Земляробчы каляндар
Абрады і звычаі
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 405с.
Мінск 1990
2) «нема ў дома, он в Кракове»;
3) «пшыедзе кавалер з Украіны»;
4) «у его сурдут сукна «варшавскего».
Мелодыя спеваў, як заўсёды, убогая і манатонная, а рыса гэтая яшчэ павялічвае спяваны пасля абсалютна кожнага радка харавы прыпеў «Хрыстос васкрэс, сын божы».
Усе ніжэйпрыведзеныя чатыры мелодыі маюць тую самую ноту. Запісаны ў ваколіцах збегу рэк Сулы і Нёмана, на паграніччы Мінскага і Ашмянскага паветаў, у 19І0 годзе.
ВЯЛІКДЗЕНЬ
Да Вялікадня сяляне рыхтаваліся вельмі старанна. Прыбіранне хаты ішло надзвычай рупліва. Вялікдзень лічыўся самым вялікім святам, вышэй за Каляды. На Вялікдзень нават жанчыне дазвалялася выпіць крыху гарэлкі. Мыццё хаты пачыналі з серады. Усё выносілася на двор. Сяннікі набівалі свежай саломай. Падлогу мылі дабяла. У «чысты» чацвер перад Вялікаднем памытую падлогу засцілалі саломай. Салома ў хаце ляжала аж да суботы. У суботу апоўдні салома прыбіралася, а замест яе клалі лапкі. У пятніцу пяклі чорны хлеб. Рабілі макароны (вельмі смачныя, з яйкамі, цеста прасушвалася, а пасля з яго крышылі макароны). Зацірка варылася на вадзе, але з пытляванай мукі. У суботу пяклі пірагі. Раніцай (у суботу) фарбавалі яйкі. А ў каго жалоба была — не фарбавалі, вязлі свянціць нефарбаванымі.
Валачобнікі таксама не пелі ў тых, у каго жалоба. Звычайна валачобнікі хадзілі ў Велікодную ноч. Пачыналі пяяць з хаты дзяка, а тады ўжо ішлі па іншых дварах. Спявалі для гаспадара (гаспадыні), для хлопца і дзяўчыны. Усё гэта было ў ноч з першага на другі дзень Вялікадня.
Перад самым Вялікаднем, у суботу вечарам, на конях везлі свянціць да царквы. Вельмі рэдка хто нёс кошычак у руках, бо бралі з сабой шмат розных страў, тым больш што сем’і ў вёсках тады былі вельмі вялікія і ўсіх трэба было накарміць свянцоным.
Усе работы перад Вялікаднем завяршалі ў суботу да паўдня. Пасля паўдня мыліся ў лазні. Елі ўсё толькі поснае. Некаторыя жанчыны нават нічога ў рот не бралі пачынаючы з «чыстага» чацвярга. Бывала і так, што яны да Вялікадня не дацягвалі, трацілі прытомнасць. Тым больш што на гэтыя дні выпадала зрабіць нямала цяжкай работы.
Раніцай у першы дзень Вялікадня маці апускала свянцонае яйка ў ваду. I ўсе хатнія мыліся гэтай вадой пасля вяртання з царквы. Пасля разгаўляліся свянцоным.
Вечарам і на ўсяночнай у царкве званіў толькі званар. Выбіваў звонам гукі накшталт: «к нам», «кннам», «к нам», «кннам ідзіце».
На другі дзень Вялікадня ў царкве ішло набажэнства. Везлі прычашчаць дзяцей.
Трэці дзень свята ішоў без набажэнства. Лічыўся гэты дзень «праведачным да сваякоў».
Чацвёрты дзень — «градавік». He працаваў ніхто, каб град пасеваў не пабіў. Некаторыя, праўда, не прытрымліваліся гэтага звычаю, ішлі ў поле і працавалі.
Праводная нядзеля — праз тыдзень пасля Вялікадня, у наступную нядзелю. Таксама святкавалі. Гэта азначала, што велікодныя святкаванні закончаны, засталася толькі Праводная нядзеля.
