• Газеты, часопісы і г.д.
  • Земляробчы каляндар Абрады і звычаі

    Земляробчы каляндар

    Абрады і звычаі

    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 405с.
    Мінск 1990
    134.01 МБ
    Такое зліццё тлумачыцца, між іншым, тым, што святкаванні іх супадаюць з часам наступлення палявых работ. А св. Юрый лічыўся апекуном статкаў, як аб гэтым гаворыцца ў валачобнай песні:
    Святы Юрый зямлю адмыкае, Зямлю адмыкае — расу выпушчае. Расу выпушчае, статак выганяе, Статак выганяе, слоўца вымаўляе: — Каб таму статку не было ўпадку Ад таго змея грамучага, Ад таго гада бягучага, Ад той ведзьмы-чараўніцы.
    А св. Мікола — апякун палёў:
    Па межах ходзіць, жытца родзіць, Жытца родзіць, пчолкі содзіць, Пчолкі содзіць медзяністыя.
    Адсюль і відаць, што ўяўленні аб сваіх язычніцкіх багах народ перанёс на святых праваслаўнай царквы.
    Падрыхтоўка да свята Вялікадня пачынаецца з перадвелікоднага чацвярга, які называецца ў народзе «чыстым». У гэты дзень трэба было абавязкова да сонечнага ўсходу ўсім вымыцца ў лазні. Гэта абмыванне лічылася вылячэннем і засцярогай ад скурных хвароб. Паводле павер’я, у гэты дзень нават птушкі, якія паспелі выседзець да гэтага часу сваіх дзяцей, як, напрыклад, крумкач, мыюць іх.
    У першы дзень сонца ў момант усходу «іграе», як гаворыць другое павер’е, расцягваецца то ўдаўжыню, то ўшырыню, прымаючы эліптычную форму і распадаючыся на некалькі асобных сонц. Сонца «іграе» і на Купалку, і на іншыя першабытныя святы сонечнага культу, што можа служыць сведчаннем адзінства іх паходжання ў мінулым. Таксама заўважаецца падабенства паміж народным святкаваннем Вялікадня і Купалкі ў тым, што напярэдадні таго і другога свята запальваюцца агні, хаця трэба сказаць, што ў апошні час агні запальваліся ў Велікодную ноч толькі каля царквы, што можна растлумачыць неабходнасцю асвятлення. У ранейшыя часы, па расказах старых людзей, іх запальвалі і ў іншых месцах, каб кожны, хто не мае свайго агню, мог з кастра пакарыстацца ім, таму што перад Вялікаднем ніхто агню не пазычаў, лічачы, што ад гэтага зменшыцца яго дабрабыт, адчаго і сам агонь называўся багаццем.
    Косці ад велікодных страў як свянцоныя пільна захоўваюцца, а пасля закопваюцца гаспадаром па канцах поля, што,
    паводле павер’я, засцерагае яго ад граду, заломаў і іншай напасці. Да ліку характэрных асаблівасцей святкавання Вялікадня ў беларускай вёсцы трэба аднесці хаджэнне валачобнікаў па дварах аднавяскоўцаў, якія ў гонар гаспадара і яго сям’і выконвалі валачобныя песні, ярка паказваючы народныя погляды на падзеі, якія ўшаноўваліся. Хор валачобнікаў вярбуецца галоўным чынам з бабылёў, батракоў і беднякоў. Аднак як выключэнне ідуць у валачобнікі і заможныя людзі. Кіраўніком і асновай хору валачобнікаў лічыцца пачынальнік-запявала, астатнія ўдзельнікі называюцца падхватнічкамі. Акрамя таго, у хоры для акампанементу прысутнічае вясковы скрыпач і механоша-казнахавальнік, які носіць у мяшку сабраныя натурай падачкі і захоўвае мізэрныя грашовыя зборы. Усё сабранае дзеліцца паміж валачобнікамі пароўну, толькі пачынальнік і музыка атрымліваюць большую долю.
    Падышоўшы да акна, пачынальнік запявае адну частку песні, абумоўленую яе размерам, а падхватнікі альбо ўвесь хор паўтараюць словы пачынальніка ці толькі адзін звычайны прыпеў. Узнікненне звычаю хаджэння валачобнікаў сяляне тлумачаць патрэбай дзяліцца маёмным з немаёмнымі велікоднай ежай, каб і бядняк меў што паесці ў час Вялікадня.
