-накрыж, на чатыры часткі, а затым кожны член сям’і бярэ чвэрць бліна, скручвае яго і апускае ў міску з тварагом і разагрэтым каровіным маслам. Добрая вясковая баба ўмее цудоўна зберагчы летні «пятроўскі» (г. зн. назапашаны ў час Пятроўскага посту) тварог, які яна злёгку перацірае з соллю, кладзе ў які-небудзь посуд і зверху залівае гарачым каровіным маслам. У такім выглядзе тварог можа доўгі час захоўвацца несапсаваным. Бедны мужык, гаспадыня якога не змагла назапасіць тварагу, змазвае свае бліны посным канапляным алеем.
    Разам з блінамі падаецца на стол і селядзец. Гарэлку на Масленіцу пачынаюць піць з пятніцы. Даўней быў добры звычай: у апошні дзень Масленіцы «развітвацца». Вечарам, пасля вячэры, гаспадар садзіўся «на кут» у строгім і набожным настроі духу. Да яго па чарзе падыходзілі спачатку браты і сыны, а пасля і жанчыны і, кланяючыся да зямлі, гаварылі: «Прасці, бацька родны, калі чым саграшыў перад табою, справай ці языком». Пасля таго як усе дамачадцы канчалі з абрадам «развітання», гаспадар сыходзіў са свайго месца і ў сваю чаргу кланяўся да зямлі ўсяму свайму сямейству, просячы таксама даравання за ўсе свае грахі і памылкі.
    Сваты, кумы і радня бойка ездзяць на сваіх санках адзін да другога. Прыцемкам збіраецца на вуліцы гурт моладзі. Песні спяваюць, скачуць, Масленіцу праводзяць.
    У Краснінскім павеце па вёсках існаваў такі звычай, які меў прамыя адносіны да Масленіцы. У панядзелак на Масленічны.м тыдні збіраюцца бабы з усёй вёскі, бяруць пояс ці папругу і прывязваюць да аднаго канца яго невялікі, але тоўсты абрубак дрэва, а другі канец пояса прывязваюць да нагі халастога хлопца, які ім сустракаўся, як бы ў пакаранне за тое, што ён не жаніўся за мінулы Мясаед. Калі хлопец не пажадае насіць гэты цяжар за сабою ўвесь дзень, ён павінен адкупіцца і даць бабам на пернікі некалькі манет. Тое самае прараблялася і з дзяўчатамі, калі яны не выйшлі ў Мясаед замуж, хоць гэта адбылося і не па іх віне.
    МАСЛЕНІЦА I ВЯЛІКІ ПОСТ
    Ціха, амаль бязгучна праходзяць дні шырокай Масленіцы ў Беларусі. Можна назіраць толькі слабыя водгласы ўсеагульнага разудалага балявання Русі. У некаторых сёлах, дзе жыхары доўгі час былі уніятамі, сяляне часам ужываюць мясную ежу ў гэтыя дні. Бываюць і такія выпадкі (хоць рэдкія), што Загавіны адкладваюцца на аўторак першага тыдня Вялікага посту. Гэта пераважна назіраецца ў змешаных сем’ях. На мясапосным тыдні беларус наладжвае «запускі» на кілбасу і мяса. Гэтыя «запускі» цудоўныя як дзень перанасычэння скаромнай ежаю. На Запускі гаспадыні мардуюць сябе гатаваннем ежы. «То пячы, то вары, нават поту ўцерці некалі»,-— гавораць яны. Нельга сказаць, каб кухня беларуса ў гэты дзень адрознівалася вытанчанасцю і разнастайнасцю: ежа гатуецца звычайная, толькі багата заскварваецца салам і свежыной. Варыцца капуста і квас, але такі, каб заслаўся тлустасцю; верашчака, якая павінна перапаўняцца скваркамі. Апрача гэтага, у верашчаку кладуць яшчэ дзве-тры каўбасы, так што тлушч тоўстым слоем закрывае яе зверху. Каша, куцця і крупнік павінны плаваць у тлустасці. Як прывілеяваную страву на Запускі трэба адзначыць квашаніну, ці студзень. Гатуецца яна з свіных ног, галавы і вушэй. Больш блізкія сваякі на Запускі перазываюцца і загаўляюцца сумесна. У такіх выпадках неабходнаю прыналежнасцю стала з’яўляцца «тая, што яна нараджая, яна і пахавая», г. зн. гарэлка. У агульным вячэра на Запускі не адрозніваецца асабліваю абраднасцю.
    3 шэрагу іншых масленічных дзён па некаторых прымеркаваных да Масленіцы звычаяў выдзяляецца чацвер. Ен носіць назву ў сувязі з імем упамінаемага «святога Уласа». У гэты
    дзень, па павер’і беларуса, першы раз павінен заспяваць жаваранак. Дарэчы, трэба заўважыць, што, паводле ўяўлення беларуса, жаваранак не вылятае на зіму на поўдзень (у вырай), а замірае да наступнай вясны дзе-небудзь ва ўтульным месцы на полі, пераважна пад мяжой. Таму ён і з’яўляецца на полі раней за іншых — «як толькі адтаюць межы». Ва Усялюбскай воласці Мінскай губерні на Уласа абучаюць маладых коней і быкоў (валоў). Як рэшткі масленічнай весялосці ў той жа мясцовасці захаваўся звычай наладжваць у гэты дзень «гойданку» (імправізаваныя гушкалкі) і гойдацца (гушкацца). Раней «гойданка» наладжвалася «пры браме» (пры варотах), якая вяла з двара. Цяпер (у той час, калі рабілася гэтае апісанне Масленіцы.— А. Г.) «гойданку» наладжваюць у гумне. Гойдаюцца толькі хлопцы і дзяўчаты, прычым іншы раз бывае і пачастунак. На пытанне адносна значэння гэтага звычаю адзін селянін адказаў: «Гэта гойдаюцца ля таго, каб на той год рос лён доўгі і моцны».