ВАЛАЧОБНІКІ Ў ВІЦЕБСКАЙ ГУБЕРН!
Калі вам давядзецца праязджаць па Віцебскай губерні ўночы са Светлай нядзелі на панядзелак, то абавязкова дзе-небудзь натрапіце на гурт сялян чалавек восем, дзесяць і больш. Магчыма, гэта сустрэча азадачыць вас у лесе ці сярод поля. Гэта так званыя лалыншчыкі, або валачобнікі, людзі зусім міралюбівыя, рахманыя, нават баязлівыя, як наогул беларускія мужычкі. Можаце ехаць спакойна, а калі маеце пры сабе медную грыўню і любіце простанародныя песні, то ў вашай ласцы будзе прымусіць беларускіх трубадураў праспяваць solo з акампанементам дуды і скрыпкі ў чыстым полі ці ў глухім лесе...
Валачобніцтва вядзецца ў нас з давен-даўна, з незапамятнага часу і трымаецца ўпарта. Нельга сказаць, што асабліва весела было селяніну цягацца ноччу па падаконні, не выбіраючы дарогі, і драць глотку, і не дзеля нажывы пускаецца ён у гэтыя надзвычайныя падарожжы, хоць нельга зусім адмаўляць і той і другой пабудкі, а, строга кажучы, такі ўжо звычай завёўся і трымаецца. Мы аднойчы спыталі ў селяніна, якога бачылі ў гурце валачобнікаў, для чаго, маўляў, ваш брат бадзяецца начною парою з песнямі.
— Ды мы, паніч,— адказаў ён,— не ведаем добра, для чаго гэта. Бацькі і дзяды нашы хадзілі і нас вучылі. Кажуць, што «лалын» (азначэнне песні) пачалі спяваць, як змянілася вера...
Якую перамену веры валачобнік разумеў і ці сапраўды ў вынікў змены веры ўзнік звычай валачобніцтва, бог ведае. Хто любіць дасціпныя і ні на чым не заснаваныя здагадкі,
што валачобніцтва ў нашым краі, магчыма, з’явілася разам з увядзеннем уніі, як бязмоўны гіратэст простага народа супраць спынення пабожнага звычаю прытча на свята Вялікадня наведваць з абразамі дамы прыхаджан...
...Самі валачобнікі глядзяць на свой занятак амаль як на рэлігійны абавязак: прахадзіць пад вокнамі ўсю ноч з песнямі ў сваёй вёсцы і ў суседніх у іх значыць без мала тое, што працягнуцца на каленях вакол царквы ў гадавое свята ці праляжаць крыжам на царкоўнай паперці ўвесь час, пакуль адпраўляецца служба. А гаспадары прымаюць дакучанне як прыемныя і карысныя віншаванні і ў большасці выпадкаў чакаюць іх як благаславёных гасцей, а часткова і як прадвеснікаў лёсу гаспадаркі.
Варта ўвагі павер’е, якога прытрымліваюцца наконт гэтага сяляне. Паводле іх разумення, ёсць нейкая таямнічная сувязь паміж візітам валачобнікаў і станам гаспадарчых работ і прыбыткам у наступную вясну і лета. Калі ў час прыходу валачобнікаў у вёску на дварэ ціха, няма дажджу, ноч ясная, зорная, то гэта поўны знак таго, што надвор’е будзе спрыяць ярыне, што ўраджай будзе добры, асабліва ж прыбыльнай і паспяховай будзе ўборка сена. Невялікая бяда, калі на дварэ і пахмурна, калі нават незадоўга да прыходу валачобнікаў ішоў дождж: значыць, хоць і будуць летам дажджы, нават вялікія, але гаспадарка будзе і з хлебам, і з сенам. Але калі, на няшчасце, толькі спевакі зацягнуць свой «лалын», а тут дождж, то не чакай селянін дабра: будзе дождж і каля Юр’я, і каля Міколы, і каля Пятра, і на Іллю, у Спасаўку; яшчэ хлеб — так-сяк, а сена, лічы, прапала...
Наколькі нам вядома, акрамя паветаў Дзінабургскага, Люцынскага і Рэжыцкага, усюды па Віцебскай губерні вядзецца велікоднае валачобніцтва: праўда, па казённых маёнтках яно заўважаецца радзей, чым па памешчыцкіх. Валачобнікі ходзяць партыямі, чалавек па восем і болей, да дваццаці, і заўсёды трымаюцца ў межах той царквы, да якой належаць паводле месца жыхарства: гэта як нейкі свой народны прытч... У прыходзе не бывае ніколі менш двух-трох валачобных партый (гуртоў), а калі парафія вялікая і адлегласць паміж вёскамі значная, то лік іх даходзіць да дзесяці.
Галоўная асоба ў кожнай партыі—так званы пачынальнік, ці запявала; гэта нешта накшталт арцельшчыка і павадыра: ён пачынае песню і спявае ўсе куплеты, на яго рукі выдаецца ўзнагарода. У пачынальнікі найчасцей выбіраецца заможны гаспадар, абавязкова галасісты і пры гэтым бойкі,
нават назойлівы, каб пры выпадку мог выпатрабаваць добрую ўзнагароду за песню.
Пры партыі абавязкова маецца музыка, а часам і два, адзін са скрыпкай, а другі з так званай дудой. Для нашэння падарункаў таксама выбіраецца асобны чалавек, заўсёды дужы, адпаведна свайму прызначэнню: яго завуць механошам. Усе астатнія члены партыі складаюць штось нібы хор: яны спяваюць прыпеў пасля кожнага верша і завуцца падхватнікамі. Састаўляюцца партыі валачобнікаў выпадкова: задумае нехта адзін, скажа другому, трэцяму селяніну са сваёй вёскі ці з суседніх, сыйдуцца як-небудзь, трохі памяркуюць, згодзяцца, запрашаюць вядомага пачынальніка — і партыя гатова.
Ў валачобнікі ідуць часцей за ўсё мужчыны сярэдняга веку і маладыя хлопцы; рэдка трапляюцца між іх старыя і замужнія жанчыны, а дзеці і дзяўчаты зусім не ходзяць.
Хаджэнне валачобнікаў пачынаецца каля 5 гадзін вечара ў першы дзень свята, а ў пагостах — па сканчэнні вячэрні і працягваецца ўсю ноч да раніцы. На світанні слаўленне канчаецца, хоць бы і не ўдалося абысці ўсе дамы, толькі ў Себежскім павеце месцамі ходзяць валачобнікі і ў другую ноч і нават у трэцюю. Віншуюцца пераважна гаспадары заможныя, прынамсі не круглыя беднякі і бабылі; не пазбаўлены гэтай пашаны і раскольнікі, якія жывуць па суседству, тым больш што яны ветліва прымаюць віншавальнікаў і надараюць вельмі шчодра. Валачобнікі рашаюцца непакоіць і духавенства, толькі папярэдне пытаюць дазволу.
Двор, які стаіць на краі вёскі, першым прымае віншаванні валачобнікаў. За імі паступова іншыя, у тым парадку, у якім стаяць. Выключэнне з гэтага парадку не робіцца ні на карысць духавенства, ні на карысць стараст і іншых сельскіх чыноў.