    Валачобныя песні ў кожнай мясцовасці Беларусі, нават у кожнай вёсцы некалькі відазмяняюцца, хоць сутнасць іх зместу ўсюды адна і тая ж: сельская гаспадарка з яе клопатамі — звычайная тэма валачобных песень. Вось найбольш тыповыя з іх:
    Ды на першы дзень святых вялікадней Сабіраліся красны молайцы, Красны молайцы — валачобнічкі. А ішлі ж яны ды гуляючы, Слаўнага сяла ды пытаючы, А ў том сяле— слаўнага пана, Слаўнага пана, пана Івана, Дапытаўшыся, прыйшлі пад ваконца. — Ой, чы ж дома ты, слаўны пане! Чы спіш, чы ляжыш, чы адпачываеш? Калі спіш чы ляжыш,— дык бог з табою, А не спіш, не ляжыш,— дык гукай са мною. Хоць ён і дома — не абзываецца, У новай каморцы прыбіраецца: Надзяе боты слуцкай работы, Надзяе футру сабалёвую, Надзяе шапку бабровую.
    Паджыдае ён светлых святачкаў, Светлых святачкаў-велікоднічкаў. Першага свята — святога Вялічка,
    Другога свята — святога Юр’я, Трэцяга свята — святога Міколу. Усе святыя пазбіраліся, Аднаго святка ды нямашацька. А якога святка? — Святога Міколы. Святы Юрый, божы ключнік!
    Сядлай каня — едзь па Міколу. Толькі Юрый на каня садзіцца,— Святы Мікола ідзе ў вароты. — Святы Мікола, дзе ж ты бываў? Дзе ж ты бываў, што ж ты чуваў? — Па барах хадзіў — пчолкі садзіў, Пчолкі садзіў раістыя, Раістыя, медзяністыя.
    Па межах хадзіў — жытца радзіў, Жытца радзіў ядраністае, Зерне к зерню, каласок у землю. Каласок гнецца — жніва спадзяецца. — А хто ж тое жыта зажынаць будзе? — Зажынаць будзе пані гаспадыня, Што раз разне, дык сноп нажне, На ступень пражне, дык копу нажне. Як на небе зоры часты-густы, Так у полі копы часты-густы.
    Ой, мы пелі, шчабяталі, Як салавейка ў ціхім лузе, У ціхім лузе, на каліне. Чырвона каліна, не ўгібайся! Слаўны пане, вазвелічайся! Адзавіся, слаўны пане! Чы ўслух табе нашая песня, Нашая песня — старасвецкая? Калі ўслух табе — не тамі ж ты нас, He тамі ж ты нас — падары ж ты нас. Выйдзі-выйдзі ды на ганачак, Вынесь-вынесь ды падарачак. Срэбра-злота ды не важучы, Ды не важучы, ды не лічучы. Срэбра-злота самі злічым, Слаўнага пана вазвялічым.
    Слаўнаму пану песня спета, Песня спета проці нова лета. Проці новага і вясёлага.
    Ой, жыві ж здароў і багацей I з жаною з маладою, I з дзеткамі наймілейшымі, 3 брацелямі найкраўнейшымі, I з суседзямі найбліжэйшымі! Будзь здаровы, як крынічна вада, Будзь вясёлы, як хароша вясна, Будзь багаты, як сырая зямля.
    ВЯЛІКДЗЕНЬ НА БЕЛАРУСІ
    Вось наступіў апошні тыдзень Вялікага посту. Пачынаецца падрыхтоўка да светлага свята. Хто з сялян не мог ці не паспеў быць на споведзі і прычасціцца ў першыя тыдні Вялікага посту, той спяшаецца здзейсніць гэты хрысціянскі абрад на гэтым тыдні. Старыя звычайна выконваюць яго ў Вялікую суботу, таму што не без таго, каб не пажурыць каго-небудзь з сям’і за што-небудзь у гэтыя дні і такім чынам не зграшыць. Дзяўчаты ў Вялікую пятніцу ўстаюць раненька і .мыюцца халоднай вадой: «гэта, як той казаў, каб быць белаю ўлетку» і каб «загара» не прыставала. Увесь гэты тыдзень прыгатаўляюцца пячэнні, саленні, варэнні і іншыя стравы, прымеркаваныя на ўсе тры першыя дні, бо варыць святочнымі днямі грэшна. У Вялікую суботу пачынаецца ўборка хаты. Вымываюцца і вышароўваюцца вехцем сцены, лавы, сталы; вымываецца падлога, выскрабаецца падпечак, дзе звычайна знаходзяцца куры і які чысціцца два разы ў год: перад Калядамі і перад Вялікаднем. Нарэшце хата прыбрана, на абразы павешаны чыстыя намёткі, на стол пастаўлены яйкі, пафарбаваныя ў шалупінне цыбулі, розныя стравы: тут ёсць і «кеінка», і «кіндзюк», тут і пірагі, і каўбасы, што засталіся ад Каляд і для захавання прасоленыя «як чэмер», па