Гурт валачобнікаў звычайна становіцца пад акном хаты паўкругам, усярэдзіне — пачынальнік; гэты апошні пад акампанемент скрыпкі запявае першы верш «лалыма»; падхватнікі спяваюць прыпеў «Хрыстос васкрос, сын божы!», за прыпевам спяваецца другі верш, за ім зноў прыпеў і так да канца. Запявала нярэдка суправаджае сваё сола адпаведнымі рухамі цела, а падхватнікі ў час прыпеву пляскаюць у далоні. Пасля заканчэння песні кім-небудзь з гурту, а часам і змешанымі галасамі многіх гаворыцца кароткае імправізаванае вітанне. Затым звычайна гаспадар ці гаспадыня адчыняюць акно, дзякуюць валачобнікам і падаюць ім, што бог даў: пяток ці дзесятак яек, канец пірага, акраец хлеба, кавалак сыру, варанага мяса або замест усяго грыўну грошай; у іншых дамах даюць асобна пачынальніку і падхватнікам. Атрыманае пера-
даецца механошу аж да дзяльбы. Якое б малое ні было дабравольна пададзенае, гурт заўсёды ім задаволены, хоць у песні выгаворвае сабе ледзь не залатыя горы, патрабуючы, між іншым, для пачынальніка 50 яек, а падхватнікам па 25. Ад шчырасці, зычлівасці гаспадара залежыць паклікаць валачобнікаў у хату — самі яны не заходзяць — і паднесці ім па чарцы ці па дзве гарэлкі: яны людзі падатлівыя, не адмаўляюцца ад гэтага частавання... Атрымаўшы .ўзнагароду, гурт дзякуе гаспадару ці словамі, ці асобнай кароткай песняй, жадаючы яму ўсякага прыбытку і ўсяго добрага. Здараецца, што надзея падманвае валачобнікаў. Песню яны праспяваюць, чакаюць, што вось зараз заможны гаспадар узнагародзіць іх, а між тым у адказ ім толькі пастукаюць у акно і скажуць: «Ідзіце сабе з богам далей». У гэтым выпадку пачынальнік звычайна адстойвае годнасць партыі. У адрывістых, але моцных выразах ён пратэстуе супраць няветлівасці і скнарнасці гаспадара, будзіць яго сумленне, патрабуе, пагражае і не скупіцца на вельмі моцныя словы. Калі насуперак спадзяванням простыя перакананні не дзейнічаюць на кулака, калі ён яшчэ са свайго боку пасылае валачобнікам розныя нялёгкія зычэнні і пагражае сабакамі, то партыя скарыстоўвае апошні сродак, найболей, як ёй здаецца, страшны і дзейсны: ізноў строяцца ў пазіцыю пад акном і спяваюць іншую песню тым жа парадкам і з тым самым прыпевам, як і першая, толькі з такімі вітаннямі і зычэннямі, ад якіх, паводле меркавання валачобнікаў, не паздаровіцца ні гаспадару, ні гаспадарцы. Калі і песня не дзейнічае, то валачобнікі, вылаяўшы гаспадара яшчэ раз на развітанне, больш яму не дакучаюць і адпраўляюцца пад вокны іншага дома. На надвор’е нашы вандроўныя спевакі не глядзяць: ці снег на дварэ, ці дождж, няхай сабе па калена гразь — ім усё роўна. Спакойна, з халодным сэрцам, нягледзячы ні на што, яны пераходзяць ад хаты да хаты, з вёскі ў вёску, становяцца паўкругам, выдадуць песню: калі б іншаму гаспадаружартаўніку ўздумалася пацешыцца іх танцам пад дажджом, у гразі, то адразу ж раздадуцца пранізлівыя гукі дуды, і гурт дзеля задавальнення гаспадара адтанцуе «Камарынскую» або «Галубца» ці што-небудзь іншае пад песню пра тое, як абадранец з абшарпанцам пусціліся ў танцы. Адна толькі ў валачобнікаў бывае перашкода: гэта мясцовы прытч, які часам загадзя прымае меры супраць сваявольнага слаўлення. Але гэта перашкода рэдка бывае. Прастуды, гарачак і падобнага наш селянін не баіцца, і ўся гарэзлівасць абходзіцца яму нядорага — толькі часам замерзне або вымажацца ў гразі, за што па звароце дахаты атрымае невялікую прачуханку ад жонкі ці ад сям’і.