выразе сялян, тут і «вэмбрух» і іншая ежа. Тут, «як той казаў, добра йж каа казаў ёсць і тое, што яна і параджае, яна і пахавае, ці бо то пляшка гарэлкі». Пакуль усё гэта гатавалася, выстаўлялася, наступаў і вечар; тады вымалі з печы чыгуны з «лугам», налівалі яго «ў ночвы» і пачыналі абмыванне «плоці грахоўнае». Затым члены сям’і пачынаюць прыбірацца. Вымаюць з куфраў усё тое, што толькі прадназначана для святаў, і моладзь збіраецца ў царкву, а старыя застаюцца дома або, калі даволі моцныя, таксама адпраўляюцца ў царкву на ўсяночную. Пры гэтым бяруць з сабой хлеб, яйкі, сыр і мяса. Вось, нарэшце, скончылася літургія, «бацюшка пайшоў свянціць» прынесенае і прывезенае для свянцання. Перад ім ідзе царкоўны стараста з вялізнай лубкай і бярэ ад кожнага па яйку, а ў каго больш прывезена і прынесена,— і па пірагу. Пры гэтай аперацыі часта даводзіцца чуць зусім не святочныя выгукі і фразы... Нарэшце ўсё ўладзілася, закончылася, кожны, нічога не адведаўшы, спяшаецца дамоў «у сваю сямейку разгавецца, як той каа, каб было, прынамсі, як у добрых людзей». Разгавеліся, наеліся, а многія аб’еліся і здорава выпілі. Старэйшыя леглі спаць, а моладзь, «ведама, маладосць, буйнасць, як той каа казаў», выходзіць на двор; калі добры дзень і суха,
    то качаюць яйкі, «б’юцца ў яйкі, прычым не адразу, а першнаперш разоў дзесяць пакаштуюць, заменяць і прысвояцца». Тут жа бываюць і дзяўчаты, якія частуюць хлопцаў і наадварот, г. зн. хлопцы «дзяўчатак», арэхамі, «гарбузінамі», сушанамі грушамі, яблыкамі і да т. п. Вось настаў і вечар першага дня святога Вялікадня. Старыя і наогул гаспадары прачынаюцца, просяць у баб маслёнкі напіцца «альбо сыроваткі, бо вельмі нешта ў роце палае»: маленькія вынікі разгаўлення. Бачыш, адчыняюцца дзверы, чуеш трохкратны выгук: «Хрыстос васкрэс!» Гэта прыйшоў сусед да суседа «пажупіць», «баек паслухаць». К гэтаму часу «народнікі» вернуцца са школы і прынясуць з сабою кніжачак з казкамі, якія ім дадуць настаўнікі народных вучылішч; а хто пабываў у горадзе ды завялася капейка, то і сам купіць.
    I вось адкрываецца вельмі мілы абразок: хлопчык садзіцца на покуці за стол і пачынае чытаць уважлівым слухачам аб подзвігах Бавы Каралевіча, Іллі Мурамца, Еруслана Лазаравіча і другіх багатыроў. Але раптам карціна мяняецца: чуцен пад вокнамі трохкратны выгук: «Хрыстос васкрэс!» Гэта прыйшлі «кукольнікі». Іх чалавек пяць; між імі дзве ці адна дзяўчына. I вось, нарэшце, раздаецца:
    На першы дзень на Вялікдзень Маці сына нарадзіла, Алелюя, алелюя, алелюя!..
    Пасля чаго адзін з «кукольнікаў» дэкламуе рэчытатывам:
    Жачак, жачак, Малы рыбачак, Па небу бегаў, Суса Хрыста бачыў. Кібец, кібец, Дайце блінец, Прыдатку аладку Да й кіем па азадку.
    Затым усе хорам спяваюць:
    Да вынесь, вынесь, Пане гаспадару, Хрыстос васкрэс на ўвесь свет. Карабец яец Да й не лічаных.
    Мы ж тыя яйца Самі пералічым, Самі пералічым, Пана павялічым.
    Звычайна гаспадар ці гаспадыня ці, нарэшце, які-небудзь член сям’і выносіць ім каўбас або чаго-небудзь з велікоднага. За гэта звычайна «кукольнікі» спяваюць удзячную песню таму, хто вынес. Падумаеш, што, атрымаўшы сваё, яны пойдуць. Ажно не! Ім добра вядома, што ў гаспадара ёсць «малада Стэфачка або малады Адамко», вось яны і пачынаюць велічаць іх і выпрошваць ізноў. Часта гэтыя «кукольнікі» ходзяць з музыкаю, г. зн. з імі ходзяць вясковы скрыпач і хлопец з бубнам. Але каму-каму добра ў гэты час, дык гэта мясцоваму Іцку ці Шлёме. Яго і ў звычайныя дні наш гаспадар не супраць наведаць, парастарэкваць там з «суседамі», выпіць па «кручку», прымусіць цікаўнага яўрэя паслухаць песню, напрыклад: